Беспрацоўе

Jan 16, 2011 03:08

Ня мае спраў, хоць клопатаў хапае,
Але не папсаваць ім мой настрой.
На іх усе і разам забіваю,
Ды адмысловай маюся лухтой.

Мой гаманец пусты, як халадзільнік -
Забыўся, калі нешта там было.
Ды зранку я ўстаю не пад будзільнік,
А ад таго, што ў вочы б’е сьвятло.

Заўжды так падымацца - гэта справа!
Сябе адчуеш панам між паноў!
Зварыць сабе на кухні кубак кавы,
Спакойна піць і паглядаць у вакно.

Насустрач дню нахабнаю хадою
Іду, а ён усьміхаецца ў адказ.
Зьмяшаюся са зграяю людзкою,
Жыцьцём напіцца каб у чарговы раз.

А вечар грамаду дамоў вяртае,
У сеціва скіруюцца шляхі.
Пабачу вас я там і прачытаю,
Ды нат пагаманю магчыма з кім.

Так не раблю я толкам ніхалеры -
Адкрыта заяўляю, без прыўкрас.
Усе людзі сьпяць даўно у сваіх кватэрах,
Я ж бяссэнсоўна забіваю час.

Глыбокай ноччу сон, нарэшце, зморыць -
Адсунуся і завалюся спаць
Пад ліхтара ў вакно сьвятлом і зораў,
Каб заўтра ўсё нанова распачаць.

вершы, засада, ахтунг, роздумы

Previous post Next post
Up