Dec 18, 2009 17:01
Наступны запіс у гэтым ЖЖ будзе толькі ў 2010 годзе, таму можна крыху пагаварыць пра год 2009. Выдаўся год надзвычай цяжкі. Сапраўды, так складана яшчэ ніколі не было. Але гэта мяне не забіла, але зрабіла мацней. Скончыліся ілюзіі наконт шчасьлівай і пасьпяховай сумеснай справы, паўстала жыцьцёва неабходная патрэба дадаткова займацца ўласным прадпрыймальніцтвам. Усё выдатна, але першы раз (пазаўчора) мне ўжо адмовілі ў рэгістрацыі ІП - там адзін супярэчны пункт не быў запоўнены. Гэта каштавала мне 1100 руб і, натуральна, часу. Ёсьць яшчэ сто шляхоў, каб займацца афіцыйнай ўласнай эканамічнай дзейнасьцю. Але сёньня я пакуль што зноў падаў дакуманты з удакладненьнямі і спадзяюся на добры навагодні падарунак - пасьведчаньне аб рэгістрацыі.
Калі адматаць крыху назад, мая жонка знайшла працу настаўнікам і рэпетытарам расейскай мовы і літаратуры у прыватнай школе ў паўгадзіне шляху ад дому. Грошы там плацяць невялікія. Але дае плён першы пэдагагічны досьвед - яе нават парэкамэндавалі адной сям'і ў нашым раёне, каб пазаймалася зь дзяўчынай. І вось ужо ёсьць першыя ўласныя заробкі - непараўнальна большыя, чым школьны заробак. Тым хутчэй хочацца зрабіць яе ўласную справу афіцыйнай. А зараз яе школа яшчэ не адпускае Юлю па-нармальнаму адпачыць на Новы год, каб працавала 28-30 сьнежня і ўжо з 4 студзеня зноў была ў школе (пры тым, што Расея будзе адпачываць да 10 студзеня ўключна. Канфлікт можа скончыцца сумна. Бо квіткі ўжо набыты і хутчэй за ўсё ў азначаныя дні Юлі ў школе ня будзе.
Матаем яшчэ назад. У верасьні здаў на правы. І цяпер ужо даволі спакойна магу езьдзіць па Маскве на машыне з аўтаматычнай каробкай перадач. Слушнай аказалася адмова самаму сабе набыць на зіму старую машыну - у тутэйшыя маразы нават добрыя машыны ня ўсе заводзяцца.
Матаем назад. Улетку да мяне пераехала жонка. Гэта пасьля паўтарагадовага "дыстанцыйнага" жыцьця па геаграфічнай лініі Масква-Менск. Што сказаць, гэты пераезд для маёй Юліі аказаўся цяжкім. Масква - не проста новы горад. Гэта іншая рэальнасьць, прычым нашмат больш рэальная за беларускую. Але час ідзе, і я з задавальненьнем адзначаю станоўчую адаптацыю маёй любай жоначкі.
Тое, што было да пераезда жонкі, зусім выпала з памяці. А значыць, нічога і не было.