Без тэрміну даўнасці. Забойцы з Калдычава

Jul 04, 2022 17:53


Падчас вучобы на гістфаку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта адну са сваіх курсавых прац я прысвяціў вывучэнню гісторыі супрацоўніцтва савецкіх грамадзян з нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны. Тэма калабарацыі тады, у канцы 1990-х, пачала актыўна абмяркоўвацца ў беларускім грамадстве. Адзін бок спрабаваў “абяліць” былых нямецкіх памагатых”, якія нібыты “змагаліся за беларускую нацыянальную ідэю”, іншы, па савецкай традыцыі ставіў знак роўнасці паміж нацыстамі і калабарацыяністамі. У сваю чаргу, мне хацелася разабрацца ў феномене “здрады” і зразумець, што “натхняла” звычайных вясковых хлопцаў ператварацца ў жудасных забойцаў сваіх жа суайчыннікаў. Ужо тады мяне ўразіла гісторыя ахоўнікаў канцлагера ў Калдычава, якія паходзілі са складу жаўнераў (у асноўным беларусаў) 13-га шуцманшафт батальёна СД. Пра гісторыю Калдычаўскага лагера і тых, хто прыкрываўся “нянавісцю да бальшавізма”, каб атрымаць уладу і забіваць людзей, пойдзе гутарка ў гэтым матэрыяле.



Каты Калдычаўскага лагера. У нямецкіх мундзірах і на лаве падсудных

Лагер



У пачатку сакавіка 1942 г. у былым маёнтку дэпутата сейма Другой Рэчы Паспалітай Томаша Шалевіча па ініцыятыве баранавіцкага СД пачаліся працы па стварэнні канцэнтрацыйнага лагера. Нацысты, што праўда, не называлі гэтае месца “канцэнтрацыйным лагерам”, бо Калдычаўскі лагер падпарадкоўваўся не Галоўнаму адміністратыўна-гаспадарчаму ўпраўленню СС, а знаходзіўся ў уструктуры Галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі (RSHA) і падпарадкоўся непасрэна начальніку паліцыі бяспекі ў Мінску. Будавалі гэтае жудаснае месца вязні баранавіцкага гета, а таксама жыхары суседніх населеных пунктаў.



Адна з пабудоў Калдычаўскага лагера

Інфраструктура лагера складалася з баракаў (былых гаспадарчых пабудоў маёнтку), у якіх знаходзіліся вязні. Акрамя гэтага ў Калдычаўскім лагеры была пабудавана турма на 12 камер. Адміністрацыя лагера і ахова знаходзіліся ў 2-х павярховым будынку, былым панскім маёнтку. Па перыметры ішоў плот з калючым дротам і рознага тыпу ахоўныя памяшканні для аховы. Першымі вязнямі гэтага месца былі зняволеныя Баранавіцкай і Стоўбцаўскай турмаў (каля 400 чалавек). Потым там знаходзіліся польскія і савецкія партызаны, падпольшчыкі, габрэі, савецкія вайсковапалонныя і простыя грамадзянскія асобы. Так, у 1942 г. на тэрыторыі Баранавіцкага, Слонімскага і Нясвіжскага паветаў была праведзена т.зв. “польская акцыя”, звязанае з арыштам значнай часткі польскай інтэлігенцыі. У арыштах актыўны ўдзел прымалі беларускія паліцыянты. Шмат палякаў пазней было накіравана ў Калдычаўскі лагер. Вязні Калдычава працавалі на цаглянай, мылаваранай ды іншых вытворчасцях, выкарыстоўваліся на здабычы торфу і пагрузачных працах. Харчаванне было жудасным.  Частымі былі эпідэміі інфекцыйных хвароб.



Калдычаўскі лагер. Жудаснае месца

Аднак Калдычаўскі лагер можна назваць і лагерам смерці. Большасць яго вязняў засталіся пад Баранавічамі назаўсёды. Для знішчэння людзей выкарыстоўваліся машыны-душагубкі. Так, у лістападзе 1942 г. у “газвагэне” былі забітыя каталіцкія ксяндзы К. Дэмбоўскі з Дарава, К. Каўрэцкі з Паланечкі, А. Мацекевіч з Міра, С. Новак з Дамачава, А. Леўш са Стоўбцаў, В. Нэймак з Новага Свержня, Б. Брычкоўскі. Кіраваў працэсам знішчэння людзей з дапамогай “душагубкі” прадстаўнік Баранавіцкага СД Хаммеллунг.  Пазней трупы ахвяр спальвалі ў крэматорыі, які збудавалі ў лістападзе 1942 г. Аднак часцей за ўсё вязьняў растрэльвалі, ці вешалі ахоўнікі лагера..

“Адміністрацыя”

Па розных дадзеных першым камендантам лагера быў беларус, былы супрацоўнік СД у Баранавічах, унтерштурмфюрэр СС (лейтынант) Сяргей Бабко. Гэта адзін з самых жудасных катаў Калдычава.  Ён нарадзіўся ў 1910 г. у в. Дубрава, Баранавіцкага павету ў сялянскай сям’і. Яго бацька Сцяпан працаваў на чыгунцы, а таксама меў невялікую сялянскую гаспадарку (2 га зямлі). Маці Міхаліна была хатняй гаспадыняй. У 1914 г. сям’я Бабко стала бежанцамі і выехала у Вязьму. Там Бабко старэйшы працаваў на чыгунцы, а сям’я прабыла ў Расіі да 1921 г. і потым вярнулася ў в. Дуброва, якая ўжо была ў межах Другой Рэчы Пасплалітай. Да 1930 г. Сяргей працаваў разам з бацькам на ўласнай гаспадарцы.

У 1930-м годзе Бабко малодшага прызвалі ў Войска Польскае. Службу ён праходзіў у 36-м палку пяхоты ў Варшаве. Пасля тэрміновай службы Сяргей трапіў у падафіцэрскую школу і атрымаў званне капрал. У польскім войску С. Бабко служыў да 1936 г. Пасля гэтага трапіў на працу ў Галоўную пошту ў Варшаве ў якасці ахоўніка. Там Бабко працаваў да верасня 1939 г. У 1937 г. Сяргей жаніўся на Уладзіславе Вантрабінскай з Варшавы.  Пасля нападу Германіі на Польшчу Бабко з жонкай выехаў у в. Дуброўна да сваякоў. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР С. Бабко ўладкаваўся на працу ў мясцовую пошту, дзе сартаваў карэспандэнцыю. Пасля нападу Германіі на СССР будучы камендант Калдчычава працаваў на гаспадарцы бацькі. Потым Бабко ўладкаваўся на працу на пошту ў Баранавічы.

Да “працы” у Калдычава гэты чалавек паспеў паслужыць у крымінальным аддзеле баранавіцкага СД (KRIPO), а потым яго накіравалі ў лагер у Калдычава. Увосень 1943 г. новым камендантам Калдычаўскага лагера стаў аўстрыец Ф. Ёрн, а Бабко атрымаў пасаду начальніка лагернай аховы.



Жаўнеры 13-га шуцманшафт батальёна СД, ахоўнікі Калдычаўскага лагера

Дарэчы, ахову тут несла 7-я рота узгаданага ў самым пачатку публікацыі 13-га шуцманшафт батальёна СД. Трэба адзначыць, што гэтая калабаранцкая вайсковая адзінка паспела паўдзельнічаць у карных антыпартызанскіх акцыях, падчас якіх азвярамі калабарантаў, часцей за ўсё, станавілася мірнае насельніцтва. Каты з 13-га удзельнічалі ў знішчэнні габрэяў у Нясвіжы, Гарадзішчы, Глыбокім, Мінску, Валожыне, Сталовічах.

Не магчыма сказаць, што ўсе жаўнеры гэтага нацысцкага вайсковага падраздзялення былі “асобамі, апантанымі беларускай нацыянальнай ідэяй”. Хутчэй наадварот, ніякія ідэі, акрамя прагі да нажывы і жадання адчуць уладу над іншымі людзямі іх не цікавілі. Але на нямецкіх мундзірах гэтых калабарантаў была нашыўка бел-чырвона-белага колеру. Яна добра бачна на шматлікіх здымках гітлераўскіх памагатых з 13-га батальёна.



Жаўнер 13-га батальёна СД з жонкай

Трэба адзначыць, што паміж новым камендантам і камандзірам 7-й роты “стасункі незаладзіліся”. Аўстрыец “ставіў на месца” беларускіх паліцаяў, якія імкнуліся выкарыстаць “працу” у лагеры, як магчымасць уласнага абагачэння. Размаўляў з беларускімі “ахоўнікамі” нямецкі камендант праз перакладчыка- “фольксдойчэ”. Аднак, не трэба думаць, што на руках Ф. Ёрна няма крыві. Менавіта ён выдаваў загады аб знішчэнні вязняў лагера. Праўда, ахоўнікі і самі прыдумвалі розныя віды катаванняў для няшчасных людзей, якія трапілі за калючы дрот Калдычаўскага лагера.

Расплата

Вясной 1944 г. нацысты вырашылі пабудаваць другую печ-крэматорый, аднак гэтыя працы не былі выкананыя з-за савецкіх паветраных удараў і наступу нашых войскаў. Перад эвакуацыяй гітлераўцы аддалі загад аб знішчэнні апошніх вязняў Калдычава. Так, у чэрвені 1944 г., літаральна за месяц да прыходу савецкага войска, каты з 7 роты 13-га батальёна пад камандаваннем Мікалая Калько (С. Бабко на той момант быў пераведзены на іншае месца службы) удзельнічалі ў растрэле апошніх 800 вязняў Калдычаўскага лагеру (немцы гэты растрэл назвалі “акцыя 1005”). Імкнуўшыся схаваць сляды злачынства перад адступленнем будынкі лагеру нацысты ўзарвалі.. Вось, што адзначалася ў Акце Баранавіцкай гарадзкой камісіі садзейнічання ў працы Дзяржаўнай надзвычайнай камісіі па расследаванні і выяўленні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў ад 1 студзеня 1945 г.: “У ва ўрочышчы Лозы (Пагарэлец), у 2 км ад канцлагеру побач з хутарам Нечыхі знойдзена 15 ям-магіл памерамі ад 30 да 40 м у даўжыню і 4,6 м у шырыню. Пры поўным ускрыцці адной з магіл памерам 35 на 4,6 м з паверхні 0,7 м на глыбіню 3 м знойдзена 3 падоўжныя шэрагі трупаў у 10 слаёў кожны, якія ляжалі тварам уніз з заведзенымі назад і связаныя кабелем рукамі”.  Па розных падліках ахвярамі Калдычаўскага лагера сталі каля 22 тысяч чалавек.



Ахвяры Калдычаўскага лагера

Аднак высветліць абставіны нацысцкіх злачынстваў - гэта толькі частка працы. Трэба было знайсці тых, на руках каго была кроў соцень беларусаў, палякаў, рускіх, габрэяў, татараў, ды прадстаўнікоў іншых народаў. У лютым 1956 г. у ва Уроцлаве быў арыштаваны былы лейтынант 13-га батальёна, камандзір аховы Калдычаўскага лагера Сяргей Бабко, які жыў у Польскай народнай рэспубліцы пад імем Стэфан Букоўскі. Падчас працэсу Бобка ўвесь час называў Калдычаўскі лагер “працоўным”. Маўляў, там толькі торф здабывалі, а нікога не забівалі. “Ужо у 1941 г. беларускі паліцэйскі Сяргей Бабко разам з гітлераўцамі і атрадамі літоўскіх нацыяналістаў удзельнічаў у растрэле габрэяў у мясцовасці Гарадзішча. Пазней ён стаў арганізатарам лагера смерці ў Калдычава, камендантам якога і быў. Ён выдаваў загады растрэлу людзей, а шматлікіх вязьняў забіваў уласнаручна”, - адзначалася ў траўні 1956 г. у польскай газеце “Głos Koszaliński”.



Артыкул пра працэс над Сяргеем Бабко

У той жа час польскія спецорганы затрымалі іншых “калег” Бабко - Аляксандра Вяроніка (быў арыштаваны ў 1956 г. у Сакульскім павеце) і Аляксандра Леўша (паспеў стаць членам Польскай аб’яднанай працоўнай партыі), які хаваўся ў Альштынскім ваяводстве пад імем Юзаф Сухоцкі. У снежні 1957 г. ваяводскі суд у ва Уроцлаве прызнаў нацысцкіх злачынцаў вінаватымі ў ва ўдзеле ў забойстве мірных грамадзян і прысудзіў усіх трох да смяротнага пакарання. Аднак ужо ў сакавіку 1958 г. Вярхоўны суд змяніў гэты прысуд. Сяргей Бабко атрымаў пажыццёвае зняволенне, Вяронік - 15 гадоў турмы, Леўш - 10. Апошні выйшаў на свабоду ў 1965 г., а вось Вяронік памёр у турме. У 1970 г. Ваяводзскі суд у а Уроцлаве змяніў прысуд былому каменданту Калдычаўскага лагера на 25 гадоў турмы. У 1972 г. Бабко выйшаў з турмы і пасяліўся ў г. Легніца.



Ахвяры Калдычаўскага лагера

У 1962 г. у Доме афіцэраў у Баранавічах адбыўся працэс над 4 былымі ахоўнікамі лагера ў Калдычава. На лаве падсудных тады апынуліся былы лейтынант 13-га батальйна Мікалай Калько, і яго памагатыя ў забойстве людзей Лявон Сянкевіч, Міхаіл Кухта, Андрэй Каралевіч. Усе беларусы. Дзіўна, што яны не збеглі на Захад, як шматлікія нацысцкія памагатыя, а паспрабавалі схавацца на тэрыторыі Савецкага Саюза. У залі Дома Афіцэраў падчас працэсу над гітлераўскімі пасобнікамі не было свабодных месцаў. Сярод тых, хто прыйшоў тады на гучны працэс, было шмат сведкаў, людзей, якія прайшлі жудасы Калдычаўскага лагеру. Яны жадалі паглядзець у вочы катам, якія сядзелі цяпер пад канвоем на лаве падсудных. Апошнія былі разгубленыя. “Мы выконвалі загады, мы не стралялі, ахоўвалі”, - казалі гэтыя нелюдзі. Дарэчы, падчас следства Мікалай Калько расказваў шмат “цікавага”. “У студзені 1943 г. мяне накіравалі у Баранавіцкую СД, дзе я быў залічаны ў склад правакатарскай ілжэпартызанцкай групы, якую сфармавала Баранавіцкая контрвыведка для барацьбы супраць партызан і іх сувязных. Гэтая група ўваходзіла ў склад 13-га беларускага батальёна пры СД, знаходзілася ў Баранавічах, а потым у в. Арабаўшчына. На карныя аперацыі мы ездзілі у форме жаўнераў 13-га батальёна, ці пераапраналіся ў грамадзянскае, і маючы зброю, выдавалі сябе за партызан, каб вызначыць у населеных пунктах асоб, якія мелі сувязь з партызанамі. Такіх мы арыштоўвалі і накіроўвалі ў Калдычава, ці Баранавіцкую СД”.



Падчас судовага працэса ў Баранавічах у 1962 г.

Вось, што адзначалася ў прысудзе Вайсковага трыбунала Мікалаю Калько: “З’яўляючыся камендантам аховы лагеру, Калько асабістым прыкладам заахвочваў ахоўнікаў да здзекаў і жорсткага стаўлення да вязняў. Ён сам травіў вязняў псамі, збіваў гумавай палкай і бізуном, прымушаў скакаць на карачках “жабку”, поўзаць па брудзе, хадзіць “гусіным крокам”, у начны час урываўся ў барак ці лагерную турму, дзе разам са сваімі падначаленнымі здзяйсняў цынічныя здзекі над савецкімі грамадзянамі”.  У прысудзе таксама пазначалася, што Калько кіраваў апошнім растрэлам вязняў лагера ў 1944 г.

На баранавіцкім працэсе нацысцкія калабаранты сваю віну пызналі часткова, але трыбуналу хапіла іншых доказаў, каб прысудзіць абвінавачаных да вышэйшай меры пакарання. У беларускім выпадку ніякіх памілаванняў і пераглядаў прысуду не было. Адзначым, што пасля вайны савецкія спецыяльныя органы ў адным з лагераў для нямецкіх вайсковапалонных знайшлі аўстрыйца Ф. Ёрна. За злачынствы, ім здзейсненыя, гэты чалавек быў прысуджаны да смерці і павешаны. Аднак не ўсе панеслі справядлівае пакаранне. У 1993 г. у ЗША ў ва ўзросце 68 гадоў памёр адзін з ахоўнікаў Калдычаўскага лагера, беларус Сяргей Гутырчык. Заслужанае пакаранне, якое чакала яго на Радзіме, ён так і не атрымаў. У 1970-я гады С. Бабко і А. Леўша наведаў былы паручнік Арміі Краёвай, сястра якога, сувязная АК, стала ахвярай Калдычаўскага лагера. Падчас вайны акаўцы вынеслі смяротныя пакаранні ахоўнікам з Калдычава. Аднак у 1970-я былы паручнік Ежы не стаў забіваць гэтых вайсковых злачынцаў. Відавочна, ён проста хацеў паглядзець у іх вочы, а яшчэ…нагадаць пра Баранавічы.



Судовы працэс у Баранавічах у 1962 г.

Некалькі гадоў таму, на адным з польскіх форумаў я сустрэў допіс, дзе паляк расказваў пра Калдычаўскі лагер, знішчаных прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі і пытаў ці хоць адзін беларус прабачыўся за гэта. Вось я, унук двух савецкіх ветэранаў Другой сусветнай вайны, якія білі нацыстаў пад Варшавай і ў ва Усходняй Прусіі, прынашу сваё прабачэнне гэтаму паляку і яго суайчыннікам, за тое, што мая зямля нарадзіла вось такіх “людзей з чорнымі душамі”, якімі былі ахоўнікі Каздычаўскага лагера са складу 13-га шуцманшафт батальёна СД. Рабіць з гэтых людзей “барацьбітоў супраць бальшавізма”, ці, барані Божа, “беларускі нацыянальны актыў”, гэта вялікая і недапушчальная памылка, якая сама па сабе мяжуе са злачынствам.  Пра дзейнасць гэтых нацысцкаіх калабарантаў трэба казаць праўду, якая напісана кроўю тысяч іх ахвяр.

Ігар Мельнікаў,

Доктар гісторыі,

Ад’юнкт Гістарычнага інстытута

Уроцлаўскага ўніверсітэта

03-07-2022

Мікалай Калько, 13 батальён СД, бело-красно-белая символика, Колдычевский лагерь, Николай Калько, генацыд беларускага народа, калабарацыянізм, Колдыево, геноцид белорусского народа, Сяргей Бабко, беларускія калабарацыяністы, 13-й батальон СД, Сергей Бобко, белорусские коллаборационисты, Калдычава, Калдычаўскі канцэнтрацыйны лагер, вайсковыя злачынцы, Арабаўшчына

Previous post Next post
Up