"Жыровічы - сьвяты для нас куточак..."

Aug 25, 2013 17:31


"На Беларусі Бог жыве -
І няхай да веку жыве."
                                                               (Уладзімір Караткевіч)


"Жыровічы - сьвяты для нас куточак..."


Ларыса Геніюш

Жыровічы (1981)

Жыровічы - сьвяты для нас куточак,
гдзе цэрквы ў неба вежы узьнялі.
На дрэве Маці Божай абразочак -
благаслаўленьне для маёй зямлі.


Чужыя ў нас былі паны, вяльможы,
зь цяжкое працы жыў стары народ.
Жыў ён зь любоўю, з ласкі Маці Божай,
якая зь ім была ў часы нягод.


Сягоньня з хмараў дождж на землю выпаў,
ступаю моўчкі па сьвятой зямлі.
Благаславі мяне, старая ліпа,
і ад ліхога гольлем затулі.


Вякі ты маіх продкаў затуляла
і ад набегаў, войнаў сьцерагла.
Я ля цябе - і спакайней мне стала.
Упэўнена стаю каля ствала.


Свая душою, з гэтага я роду,
прыйшла к табе сягоньня, як у сьне.
Ты папрасі Айцоў сівабародых,
каб ўспомнілі ў малітвах пра мяне.


Дождж не сьціхае, ўсё навокал мокне.
У Жыраве я сяньня першы раз.
Шкадую сэрцам, што не пастушок я,
які убачыў той сьвяты абраз.


Мне цяжка у жыцьці было - за тое
дай мне пачэсна на зямлі пражыць.
З крынічкі напаі мяне сьвятое,
зь якой так прагну тваю праўду піць.


О Маці Божая! Ты - ласка у цярпеньні,
прамень сьвятла, што празь вякі ня згас,
на голаў грэшную маю пашлі благаславеньне
і будзь пры мне ў жыцьця адказны час.


Хай будзе мір і ўсюды Твая воля,
і Бог - Твой Сын - расьпяты на крыжы.
Стары народ наш не пакінь ніколі
і ад нягодаў землю сьцеражы!


***
Прыехаць у Жырова лёс мне выпаў,
дождж хрысьціць голаў грэшную маю.
І я пад гольлем шматвяковай ліпы
пільгрымам сьціплым сьцішана стаю.


Сьвятыні побач белыя, як дзіва,
ў абдымках хмараў і высокіх дрэў.
Ідзе сьвятар, як галубочак сівы,
стаміўшыся, на лаўку хтось прысеў.




Сюды травой, аброшанай і мяккай,
на цудатворны пераможны кліч
прыходзяць людзі з горам і падзякай.
Людскія душы ачышчае зьніч.


Перада мной зямля мая сьвятая,
тут у паклоне дрэвы над вадой,
дзе галубы бясшумна пралятаюць,
ступала Маці Божая па ёй.


Не знатныя, а пастушкі віталі.
Да нас прыйшла ў вясняны дзень знарок
і краю міламу, каб лепшымі мы сталі,
пакінула на дрэве абразок.


Над намі храм, туманныя нябёсы.
Крынічанька пад храмам б'е зь зямлі.
Як пастушок у сьвітцы белай, босы,
стаю, і сьлёзы твар мой залілі.


Адданасьцю стукочуць нашы сэрцы
з крыніц благаславенных праўду піць.
Мінуласьці святой зь зямлі ня сьцерці
і веры ў Бога ў сэрцы не спыніць.


Жыровічы, славутая мясьціна,
здаўна праложаны для нас дзядамі шлях.
Малітвы боль ў нялёгкую хвіліну
мы на тваіх складаем алтарах.




Хай будзе мір, і згода будзе ўсюды.
Ды калі грозьбай азарыцца сінь, -
нашай зямлі, дастойнай Тваіх цудаў,
ў сваёй апецы, Божа, не пакінь!


Зьніч (інак Мікалай (Бембель), насельнік Жыровіцкага манастыра)

***

...Жыровічы...                              
...тут - сэрца Беларусі...
тут - Маці Божая прыйшла да нас -
ўнаявіла Ікону - другі раз, -
калі ўсе былі ў тузе і скрусе...
...Ікона Цудатворная - жыве!..
і з веку ў век - па веры і малітве -
дае палёгку - у жыцьцёвай бітве -
усім, хто прыцякае да Яе...
...акрыліцца - хто на малітву стане...
каля Яе - й нябожчык можа ўстаць...
----------------------------------------------
(...ёсьць копія зь Яе -
у Ватыкане... -
і ля Яе - таксама
Благадаць...)
------------------------------------------------


...я кінуць грэшны сьвет                        
сябе прымусіў -
каб не згубіцца ў думках і вяках...
-------------------------------------------------
...Жыровічы...                          
...тут - сэрца Беларусі...
і да яго - у кожнага -                            
свой шлях...


***

...Птушка белая - над Краінай Сіняй... -
то ахова наша і сіла...
гэта дух Святой Еўфрасініі...
гэта слова Сьвятога Кірыла...
...то ахвярнасьць Сафіі Слуцкай...
і пакутнікаў Вільні даўняй...
то Сьвятыя зямлі Беларускай
да Хрыста ўзышлі пакаянна...
...Птушка белая - па-над Краем Сінім -
 беражы нас ад чорнае былі...
...хай асьвецяць Божыя сілы
нас, што ў немачы - саграшылі...
...хай узновіцца строй МОВЫ наскай...
...хай "...зьвіняць неўміручыя песьні..."
...сэрца Боскай лагоды і ласкі -
Беларусь - у Хрысьце -
                          уваскрэсьне!..


Пра аўтараў:
Імя і вершы Ларысы Геніюш, пакутніцы за беларускі народ і беларускую мову, спадзяюся, добра вядомыя кожнаму сьвядомаму беларусу. Дадам толькі, што адзіны ў нашай краіне помнік нязломнай паэтцы знаходзіцца на тэрыторыі Зэльвенскай праваслаўнай Траецкай царквы. У самой царкве створаны невялікі музэйчык, прысьвечаны Л.Геніюш, - таксама адзіны ў краіне... Штогод у цэрквах Менска, Зэльвы, Гародні і іншых у дзень спачыну пясьняркі адбываюцца адмысловыя службы за спачын душы пісьменьніцы (зразумела, па-беларуску). Гэтак сама Царква ўшаноўвае памяць і іншага вялікага беларускага Паэта і шчырага правслаўнага верніка - Максіма Багдановіча...

Што тычыцца інака Мікалая - у міру Алега Андрэевіча Бембеля - меньш вядомы, але ня меньш палымяны беларускі патрыёт, які падчас брэжнеўскага застою, жывучы і працуючы ў Менску, выдаў у Лёндане капітальную працу "Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс", за якую, а таксама за прынцыповую беларускамоўнасьць, быў выгнаны з працы ў Акадэміі навук БССР, выключаны з партыі. З 1996 г. А.Бембель - у Жыровіцкім манастыры, з'яўляецца рэдактарам манастырскай газэты "Жыровіцкая абіцель". Падчас знаходжаньня ў манастыры выдаў тры зборнікі беларускіх вершаў тарашкевіцай:
...чую слова вешчае:
                          Люблю...
над маёю сьпеўнаю званіцай...
пакрываю Неба і Зямлю
Бел-Чырвона-Белай
                    Плашчаніцай...
Previous post Next post
Up