Практычнае скарэнне Карпат. Chapter # 9

Dec 12, 2011 00:17

Апошнія намаганьні 
Петрос - гэта адная з самых высокіх вяршыняў хрыбта Чарнагора (2020,2 м), знаходзіцца на паўночна-заходнім канцы хрыбта паміж гарамі Шэшул і Гаверла ў Рахаўскім раёне Закарпацкае вобласці. Заходні і ўсходні схілы Петроса стромкія са шматлікім каменным россыпам, паўночны і паўночна-заходні схілы - абрывістыя, са скальнымі выступамі. Складаецца ў асноўным з пяшчанікаў. Пакрыты пераважна субальпійскай расліннасцю. Распаўсюджаныя хмызнякі (ядловец сібірскі, рададэндроны), чарнічныя зараснікі і яловыя лясы (да вышыні 1530-1600 м). Узімку даволі часта бываюць снежныя лавіны. Ёсць турыстычная зона на паўднёвых схілах.
Ёсць адна вельмі старая гуцульская легенда. Яна распавядае пра тое, як з'явіліся такія вяршыні ў Карпатах, як Гаверла (2061 м.), Петрос (2022 м.) і Поп-Іван (2020 м.)
А было гэта так. У далёкім-далёкім мінулым, калі Карпаты яшчэ не былі такімі высокімі, у гэтых краях было сяло. У сяле жылі прыгожая, стройная дзяўчына Гаверла са сваім бацькам. Сям'я іх была не з багатых, але і не з бедных у гэтым сяле. Зайздроснай нявестай была Гаверла, шмат хлопцаў спрабавалі заляцацца да яе. Але нават, нягледзячы на ​​тое што дзяўчына ведала кошт сваёй прыгажосці, яе сэрца ўжо было занята. У ім таілася каханне да прыгожага, працавітага маладога чалавека Пятро. Хлопец быў добрым гаспадаром, памочнікам для суседзяў, было ў яго добрае сэрца, ды яшчэ і безбацьковічам ён быў. Але яму гэта не перашкаджала любіць Гаверлу.
Таілася іх каханне і тамілася ў няведанні і страху перад будучыняй, таму што бацька Гаверлы быў супраць любых адносін дачкі і Пятро. Ён ёй хацеў знайсці багатага і знатнага мужа, каб Гаверла ні ў чым сабе не адмаўляла і ніколі не працавала так цяжка, як калісьці працаваў яе бацька. Але каханне Гаверлы і Пятро была вышэй за ўсё гэта. І тыя, хто кахалі сэрцам, вырашылі аб'яднацца назаўжды ў шлюбе, і, зразумела ў таемным, таму што гневу бацькі было не пазбегнуць. А бацька Гаверлы, падазраючы аб подлых і здрадлівых намерах роднае дачкі, настолькі разгневаўся, што сваю злосць супакоіў толькі тады, калі наклаў праклён на каханне двух маладых людзей. Страшнае і цяжкае...
І здарылася аб'яднаць такую ​​неймавернае, моцнае і бясстрашнае каханне аднаму святару па імені Іван. Яны расказалі яму сваю гісторыю, і ён усё ж такі пагадзіўся абвянчаць іх патаемна і без згоды бацькоў. І ў той самы момант, калі адбылася найвялікшая таямніца злучэння сэрцаў, адбыўся праклён, накладзены бацькам Гаверлы.
Усе трое віноўнікаў тайнага шлюбу ў адзін момант сталі высокімі гарамі - Гаверлай, Петросам і Поп-Іванам. Вось так жаданне і злосць бацькі Гаверлы загубілі прыгожае і далікатнае каханне і стварылі адныя з найвышэйшых гор на чарнагорскім хрыбце Карпат.
Але гэта, вядома не адзінае паданне пра Петрос.
На паўднёвы захад ад Ясіні ёсць Блізніца-гара. Вяршыня яе - шырокая горная паланіна. Улетку тут пасецца “быдла”, а ўзімку на абледзянелых, абсыпаных снегам адгор'ях лютуюць вятры, няспынна гудзе завіруха. Насупраць Блізніцы стаіць Петрос.
Аб гэтых гарах распавядаюць такую ​​легенду. Шмат сотняў гадоў таму на высокае гары ў глыбокае нары жыў Страхапуд. Ён быў падобны і на чалавека, і на звера. Галаву меў чалавечую, але велізарную, як у вялікага вала. Рот - як у мядзведзя. Цела яго было зарослае поўсцю. Хадзіў ён і на чатырох, і на двух нагах. Вылезе са сваёе глыбокае нары, спусціцца блізка да сяла, сядзе на зямлі і глядзіць на людзей. А калі прагаладаецца, так зарыкае, што зямля ўздрыгвае, дрэвы дрыжаць, лістота з іх ападае. Ад такога голасу людзі ўцякалі, хаваліся. А Страхапуд роў і роў: - Я га-о-ла-о-дэн! .. Патрабуючы новую ахвяру.
Раз у пяць дзён людзі вёскі па чарзе аддавалі яму авечку, цяля ці жарабца, а калі ні авечак, ні цялят, ні жарабят не засталося - валоў, кароў, коней. Павінны былі, бо калі б не далі, то, Страхапуд мог цэлае сяло перадушыць. Хутка настаў час, калі ў абшчыны засталася адна карова, а Страхапуд зноў чакае. Глядзеў, глядзеў на людзей, а калі прагаладаўся, зароў: - Я га-о-ла-о-дэн!.. Здрыгануліся людзі ад таго голасу, але што яны маглі зрабіць? Адвялі да яго апошнюю каровушку.
Праз суткі Страхапуд зноў спусціўся да сяла і запатрабаваў новае ахвяры. І ў людзей нічога не было яму аддаць. Жылі ў вёсцы гэтае сіроты-двайняты, хлопчык і дзяўчынка. Маці іх даўно памерла, бацька - таксама. Дзеці ад хаты да хаты хадзілі і ледзь выжывалі. Даведаліся двайняты, што ў вёсцы не засталося ніводнае жывёлы і няма чаго Страхапуду аддаць. Каб выратаваць вёску ад бяды, дзеці вырашылі пайсці да Страхапуда самі. Спачатку пойдзе хлопчык, а потым дзяўчынка. І пакуль людзі думалі, як быць, адправіўся хлопчык (а клікалі яго Пятром) да таго месца, на якім кожны дзень чакаў ахвяру Страхапуд. А дзяўчынка-сястрычка жаласліва глядзела ўслед брату, і вельмі стала ёй шкада яго. Сарвалася з месца і пабегла. “-Петрык-у-у! - Клікала яна.- Вярніся!” Не вяртаўся Петрык, накіроўваўся далей. Пабегла дзяўчынка яму напярэймы, схапілася за яго: “- Я пайду, Петрык, першай, - прасіла яна.- Таму што для мяне лягчэй самой памерці, чым тваю смерць перажыць”. Спрабаваў Петрык запярэчыць, але дзяўчынка так умольвала, што ён не меў сілы далей адпірацца. Сказаў ёй: “- Добра, ідзі. Загаворвай яго, пакуль зможаш, а я штосьці прыдумаю”.
Пайшла дзяўчынка, а Страхапуд толькі яе ўбачыў, так адразу перастаў раўці. Яму спадабалася ідэя паласавацца чалавечай крывёю. Дзяўчынка ветліва павіталася, і гэта яшчэ больш спадабалася Страхапуду. Ён не з'еў яе адразу, а загадаў ісці сцежкай, якую зрабіў да сваёе нары. Але і ў нару Страхапуд не пайшоў, а павёў дзяўчынку на гару. Хацеў палюбавацца сваёй ахвярай. На самае вяршыні гары пачвара лег на зямлю, каб пагрэцца на сонцы, бо ў той дзень яно было асабліва цёплае. Дзяўчынцы сказаў стаць на велізарную аброслую мохам глыбу і глядзець на яго. Вылезла дзяўчынка на камень, але глядзець на волата не магла. Яго вялікія вочы заплылі крывёю, а ўсё цела было такое брыдкае і страшнае, што немагчыма апісаць. "Толькі б хутчэй з'еў мяне і не мучыў", - толькі і думала дзяўчынка. А пачвара не спяшаўся, спачатку загадаў ёй заспяваць. Ад страху дзяўчынка не магла вымавіць і слова. Але ўспомніла, што Петрык загадаў загаворваць Страхапуда, і неяк з бядой заспявала. І так сумна-сумна, бо яе сэрца не магло інакш. “-Не, не гэтае, а весялей”, - запатрабаваў Страхапуд. Ды весялей песні ў дзяўчынкі не выйшла. Тады раззлаваўся Страхапуд, разгроб пазногцямі зямлю, стаў на дзве нагі і наблізіўся да сваёе ахвяры, працягваючы да яе доўгія лапы.
Дзяўчынка са спалоху ўпала на зямлю і моўчкі чакала смерці. Ужо адчувалася над галавой цяжкае дыханне, як яго перабіў дзіўны свіст. І імгненна шалёна зароў волат, закруціўся на месцы. Зноў нешта засвістала ў паветры, і яшчэ страшней зароў Страхапуд. Дзяўчынка са страхам падняла галаву, бо не разумела, што адбывалася. Страхапуд круціўся на месцы, роў, а з абодвух ягоных вачэй тырчалі стрэлы і лілася кроў. І зноў у паветры засвісцела, і стрэлы адна за адной упіліся ў цела пачвары, пакуль Страхапуд не паваліўся ўсім тулавам на зямлю. Ён біўся аб зямлю і стагнаў так, як стогнуць неба і зямля, яры і лясы ў вялікую буру. Ужо трохі прыйшла ў сябе дзяўчынка, зірнула ў той бок, адкуль ляцелі стрэлы, а насупраць на гары ўбачыла брата Петрыка. Гэта ён пускаў стрэлы ў пачвару з самаробнае цыбуліны. А тым часам, пачвара зноў зваліўся на зямлю ў тым месцы, дзе стаяла дзяўчынка. Яшчэ адну стралу пусціў Петрык, і Страхапуд зваліўся як нежывы.
Кінуўся тады братка да сваёе сястрычцы, бег, бег, задыхаўся, а калі дабег, зразумеў, што сястрычка мёртвая. Горка заплакаў хлопчык, горка заплакаў, і так яму стала самотна, так цяжка, што з гора ён памёр. Знайшлі людзі іх, волата пасеклі на кавалкі і спалілі, каб і следу не засталося. А дзяцей-двайнят аплакалі па звычаю горнаму і ў сырую зямлю пахавалі. А горы ў памяць пра іх назвалі: адну - Петрос, - з якой хлопец стрэлы пускаў, а другую, на якім стаяла яго сястрычка, - Блізніца. Дарэчы, Блізніца адзіная ў Украіне гара, на якой растуць эдэльвейсы. Гэтая прыгожая кветка занесена ў Чырвоную кнігу.

Мы сядзелі на пліце, гутарылі, як тут раптам спадар І. сказаў, што хоча паспрабаваць падняцца. Я падумаў, што ён звар’яцеў пасля сённяшняга дню. Але якое там! Ён як пабег наверх па маленечкае сцежцы, дык, пэўна, толькі які-небудзь горны баран мог за ім угнацца ў гэты момант. Спачатку мы толькі назіралі за ім, думалі, што адумаецца, вернецца. А потым сваю справу згуляла чалавечая псіхалогія. Спадар Ч. заявіў, што калі І. пайшоў, дык і ён зможа. А што заставалася мне? Сядзець і глядзець, як яны падымаюцца наверх? Чым я горшы?
І мы пачалі пагоню. Хаця пагоняй гэты было назваць складана. Спадар І. даўно знік недзе наперадзе, і толькі калі-некалі ягоная постаць выглядвала між скальных парод і вялікіх валуноў, а мы, як ні беглі, наблізіцца так не маглі. Што і казаць, было вельмі цяжка. Я не ўяўляю, як сюды людзі падымаюцца з рукзакамі. Мне без рукзака прыходзілася спыняцца, каб супакоіць пульс і сэрца, якое так і намагалася выскакнуць і разляцецца па горнае прасторы на мірыяды аскелкаў. Па дарозе сустрэлі яшчэ некалькі турыстаў. Яны параілі нам так не бегчы, бо далей будзе зусім цяжка. Але мы не надта іх слухалі. Петрос, тым часам, нібы гуляўся з намі. Вось-вось, здаецца, павінна быць вершаліна, але гэта толькі чарговы выступ, за якім вершаліны таксама не бачна, толькі постаць І. бяжыць і бяжыць наперад. Мне ўжо пачало здавацца, што мы будзем уздымацца цэлую вечнасць на гэтую гару. На чарговым выступе я паваліўся на дол і азірнуўся. Ззаду была амаль што бездань. Здаецца, аступіся - і ўсё. Я нават інстынктыўся прыціснуўся да зямлі. Зрабіў некалькі фотаздымкаў, сціснуў мацней сцяг. Пачаў лічыць пульс. Сэрца грукала без аніякіх перапынкаў, так што я налічыў ажно 250 удараў. Трэба было адпачыць. Недзе нападалёк быў і спадар Ч.
Што ўяўляе сабою пад’ём? Вытаптаная сцяжынка, якая матляе з аднаго боку ў другі, пакрытая валунамі, без якіх, праўда, было б вельмі цяжка, бо за іх можна хоць ухапіцца. Недзе прыходзілася хапацца за траву і кустарнікі, каб пераадолець чарговы градыент. Трэба быць уважлівым і асцярожным, бо вельмі лёгка  аступіцца і пакаціцца назад, уніз.
Адпачынак скончаны. Але Петрос не думае здавацца. Ён у чарговы раз уводзіць нас у зман, чарговы раз прымушае захапляцца сабою. Я ўжо пададстаў ад Ч.. Ужо не так страшна, не так самотна, хаця зусім блізка абрыў, хаця зусім блізка смерць. Мае таварышы ўжо пераможна ўскідваюць рукі, знясіленыя што-небудзь крычаць. І вось нарэшце дапаўзаю і я. Ёсць! Намі скораны Петрос - трэцяя па значнасці вяршыня Украінскіх Карпат. Мы зараз на вышыні 2020, 2 метраў. Недзе ўнізе нас чакае спадар А., як ён там злуецца, пэўна. А можа, проста п’е піва, ясі сардэлькі і ні аб чым не думае. І зусім не чакае нас.
А мы вось тут, на вышыні двух кіламетраў, з недаверам пазіраем вакол сябе і на фантастычны далягляд, што малююць вечаровыя Карпаты. Мы падняліся ўсяго за гадзіну. Гэта было вельмі складана, аднак мы гэта зрабілі. Вершаліна Петроса ўяўляе сабою невялікую пляцоўку, метраў у 50 у квадраце. Стаяць слупкі, пасярэдзіне знаходзіцца куча камянёў, якія неведама адкуль узяліся тут, злева, калі глядзець на Гаверлу, стаіць невялічкая хатка-альтанка, а побач з ёй - крыж. Праўда, хатка гэта вельмі моцна выгарэла знутры, але звонку не так лёгка гэта заўважыць. А вось крыж увогуле ўяўляе сабою нечаканае відовішча. Нібыта нейкі волат узяў і скруціў яго. Ён не проста нахілены, ён перакручаны. Хрыстос ледзьве не кранаецца зямлі. Крыж жалезны. Як нам потым расказвалі, гэта зрабіў вецер, а ў хатку калісьці патрапіла маланка. Можа быць, наўрадці хто-небудзь мог дадумацца ночыць на вершаліне Петроса.  Яшчэ мы заўважылі драўляны слуп, а на ім надпіс - “Мінск. 1007”. Хтосьці выцарапаў.  На іншым слупе значыцца, што да Квасоў адсюль 14 кіламетраў. Толькі, калі ты птушка, напэўна J.
О неба, толькі яно магло стварыць такую прыгажосць! Сонца яшчэ не села поўнасцю, увесь Прыкарпацкі хрэбет бачны адсюль проста выдатна. Ды і Закарпацкі не думае хавацца. Туманныя аблокі толькі ўзмацняюць уражанні. Толькі вось становіцца халодна. А мы ў адных саколках. Ды і сонца сядае хутка. Таму трэба хуценька рабіць фотаздымкі гэтых цудаў прыроды і спускацца да вогнішча. Але я не магу адвесці вачэй. Куды не паглядзі, адная думка - гэта казка! Паўсюль пікі, вяршыні, перавалы, хрэбты. Яны хаваюцца ў аблоках, яны пакрытыя векавечнымі лясамі, яны перасякаюцца ручаямі і рэчкамі. Яны так блізка, але расцягнуліся на дзесяткі кіламетраў. Недзе зусім блізка, але адначасова і далёка, раскінуліся Квасы. У іншых месцах - калыбы. Да самага гарызонта горы, чароўныя, непаўторныя, прыгожыя. Невядомы мастак стварыў гэты цуд. Мастак касмічнага таленту. Сэрца радасна тарахціць гаманлівую песню шчасця.  Мы здымаем, фатаграфуемся, дзелімся ўражаваннямі. І вырашаем, што трэба ісці далей. На Гаверлу!
Падымаецца вецер. Трэба спускацца. І мы яшчэ раз аглядваем наваколле, якое нібы напаўняе новым сэнсам нашыя стомленыя абалонкі, і пачынаем спуск. Не варта думаць, што спускацца лягчэй. Калі і лягчэй, то самае крыху. Толькі і думаеш, як не ўляцець куды-небудзь, як за што-небудзь учапіцца. Спускаемся хоць і бегам, але не надта хутка. Здалёк чуем штосьці падобнае на канцэрт. Нібыта нехта грае на жалейцы. На сотні жалеек. Менавіта там, дзе мы сталі намётам. Прычым усё гэта вельмі гучна. Мы крычым ў паветра, як крычалі на вышыні двух кіламетраў. Спуск займае каля паловы гадзіны. Напэўна, тыя людзі мелі на ўвазе пад’ём з рукзакамі. Але мы ўправіліся за дзве гадзіны. Вось нарэшце і тая пліта. Засталося зусім крыху, і праз дзесяць хвілін мы ўжо побач са спадаром А.
Ён, вядома, здагадаўся, што мы зрабілі. Што возьмеш з адмарожаных? Мы дзелімся ўражаннямі. Хаця як можна перадаць словамі тое, для апісання чаго яшчэ не прыдумана вартых словаў? Ён пытае толькі, ці не бачылі мы там Надзеньку. Але Надзенька схавана на Гаверле. Мы пытаем пра канцэрт. Аказваецца, ніхто тут не граў ні на якой жалейцы ці дудцы, а гэта проста прайшоў статак авечак, якія вельмі напужалі А. Іх былі сотні. Праўда, ён больш за ўсё ўразіўся лайкамі, якія ахоўваюць статак. Яшчэ ён расказаў, што выдатна чуў нашыя крыкі і гоман, калі мы размаўлялі. А яшчэ за гэты час ён паспеў прыгатаваць ежу, словам, зрабіў усё, што мог. Самы час было павячэраць. У мяне было адчуванне, што за гэты дзень я стаміўся так, як не стамляўся яшчэ ніколі за сваё жыццё. Цела ўжо проста не адчувалася. Напэўна, у астатніх былі гэткія ж пачуцці. Нават у таго ж А. Мы селі есці. Час набліжаўся да дзевяці вечара. Хутка цямнела і станавілася ўсё халадней. Балелі ногі, мышцы былі поўнасцю забітыя. Але ніхто і не думаў скардзіцца. Гэты дзень прынёс столькі эмоцый!
А потым мы яшчэ доўга сядзелі ля вогнішча, папіваючы пенны напой з хлебам і сардэлькамі, у гутарках то пра сёння, то пра мінулае, то пра армію, расказваючы розныя гісторыі з жыцця. Спадара А. ужо было не спыніць. Я пераважна слухаў. Да гэтага яшчэ схадзілі памыцца да ракі, якая цякла непадалёк. Мы былі тут не адны. Стаялі з намётам людзі побач, яшчэ некалькі намётаў мы сустрэлі ля ракі. Я дастаў сваю трубку, і мы па чарзе папыхвалі табак, а думкі ляталі недзе далёка. Я глядзеў на зоры. Вы ведаеце, якія зоры ў гарах? Іх тут неверагодная колькасць, яны свецяць чыстым і яркім святлом. У нас такога не ўбачыш. Яны нібы размаўляюць з табой… Карпаты! Утрая (спадар І. заснуў хутка) мы прасядзелі амаль да поўначы, пакуль не згасла вогнішча, не было дапітае піва і з’едзены сасіскі, і не расказана ўсё, што было расказаць. Пачынаўся дождж, грымеў гром, няшчадна ўспыхвалі маланкі, якія асвяшчалі ўсё неба, і мы паспяшаліся ў намёт, дзе вельмі хутка апынуліся ў сне.
Такім апынуўся наш самы складаны дзень. Не толькі за гэтую вандроўку, але, мабыць, і агулам у жыцці.

Ноч выдалася не вельмі ўтульнай. Пад раніцу стала так халодна, што я быў вымушаны апрануць усе цёплыя рэчы, якія толькі меў, але і гэта не надта дапамагала. Спадар Ч. таксама пакутаваў, але ён нейкім чынам здолеў экспрапрыяваць нешта цёплае ў спадара А. Спаць было цяжка, хаця ў свядомасці было разуменне, што выспацца трэба як след, бо пасля ўчорашняга дню ногі і ўсё астатняе цела будзе моцна супраціўляцца любым нагрузкам. Тым больш, я не надта адчуваў, што арганізм адпачыў і здольны працягваць працаваць у тым жа тэмпе. У выніку, мы здолелі паспаць толькі да 8.30 раніцы. З самага ранку зноў пачаўся дождж, ды, можа, ён і не спыняўся з вечара. Наш намёт ледзьве не апынуўся ў лужыне, але наваколле і так здавалася зусім небяспечным. Паўсюль была вада. І холад. Ды яшчэ з самага ранку навокал чуліся розныя чалавечыя галасы.
Пачалі пакрыху збірацца. Трэба было зноў схадзіць да ручая, але зараз гэта было больш складана. Прабіраліся назад нібы па міннаму полю. Па-першае, паўсюль былі лужыны, а па-другое, на нашу нізіну наваліўся такі густы туман, што нічога не было бачна нават на адлегласці ў некалькі метраў. Каля дзевяці гадзін мы ўжо былі гатовы выходзіць. Туман знік гэтак жа нечакана, як і з’явіўся. А толькі мы ўзняліся на ўзгорак, які знаходзіцца ля нашае нізіны, як знік і холад. І адразу стала спякотна. Вось вам горны клімат! Прыйшлося мне ізноў пераапранацца.
З гэтага ўзгорка мы заўважылі дастакова вялікую групу людзей, якія, напэўна, таксама накіроўваліся га Гаверлу. У асноўным, падлеткі. І мы вырашылі не адставаць ад іх, бо думалі, што яны ведаюць, куды трэба ісці дакладна. Хаця дарога і так была адна. Мы хутка спусціліся, прачыталі на шыльдзе, што знаходзімся на паланіне Галаўчанскай на вышыні 1488 метраў, і патупалі ўслед за гэтай групай. Згодна з гэтай шыльдай мы ўчора падняліся на 730 метраў уверх. Шыкоўна!
Але гэта было ўжо ўчора, а сёння нас чакала яшчэ больш высокая вяршыня - Гаверла. Як мы зразумелі па гутарках, група гэтая ішла менавіта на Гаверлу. Мы пайшлі спачатку за ёй. Але дарога была адна, роўная, без ухабаў, і хутка мы гэтую групу абагналі. Самае галоўнае, што не было ніякіх перападаў вышынь. Таму мы маглі ісці хутка і амаль не адпачываць. Спачатку прайшлі праз лясок, потым выйшлі на наступную паланіну, дзе зноў сустрэлі статак авечак, а потым зноў праз лясок прыйшлі да чарговага КПП. Уся дарога да яго ад Петроса заняла каля сарака хвілін. Яшчэ паўгадзіны мы правялі на КПП. Тут з нас зноў запатрабавалі грошай за праход. Мы спачатку сказалі, што нам ужо выдалі квіток, доўга яго шукалі, а калі знайшлі, то аказалася, што патрэбны зусім іншы квіток, які каштуе на чацвярых 80 грывен на суткі. Той квіток азначаў, што нам могуць дапамагчы, калі здарыцца нешта благое. А зараз мы павінны былі плаціць за ўваход на тэрыторыю запаведніка “Букові праліси Карпат”, які ахоўваецца ЮНЭСКА. Іншых варыянтаў мы не мелі, таму заплацілі грошы і хуценька пайшлі далей. Вартаўнік яшчэ вельмі здзіўляўся, як мы тут увогуле апынуліся без квітка. А я ўспомніў, як учора нейкі малы ездзіў на кані ля нашага намёта і прапанаваў нам набыць квіток. Была тут і крама, але кошты там былі проста касмічныя. Манаполія ў дзеянні!
Дарога амаль не змянілася. Але мы ўсё ж пакрыху падымаліся. Вось мы мінулі шыльдачку, дзе значылася, што вышыня тут складае ўжо 1600 метраў, вось прыйшлося ўспомніць ўчорашні дзень і адолець невялічкі круты пад’ём.  Амаль адразу ж мы вырашылі спыніцца адпачыць і паснедаць. На абед быў хлеб з пашцетам і кансервамі ды крыху пячэння. Пакуль мы елі, нас зноў абагнала тая група. Але мы не надта хваляваліся, бо часу ў нас было шмат. Было недзе каля паловы на дванаццатую. Гаверла была ўжо зусім побач. Сонца ўселася ў самым цэнтры небасхілу і з усмешкай паглядала на чатырох турыстаў-авантурыстаў. Гаверла нават зараз ужо значна адрознівалася ад Петроса. Той востраканечны, скалісты, суворы, а гэтая - значна больш спадзістая, лагодная, травяністая. Праўда, вяршыня яе амаль заўсёды была зацягнута туманам, і мы ніяк не маглі ўбачыць, што там адбываецца, тым больш, памятаючы, як нас учора пастаянна падманьваў Петрос, не надта і давяралі сваім вачам.
Яшчэ гадзіну мы ішлі да падножжа. Я ў гэты час цягнуў самы цяжкі рукзак, а вось намёт, які звычайна таксама быў за мною, аддаў іншаму. Было цяжка. За гэты час сустрэлі ручай, зноў дагналі тую групу, паглядзелі зачараванымі вачыма на наваколле і, у рэшце рэшт, спыніліся. Петроса адсюль не было бачна, альбо мы проста не пазнавалі яго. Але, падавалася, што мы за сёння ўжо зрабілі не меней за 10 кіламетраў. Хаця рэальнасць аказалася іншай. Шыльдачка ля Гаверлы ясна паказвала, што да Петроса 5,5 кіламетраў, а вышыня тут складае 1800 метраў. Рэзонна падумаўшы, што з сумкамі падымацца будзе складана, мы вырашылі іх пакінуць у невялічкае хатцы-альтанцы, што знаходзілася побач. Спадар І. вагаўся, баючыся мітычных цыганоў, але і ён нарэшце пагадзіўся. Узялі толькі пашпарты і грошы. Ну, вядома, фотаздымачы і сцягі. Памацалі рукзакі, бо спадар Ч. ніяк не верыў, што кожны рукзак роўны па вазе з астатнімі. Аказалася, што спадар І. меў самы лёгкі, і мы падумалі, што менавіта з-за гэтага ён так бег учора на Петрос. Але разборак з гэтымі рукзакамі было столькі, што проста не хочацца іх успамінаць. Хай гэта кане ў лета.
Шчыра кажучы, пасля Петроса ўзыход на Гаверлу падаўся нечакана лёгкім. Гэта як, калі ты пасля ўзыходу на хмарачос, узбіраешся на дзевяты паверх звычайнага дому. Ну, можа быць, толькі спадар А. будзе з гэтым спрачацца. Для прыкладу можна сказаць, што на Петрос мы падымаліся больш за гадзіну, а на Гаверлу залезлі за дваццаць хвілін. Хаця і тут былі складаныя моманты. Спадар І. нават выглядаў расчараваным. Ён разлічваў на большае J. Але наверсе мы былі сапраўды ўражаны.

Нагадаю, што Гаверла - гэта самая высокая гара і найвышэйшая кропка на тэрыторыі Украіны. Гаверла размешчана на мяжы Закарпацкае і Івана-Франкоўскае абласцей, каля 17 км ад мяжы з Румыніяй, і належыць да хрыбта Чарнагора. Вышыня гары складае 2061 м. над узроўнем мора. Назва вугорская і азначае «снежная гара» (Hóvár).
Першы турыстычны маршрут на Гаверлу быў пракладзены ў 1880 годзе. Сёння да вяршыні кожны дзень здзяйсняюць ўзыходжанне сотні турыстаў. Па працягласці выгляд з гары стаіць на першым месцы ва Украінскіх Карпатах. Пры добрай бачнасці (якой, праўда, амаль ніколі не бывае) на поўначы можна ўбачыць гарады Івана-Франкоўск, Каламыю і Сняцін, а ў паўднёвым кірунку - румынскі горад Сігету-Мармацыей. З вяршыні выразна бачны недалёкі ад Гаверлы Петрас. На паўднёвы ўсход цягнецца чарада вяршыняў чарнагорскага хрыбта (відаць нават абсерваторыю «Белы слон» на гары Поп-Іван чарнагорскі), а на паўднёвым-захадзе ўзвышаецца Мармарошскі хрыбет, па якім праходзіць мяжа Румыніі і Украіны. У падножжа гары знаходзіцца адзін з вытокаў ракі Прут. Недалёка ад месца, дзе вада знайшла выхад з скал, размешчаны каскад вадаспадаў, агульная вышыня якога складае каля васьмідзесяці метраў.
Аб Гаверле і Пруце існуе некалькі легенд. Паводле легенды, былі яны калісьці хлопцам і дзяўчынай, любілі адзін аднаго, пакуль не даведаўся пра гэта Горны Цар, бацька дзяўчыны. Для таго, каб Прут не знайшоў Гаверлу, бацька схаваў яе, ператварыўшы ў гару. Прут жа, даведаўся, што, каб зняць чары каханай, трэба ўзыйсці на вяршыню гары на світанні. Але не паспеў да світання, сеў на схіле Гаверлы і заплакаў. Ды так і плача да гэтага часу рака Прут, якая вынікае са схілаў Гаверлы.
Гаверла мае конусападобную форму. На схілах часта сустракаюцца формы плейстацэнавага зледзянення, каменяпады. Узімку бываюць снежныя лавіны. У асноўным складаецца з пяшчанікаў і кангламератаў. Гаверла пакрытая альпійскімі лугамі, хмызняковымі пусткамі, месцамі - каменнымі асыпкамі. Размешчана ў межах ахоўнае зоны Карпацкага запаведніка. Вядома, Гаверла з’яўляецца папулярным аб'ектам летняга і зімовага турызму. З-за папулярнасці мае высокі ўзровень засмечанасці прывяршыннага ўчастка, а таксама знішчаны раслінны полаг на вяршыні. 16 ліпеня 1993 г. адбылося ўзняцце украінскага нацыянальнага сцяга на Гаверле. Асноўныя маршруты на Гаверлу ўключаюць узыходжанне з боку вышэйадзначанай т/б «Зарасляк» (праз так званую Гаверляну), з боку ўрочышча Казмешчык і з грэбенi чарнагорскага хрыбта як з боку гары Петрас, так і з боку гары Пажыжэўскай. Узімку альпінісцкім узыходжанням на Гаверлу прысвоена катэгорыя 1Б. Гаверла пакутуе ад штогадовых масавых узыходжанняў, пасля якіх у гарах застаюцца горы смецця і гектары вытаптаных высакагорных лугоў. Паводле разлікаў спецыялістаў, экалагічная нагрузка на Гаверлу не павінна перавышаць 200 чалавек у суткі, аднак улетку за дзень тут бывае больш за тысячу.

Карпаты, успамін, дзёньнік, вандроўкі, лета

Previous post Next post
Up