Jan 29, 2010 16:58
у Беларусі ёсьць палітыка. Таксама ёсьць і палітыкі. Вось нядаўна мой знаёмы Алесь Міхалевіч абвясьціў сябе прэтэндэнтам на прэзыдэнцкую пасаду. Неяк раней я ўжо чуў, што гэта адбудзецца, а вось зараз гэта здарылася. Паглядзеў я відэаролік НН і неяк засмуціўся.
ведаю Алеся як прафэсіянала сваёй справы, больш за тое, лічу яго ў пэўнай ступені прыкладам для сябе, што тычыцца яго самаарганізаванасьці, мэтанакіраванасьці і інш. А засмуціўся вось чаму. Нейкі нягеглы атрымаўся ролік. Людзей мала (добра хоць Кася Бохан засьвяцілася, бо нікога больш не пазнаў на першы позірк), хаатычныя перасоўваньні сюдым-тудым, згубленыя позіркі... Зьявілася адчуваньне, што Алесь толькі зранку вярнуўся з Эўропы, а ў мінулую ноч у цягніку і нарадзілася хіба гэтая ідэя - прэзэнтавацца, каго пасьпеў - абтэлефанаваў, пару карцінак з мабільнага інтэрнэту пампануў па дарозе...
натуральна, што году замала, каб рэальна прэтэндаваць на трон РБ. Таксама зразумела, што гэта не галоўнае зараз. Таму зычу Міхалесю (гэтак я яго назваў, калі першы раз пабачыў - вельмі перажываў, бо на карце стаяла вучоба ў нейкім Унівэрсытэце Польшчы, чаго мне, ліцэісту з Барысава, вельмі хацелася) посьпехаў. Можа калі стану на ўласныя ногі, вярнуся і дапамагу чалавеку, гадоў праз 5-10...