Напрыканцы 1959 г. у Упраўленне КДБ пры Саўміне БССР па Гарадзенскай вобласці прыйшоў ліст ад жыхаркі в. Мілашы, Дзяржынскага раёна, Мінскай вобласці Станіславы Станіславаўны Жыбуль з просьбай пераглядзець крымінальную справу яе бацькі, рэпрэсаванага савецкімі спецорганамі ў канцы 1930 г.
Курапаты. Трагічнае месца ў гісторыі Беларусі
“Польскі шпіён”
Адказным за разгляд звароту быў прызначаны следчы Следчага аддзялення КДБ БССР па Гарадзенскай вобласці лейтынант Клімовіч. Ужо хутка на яго стале апынулая Крымінальная справа за № 6660, паводле якой жыхара хутара Мілашы, Путчынскага сельсавета Дзяржынскага (раней Заслаўскага) раёна Станіслава Антонавіча Жыбуля (1909 г.н.) савецкія спецыяльныя органы абвінавачвалі ў працы на польскую выведку. Беларускі селянін, паляк па нацыянальнасці Станіслаў Жыбуль быў арыштаваны 14 чэрвеня 1938 г. памежнікамі 16 Дзяржынскага памежатрада. Трэба адзначыць, што ў гэты час адбывалася актыўная фаза т.зв. “польскай аперацыі” НКУС, якая распачалася ў адпаведнасці з загадам НКУС № 00485 ад 11 жніўня 1937 г. і прадугледжвала арышт былых палітбежанцаў з Польшчы, вайсковапалонных польска-бальшавіцкай вайны, членаў Польскай вайсковай арганізацыі, актывістаў польскага нацыянальнага руху, членаў Польскай сацыялістычнай партыі, агентаў і пасобнікаў польскай выведкі. Усе арыштаваныя паводле гэтага загаду павінны былі быць падзеленыя на 2 катэгорыі: 1. Шпіёнска-дыверсійныя, шкодніцкія і паўстанцкія кадры польскай выведкі (якія прадугледжвалася растраляць); 2. Меньш актыўныя шпіёнскія кадры, якіх чакаў тэрмін турэмнага зняволення ад 5 да 10 гадоў.
На савецка-польскай мяжы
У гэтую сталінскую “мясасечку” трапіў і жыхар хутара Мілашы (знаходзіўся ўсяго ў 5 км ад савецка-польскай дзяржаўнай мяжы). Гаспадарка беларускага селяніна складалася з 10 га зямлі, 2 коняў, 3 кароў і 10 галоў дробнага ската. Сям’я складалася з жонкі і дачкі, якой на момант арышту бацькі было 4 гады. Вось, што адзначалася ў даведцы, складзенай начальнікам 16 памежатрада маёрам Вяліканавым 21 траўня 1938 г.: “У 1926-1927 гг. у Польшчу нелегальна сышлі два родныя браты Жыбуль Станіслава - Жыбуль Вацлаў і Юстын. Апошнія да 1934 г. уключна наведвалі савецкі бок і дом Жыбуль Станіслава. У 1929 г. родны брат Жыбуль Браніслаў раскулачаны і высланы. У дадзены момант пражывае у г. Ташкенце. Другі брат - Жыбуль Баляслаў да 1925 г. пражываў у Польшчы, пасля чаго нелегальна перайшоў на савецкі бок, але быў затрыманы і асуджаны за шпіянаж і высланы. У дадзены час жыве ў г. Ташкенце. З апошнім арыштаваны падтрымлівае пісьмовую сувязь. Да таго ж Жыбуль Станіслаў з’яўляецца швагерам Нагорскаму Мамерту, былому жыхару хутара Шуткава, Путчынскага сельсавета, які збег у Польшчу ў 1926 г. Разам з ім збегла яшчэ два родныя браты Мамэрта - Станіслаў і Раймунд. Муж роднай сястры Жыбуль Станіслава - Навіцкі Юльян у 1935 г. арыштаваны за сувязь з польскімі выведвальнымі органамі. Жыбуль Станіслаў Антонавіч падлягае вобшуку і арышту”.
Супрацоўнікі 16-га Дзяржынскага памежнага атрада. Пачатак 1930-х гадоў
11 чэрвеня 1938 г. у Дзяржынску была выдана Пастанова аб арышце прыналежнага да польскіх выведвальных органаў Жыбуля Станіслава Антонавіча. Арышт санкцыянаваў памочнік вайсковага пракурора Беларускай асаблівай акругі. 14 чэрвеня 1938 г. памежнікі арыштавалі беларускага селяніна.
Першы і апошні круг пекла
Ужо 30 чэрвеня 1938 г. Станіслаў Жыбуль сядзеў перад памочнікам аператыўнага ўпаўнаважанага Бягомльскага Раённага аддзялення НКУС Багданавым і адказваў на пытанні следчага. Чаму арыштаванага павезлі не ў сталіцу, а ў памежнае мястэчка Бягомль? На гэтае пытанне адказаць цяжка. Магчыма ў той момант бягомльскія нкусаўцы “распрацоўвалі” чарговую “шпіёнска-дыверсійную групу” і збіралі “падыходзячых” да гэтага асоб, а можа проста выпадак.
Помнік "жалезнаму Феліксу" у Дзяржынску на Беларусі
Таксама цяжка сказаць, у якім стане да гэтага першага допыту дабраўся жыхар хутара Мілашы. Хутчэй за ўсё на яго фізічна “ціснулі” і прымушалі зрабіць “чыстуху” і, такім чынам, нібыта палегчыць свой лёс.
З пратакола допыту Жыбуль С.А. 30 чэрвеня 1938 г, Раённы аддзел НКУС г. Бягомля:
Пытанне: Следства выявіла, што вы мелі сувязь з замежнымі выведвальнымі органамі. Паскажыце пра гэта больш падрабязна.
Адказ: Так, прызнаюся, што сапраўды меў сувязь з польскімі выведвальнымі органамі праз агента, які нелегальна прыходзіў з Польшчы на савецкі бок Жыбуль Юстына Іванавіча. Па заданню апошняга займаўся шпіёнска-дыверсійнай дзейнасцю на карысць Польшчы.
Пытанне: Распавядзіце, калі і кім вы былі завербаваныя для шпіёнска-дыверсійнай працы на карысць Польшчы і пры якіх абставінах.
Адказ: Завербаваны я для шпіёнска-дыверсійнай працы на тэрыторыі Савецкага Саюза на карысць Польшчы летам 1927 г. дваюрадным братам, польскім агентам Жыбулем Юстынам Іванавічам пры наступных абставінах: польскі агент Жыбуль Юстын, былы жыхар хутара Шуткава, Путчанскага сельсавета, Заслаўскага раёна. Падчас польскай акупацыі Жыбуль Юстын меў сувязі з белапалякамі і ў 1920 г., пры адступленні апошніх з імі сышоў у Польшу, пасля чаго ў 1923 г. ці 1924 г., дакладна не памятаю, Жыбуль Юстын нелегальна з Польшчы прыходзіў у дом да майго бацькі. Летам 1927 года Жыбуль Юстын таксама нелегальна прыйшоў з Польшчы на савецкі бок. Перад вечарам, па дарозе да нашага хутара Жыбуль Юстын, бачучы мяне на сенакосе, які быў не далёка ад дарогі, падышоў да мяне і ў размове са мной распавёў, што ён нелегальна прыйшоў з Польшчы па заданні польскіх выведвальных органаў з выведвальнымі мэтамі, пры гэтым пазначыў, што хто яму будзе дапамагаць выконваць гэтае заданне, будзе атрымліваць за гэта ўзнагароджанне ад польскіх выведвальных органаў. І тут жа прапанаваў мне дапамагаць яму ў шпіёнска-дыверсійнай працы на карысць Польшчы, на што я даў сваю згоду. Пасля гэтага Жыбуль цвёрда мяне папярэдзіў, каб я нікому не казаў пра сваю сувязь з польскімі выведвальнымі органамі. Закончыўшы размову, я разам з польскім агентам Жыбулем Юстынам пайшоў да мяне ў дом, дзе ён прабыў яшчэ каля гадзіны, калі стала цёмна, папрасіў мяне правесці яго на хутар Нарэйкі, нашага Путчанскага сельсавета да Грынявіцкага Якава (апошні ў 1933 г. высланы органамі НКУС), дзе польскі агент Жыбуль застаўся, а я вярнуўся да дому.
Кантрабандысты на савецка-польскай мяжы
Пытанне: Польскі агент Жыбуль у вас браў падпіску? І які даў вам псеўданім?
Адказ: Падпіскі ў мяне польскі агент Жыбуль не браў і псеўданім не даваў.
Пытанне: Якое заданне вы атрымалі ад польскага агента Жыбуля?
Адказ: У 1927 г. польскі агент Жыбуль даў мне заданне збіраць звесткі аб палітыка-эканамічным становішчы насельніцтва Путчынскага сельсавета і знаходзіць асоб, варожа настаўленых супраць савецкай улады. У выпадку вайны Польшчы супраць Савецкага Саюза дапамагаць польскаму войску. То бок, як буду служыць у Чырвонай Арміі, з яе дэзертаваць і добраахвотна пайсці служыць у польскае войска (вялікае папаўненне для арміі Юзафа Пілсудскага. Тут бачна якімі глупствамі нкусаўцы спрабавалі абгрунтаваць сваё “следства” - аўт).
Пытанне: Вы прынялі гэтае заданне?
Адказ: Так, прыняў і абяцаў выканаць.
Пытанне: Што вамі выканана па заданні польскага агента Жыбуль?
Адказ: Там жа, пры сустрэчы ў 1927 г. я польскаму агенту Жыбуль падрабязна распавёў пра палітыка-эканамічнае палажэнне насельніцва Путчынскага сельсавета, пры чым пазначыў, што заможная частка насельніцтва, як Рымашэўскі Браніслаў, Гусцінскі Віталь і Нагорны Юльян варожа настаўленыя у адносінах да савецкай улады (ну вось вам і шпіёнска-дыверсійная група - аўт.). Іншых звестак я тады не перадаваў.
Самаробная газета 16-га Дзяржынскага памежнага атрада, пачатак 1930-х гадоў
Пытанне: Калі вы яшчэ мелі сустрэчу з польскім агентам Жыбуль?
Адказ: Увесну 1931 г. таксама нелегальна пераходзіў на савецкі бок польскі агент Жыбуль Юстын. З апошнім у мяне дома я ізноў меў сустрэчу.
Пытанне: Якія дадзеныя вы перадалі польскаму агенту Жыбуль Юстыну?
Адказ: У 1931 г. польскаму агенту Жыбуль я перадаў дадзеныя колькі на тэрыторыі Путчанскага сельсавета арганізавана калгасаў і іх эканамічны стан. Таксама адзначыў, што заможная частка насельніцтва варожа ставіцца да калгасаў і адначыў, хто мной вызначаны як варожа настаўлены супраць савецкай улады.
Пытанне: Якое заданне вы атрымалі?
Адказ: Польскі агент Жыбуль Юстын нагадаў мне папярэднія мае заданні і, акрамя гэтага, даў заданне праводзіць працу, накіраваную на развал калгасаў, то бок казаць насельніцтву, што калгасы для сялян невыгадныя і існаваць яны доўга не будуць. Таму ў калгасы ўступаць не трэба. Паколькі я ўжо тады быў у калгасе, ён мне даў заданне у калгасе праводзіць шкодніцкую працу. Выконваючы заданне польскага агента Жыбуль, я асабіста да працы ў калгасе ставіўся шкодніцкі, імкнуўся сарваць працу. Акрамя гэтага, часта не выходзіў на працу, чым развальваў працоўную дысцыпліну ў калгасе.
Пытанне: Якім шляхам ажыццяўлялася вашая далейшая сувязь з польскімі выведвальнымі органамі.
Адказ: Пасля 1931 г. сувязі з польскімі выведвальнымі органамі не маю. Хоць польскі агент Жыбуль абяцаў яшчэ быць на савецкім баку, але чамусці ён больш не прыйшоў.
Пытанне: З кім яшчэ, акрамя вас, меў шпіёнскую сувязь польскі агент Жыбуль.
Адказ: Не ведаю.
Пытанне: Дзе польскі агент Жыбуль Юстын пераходзіў дзяржаўную мяжу?
Адказ: Не ведаю.
Пытанне: Ці атрымлівалі вы ўзнагароджанне ад польскага агента Жыбуль?
Адказ: Узнагароджанне я не атрымліваў.
Вёска і хутар Мілашы былі ўсяго ў 5 кіламетрах ад савецка-польскай мяжы
Наступны і апошні допыт Станіслава Антонавіча Жыбуля адбыўся 1 ліпеня 1938 г. Ён складаўся ўсяго з некалькіх пытанняў. Следчы НКУС запытаў, ці прызнае абівінавачаны сваю віну па 68 артыкуле Крымінальнага Кодэкса БССР (праца на польскую выведку), на што беларускі селянін адказаў станоўча. У сваю чаргу, другім пытанем было разначытанне прозвішча арыштаванага. Па пашпарце ён быў Жыбулеўскі, а па іншых дакументах Жыбуль. Апынулася, што пашпартыст проста памыліўся пры запісе прозвішча селяніна.
Пошук праўды…
8 ліпеня 1938 г. следчы НКУС Багданаў аб’явіў арыштаванаму Станіславу Жыбулю, што следства па яго справе закончана. Хутка было падрыхтавана абвінаваўчае заключэнне, якое, па сутнасці, паўтарала прызнанні селяніна падчас допытаў. Паседжанне Асаблівай “тройкі” НКУС БССР 26 верасня 1938 г. прысудзіла Станіслава Жыбуля да растрэлу. Унізе выпіскі з пратакола паседжання пазасудовага органа, якая захоўваецца ў архіўнай справе, дапісана: “Рашэнне выканана 5.10.1938 г. у г. Мінску”. То бок растраляны жыхар памежнага хутара Мілашы быў у сталіцы БССР. Жудасны канвеер сталінскіх рэпрэсій тады, у 1938 г., працаваў актыўна і бесперапынна. Па начах нкусаўскія “варанкі” масава выязджалі з мінскіх турмаў у Курапаты, Благоўшчыну, Камароўскі лес і іншыя месцы. Яны везлі “ворагаў народа” у іх апошні шлях.
Савецкі даваенны плакат
Следчы КДБ Клімовіч разумеў, што доказная база абвінавачання па ўзгаданай справе была слабой і пачаў шукаць сведкаў па гэтай справе. 19 лістапада 1959 г. лейтынант правёў допыт жыхаркі в. Мілашы Алены Юшкевіч. “З моманту арганізацыі калгасаў у 1930 г. Жыбуль Станіслаў Антонавіч уступіў у калгас, дзе працаваў спачатку радавым калгаснікам, потым некаторы час старшынёй калгасу в. Мілашы, а апошні час перад арыштам органамі НКУС у 1938 г. конюхам калгаса. Працуючы ў калгасе Станіслаў Жыбуль да працы ставіўся добрасумленна. За ўвесь час працы ў калгасе фактаў шкодніцтва з яго боку я не заўважала. За што ён быў арыштаваны органамі НКУС у 1938 г. я не ведаю. Фактаў антысавецкай дзейнасці з боку Жыбуль С.А. да арышту яго ў 1938 г. я не ведаю і пра гэта нічога не чула”, - адзначыла ў паказаннях Алена Юшкевіч. У сваю чаргу, іншая жыхарка в. Мілашы Елізавета Кавалеўская на допыце адзначыла: “Са слоў аднавяскоўцаў я ведала, што стрыечныя браты Жыбуля Станіслава - Юстын і Вацлаў жывуць дзесці ў Польшчы. Яны быццам у Польшчу сышлі ў момант усталявання савецка-польскай мяжы ў 1919-1920 гг. У в. Мілашы пасля гэтага я іх ніколі не бачыла і пра іх лёс нічога не ведаю. У Станіслава былі два родных браты - Жыбуль Баляслаў і Жыбуль Браніслаў, якія органамі савецкай улады былі вывезены ў Сібір. За што іх вывезлі і ў якім годзе, я не ведаю. Больш яны ў в. Мілашы не з’яўляліся і пра іх лёс нічога не вядома. […] Грынявіцкі Якаў, Рымашэўскі Браніслаў і Гусцінскі Вітаўт былі раскулачаныя і высланыя органамі савецкай улады ў 1933 г. Нагорскага Юльяна я не ведаю. У в. Мілашы да 1933 г. жыў Нагорскі Язэп, які таксама ў 1933 г. быў раскулачаны. Адзначаныя асобы пасля 1933 г. у в. Мілашы не з’яўляліся і пра іх лёс мне нічога не вядома”. Варта адзначыць, што ўзгаданы вышэй Язэп Іванавіч Нагорскі з хутара Мілашы быў арыштаваны АДПУ 12 траўня 1929 г. і абвінавачаны ў шпіянажы на карысць польскіх выведвальных органаў, а таксама ў кантрабандзе. У выніку, мужчыну прысудзілі да 3 гадоў ссылкі ў Сібіры. Вітаўт Антонавіч Гусцінскі з в. Мілашы быў арыштаваны ДПУ 18 лютага 1930 г., абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі і прысуджаны да 5 гадоў лагернага зняволення. Браніслаў Гіляравіч Рымашэўскі з в. Мілашы трапіў у рукі ДПУ 8 лютага 1930 г. і быў абвінавачаны па артыкулах 66 і 74 Крымінальнага кодэкса БССР (антысавецкая агітацыя і пасобніцтва белапалякам). “Тройка” прысудзіла гэтага чалавека да растрэла.
Помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій у парку Чалюскінцаў у Мінску
20 лістапада 1959 г. следчы з КДБ дапытаў жыхарку в. Мілашы Юлію Кімбар, якая таксама адзначыла, што Станіслаў Жыбуль шкодніцтвам і антысавецкай дзейнасцю ў калгасе не займаўся.
Акрамя гэтага лейтынант КДБ Клімовіч правёў працу з архіўнымі дакументамі. У “Заключэнні” ён адзначыў: “Абвінавачанне Жыбуль (Жыбулеўскага) С.А. у шпіянажы грунтавалася выключна на яго паказаннях, дадзеных падчас допыту 30 чэрвеня 1938 г. Ніякіх іншых доказаў у справе няма. […] Прагледзеныя дзве архіўна-следчыя справы на Жыбуль Баляслава Антонавіча, які, як адзначана ў даведцы на Жыбуль Станіслава Антонавіча, з’яўляўся польскім шпіёнам. Апынулася, што Жыбуль Б.А. быў двойчы судзімы за кантрабандную дзейнасць, а не за шпіянаж. У дзяржархівах на яго дадзеных няма, па матэрыялах гэтых спраў Жыбуль С.А. не праходзіць. Па ўліках першых спецаддзелаў МУС БССР і СССР быў правераны Жыбуль Юсцін Іванавіч, які, як паказаў Жыбуль С.А. яго завербаваў агентам польскай выведкі. Аднак па гэтых матэрыялах ён не праходзіць. Па матэрыялах былога 2-га аддзела польскага генштаба, якія знаходзіцца ў Берасцейскім дзяржархіве, праходзіць Жыбуля Станіслаў. Іншых дадзеных няма. Праходзіць як агент пазначанага аддзела, звольнены ў 1926 г. за непрыдатнасцю. Вызначыць, ці адносяцца гэтыя дадзеныя да асуджанага не прадстаўляецца магчымым”. Па выніках новага следства, праведзенага ў 1959 г., малады следчы прапанаваў адмяніць пастанову “тройкі”, прынятую ў верасні 1938 г. 25 студзеня 1960 г. Вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі гэта і зрабіў. Так беларускі селянін, паляк па нацыянальнасці Станіслаў Жыбуль быў рэабілітаваны. Пасмяротна. Хутка пасля гэтага дачка рэпрысаванага атрымала адмысловы дакумент. Аднак папера з гербавай пячаткай не магла вярнуць роднага чалавека і нават не пазначала месца, дзе была пахавана ахвяра сталінскіх чыстак.
У 1930-я гады сталінскія каты забілі значную колькасць прадстаўнікоў розных слаёў грамадства БССР. Іх лёс - напамін для сённяшніх беларусаў
Трагедыя жыхара хутара Мілашы, чарговы напамін пра жудасныя выпрабаванні, якія ў 1930-я гады выпалі на лёс жыхароў савецка-польскай мяжы, якая праходзіла пад Мінскам. Супрацьстаянне цывілізацый вельмі дорага каштавала тым, хто проста хацеў жыць і працаваць на сваёй зямлі. Пра гэта трэба памятаць і зараз. І рабіць высновы!
Ігар Мельнікаў,
Доктар гісторыі,
Ад’юнкт Гістарычнага інстытута
Уроцлаўскага ўніверсітэта
22-06-2022