“Польскія шпіёны”, мясцовыя “сведкі” і трагедыя беларускіх сялян на “мяжы цывілізацый”

Jun 19, 2022 20:29


У 1960-я гады ў Савецкім Саюзе праходзіла хваля рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Следчыя Камітэта дзяржаўнай бяспекі замест таго, каб выкрываць чарговых “ворагаў сацыялістычнай сістэмы” пачалі вывучаць пажоўклыя тэчкі архіўных спраў трыццацігадовай даўніны з мэтай разабрацца ў тым, за што жыхары савецкай Беларусі сталі ахвярамі іх калег з ДПУ-НКУС і ці абгрунтавана гэтых ахвяр накіроўвалі ў лагеры, ці ставілі “да сценкі”. Асаблівасцю гэтай працы было тое, што шмат хто з рэпрэсаваных людзей яшчэ жыў і чакаў на справядлівасць.



На "мяжы цывілізацый"

Капыльская “васьмёрка”

Восенню 1963 г. Начальнік Упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі пры Савеце Міністраў БССР па Мінскай вобласці падпалкоўнік Эдуард Нордман даручыў свайму падначаленаму, старэйшаму следчаму следчага аддзялення Упраўлення КДБ пры СМ БССР па Мінскай вобласці маёру Сцепаненка разабрацца са справай групы савецкіх грамадзян, якіх у 1933 г. дэпартавалі з тэрыторыі савецкай Беларусі за пасобніцтва польскім шпіёнам. У пачатку 1930-х пад следствам знаходзілася восем чалавек, мужчыны і жанчыны. Разгляд справы і следчыя дзеянні адбываліся ў штабе 17-га Цімкавіцкага памежнага атрада АДПУ БССР.



У сакавіку 1933 г. у памежным ізалятары ў Цімкавічах апынуліся жыхарка в. Калодзежнае, Капыльскага раёна Марыя Язэпаўна Камінская (1878 г.н.), яе дачка Марыя Міхайлаўна Камінская (1908 г.н.), яе сын Аляксей Міхайлавіч Камінскі (1905 г.н.), Юзэфа Язэпаўна Астроўская з в. Калодзежнае (1911 г.н.), Яніна Сямёнаўна Лазоўская з в. Вынья, Капыльскага раёна (1913 г.н.), Іван Канстанцінавіч Раткевіч з в. Чарнагубава, Капыльскага раёна (1898 г.н.), Браніслаў Адамавіч Ляшчынскі з в. Якубавічы, Капыльскага раёна (1878 г.н.), Аляксандр Антонавіч Фінькоўскі з в. Калодзежнае (1888 г.н.).

З пастановы аб абвінавачанні вышэй адзначанай групы асоб па артыкулах 68/24 і 72 Крымінальнага кодэкса БССР: “З 1929 г. Атраду стала вядома, што польскія агенты Камінскі Язэп Міхайлавіч, Лазоўскі Уладзімір і Ляшчынскі Язэп Антонавіч пераходзяць дзяржаўную мяжу з Польшчы на тэрыторыю СССР у раёны былога месца жыхарства і збіраюць звесткі шпіёнскага характару для польскіх выведвальных органаў. Да перахода дзяржаўнай мяжы ў Польшчу Камінскі Язэп, Лазоўскі Уладзімір і Ляшчынскі Язэп, першы з ніх у 1925 г. разам з Раткевічам Іванам Канстанцінавічам быў судзімы Вярхоўным Судом за шпіянаж на карысць Польшчы і быў прысуджаны да вышэйшай меры сацыяльнай абароны - растрэла, але пазней савецкімі ўладамі быў абменены, а Раткевіч Іван Канстанцінавіч, дзякуючы таму, што на судзе Камінскі яго не выдаў (пра што пазней сам казаў) быў апраўданы. Камінская Марыя Язэпаўна (маці Камінскага Язэпа Міхайлавіча) таксама прыцягвалася разам з сынам па адной справе за шпіянаж і была прысуджана да 1 года пазбаўлення волі. Маючы ў наяўнасці матэрыялы аб шпіёнскай дзейнасці Камінскага Язэпа Міхайлавіча, Лазоўскага Уладзіміра і Ляшчынскага Язэпа, якая працягваецца па сённяшні час, на падставе гэтага былі арыштаваныя і прыцягнутыя да адказнасці: Камінская Марыя Язэпаўна, Камінская Марыя Міхайлаўна, Камінскі Аляксей Міхайлавіч, Астроўская Юзэфа Язэпаўна, Лазоўская Ніна (Яніна) Сямёнаўна, Ляшчынскі Браніслаў Адамавіч, Раткевіч Іван Канстанцінавіч, Фінькоўскі Аляксандр Антонавіч, якія па сутнасці справы паказалі:

1. Камінская Марыя Язэпаўна: […]У 1920 г. муж мой памёр. Старэйшы сын Язэп, а таксама я ў 1925 г. судзіліся Вярхоўным Судом за шпіянаж на карысць Польшчы і былі прысуджаныя: сын Язэп да растрэлу, а я да 1 года пазбаўлення волі. У 1927 г. сын Язэп быў абменены польскімі ўладамі. Я, у сваю чаргу, адбыла ўвесь тэрмін пакарання і вярнулася да дому, у в. Калодзежнае. За час знаходжання майго сына Язэпа ў Польшчы я ад яго атрымлівала некалькі лістоў, у якіх ён апісваў сваё жыццё і прасіў паведаміць яму пра нашае жыццё. Частку лістоў, якія ён дасылаў да мяне, ён адрасаваў аднавяскоўцу Фінькоўскаму Аляксандру Антонавічу. Пры гэтым у адным з лістоў, адрасаваных Фінькоўскаму сын Язэп пісаў, што ён прыходзіў у СССР, сыйшоў назад у Польшчу і дзесці забыў боты і грошы. Да кого ён прыходзіў і дзе забыў боты і грошы, мне не вядома і Фінькоўскі пра гэта не казаў, але ў той час да мяне ён не прыходзіў. […]



Мапа в. Калодзежная

2. Камінская Марыя Міхайлаўна пацвярджае паказанні маці Камінскай Марыі Язэпаўны ў адносінах да таго, што яе брат Язэп і маці асуджаныя за шпіянаж. Паведамляе, што пра атрыманыя лісты ад брата маці ніколі не казала і не казала пра іх змест. […] Дапытаная сведка па справе Камінскай Марыі Міхайлаўны - Юргілевіч Алена Адамаўна паказала, што знаходзячыся пад вартай пры Цімкавіцкім памежным атрадзе ў адной камеры з Камінскай М.М. Юргілевіч чула, як Камінская Марыя Міхайлаўна, убачыўшы свайго брата Аляксея, які таксама знаходзіўся пад арыштам, паведаміла апошняму: “Я была на допыце і нічога не сказала. Мама таксама нічога не скажа. Глядзі, не кажы і ты”. Атрад мае правераныя дадзеныя пра выпадак прыхода Камінскага Язэпа з Польшчы на савецкі бок.

3. Камінскі Аляксей Міхайлавіч пацвярджае паказанні маці і сястры. Паказвае: “Выпадкі прыходу майго брата Язэпа мне не вядомыя. Пра атрыманыя лісты ад Язэпа маці мне не казала. Пра тое, што маці збіраецца легальна з’ехаць у Польшчу і што яна ўзбуджала хадатайніцтва перад польскім консулам, мне яна не казала, але ў 1932 г. маці ездзіла у Мінск, адтуль прывезла набытыя боты, кашулю і інш. Мэта паездкі ў Мінск маці мне не вядомая. Але пры ад’ездзе яна казала, што едзе за пакупкамі. […]

4. Астроўская Юзэфа Язэпаўна: “Увесь час я жыву ў в. Калодзежная і працую у калгасе “Ясны Паранак”. У 1930-1931 гг. я была арыштаваная Цімкавіцкім памежатрадам ДПУ Па справе Рыбалкі за ўдзел у шпіянажы на карысць Польшчы. Але прабыўшы пад вартай у Слуцкім папраўдоме 6-7 месяцаў я была вызвалена. У 1933 г. прыцягвалася да следства Цімкавіцкім памежатрадам па справе чырвонаармейца Ішчанкі. З Камінскімі я знаходжуся ў добрых стасунках, але асабліва адкрытых адносін з імі не маю, таму, што апошнія вельмі скрытныя. Пра Камінскага Язэпа мне нічога не вядома”. Астроўская Юзэфа цесна звязана з сям’ёй Камінскіх. Знаходзячыся на савецкім баку ў 1928 г. Язэп Камінскі прапаноўваў Астроўскай пайсці з ім у Польшчу, але апошняя быццам бы адмовілася. Мела сувязь з польскім агентам Васілеўскім Антонам. У 1930 г. Астроўскую арыштоўвалі па прыналежнасці да польскай выведкі. Летам 1932 г. арыштоўвалася па прыналежнасці да польскай выведкі. […]

5. Лазоўская Ніна Сямёнаўна: “[…] У Польшчы маю роднага брата Лазоўскага Уладзіміра, які ў СССР таксама судзіўся за шпіянаж і пазней нелегальна сыйшоў у Польшчу. Дзе знаходзіцца зараз мой брат, я не ведаю, таксама не ведаю, ці бывае ён на савецкім баку, ці не”. Па дадзеных, якія маюцца, Лазоўскі Уладзімір сістэматычна бываў на савецкім баку, дзе наведвае сваю сястру Ніну. У 1931 г. Атрадам Лазоўская арыштоўвалася за імкненне да ўцёкаў у Польшчу. Сістэматычную антысавецкую дзейнасць, накіраваную на падрыў мерапрыемстваў савецкай улады. […]

6. Ляшчынскі Браніслаў Адамавіч. “У 1925 г. з дапамогай майго брата Антона Ляшчынскі Язэп нелегальна сыйшоў за мяжу, у Польшчу і пры з’яўленні на савецкім баку быў арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў. Адбыўшчы тэрмін зняволення ў тры гады, вярнуўся да дому. Хутка быў арыштаваны, але збег з арышту і сыйшоў у Польшчу, дзе знаходзіцца па сённяшні дзень. Мой брат Ляшчынскі Антон органамі ДПУ ў 1929-1930 гг. высланы ў Сібір, але за што, не ведаю. Ляшчынскі Язэп да мяне ніколі не прыходзіў і пра яго візіты мне нічога не вядома”. Атраду вядома, што Ляшчынскі Язэп разам з Камінскім Язэпам неаднаразова прыходзіў на савецкі бок і прыходзілі да Ляшчынскага Браніслава.

7. Фінькоўскі Аляксандр Антонавіч: “Пра Камінскага Язэпа мне вядома, што ён асуджаны за шпіянаж і ў дадзены час знаходзіцца ў Нясвіжы, ці Горадне. Адрас я ведаю, таму, што ў 1932 г. на імя Камінскай Марыі прыйшла ад яго паштоўка. Я пацікавіўся і прачытаў. Выпадкаў адпраўлення лістоў Язэпам на маё імя не было”.  […]

8. Раткевіч Іван Канстанцінавіч: “С 1917 і па 1920 г. я быў пакліканы ў войска дзе знаходзіўся ўвесь час, у розных падраздзяленнях. У тым жа годзе я быў дэмабілізаваны, прыехаў да дому, у в. Чорнагубава, якая ў той час была занятая белапалякамі. Апошнія да майго з’яўлення аднесліся добразычліва. Пры адступленні белапалякаў мяне прымусілі з вазом ехаць у Польшчу. Прыехаўшы ў Польшчу, мяне адпусцілі. Улічваючы, што ў той час у в. Чарнагубава былі ўжо чырвонаармейцы, вяртацца я баяўся і застаўся на жыхарства ў в. Сікерычы, у свайго дзядзькі Максімчука Пятра. Пражыўшы ў яго, нелегальна перайшоў дзяржаўную мяжу у бок СССР і вярнуўся у в. Чарнагубава. У 1925 г. за шпіянаж мяне арыштавалі органы ДПУ. Разам са мной былі арыштаваныя Сцяпура Фама і Камінскі Язэп. Апошнія два Вярхоўным судом былі прысуджаныя да растрэлу, я па судзе быў апраўданы. У 1931 г. я ўступіў у калгас і працаваў рахункаводам”. […]



Узгаданыя ўсе абвінавачаныя вінаватымі ў прад’яўленым ім абвінавачанні сябе не прызналі”.

Суседзі “здаюць” суседзяў

Каб узмацніць доказную базу следчы, а па сутнасці, афіцэр-памежнік 17-га Цімкавіцкага памежтарада пачаў праводзіць допыты сведкаў, якія маглі б пацвердзіць дапамогу ўзгаданых асоб агентам польскай выведкі. І тут на дзённы свет выйшлі найгоршыя рысы аднавяскоўцаў падсудных асоб. Вось, што адзначаў у сваіх паказаннях па справе Івана Раткевіча жыхар в. Чарнагубава Іван Вінцэнтавіч Сікорскі: “У перыяд 1920 г. Раткевіч уступіў у Чырвоную Армію, адкуль дзезертыраваў і вярнуўся да дому. Пасля прыезду да дому уступіў у банду “Балаховіча” разам з Зянковічам, Бянько, Паўловічам і інш. Займаўся рабаўніцтвам у м. Копыль, галоўным чынам рабаваў габрэйскае насельніцтва. У 1920 г. калі Раткевіч быў актыўным удзельнікам банды у в. Васільчыцы быў разбіты чырвонаармейскі пост і пасля гэтага Раткевіч сышоў у Польшчу. […] У 1924 г. Радкевіч І.К. вярнуўся з Польшчы у в. Калодзежнае, Капыльскага раёна разам з Сасноўскім займаўся кантрабанднай дзейнасцю, за што органамі АДПУ быў арыштаваны. Пасля вызвалення Раткевіча з пад арышту, апошні вярнуўся у сваю гаспадарку ў в. Чарнагубава, займаўся сялянскай працай. У 1931 г. уступіў у калгас і стаў працаваць рахункаводам. […] Раткевіч І.К. савецкай уладай не задаволены, але вельмі скрытны і сваю незадаволенасць дэманструе вельмі асцярожна. Чакае, калі пачнецца вайна. Калі прачытаў у газеце пра падзеі на Далёкім Усходзе, то сказаў, што хутка японец да нас прыйдзе”.

А вось, што адзначала ў дадатковым допыце па справе Ніны Сямёнаўны Лазоўскай грамадзянка Цітко Міхаліна Язэпаўны: “[…] Мне вядома, што яшчэ да высылкі Карповіча Ігната да ніх з Польшчы прыходзіў брат, якога завуць Сёмка і прыносіў нейкія тавары. Дадаю, што мне таксама вядома, што прыкладна 2,5 года таму назад у в. Вынья да сваёй маці Лазоўскай Гелі прыходзіў яе сын Лазоўскі Уладзімір, які збег у Польшчу гадоў 6 таму назад. Справа выглядала так: летам яшчэ да жніва я разам з Цітко Луцыяй знаходзлася на варце па в. Вынья. Прыкладна каля гадзіны ночы Луцыя сустрэлася з Юхо Язэпам і пайшла з ім гуляць, а я засталася адна і падышоўшы да дому Лазоўскай Гелі села на лаўку пад ліпай. Праз некаторы час я ўбачыла двух чалавек, якія ішлі ад гумна Лазоўскай. Як толькі яны падышлі да дзверы, я спужалася і закашляла. Услыхаўшы мой кашэль гэтыя два чалавекі кінуліся бяжаць да гумна і праз пяць хвілін я пачула скрып дзверы гумна. З гэтых двух я пазнала Лазоўскага Уладзіміра, таму, што да яго уцёкаў у Польшчу я яго добра ведала”.

У сваю чаргу, сведка Пышко Мацвей Францавіч па справе Ніны Лазоўскай адзначаў: “Лазоўская Ніна Сямёнаўна сістэматычна праяўляе незадаволенасць існуючай савецкай уладай. Мела контррэвалюцыянера бацьку і брата Лазоўская Ніна адкрыта заяўляла, што савецкая ўлада не моцная, яна доўга не пратрымаецца. Чым хутчэй трэсне, тым хутчэй я буду жыць лепей, чым зараз. Лазоўская пайшла ў калгаз з мэтай яго развалу. Сабатавала, развальвала працоўную дысцыпліну. Акрамя гэтага, Лазоўская займалася сістэматычнай спекуляцыяй, вазіла прадукты ў Мінск, дзе прадавала па спекулятыўных коштах сала, яйкі, масла і г.д.”.



На "мяжы цывілізацый"

Іншая жыхарка в. Вынья Юзэфа Іванаўна Козел так апісвала свой стасунак да Ніны Лазоўскай: “Лазоўская ўсхваляла ўладу Польшчы, дзе знаходзіўся яе брат і вяла антысавецкую і антыкалгасную дзейнасць. У 1932 г. зімой Лазоўская моладзі в. Вынья, якая сабралася, распавядала, што ёй, Лазоўскай, вельмі цяжка жывецца, што кепска жыць пры савецкай уладзе. “Грошы савецкія вельмі танныя, сама ўлада таксама. Калі б не было савецкай улады, я б у 10 разоў лепей жыла, чым зараз”. […] У 1930, 1931 і асабліва ў 1932 г. Лазоўская сістэматычна займалася спекуляцыяй. З гэтай мэтай яна часта ездзіла ў Мінск, куды вазіла прадукты харчавання і па спекулятыўным коштам прадавала на мінскім базары. Бацька яе Лазоўскі Сямён у 1930 г. арыштаваны за контррэвалюцыйную дзейнасць і шпіянаж, брат Уладзімір з’яўляецца буйным польскім шпіёнам, быў злоўлены на мяжы, сядзеў у Мінску і быццам быў абменены і ізноў апынуўся у Польшчы, дзе знаходзіцца і зараз. Лазоўская з’яўляецца заўзятай антысаветчыцай і ўвесь час чакае перамены ўлады. . Яе арышт знайшоў адабрэнне асноўнай масы калгаснікаў”.

Сабраны матэрыял супрацоўнік 17-га Цімкавіцкага памежнага атрада Говараў, пры згодзе памочніка начальніка Сакрэтна-аператыўнай часцы атрада Рэцберга і начальніка атрада Лоцманава перадаў у “тройку” пры паўнамоцным прадстаўніцтве АДПУ па БССР. 14 траўня 1933 г. гэты пазасудовы орган прызнаў группу з 8 беларускіх сялян вінаватай у злачынстве па артыкуле 68 Крымінальнага кодэкса БССР (садзейнічанне агенту польскай выведкі) і прысудзіла ўсіх да трох гадоў сслыкі ў Казахстан.

Пошук сведкаў праз 30 год

Здаецца, справа зразумелая. Польскія агенты падвялі восем чалавек да дэпартацыі, ды і магчыма да цяжкай смерці ў высылцы. Але следчы КДБ Сцепаненка разумеў, што база абвінавачвання грунтуецца на сведчаннях саміх асуджаных і паказаннях сведкаў-аднавяскоўцаў, якія маглі быць не да канца аб’ектыўнымі. І самае галоўнае, дзе галоўныя злачынцы, польскія шпіёўны Язэп Камінскі і Уладзімір Лазоўскі? Што з імі?



Анкта АДПУ

Афіцэр КДБ зрабіў запыты ў розныя дзяржаўныя архівы ў Беларусі і іншых рэспубліках. Пачаўся пошук сведкаў па гэтай справе. 25 верасня 1963 г. маёр Сцепаненка прыехаў у в. Якубавічы. Там яшчэ жыла Марыя Язэпаўна Ляшчынская, жонка рэпрэсаванага ў 1933 г. Браніслава Адамавіча Ляшчынскага (1878 г.н.). “Мужа арыштавалі органы ДПУ і прысудзілі да трох гадоў высылкі. Там, на высылцы, у Казахстане, ён, прыкладна, праз два гады памёр. Дзе ён дакладна быў на высылцы, не ведаю. Пра яго смерць нам расказала Астроўская Юзэфа Язэпаўна, былая жыхарка суседняй в. Калодзежнае, Капыльскага раёна, якая разам з маім мужам знаходзілася на высылцы. Некалькі гадоў таму назад яна прыязджала да сваячніцы ў нашую вёску Якубавічы і потым вярнулася назад у Казахстан. За што арыштавалі і прысудзілі майго мужа я зусім не ведаю. Я лічу, што ён пацярпеў без віны, таму, што ён ніякага злачынства супраць савецкай улады не здзейсніў. Ён адзін з першых уступіў у калгас і добрасумленна ў ім працаваў да арышту. Ляшчынскі Язэп Антонавіч прыходзіўся майму мужу пляменнікам, але мой муж моцна не любіў гэтага пляменніка. Гэты пляменнік хадзіў на тэрыторыю буржуазнай Польшчы, яго злавілі на мяжы, судзілі. А калі ён вярнуўся з заключэння, то ізноў стаў весці сябе кепска і яго ізноў арыштавалі. Але ён з-пад варты збег і схаваўся на тэрыторыі буржуазнай Польшчы. Калі ў 1939 г. была вызвалена Заходняя Беларусь, мы пра Ляшчынскага Язэпа зусім нічога не чулі і ён пра сябе не нагадваў. Пасля Айчыннай вайны пра яго мы таксама нічога не чулі. Яго сваякі: бацька, маці, сястра тады ж, прыкладна ў 1933 г. былі высланыя савецкімі органамі і з таго часу пра іх нічога не вядома. Мой муж з Ляшчынскім Язэпам ніякіх спраў не меў і ўвогуле ён з ім ніколі не сустракаўся. Пра тое, што Ляшчынскі Язэп прыходзіў з Польшчы і сустракаўся з маім мужам, гэта ўсе не верна. Ляшчынскі Язэп пасля таго, як збег у Польшчу, ніколі ў в. Якубавічы не прыходзіў і мы яго ніколі з таго часу не бачылі. Камінскую Марыю Язэпаўну з в. Калодзежная і яе дзяцей Аляксандра і Марыю я памятаю слаба. Мне вядома, што тады ж, у 1933 г., яе таксама забралі і выслалі органы ДПУ разам з дачкой Марыяй і сынам Аляксандрам. А другі сын быў у гэты час у Польшчы і відавочна з-за яго іх выслалі. З ссылкі ніхто з Камінскіх не вярнуўся і які іх лёс мне не вядома. Які лёс Камінскага Язэпа Міхайлавіча, які збег у Польшчу, мне не вядома. У нашай мясцовасці ён пасля гэтага ніколі не з’яўляўся”, - адзначала сведка.

У той жа дзень следчы КДБ з Мінска дапытаў цётку Юзэфы Язэпаўны Астроўскай Алімпію Пашкевіч (1888 г.н.). “Да 1933 г. яна (Ю. Астроўская) жыла з бацькамі ў в. Калодзежнае, а ў 1933 г. яе раптам арыштавалі органы ДПУ і выслалі ў Казахстан. На які тэрмін, не памятаю. За што яе арыштавалі і асудзілі, мне не вядома, але на колькі я ведаю, яна ніякага злачынства сурпраць дзяржавы не здзейніла. Адбыўшы ссылку ў Казахстане яна выйшла замуж і цяпер з мужам і двумя дзецьмі жыве дзесці на Кубані. Года тры таму назад яна прыязджала да мяне у госці і ў размове часта казала, што яна пацярпела безвінна, таму, што ніякага злачынства не здзейсніла. У ссылцы яна была разам з Ляшчынскім Браніславам Адамавічам, які тады ж, прыкладна праз год пасля прыбыцця на ссылку памёр. Дакладны адрас пляменніцы на Кубані я не ведаю, таму, што мы з ёй не перапісваліся”.

На наступны дзень, 26 верасня 1963 г. маёр Сцепаненка прыехаў у в. Вынья. Тут яго чакала сустрэча з тымі самымі сведкамі, на паказанні якіх абапіралася абвінавачанне афіцэра 17-га Цімкавіцкага памежатрада ў 1933 г. Першым да супрацоўніка КДБ прыйшоў Мікалай Ігнацьевіч Мецька (1898 г.н.). Вось што ён адзначыў на допыце 1963 г.: “У 1933 г. Лазоўскую Ніну арыштавалі органы ДПУ і выслалі на некалькі гадоў у аддаленыя раёны Савецкага Саюза. Перад вайной яна вярнулася у в. Вынья і жыла прыкладна да 1960 г., а затым выехала на жыхарства да дачкі-настаўніцы, кудысьці пад Мінск. […] За што тады арыштоўвалі і высылалі Лазоўскую я асабіста не ведаю, але былі размовы, што яе выключылі (у расейскім “изъяли” - гэтае слова было распаўсюджана падчас рэпрэсій 1930-х гадоў і сведка яго выкарыстоўваў уласнаручна - І.М.) з-за брата Лазоўскага Уладзіміра Сямёнавіча, які жыў у Польшчы і быццам са шпіёнскімі заданнямі прыходзіў у СССР. […] Пасля вайны гэты Лазоўскі Уладзімір Сямёнавіч з’яўляўся ў нашай вёсцы Вынья, але хутка ён прыстаў да нейкай жанчыны ў прымакі у Уздзенскім раёне. Як мне здаецца Лазоўскую Ніну высылалі ў1933 г. не толькі за сувязь з братам, але і за тое, што яна будучы незадаволенай калгасамі ў той час часта сярод аднавяскоўцаў не добра выказвалася у адносінах да калгасаў, а таксама не выконвала нарыхтовак. […] Увогуле я лічу, што яе выключылі ў той час правільна, таму што яна не жадала працаваць у калгасе, больш спекулявала і ў размовах кепска адзывалася аб калгасах. Ці дапытвалі мяне у той час па справе Лазоўскай Ніны, ці не, гэтага я зараз не памятаю за даўнасцю часу. З прад’яўленага мне пратаколу допыту ад 2 траўня 1933 г. я бачу, што мяне дапытвалі па справе Лазоўскай, аднак я зусім не памятаю, што паказваў у адносінах да яе. Азнаёміўшчыся з маімі паказаннямі за 1933 г. я павінен сказаць, што я іх цалкам пацвярджаю. У пратаколе ўсе правільна запісана ў адносінах да Лазоўскай. Яна сапраўды была такой, як пра яе сказана ў пратаколе.  […] Яна сапраўды шмат разоў у размовах, у тым ліку і са мной варожа выказвалася аб калгасах, казала пра цяжкасці жыцця, словам казала шмат не добрага пра калгасы і нарыхтоўкі”.

Праз некалькі гадзін да следчага КДБ завітаў іншы сведка па справе далёкага 1933 г., Юзэфа Іванаўна Козел. “Прыкладна тры гады назад Лазоўская з нашай вёскі выехала на жыхарства да дачкі Ніны, якая працуе дзесці настаўніцай. […] Лазоўскую Ніну прыкладна ў 1933 г. арыштавалі органы АДПУ і выслалі кудысці ў аддаленыя раёны Савецкага Саюза. Перад вайной яна вярнулася ў нашую вёску і жыла ўвесь час да выезду да дачкі. За што яе арыштавалі і выслалі мне дакладна не вядома, але па размовах яе выслалі з-за брата Лазоўскага Уладзіміра Сямёнавіча, якога некалькі разоў судзілі, а за тым ён апынуўся ў Польшчы і быццам з Польшчы таксама прыходзіў у СССР да сястры і маці. […] Лазоўскі Уладзімір пасля вайны прыбыў у нашую вёску Вынья, жыў некаторы час, а затым сышоў у прымы у Уздзенскі раён, дзе жыве і зараз. […] Памятаю, што пасля арышту Лазоўскай Ніны Сямёнаўны мяне выклікаў начальнік памежатрада і браў паказанні ў адносінах Лазоўскай. Але што ён тады ў мяне пытаў і якія я яму давала паказанні зараз ужо не памятаю. Выслухаўшы мае паказанні ад 3 траўня 1933 г. я павінна сказаць, што я гэтыя паказанні пацвярджаю. Я сапраўды зараз узгадваю, што Лазоўская Ніна тады ў 1933 г. хоць і была калгасніцай, але не любіла калгасы і ў размовах, калі гутарка заходзіла пра калгасы, ад яе можна было пачуць розныя не добрыя і злобныя выказванні. […] Цітко Міхаліны Язэпаўны, Пышко Мацьвея Францавіча і Лукашэвіча Зянона Яляксеевіча ўжо зараз няма ў жывых. Цітко Міхаліна памерла перад вайной, Пышко Мацвей быў арыштаваны і да дому не вярнуўся, а Лукашэвіч Зянон быў забіты падчас вайны. У якіх стасунках гэтыя людзі былі з Лазоўскай Нінай, мне не вядома”, - адзначыла на допыце ў 1963 г. Юзэфа Козел.

Нечаканая развязка

Следчы КДБ Сцепаненка зразумеў, што яму трэба шукаць непасрэдных “фігурантаў” “шпіёнскай справы”, тым больш, што яны, па дадзеных сведкаў павінны былі знаходзіцца ў СССР. І ён іх знайшоў. 4 кастрычніка 1963 г. у будынак КДБ у Мінску ўвайшла Ніна Сямёнаўна Гардзіевіч, народжаная Лазоўская. Вось, што яна адзначыла ў сваіх паказаннях: “У 1933 г., у дваццацігадовым узросце, я была арыштаваная органамі АДПУ і хутка “тройкай” была асуджана на тры гады высылкі ў Казахстан. За што мяне таты прысудзілі, я толкам і па сёння не ведаю, таму, што амаль ніякага следства не было, а рашэнне “тройкі” пра высылку мне аб’явілі прама ў турме, позна ноччу. Дапытвалі мяне на следстве толькі адзін раз, патрабавалі, каб я аддала золата, а таксама пыталі, ці прыходзіць з Польшчы мой брат Лазоўскі Уладзімір Сямёнавіч. Я заявіла, што ў мяне ніякага золата няма, а што тычыцца брата Уладзіміра, то я з ім даўно не бачылася і не ведаю які ў яго лёс. Я ведаю, што Уладзіміра, калі мне было гадоў пяць, бацька выгнаў з дому за тое, што ён гарэзаваў са стрэльбай і забіў нашага самага малодшага брата. У якім годзе гэта было, я не ведаю, але з таго часу Уладзімір ужо жыў у дзядзькі ў Барысаўскім раёне. Затым, нейкім чынам апынуўся ў буржуазнай Польшчы, адкуль ён ніколі да нас, у в. Вынья Копыльскага раёна не прыходзіў. Памятаю, як органы АДПУ арыштавалі Лазоўскага Сямёна Макаравіча і пасля гэтага да дому ён не вяртаўся. Які яго лёс, нам не вядома. Ці судзілі нашага бацьку да гэтага, то бок у 1925 г. разам з братам Уладзімірам, гэтага я зараз не памятаю. Брат Уладзімір зараз жыве у Уздзенскім раёне, у в. Перавоз. Да арышту у 1933 г. я жыла з маці у в. Вынья, Капыльскага раёна. Сумленна працавала у калгасе, у які я ўступіла адна з першых. Ніякіх антысавецкіх выказванняў не дапускала, ды і не магла я займацца такой злачыннай дзейнасцю, таму, што мне нічога кепскага гэтая ўлада не зрабіла. Я тады была маладая і актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці. Пышко Мацьвей Францавіч і Лукашэвіч Зянон Аляксандравіч з’яўляліся маімі аднавяскоўцамі і блізкімі суседзямі. […] Лукашэвіч Зянон спрабаваў заляцацца да мяне і дабівацца, каб я стала яго жонкай, але ён мне моцна не падабаўся і я адмаўлялася з ім нават сустракацца, тады ён стаў на мяне за гэта злавацца і пагражаць, а аднойчы да нас прыйшоў брат Зянона Вінцэсь, які служыў у войску і прапанаваў мне з’ехаць з ім, таму, што на мяне пададзеная заява у АДПУ і мяне хутка арыштуюць. Ён казаў, што яму гэта вядома ад брата Зянона. Так мне стала вядома пра заяву, якую на мяне падаў Зянон і хутка мяне сапраўды арыштавалі. Братоў Вінцэся і Зянона зараз ужо няма ў жывых, а Пышко Мацьвей таксама быў арыштаваны і да дому пасля гэтага не вярнуўся”.

Следчы КДБ, здавалася, пачуў самае галоўнае. Па-першае, справа першапачаткова была больш не палітычная, а бытавая, якую адмыслова вывелі на “палітыку”, каб адпомсціць. А па-другое, падчас следства 1963 г. быў жывы галоўны фігурант гэтай заблытанай гісторыі - Уладзімір Лазоўскі, а значыць ён і расставіць усе кропкі над “і”. Маёр Сцепаненка не здагадваўся, што наперадзе яго чакала сапраўдная нечаканасць. 14 кастрычніка 1963 г. у будынку КДБ у Мінску адбыўся допыт Уладзіміра Лазоўскага. “Да 1925 г. я жыў у в. Вынья, Капыльскага раёна, займаўся сялянскай гаспадаркай у гаспадарстве бацькі, вучыўся ў школе. Прыкладна ў 1924 г. мы, дзеці, гуляліся са сброяй і я неасцярожна застрэліў свайго брата. Пасля гэтага мяне бацька і ўсе сваякі зненавідзелі і я вымушаны быў сысці з дома і прыкладна год жыў у дзядзькі у в. Астрэйкі, Капыльскага раёна. У той час, у 1924-1925 гг. мяжа з буржуазнай Польшчай была не строгай і шматлікія жыхары памежнага пасу хадзілі за кантрабанднымі таварамі ў Польшчу. Мне таксама прыйшлося хадзіць праз мяжу у Польшчу разы два. У 1925 г., падчас адной з ходак мяне злавілі на мяжы савецкія памежнікі і прыцягнулі да суду. Разам са мной тады было прыцягнута некалькі грамадзян, жыхароў Капыльскага раёна, у тым ліку, мой бацька, якога абвінавацілі ў укрывальніцтве і неданясенні. Я быў асуджаны на 8 гадоў папраўча-працоўных лагераў і накіраваны ў лагер. Прыкладна ў 1928-1929 гг. савецкія органы разам з палякамі правялі абмен палітычных зняволенных. У групе зняволеных прыкладна ў 25 чалавек быў пераданы палякам і я. Я не ведаю якім чынам і на якіх умовах быў здзейснены абмен, але асабіста я не прасіўся ў Польшчу і ніякіх заяў на гэты конт не пісаў. На тэрыторыі Польшчы ў г. Баранавічы нас усіх прыбыўшых зарэгістравалі і дапыталі нейкія польскія органы, відавочна дзяржбяспекі, і разаслалі ўсіх па Польшчы. Нехта паехаў да сваякоў, а нехта завербаваўся на працу. У мяне быў знаёмы таварыш з якім мы пазнаёміліся ў турме, Камінскі Язэп, імя па бацьку не памятаю, якога таксама як і мяне накіравалі ў Польшчу. Гэты Камінскі Язэп быў ураджэнцам в. Калодзежнае, Капыльскага раёна, дзе ў яго жылі маці, брат і сястра. Імён іх я не ведаю. Мы з гэтым Камінскім нікуды не паехалі, засталіся ў Баранавічах, а хутка біржа працы накіравала нас на працу на лесазавод Свержань, побач з г. Стоўбцы. Прапрацавашы год на вельмі цяжкай працы на лесапільным заводзе, не маючы сваякоў і не ведаючы польскай мовы нам на столькі надаела жыццё ў буржуазнай Польшчы, што мы з Камінскім вырашылі перайсці дзяржаўную мяжу на тэрыторыю СССР і папрасіць савецкія органы лепей адправіць нас у папраўча-працоўныя лагеры для адбыцця тэрміну, які застаўся, чым жыць, як мы жылі на тэрыторыі буржуазнай Польшчы. І мы гэта зрабілі. Таемна перайшлі дзяржаўную мяжу ля в. Вялікая Раёўка і з’явіліся на памежнай заставе. Мы адмыслова пайшлі праз мяжу ў гэтым месцы, бо Камінскі Язэп ведаў гэтую тэрыторыю, таму, што там, недалёка была яго родная вёска Калодзежнае. У якім дакладна годзе мы пераходзілі мяжу, я не памятаю, але ведаю, што гэта было восенню, прыкладна праз год пасля таго, як мы сталі працаваць у Свержане. На допытах у Цімкавічах, якія працягваліся некалькі дзён, мы расказвалі пра свае ўмовы жыцця ў Польшчы і папрасілі нас пакінуць на тэрыторыі СССР, пры гэтым выказалі жаданне адбыць свой тэрмін пакарання ў лагеры. Аднак савецкія памежнікі з гэтым не пагадзіліся. Яны прыцягнулі мяне да працы на карысць СССР і накіравалі назад, у буржуазную Польшчу. Камінскі Язэп таксама быў прыцягнуты для сакрэтнай працы на тэрыторыі Польшчы на карысць СССР. Ён сам мне пра гэта казаў. І савецкія памежныя органы ў Цімкавічах не хавалі гэтага. Яны разам нам давалі заданне на працу на тэрыторыі Польшчы і разам нас перакідвалі праз мяжу. Выканаўшчы некаторыя заданні ў Польшчы, зараз за даўніной часу не памятаю зместу гэтых заданняў, мы з Камінскім Язэпам паўторна перайшлі дзяржаўную мяжу і з’явіліся на тэрыторыі СССР у памежныя органы, дзе далі справаздачу аб зробленай працы і перадалі розныя дадазеныя. Але нас з дапамогай памежных органаў ізноў перакінулі на тэрыторыю буржуазнай Польшчы. Я не магу назваць дату другога перахода дзяржаўнай мяжы, але гэта было прыкладна месяца праз тры пасля першага наведвання тэрыторыі СССР.



Хлопцы з памежжа

Пасля вяртання ў Польшчу нас абодвух з Камінскім хутка прызвалі на службу ў польскае войска. Праз некаторы час Камінскага са службы адпусцілі па хваробе, а я працягваў служыць у польскім войску тры гады. З Камінскім Язэпам я ўвесь час меў перапіску. Ён працаваў на тэкстыльнай фабрыцы ў г. Лодзь. Пасля дэмабілізацыі з войска я ўзяў паряздныя дакументы да г. Гдыня, дзе ўсталяваўся на працу грузчыкам у порце. Прыкладна ў годзе 1937-м мяне арыштавалі польскія ўлады, абвінаваціўшы ў шпіянажы на карысць СССР і павезлі на следства у г. Баранавічы, дзе ў гэты час ужо сядзеў пад следствам Камінскі Язэп, які ў ва ўсім прызнаўся і выдаў мяне. Калі ў Баранавічах на следстве мяне пачалі моцна збіваць я таксама не вытрымаў і пацвердзіў усё, што казаў Камінскі пра сувязь з савецкімі памежнымі органамі. Хутка нас з Камінскім прысудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі і з гэтага часу мы з ім да 1939 г. ездзілі па турмах буржуазнай Польшчы. Калі нямецкія войскі напалі на Польшчу, мы знаходзіліся ў турме ў г. Берасце і калі немцы захапілі гэты горад мы разбегліся хто-куды. У 1940 г. я афіцыйным шляхам вярнуўся ў Савецкі Саюз і з таго часу знаходжуся на тэрыторыі СССР. Савецкімі органамі больш не судзіўся. Адразу пасля вяртання і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны я жыў на тэрыторыі Літоўскай ССР, а з часу вайны і да сённяшняга дня жыву на тэрыторыі Копыльскага раёна.

Пытанне: Наведваючы двойчы тэрыторыю СССР вы сустракаліся са сваімі сваякамі і, у прыватнасці, са сваёй сястрой Лазоўскай Нінай Сямёнаўнай?

Адказ: Не, падчас абодвух прыходаў я ні з кім са сваякоў і, у прыватнасці, з сястрой Лазоўскай Нінай не сустракаўся. Я нават не ведаў, што яна ў 1933 г. была арыштаваная савецкімі органамі і выслана. Толькі вярнуўшыся ў СССР і сустрэўшыся з сястрой я даведаўся пра гэта ад яе. Яна нават выказвала крыўду ў стасунку да мяне, што яна пацярпела з-за мяне, таму, што яе абвінавацілі ў тым, што я прыходзіў да яе з Польшчы.

Пытанне: А Камінскі Язэп наведваў сваіх сваякоў у в. Калодзежнае, Капыльскага раёна?

Адказ: У СССР я з ім хадзіў два разы і абодва разы ён таксама, як і я не заходзіў да сваіх сваякоў у в. Калодзежнае, дзе ў яго былі маці, сястра і брат. Ні ён, ні я не жадалі гэта рабіць таму, што мы ведалі, што з-за гэтага яны могуць з-за нас пацярпець.

Пытанне: Ці вядома, дзе зараз знаходзіцца Камінскі Язэп?

Адказ: Так, я ведаю, дзе зараз знаходзіцца Камінскі Язэп. Ён жыве з сям’ёй у г. Штэціне (Шчэцын, Польша), працуе на дастаўцы цэглы на будаўніцтва. У мінулым годзе я атрымаў ад яго ліст з Польшчы. Ён прасіў паведаміць, дзе знаходзяцца яго сваякі. Таму я думаю, што ён не ведае, што яны былі высланыя ў 1933 г. Я яму не паведаміў у адносінах да сваякоў, а ён пісаў, што аб гэтым хадатайнічаў нават праз Чырвоны Крыж, але нічога не даведаўся. Калі я быў у польскім войску, то перапісваўся з Камінскім і таму ведаю, што ён адзін не хадзіў у СССР. Лешчынскага Язэпа і Васілеўскага Антона я зусім не ведаю”, - адзначыў на допыце, праведзеным у 1963 г. Уладзімір Лазоўскі.

Вось так, усё устала на свае месцы. Тыя, каго лічылі “польскімі шпіёнамі”, на самой справе выконвалі заданні савецкай выведкі. Не зразумела толькі навошта савецкія памежнікі ў 1933 г. прыдумалі гісторыю з прыходам польскіх шпіёнаў да сваякоў? Яны не маглі не ведаць, што Лазоўскі і Камінскі працуюць на савецкую выведку. Менавіта супрацоўнік Сакрэтна-аператыўнай часцы 17-га Цімкавіцкага памежатрада і завербаваў Лазоўскага і Камінскага. А можа гэтую гісторыю прыдумалі і падкінулі памежнікам аднавяскоўцы Камінскіх і Лазоўскіх? А савецкія “зялёныя фуражкі” за “факт прыходу польскіх шпіёнаў” ухапіліся і пачалі “шыць” справу аб шпіянажы.

Вяртаючыся да ўяўных “польскіх шпіёнаў”, трэба адзначыць, што ў спісе вязняў савецкага лагера № 231 для замежных вайсковапалонных у Свярдлоўскай вобласці (захоўваецца ў Расейскім дзяржаўным вайсковым архіве) праходзіць польскі грамадзянін Язэп Міхайлавіч Камінскі 1903 г.н., які знаходзіўся ў лагеры з 22 красавіка па 20 кастрычніка 1945 г. 22 лістапада 1945 г. гэты чалавек быў рэпатрыяваны ў Польшчу. Ці гэта не наш “шпіён”? Як гэты чалавек апынуўся ў савецкім лагеры і чым ён займаўся падчас Другой сусветнай? На гэтыя пытанні адказаў пакуль няма.

Увосень 1963 г. следчы КДБ маёр Сцепаненка правёў вялікую працу і сабраў дастатковую базу для таго, каб рэабілітаваць беларускіх сялян, якіх у 1933 г. савецкія спецорганы абвінавацілі ў пасобніцтве польскім выведнікам. У Заключэнні па гэтай справе адзначалася: “Праверкай па дзяржаўных архівах выяўлена, што Камінскі Язэп у 1924 г. супрацоўнічая з польскімі выведвальнымі органамі, накіроўваўся у СССР, дзе быў арыштаваны і ў 1927 г. па заданні савецкай выведкі накіраваны ў Польшчу. У 1937 г. ён быў арыштаваны польскімі органамі за супрацоўніцтва з савецкай выведкай. […] Дадзеных аб прыналежнасці да польскіх выведвальных органаў Камінскай М.І., Камінскай М.М., Камінскага А.М., Астроўскай Ю.І., Лазоўскай Н.С., Раткевіча І.К., Ляшчынскага Б.А. і Фянькоўскага А.А. у дзяржаўных архівах не знойдзена. Лёс Ляшчынскага Браніслава у дадзены момант не высветлены. Перадапытаныя сведкі Козел Ю.І. і Мецько Н.І. ніякіх паказанняў аб антысавецкай дзейнасці Лазоўскай Ніны не далі. Такім чынам, у выніку праверкі прад’яўленае асуджаным абвінавачанне не знайшло свайго пацверджання”. 16 лістапада 1963 г. Вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі адмяніў рашэнне “тройкі” АДПУ ад 14 траўня 1933 г. і крымінальную справу супраць асуджаных спыніў. Так усе восемь беларускіх сялян былі рэабілітаваныя. Большасць пасмяротна.

Вось такой, не простай і не адназначнай была рэчаіснасць на “мяжы цывілізацый” у Беларусі ў 1930-я гады. Людзі, якія апынуліся тады паміж дзвух варожых сістэм, вымушаныя былі проста выжываць. Нехта пераступаў праз чалавечае і, каб уратаваць сябе і сваякоў, “здаваў” суседзяў і знаёмых. Іншыя станавіліся падвойнымі агентамі розных спецыяльных службах. Кожны ратаваўся як мог. Тую гісторыю трэба ведаць, каб не паўтараць памылкі мінуўшчыны.

Ігар Мельнікаў,

Доктар гісторыі,

Гістарычны інстытут

Уроцлаўскага універсітэта

19-06-2022

Цімкавічы, шпионаж, война разведок, архив КГБ Беларуси, Тимковичи, советско-польская граница, граница цивилизаций, савецка-польская мяжа, вайна выведак, сталинские репрессии, Беларусь, реабилитация репрессированных

Previous post Next post
Up