Сьляпы, быццам крот...

Aug 18, 2011 22:59

Во як бывае! Гэта ж трэба такому здарыцца - я пасварылася зь сяброўкай праз палітыку! Дакладней, я зь ёю не сварылася, але яна на мяне вельмі моцна ўсердзіла за тое, што я назвала частку беларусаў... быдлам, - і цяпер ня хоча са мною размаўляць, пакуль я не папрашу прабачэньня за гэтую абразу. Я б папрасіла, мне няцяжка, аднак гэта будзе азначаць, што я назвала частку беларусаў быдлам памылкова, не падумаўшы.
Так, трэба падумаць... Ай, ну хіба я ня маю рацыі, калі кажу, што няма сэнсу прасьвячаць насельніцтва, бо яно было і будзе "цёмным, сьляпым, быццам крот"? У каго ёсьць розум - той ужо і так усё зразумеў, а ў каго розуму няма - тым свой розум ня ўставіш, толькі час змарнуеш.
Успамінаю, як адна мая знаёмая сказала мне  ў 2002 годзе: "Ты мне пра Лукашэнку нічога дрэннага не кажы - любіла, люблю і любіць буду!" Тады яна лічыла, што "любіць будзе", а ўжо ў 2006 сама выказалася пра свайго "любімца" з агідаю, што занадта ён заседзеўся на троне, ужо брыдка глядзець, як ён учапіўся за ўладу. Ну дык калі ў гэтай знаёмай трохі было глуздоў, дык яна сама зрабіла высновы, ніхто ёй "нічога дрэннага" не казаў, як яна і прасіла.
Але колькі вакол такіх, каторыя шчасьлівыя ўжо таму, што не галадаюць і няма вайны! Ім жа кажы што заўгодна - яны ўсё роўна будуць радавацца такому свайму шчасьцю. Ну і няхай радуюцца, навошта людзям псаваць маліну?
Ну дапусьцім, ты змагла пераканаць, напрыклад, сваю цётку, што ейны "любімец" - нягодны чалавек, які мусіць сысьці. І што? Цётка пойдзе на плошчу дамагацца, каб ён сышоў? Во калі б у нас былі выбары, а ня фарс, тады быў бы сэнс "адукоўваць" і гэтую цётку, і дзядзьку, і тысячы іншых, падобных ім - каб яны прагаласавалі супраць узурпатара. Але ж на тое ён і узурпатар, што выбараў ужо няма, і таму "хаджэньне ў народ" страціла ўсялякі сэнс. Трэба шукаць іншых шляхоў. Якіх? Я ня ведаю, і ня варта мяне ў гэтым вінаваціць. Але што за лёгіка ў сяброўкі: калі іншых шляхоў я не магу прапанаваць, дык трэба "адукоўваць" гэтых  "кратоў"... Не, тады я сказала не "кратоў", гэта толькі цяпер мне прыйшоў на памяць радок з Багдановічавага вершу, а тады я сказала - "быдла": "Ня бачу сэнсу пераконваць быдла, ім дастаткова чаркі і скваркі - хай гэтым і цешацца".
І, бачыш ты, такім чынам я абразіла ўвесь беларускі народ! Ды не, тых, хто пратэстуе супраць дыктатуры, і нават тых, хто моўчкі ненавідзіць дыктатара, я ніколі быдлам не назаву! І дарэчы, нельга разьлічваць на нейкія рэальныя дзеяньні ад усіх, хто супраць дыктатуры, гэта вялікая памылка - чакаць геройства і самаахвярнасьці ад усіх запар. Нават калі хтосьці супраць гэтага рэжыму - зусім ня факт, што гэты чалавек гатовы штосьці зрабіць, каб скінуць рэжым. Так што - прасьвячай, не прасьвячай, вынік адзін...
Я бачыла шмат такіх, каго прасьвячаць ня трэба, яны самі даўно ўсё зразумелі і гатовыя на рэальныя дзеяньні. Вось яны - сіла, але ці зможа хто правільна зарганізаваць гэтую сілу, каб яна стала дзейснаю?

барацьба, асабістае, рэжым Лукашэнкі

Previous post Next post
Up