Актан-Ільініч. Гісторыя “рускага Гебельса”

Feb 22, 2023 18:25







На сюжэт, звязаны з дзейнасцю рускіх калабарацыяністаў, якія перад самым вызваленнем Беларусі ад нацыстаў заселі ў Бабруйску, мяне “вывела” гісторыя забойстваў савецкіх афіцэраў, якія здзяйснялі былыя нацысцкія памагатыя ў горадзе на Бярэзіне і ля яго ў 1944-1946 гг. Асобным момантам, які патрабаваў больш глыбокага вывучэння, была постаць кіраўніка “Саюзу барацьбы супраць бальшавізма”(СБСБ), рускага нацыста Міхаіла Ільініча (псеўданім: Актан). У гэтай публікацыі паспрабуем разабрацца ў асаблівасцях біяграфіі гэтага калабаранта.

Здраднік па ўласнай воле

Падчас Другой сусветнай вайны немцы рабілі вялікую стаўку на ідэалагічную апрацоўку ворага і жыхароў акупаваных тэрыторый. Нацысты разумелі, што школа і перыядычны друк могуць зрабіць значна больш, чым нават вялікія падраздзяленні ўзброеных калабарантаў. Таму акупанты актыўна падтрымлівалі тых, хто спрабаваў раскласці савецкае грамадства знутры, так бы мовіць, ліквідаваць яго ідэалагічны падмурак і перафарматаваць яго ўяўленні аб Айчыне.



Міхаіл Ільініч-Актан выступае ў Бабруйску, 1944 г.

Менавіта такім ідэалагічным дыверсантам быў Міхаіл Аляксандравіч Ільініч (іншыя варыянты прозвішча Ільін, Ілін). Гэты чалавек нарадзіўся ў Адэсе. Падчас Другой сусветнай вайны да свайго прозвішча Ільініч дадаваў акрэсленне “дыпламаваны інжынер”. Сапраўды, да вайны, ён працаваў інжынерам у Адэсе і нават публікаваўся ў савецкіх навуковых перыядычных выданнях. У 1941 г. гэты чалавек ваяваў у складзе Чырвонай Арміі (па некаторых дадзеных у афіцэрскім званні), аднак на Браншчыне добраахвотна перайшоў на бок германскага войска. Ужо ў студзені 1942 г. Ільініч трапіў у 612-ю роту прапаганды, якая ўваходзіла ў склад 2-й германскай танкавай арміі. Тады ж ўнтэршарфюрэр СС Э. Мюкель завербаваў яго у якасці агента СД.

Першай “працай” гэтага чалавека для немцаў стала напісанне шматстаронкавага мемарандуму, які ён падпісаў “інжынер М.А. Ільініч з Адэсы”. У гэты час немцы, відавочна, даручаюць свайму мясцоваму памагатаму працу па арганізацыі прапагандысцкай працы з акцэнтам на антысемітызм і антысаветызм. Ужо ў лютым 1942 г. у Арле Міхаіл Ільініч выдаў брашуру пад назвай “Ці з’яўляецца гэтая вайна айчыннай для народаў Расіі”(наклад другога выдання ў Смаленску склаў 100 тысяч экземпляраў). У сакавіку 1942 г. ён стаў рэдактарам калабаранцкай газеты “Рэчь”, у якой актыўна публікаваўся і сам. Наклад гэтага выдання хутка складаў 120 тысяч асобнікаў. З лістапада таго ж года да газеты стаў выдавацца гумарыстычны дадатак “Жало”.



Нямецкае пасведчанне Міхаіла Ільініча-Актана

У 1943 г. газета “Речь” стала выдаваць часопіс “Школьник”. Ільініч, які тады стаў актыўна выкарыстоўваць псеўданім “Актан”, зрабіў вельмі шмат для таго, каб яго газета распаўсюджвалася не толькі ў Арле, але і ў іншых месцах. Так, амаль 6 тысяч экземпляраў “Речи” накіроўвалася ў адзін з галоўных цэнтраў рускіх калабарацыяністаў - Лакоцкую аўтаномную акругу. Адзначым, што “папулярнасць” гэтага пранацысцкага выдання выклікала занепакоеннасць у сваецкіх партызан, якія папярэджвалі пра яго небяспеку Маскву.

У красавіку 1942 г. Актан напісаў другую сваю брашуру “Габрэі і бальшавізм”, якая была прасякнута заўзятым антысемітызмам. Пазней “рускі Гебельс” падрыхтаваў яшчэ некалькі выданняў на падобную тэматыку. Летам 1942 г. у Арле была створана Палітычная школа, дзе калабарантаў вучылі друкаванай прапагандзе і агітацыі. Ільініч-Актан быў намеснікам начальніка школы. Калабарант чытаў лекцыі па тэмах “Габрэйскае пытанне”, “Бальшавіцкая небяспека” і г.д. Пры чым, сустрэчы з ім рабіліся не толькі ў Арле, але і ў іншых гарадах і вёсках, акупаваных нацыстамі. Аднойчы Ільініч-Актан нават ездзіў у камандзіроўку ў сваю родную Адэсу, дзе знаёміўся з мясцовай калабаранцкай прэсай.



Прысяга паплечніка "СБСБ"

Відавочна ў Маскве сур’ёзна турбаваліся наконт дзейнасці гэтага калабаранта. У 1942 г. 4-ты адзел Упраўлення НКУС па Арлоўскай вобласці рыхтаваў замах на Ільініча-Актана, аднак звярыны нюх дазволіў апошняму пазбегуць савецкай кулі.

На беларускай зямлі

У ліпені 1943 г. савецкія войскі наблізілся да Арла і немцы адтуль пачалі эвакуіравацца. Увосень 1943 г. разам з газетай “Речь” Ільініч-Актан апынуўся ў Бабруйску. Вось, як гэтага чалавека апісваў бургамістр Бабруйска Б. Меньшагін: “Баброў павёў мяне пешшу паказаць Бабруйск. Горад амаль не пацягпеў ад баявых дзеянняў. Авіябомбай былі разбураны толькі два дамы ў цэнтры горада. На іх месцы быў арганізаваны сквер. Баброва пацягнула на месца яго папярэдняй працы, дзе зараз знаходзілася рэдакцыя газеты “Речь”. Мы зайшлі туды і Баброў пазнаёміў мяне з яе рэдактарам М.А. Актанам. […] Сам Актан у рэдакцыі быў у форме обер-лейтынанта пяхоты, а да Янушкевіча прыехаў у форме нямецкага танкіста таго ж чыну. На абодвух мундзірах былі прычэплены планкі ад дзевяці ордэнаў, атрыманых ім ад немцаў. Па тры ў бронзе, срэбры і золаце.



Нямецкая ўзнагарода для ўсходніх народаў

Пры мне ў Бабруйску ён атрымаў яшчэ адзін ордэн “у срэбры” “За заслугі” і ордэн, які давалі толькі немцам, таксама “За заслугі”. Мне не прыходзілася больш бачыць нікога з такой колькасцю ордэнаў. У чым заключалася яго “мужнасць”, за якую ён атрымаў дзевяць ордэнаў і ў наяўнасці ў яго мужнасці без двукосся вельмі сумняюся. Сам ён казаў, што быццам бы ездзіў у карныя экспедыцыі супраць партызан”. Немцы маглі, канешне, адзначыць прапагандысцкую працу Міхаіла Ільініча-Актана адным, дзвума медалямі. Але дзевяць…Падаецца, што сапраўды без карных акцый не абышлося. Тым больш, што рускі нацыст быў апантаным і напэўна разумеў, што “хрышчэнне кроўю” наблізіць яго да немцаў і дасць яму большыя паўнамоцтвы.



"Рускі Гебельс" Міхаіл Ільініч-Актан

У Бабруйску Міхаіл Ільініч-Актан разгарнуў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. У сакавіку 1944 г. быў створаны “Саюз барацьбы супраць бальшавізму”. “рускі Гебельс” стаў фактычным кіраўніком гэтай арганізацыі, а Бабруйскае абласное аддзяленне стала, па сутнасці, Цэнтральным камітэтам “СБСБ”. Відавочна з падачы “рускага Гебельса” сімваламі ўзганай арганізаці сталі георгіеўскі сцяг і георгіеўскі крыж. Апошні (без калодкі) выкарыстоўваўся як партыйны значок. “СБСБ” стала актыўна набіраць членаў сярод жыхароў Бабруйска, а таксама ў Барысаве, Крычаве і Рагачове. У арганізацыю запісваліся калектывы цэлых прадпрыемтсваў. Акцыя па прыняццю ў “СБСБ” праводзілася ў красавіку 1944 г.



Камандзір "Белай каманды" А. Буглай атрымлівае ўзнагароду ад немцаў за чарговую антыпартызанскую акцыю

Сапраўдным поспехам Ільініча-Актана было тое, што ў яго арганізацыю ўступілі ўсе жаўнеры дастаткова боездольнага калабаранцкага фарміравання, якім быў 682-гі ўсходні батальён пад камандаваннем маёра А. Буглая. Апошні пачаў удзельнічаць у антыпартызанскіх акцыях яшчэ з канца 1941 г., а потым стварыў антысавецкае фарміраванне (“Белую каманду”), якое складалася з прадстаўнікоў розных народаў СССР.



1 траўня 1944 г. у Бабруйску. Бачна эмблема "СБСБ"



Не гледзячы на гэта Ільінічу-Актану атрымалася аб’яднаць пад сцягам “барацьбы за вызвалення Расіі” і такое разнамастнае фарміраванне. Цікава тое, што пасля вайны калабарацыяністу Буглаю атрымалася збегчы ў ЗША, дзе той стаў актыўна ўдзельнічаць у дзейнасці беларускіх эмігранцкіх арганізацый, аб’яднаных вакол дзеячаў арганізаванай нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны Беларускай цэнтральнай рады. У чэрвені 1974 г. намеснік начальніка аддзела Упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі БССР па Гомельскай вобласці адзначаў у даведцы: “Па дадзеных, якія маюцца ў УКДБ пры Савеце міністраў БССР па Гомельскай вобласці былыя служачыя “Белай каманды” Буглай Аляксандр Іванавіч пражывае ў ЗША, Арсеннеў Пётр Ефімавіч скончыў жыццё самагубствам, Кабышаў Іван памёр у 1944 г., Пархомаў Іван застраліўся летам 1944 г., Сіменкоў Іван скончыў жыццё самагубствам у Канадзе”.

Падрыхтаваць дзяцей-дыверсантаў

Галоўным лозунгам “СБСБ” была “барацьба супраць жыда-бальшавізма, за вызваленне Расіі і рускіх людзей”. Членаў арганізацыі называлі “паплечнікамі”. Ім выдаваліся сяброўскія білеты з георгіеўскім крыжом на вокладцы. У газеце “Речь” быў надрукаваны “Статут СБСБ”, які распрацаваў сам Ільініч-Актан.



Адкрыццё "дзіцячай вёсцы" у Скобраўцы

Бадай, што самым галоўным праектам “рускага Гебельса” было стварэнне “Саюза рускай моладзі” і дзіцячай вёскі ў Скобраўцы. Што тычыцца першага, то туды прымалі нават членаў “Саюза беларускай моладзі”, якіх да гэтага выхоўвалі, мякка кажучы, у антырускім духу. Аднак увесну 1944 г. немцам было не да ідыялогіі і яны ішлі на сустрэчу любым прапановам, якія, па іх меркаванні маглі дапамагчы стрымаць, ці хаця б затрымаць наступ савецкага войска.



Паплечніца "СБСБ" размаўляе з беларускімі дзецьмі ў Скобраўцы



Прадстаўнікі "адміністрацыі" "дзіцячай вёсцы Скобраўка"

Праект дзіцячай вёскі быў у гэтым сэнсе дастаткова перспектыўным. Перад стварэннем гэтага “пансіянату” немцы выселілі частку жыхароў населенага пункта. Потым туды завезлі беларускіх дзяцей з Палескай вобласці БССР. Апошніх сілай забіралі ў бацькоў. Чаго дабіваліся нацысты стварэннем такога пасялення? Адказ на гэтае пытанне часткова знаходзіцца ў Данясенні Начальніка палітупраўлення Першага Беларускага фронта генерал-маёра Галаджэва на імя Начальніка Галоўнага палітычнага ўпраўлення Чырвонай Арміі, генерал-палкоўнік Шчарбакова. У узгаданым дакуменце адзначалася, што “з траўня па ліпень 1944 г. у лагер Скобраўка было сабрана каля 2000 дзяцей у ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў. Начальнікам пасялення быў капітан Рускага вызвольнага войска Градзюшка. У лагеры быў адзін немец, які ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва. Увесь іншы склад персаналу быў з рускіх і беларусаў, які быў прывезены з Бабруйска”.



Члены "СБСБ"

“З матэрыялаў расследавання высветлілася, што гітлераўскія крымінальныя злачынцы пры арганізацыі дзіцячага лагера імкнуліся дасягнуць наступныя мэты:

1. Вывучыць дзяцей і больш падыходзячых выкарыстаць для дыверсійнай і шпіёнскай працы;

2. Дзяцей, якія не падыходзяць для такой працы, выкарыстоўваць для атрымання ад іх крыві для вайсковых шпіталёў”, - адзначалася ва ўзгаданым вышэй дакуменце.



Білет паплечніка "СБСБ"

Падчас аперацыі “Баграцыён” адміністрацыя паселішча збегла, а дзеці пачалі разыходзіцца. Пазней савецкія спецыяльныя органы высветлілі, што меліся факты таго, што беларускіх дзяцей сапраўды вазілі ў нямецкія шпіталі для забора крыві. Аднак часцей іх рыхтавалі для правядзення дробных дыверсій супраць часцей савецкага войска, якія наступалі на захад. Так, дзеці псавалі калодзежы, нішчылі фруктовыя сады і г.д.



Зразумела, што ў мэтах Ільініча-Актана было стварэнне своеасаблівага “гітлерюгенда”, які б заняўся дыверсійнай працай у тылах савецкіх фронтаў, аднак рэалізаваць гэты план “рускі Гебельс”, дзякуй Богу, не змог. У ліпені 1944 г. Галоўнае ўпраўленне контвыведкі “Смерш” праводзіла выяўленне і арышт былых удзельнікаў “СБСБ”.

“Ворганамі “Смерш” беларускіх франтоў ускрыта створаная немцамі на тэрыторыі Беларускай ССР фашысцкая арганізацыя, якая называлася “Саюз барацьбы супраць бальшавізма” (СБСБ) і арыштаваны шэраг яе ўдзельнікаў. Следствам па справе арыштаваных, а таксама з захопленых дакументаў усталявана, што “Саюз барацьбы супраць бальшавізма” быў створаны ў сакавіку 1944 года ў Бабруйску немцамі, якія накіроўвалі антысавецкую дзейнасць гэтага саюза. Кіраўніком “СБСБ” немцамі быў прызначаны Актан М.А., які з’яўляўся обер-лейтынантам роты прапаганды пры штабе 9-й германскай арміі (Актан збег пры адступленні праціўніка).

“СБСБ” ставіў сваёй задачай весці актыўную барацьбу супраць савецкай улады, апрацоўваць і вербаваць новых адзінадумцаў з ліку насельніцтва, ажыццяўляць выведвальныя і контрвыведвальныя функцыі і аказваць дапамогу германскім акупацыйным уладам у выяўленні партызан, камуністаў, камсамольцаў і асоб, якія праяўляюць варожасць да фашызму. […]

Прапаноўваю:

1. Начальнікам органаў “СМЕРШ” франтоў і армій прыняць неабходныя меры да выяўлення і арышту ўдзельнікаў “Саюза барацьбы супраць бальшавізму” як у размяшчэнні фронту, так і ў дзеючых часцях Чырвонай Арміі, якія магчыма пракраліся туды ў ліку новага папаўнення, мабілізаванага на вызваленай ад праціўніка тэрыторыі Беларусі. Начальнікам органаў “СМЕРШ” вайсковых акруг узмацніць агентурную-аператыўную працу ў запасных стралковых дывізіях па выяўленні і арышце удзельнікаў “СБСБ” з ліку мабілізаваных на тэрыторыі Беларускай ССР;



Актан (першы справа) падчас падаўлення Варшаўскага паўстання ў 1944 г.

2. Следства па справах арыштаваных удзельнікаў “Саюза барацьбы супраць бальшавізму” весці ў напрамку выяўлення іх сувязі з вайскоўцамі Чырвонай Арміі і органамі германскай выведкі і контрвыведкі, а таксама ўскрыцця іх практычнай падрыўной дзейнасці; 3. Пры арышце ўдзельнікаў “СБСБ” асаблівую ўвагу звяртаць на правядзенне стараннага ператрусу ў мэтах выяўлення антысавецкай літаратуры, дакументаў і іншых матэрыялаў “Саюза барацьбы супраць бальшавізму”, - адзначалася ў дырэктыве Галоўнага ўпраўлення контрвыведкі “СМЕРШ” № 50100 ад 26 ліпеня 1944 г.



Міхаіл Ільініч-Актан падчас падаўлення Варшаўскага паўстання

У абозе гітлераўцаў “інжынер з Адэсы” дабраўся да Варшавы, дзе яго мундзір танкіста фігуруе на здымках нацысцкіх калабарантаў, якія ўдзельнічалі ў падаўленні Варшаўскага паўстання ў жніўні 1944 г. Потым сляды гэтай “цёмнай” ва ўсіх сэнсах асобы губляюцца. У канцы вайны яго бачылі ў грамадзянскай вопратцы ў англійскай акупацыйнай зоне. Па дадзеных амерыканскага юрыста Д. Лофтуса пасля Другой сусветнай вайны нацысцкі пасобнік і рускі нацыяналіст Міхаіл Ільініч-Актан ўратаваўся ў Злучаных Штатах і атрымаў грамадзянства гэтай краіны. У Беларусі ж пра “Саюз” рускіх нацыстаў засталіся толькі дурная памяць, ды сотні сяброўскіх білетаў гэтай калабаранцкай арганізацыі ў адным з айчынных архіваў.

Ігар Мельнікаў,

Доктар гісторыі,

21-02-2023

коллаборационизм, Бобруйск, русские коллаборационисты, Другая сусветна вайна, калабарацыянізм, Михаил Александрович Ильинич, Міхаіл Ільініч, Скобровка, Міхаіл Актан, Саюз барацьбы супраць бальшавізму, Союз борьбы против большевизма, Варшавское восстание, детская деревня Скобровка, Бабруйск, русские нацисты, Михаил Октан, СБСБ, Актан

Previous post Next post
Up