Артыкул з часопіса Бярозка Nr. 1/2018 (1076)
Што за загаловак такі дзіўны, спытаеце вы? А вось прыкладна так гучыць _матылёк_ па-нямецку. І мова добрая, і словы цікавыя. Але вучаць яе ў нас значна радзей, чым якую англійскую. І што рабіць, калі вам захацелася з гэтай мовай пазнаёміцца, з якога боку ўзяцца? Неблагім выйсцем будзе звярнуцца ў
бібліятэку Інстытута імя Гётэ ў Мінску, у якой ёсць усё неабходнае для навучання. Экскурсію для мяне правяла Таццяна Захарэнка, каардынатар праграм інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела.
Сустракаюць тут тэхнічнымі навінкамі. Напрыклад, мне паказалі, як можна ў аўтаматычным рэжыме здаць прачытаныя кнігі. Прыкладаеце сваю картку, кладзеце ўвесь стос кніг - і яны імгненна ўлічваюцца камп’ютарам. Больш такой бібліятэчнай сістэмы нідзе ў Беларусі няма. Зразумела, ёсць і паўнавартасная
анлайн-бібліятэка, калі ўжывую сюды трапіць не выпадае.
Падлеткам, якія хочуць узяцца за вывучэнне мовы, прапануюць вялікую колькасць падручнікаў, а да іх дыскі з аўдыяматэрыяламі. Яны градуюцца па ўзроўнях валодання мовай - ад А1.1 да С1.2. У дадатак ідуць матэрыялы па граматыцы і фанетыцы розных узроўняў. Сабраны матэрыялы розных вядомых выдавецтваў: Klett, Huеber, Langenscheidt і Cornelsen.
Калі падручнікі стамляюць, надыходзіць час адаптаванай літаратуры. Гэта мастацкія творы, напісаныя менавіта для канкрэтнага ўзроўню валодання нямецкай мовай. Калі вы на ёй яшчэ ўвогуле не гаворыце ці вам не хапае слоўнікавага запасу, менавіта такія тэксты вам і патрэбныя.
Асабліва нас цікавіць аддзел дзіцячай і юнацкай літаратуры. Казкі і апавяданні напісаны нескладанай мовай. Вельмі зручна, што тут ёсць кнігі не толькі на нямецкай, але і двухмоўныя выданні. Гэта значыць, яны маюцца і на мове арыгінала, і ў рускім перакладзе. Можна пакласці на стол адразу дзве кнігі і так правяраць сябе.
Далей надыходзіць час больш складанай мастацкай літаратуры, якую можна адужаць з узроўня В 1.1 і чытаць, атрымліваючы задавальненне (як ад добрага тэксту, так і ад разумнага сябе). Ёсць у фондзе месца і для нямецкіх часопісаў, і некалькі з іх менавіта для падлеткаў. Гэта, напрыклад, штомесячнікі «Stafette» і «Familie und Co».
Калі ўсё яшчэ мала, на базе бібліятэкі працуе
"Нямецкі дзіцячы анлайн-універсітэт". Гэта платформа з кароткімі відэа-лекцыямі і заданнямі да іх. Лекцыі падзелены на тры «факультэты»: «Прырода», «Тэхніка» і «Чалавек». І пабудаваны яны не як нудныя ўрокі, а ў форме адказаў на цікавыя пытанні, кшталту: «Як працуе 3D-прынтар?» ці "Чаму сэрца такой формы?" Новые словы так засвойваюцца значна лягчэй. Для таго, каб пачаць заняткі, дастаткова прайсці простую рэгістрацыю.
А яшчэ тут ладзяць вялікую колькасць
мерапрыемстваў (і ўсе бясплатныя). Можна сустрэцца з аўтарамі любімых кніг, паглядзець фільмы ці, напрыклад, выступы лялечнага тэатра на нямецкай мове, а то і адсвяткаваць Каляды так, як прынята ў Германіі.
І нават калі вы жывяце не ў Мінску, то ёсць магчымасць, што бібліятэка прыедзе
да вас сама!
"Дойч-экспрэс", гружаны мастацкай літаратурай і падручнікамі, адзін-два разы на месяц ездзіць у Бабруйск, Баранавічы, Барысаў і Маладзечна.
Спадзяюся, што камусьці не хапала менавіта гэтай інфармацыі, каб усур’ёз узяцца
за засваенне новай для сябе мовы. Бо чым больш моў вы ведаеце, тым больш ў перспектыве магчымасцей для добрай працы, цікавых падарожжаў і сапраўдных сяброўстваў.
Аўтар тэкста і фота: Мікалай Ізаітка