Чым далей у горы, тым
Абсалютныя вышыні горнае сістэмы Гуцульскіх Карпат вагаюцца ў межах ад 120-400 метраў ля падножжа гор і 500-800 метраў у межгорных катлавінах да 1500-2000 метраў уздоўж асноўных хрыбтоў. Калі я правільна палічыў, а апошні раз я сур’ёзна займаўся матэматыкай у выпусным класе ліцэю, маецца ажно 70 пікаў, вышыня якіх болей за 1500 метраў. Самыя высокія з іх знаходзяцца на Чарнагорскім хрыбце, што не дзіўна. Так, у топ-10 самых высокіх вяршынь уваходзяць: Гаверла, 2061 м., Брэбенескул, 2036 м., Поп-Іван, 2026 м., Петрос, 2020 м., Гуцін-Тамнацік, 2018 м., Робра, 2007 м., Мунчэл, 2002 м., Туркул, 1935 м., Брэскул, 1910 м., Сматрэц, 1896 м. Нельга не адзначыць і вельмі прыгожыя і маляўнічыя вершаліны гары Пажыжэўскай (1882 м.), гары Хамяк (1554 м.), што ганарыста ўзнімаецца над горным курортам Букавель, гару Шэшул (1728 м.), Сіняк (1665 м.) і Малы Гарган (1592 м.)
Сваю энергію Карпаты аддаюць сваім рэкам. Калі Вы ніколі не бачылі горную рэчку, то апісваць яе проста не мае сэнсу. Гэтыя неверагодная моц, энергія і няспыннасць, з якімі горныя рэкі бягуць да мора, не могуць пакінуць раўнадушным.
Сярод рэк Гуцульшчыны (ды і ўсіх Карпат) яўна выдзеляюцца тры. Гэта Ціса, найвялікшая і наймагутнейшая, працяг якой складае 966 кіламетраў, Прут, даўжыня якога 910 кіламетраў, і Серэт - 726 кіламетраў. Прут бярэ свой пачатак ля Гаверлы і бяжыць да самага Чорнага мора. Цісу ля Рахава “нараджаюць” Чорная і Белая Ціса, якія бяруць свае пачаткі на вышыні 1400 кіламетраў у Гарганах. Даўжыня астатніх рэк не дасягае 100 кіламетраў, аднак гэта не прыніжае іх значнасці і адметнасці. Тыя ж Быстрыца Надвірнянская, Чэрэмош, Пістынка, Рыбніца, Чорная і Белая Ціса - без іх сучасныя Карпаты ўявіць нельга. Так, напрыклад, Рыбніцу называюць запаведнай ракою. Яна з'яўляецца правым прытокам ракі Прут і ўпадае ў яго каля с. Валчынец Сняцінскага раёна. У горнае частцы даліна ракі вузкая, з высокімі, стромкімі берагамі, пакрытымі разнастайнай расліннасцю. У ніжнім цячэнні даліна ракі пашыраецца. Уздоўж ракі на працягу яе плыні адкрываюцца захапляльныя віды на хрыбты Плоскі, Стручкіў, Букавец Рыцкі, Сакольскі, Брусны, Камяністы, Хомінскі, папярок якіх рака прабіла сабе рэчышча. На ўсім горным участку Рыбніцы знаходзяцца шматлікія парогі, найбуйнейшыя з якіх знаходзяцца ў сёлах Явар, Сакалоўка, Горад і ў Косава. У Явары і Косаве знаходзяцца маляўнічыя і знакамітыя вадаспады “Гукі”. Косаўскія вадаспады з'яўляюцца геалагічнымі помнікамі прыроды мясцовага значэння. Яны размешчаны на паўднёва-заходняе ўскраіне Косава, паміж гарамі Острый і Сціжкі.
Асобных словаў годныя і горныя азёры Карпат. Гэтыя горныя вочы, нібы створаныя са слёз, сваім настырныя поглядам наводзяць на бліжэйшыя землі змрок таямнічасці і недасягальнасці, і, нягледзячы на гэта, вабяць, а затым паглынаюць ўсіх, хто паквапіўся на бляск іх мігатлівых хваляў. Зазірніце ў сінія вочы высакагорных азёр - і як ведаць, магчыма вы здолееце знайсці ў іх глыбінях разгадку тых таямніц, пра якія апавядаюць шматлікія легенды і народныя паданні. І абавязкова памыйцеся іх жыватворнай вадой, каб набрацца сіл і энергіі на цэлы год. Самымі вялікімі па плошчы азёрамі Карпат з’яўляюцца Банскае, Несамавітае, Брэбенескул, Апшынец і Брэскул. Сапраўднай “мекай” для турыстаў з’яўляецца возера Несамавітае, якое ляжыць за спіной таямнічага Поп-Івана.
Па-над лясамі, пад вершалінамі гор цягнецца прасторны дыван буяных зялёных траў - гэта “паланіны”, на якіх пасвяць гуцулы летам статкі рагатай жывёлы - "маржыну", “быдла”, “батэі" авечак і табуны коней. Кожная паланіна, як і сяло або пасёлак, мае сваю назву. Ніжэй за паланіны маюць свае крыніцы шматлікія горныя, дзікія, вар'яцкія патокі. Прабіваюцца скрозь цёмныя лясы і апантана-хуткім бегам прадзіраюцца праз звалкі скал, і, знішчаючы ўсе перашкоды і бар’еры, "ляцяць" усё ніжэй і нясуць срэбна-зялёныя воды да двух гуцульскіх рэк, Чэрэмшы і Дубца. Гуцульскія горы не ведалі ніколі цішыні і спакою - былі заўсёды "гучныя": шум лясоў зімой і летам, клёкат хуткіх патокаў, роў абураных філь рэк, маланкамі і громам летам, свістам бураноў зімою, ровам мядзведзяў і выццём ваўкоў, улетку гукамі жалеек і трэмбіты і песнямі ў далінах. І самым вялікім, проста неацэнным багаццем гуцульскіх гор заўсёды былі лясы, якім ніхто не ведаў ні пачатку, ні канца. Лясы тыя цягнуліся ніжэй за паланіны - пад самымі паланінамі раслі багатыя піхты, ніжэй за іх былі яловыя лясы, яшчэ ніжэй - пластовыя, букавыя, часта і змешаныя, раслі таксама клёны і таполі, у старажытныя часы былі і лясы кедравыя, за Чарнагорам раслі цісы.
Гуцульшчына не толькі багатая надземнаю прыгажосцю, але багатая яшчэ і скарбамі свайго мінулага, якія захавала і схавала на працягу стагоддзяў. У Зялёным Бескідзе, у яго цёмных лясах-барах, у скальных пячорах, на дне нетраў, у вечным шумк, лясоў і булькаце шалёных патокаў, у глыбіні азёр ды і ў гарачых сэрцах і глыбінных душах гуцулаў схаваныя першасутнасць народа, старажытнае, мінулае.
Нельга не сказаць і некалькі словаў пра суседні рэгіён. Пра Закарпацце. Рэгіён гэты крыху адрозніваецца ад ужо вышэй апісанага Прыкарпацця. Ён мяжуе з Івана-Франкоўскай і Львоўскай абласцямі, на поўдні - з Вугоршчынай і Румыніяй, на захадзе - са Славакіяй, на паўночным захадзе - з Польшчай. Гэта адзіная вобласць Украіны, якая мяжуе з чатырма дзяржавамі. 80% плошчы Закарпацця, а гэта 12,8 тыс. км2 , займаюць Карпаты, астатняя тэрыторыя раўнінная. Горная частка ўяўляе сабою тры групы храбтоў - у цэнтры Паланінскі хрэбэт, на поўнач ад яго - Бескіды і Гарганы, на поўдзень - Вужгарадска-Хустскі, або Вулканічны хрэбет. На поўдзень ад гэтага храбта знаходзіцца Закарпацкая нізіна. Ад Прыкарпацця Закарпацце аддзяляецца Вададзельным храбтом і яднуецца з ім пяццю пераваламі: Яблунецкім (981 м.), Таруньскім (941 м.), Валавецкім (1014 м.), Вярэцкім (845 м.), Ужоцкім (889 м.). Клімат у Закарпацці умерана-кантынентальны, прычым характэрнай асаблівасцю яго з’яўляецца вышынная занальнасць. Можна выдзеліць тры асноўныя зоны. Найбольш мяккі клімат сустракаецца ў раўніннай зоне, тут сярэднегадавая тэмпература складае 9-110С, у горна-раўніннай зоне - 5-80С, вышэй знаходзіцца зона з сярэднегадавой тэмпературай усяго 1-40С. Ападкаў у горнай зоне прыкладна ў 2,5 разы болей. На Закарпацці налічваецца каля 900 рачулак. Як ужо вышэй пісалася, найвялікшай з’яўляецца Ціса, якая адсюль праз Прыкарпацце цячэ да Дуная. У горнай мясцовасці рачулкі ўтвараюць маляўнічыя каскады і перакаты, а таксама вадаспады, большасць з якіх уражваюць сваёй прыгажосцю ды веліччу. А вось азёр у краі не так і шмат. Але ёсць і тут свой дыямент. Найбольшым і найпрыгожым возерам Закарпацця ёсць возера Сіневір, што знаходзіцца ў вярхоўях ракі Цярэбля. Яго плошча - 7 га, а максімальная глыбіня дасягае 22 метраў. Возера з’яўляецца яшчэ адной “мекай” для шматлікіх наведвальнікаў гэтых месц. Прырода Закарпацця вельмі багатая ды разнастайная. Палогія схілы займаюць ліственныя дрэвы, найчасцей з якіх сустракаецца бук (амаль 60%). Акрамя яго растуць дуб, граб, ясень. Вышэй за букавыя лясы растуць цёмнахвойныя лясы, што складаюцца пераважна з яліны ды піхты. А па-над лясамі знаходзяцца шырокія прасторы паланін, пакрытых разнатраўем. Флора Закарпацця налічвае каля 300 відаў лекавых раслін, 90 відаў выкарыстоўваюцца ў навучковай, рэшта - у народнай медыцыне. Мягкі клімат спрыяе таму, што на тэрыторыі вобласці расце вялікая колькасць экзатычных раслін, якія былі завезеныя з Усходняе Еўропы, Паўночнае Амерыцы, Сярэдняе і Паўднёвае Азіі. Сярод іх такія расліны, як сафора японская, воцатнае дрэва, самшыт, туя, японская вішня. Разнастайны і жывёльны свет наваколля. Тут абітае 65 відаў сысуноў (мядзведзь буры, алень, касуля, выдра, лісіца), некаторыя з якіх занесены ў Чырвоную кнігу, 200 відаў птушак (сокал, арол, ястраб, кулік, горліца, вальдшнэп), 51 від рыб (ласось, фарэль, харіус), 15 відаў земнаводных і 10 відаў паўзуноў.
У Закарпацці жыве каля 1,1 млн. чалавек 30-ці розных нацыянальнасцяў. Галоўным горадам краю з’яўляецца Вужгарад. Мінулае Закарпацця знайшло сваё адлюстраванне ў шматлікіх помніках архітэктуры. Гэтыя маўклівыя сведкі мінуўшчыны даюць уяўленні пра матэрыяльную культуру і падзеі мінулых стагоддзяў. Сівымі сведкамі даўніны звыкла называюцца замкі, якіх на Закарпацці захавалася 13. Ад большасці з іх засталіся толькі некалькі напалову зруйнаваных муроў, але некаторыя захаваліся вельмі добра. Калі Вы раптам патрапіце на Закарпацце, не забудзьцеся наведаць гэтыя месцы. Каштоўным помнікам мастацтва фартыфікацыі з’яўляецца Мукачаўскі замак, які здабыў свой сучасны выгляд прыблізна ў ХVI-XVII ст., гэтак жа сама як і Вужгарадскі замак. Адным з найцікавейшых помнікаў мінуўшчыны ёсць і Нявіцкі замак, рэшткі якога велічна праглядваюцца на вяршыні гары Сінаторыя. Першая згадка пра гэты замак знойдзена ў ХІІІ стагоддзі. Рэшткі Хустскага і Серэднянскага замкаў таксама могуць шмат чаго распавесці пра гісторыю Закарпацця. Акрамя замкаў у Закарпацці захаваліся і шыкоўныя феадальныя палацы, прыкладам якіх можа служыць былы палац графаў Шэнборнаў у Мукачава, пабудаваны ў стылі сярэднявечнага замку, у архітэктуру якога ўпісаны астранамічны год - у гэтым будынку столькі ўваходаў, колькі месяцаў у годзе, столькі дымніц, колькі тыдняў у годзе, столькі вакон, колькі дзён у годзе.
Вось такое яно, Закарпацце.
Квасы - гэта нізкагорны курорт, на вышыні 560 м. над узроўнем мора, у даліне ракі Чорная Ціса, у 15 км ад раённага цэнтра г.Рахава. Першае пісьмовае згадванне аб сяле Квасы датуецца 1684 годам. Назва сяла паходзіць ад слова "квасная вада", так на Гуцульшчыне завуць мінеральную ваду. У вёсцы сапраўды ёсць мінеральныя крыніцы, вада з якіх адносіцца да тыпу "Арзні" і "Есентукі". Першая водалячэбніца "Буркут" (яшчэ адна назва мінеральнай вады сярод гуцулаў) была пабудавана яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст.
Чакаць аўтобус нам доўга не прыйшлося. На Украіне я амаль не бачыў аўтобусаў у класічным сэнсе. Тут прынята карыстацца аўтобусамі маршрутнага тыпу. Дарэчы, для Беларусі украінцы вырабляюць аўтобусы нават са спецыяльнай назвай - “Радзіміч”. За 8 грывен мы за хвілін дваццаць апынуліся ў патрэбнае нам Лазешчыне, якая размяшчаецца бліжэй за ўсё да вяршыняў Петрос і Гаверла. Лазешчына з'яўляецца традыцыйным месцам правядзення фестывалю "Гуцульскай ріпы" (ріпай тут называюць бульбу).
За гэтыя 20 хвілін мы паспелі паназіраць за мясцовымі краявідамі. Уздоўж дарог часта сустракаюцца старадаўнія каменныя муры, пабудаваныя яшчэ "аўстрыякамі". Узводзіліся яны шмат гадоў таму, але выглядаюць вельмі надзейнымі і прастаяць яшчэ доўга на зайздрасць сучасным будаўнікам. Акрамя гэтых муроў асаблівай увагі заслугоўваюць яшчэ адныя творы аўстрыйскай архітэктуры - сапраўдныя віадукі, самы значны з якіх знаходзіцца ў Варохце.
У 1894 годзе распачалася сваю працу чыгуначная магістраль Станіслаў-Ярэмча-Варохта-Рахаў, якая будавалася для паляпшэння эканамічных сувязяў паміж рэгіёнамі, а таксама вывазу карпацкага лесу і прадуктаў жывёлагадоўлі ў прамысловыя раёны Аўстра-Вугоршчыны, Польшчы і іншых краін Еўропы. Чыгунку будавалі тысячы высокакваліфікаваных працоўных з Італіі ды іншых еўрапейскіх краін. Менавіта іх рукамі былі ўзведзены арачныя масты-віадукі, якія з’яўляюцца выбітнымі архітэктурнымі помнікамі. Адзін з гэтых мастоў увайшоў у шэраг самых вялікіх каменных мастоў Еўропы. Даўжыня маста гэтага, што якраз знаходзіцца і дагэтуль у Варохце, складае 130 метраў, а шырыня адной з арак - 65 метраў. Будаўніцтва мастоў праходзіла пад чулым кіраўніцтвам і па разліках аўтрыйскага інжынера Станіслава Касінскага. Урачыстае адкрыццё чыгункі адбылося 19 лістапада 1894 году. Гэты мост у Варохце з’яўляецца самым буйным, але не адзіным. З-за таго, што чыгунка пастаянна перасяе Прут, нібы мяняючыся месцамі з ракою, то там, то тут можна сустрэць і невялікія віадукі, якія дагэтуль выкарыстоўваюцца ў якасці дарожных і чыгуначных шляхоў. Увогуле чыгунка гэтая вельмі незвычайная. Як і ўсе горныя чыгункі, яна мае маляўнічы маршрут, і адзін пераезд з Івана-Франкоўска да Рахава дазволіць вам ва ўсёй прыгажосці ўбачыць Карпаты. Часам, калі цягнік пакачваецца на няроўнай калейцы альбо праязджае па аднаму з такіх віадукаў, сэрца пачынае нярвова трымцець. Але хутка такі стан знікае, саступаючы месца радасці.
Як расказваў адзін знаёмы, што жыве ў Варохце, віадукі гэтыя дажылі да нашых часоў з-за незвычайнага “рэцэпту”, які выкарыстоў той самы Касінскі. Будаўнікі акрамя іншых сродкаў для змацавання каменняў выкарыстоўвалі звычайныя курыныя яйкі. Менавіта гэтым мясцовыя жыхары тлумачаць устоўлівасць гэтых збудаванняў. Хто ведае, мабыць, штосьці ў гэтым ёсць. Але варта сказаць, што самы вялікі віадук у Варохце, на жаль, ужо даўно не выкарыстоўваецца. Побач з ім пабудавалі звычайны жалезны масток, па якім і курсіруе цягнік. А віадук ганарыста стаіць побач, хаця, прынамсі я, ніякіх шчылін і расколін на ім не заўважыў, а з выгляду ён нашмат лепшы, чым масты праз Дняпро ў нашым Магілеве.
Лазешчыну мы па традыцыі ледзьве не прапусцілі. Аднак ў выніку высадзіліся якраз там, дзе і трэба было. Пачалі глядзець па баках. Як мы меркавалі, гэта было апошняе людское месца, дзе хоць якім-небудзь чынам існавалі прыкметы цывілізацыі, перад гарамі, таму трэба было канкрэтна падлічыць нашы запасы ежы і пітва. Я таксама хацеў напоўніць свой тэрмас-ок свежай і духмянай гарбатай. Побач была крама, і мы туды ўсе па чарзе завіталі. Ежы закупілі дастаткова, тут вам і агуркі, і хлеб, і сардэлькі, каб на вогнішчы пасмажыць, і пячэнькі, і вады пітной, і піва, каб адсвяткаваць скарэнне Гаверлы (а камусьці і проста так). А я, тым часам, паплёўся па дарозе крыху назад у надзеі адшукаць кіпень для тэрмаса. Як апынулася, не дарма. Патрапіў на нейкі асабісты шапік, які, праўда, ужо 10 хвілін таму павінен быў адчыніцца, але ніякіх прыкмет жыцця я ў ім не заўважыў. Побач стаяла бабуля, якая параіла пачакаць яшчэ хвілін 10. І сапраўды, праз гэты час прыбег гаспадар, мужчына гадоў пад пяцьдзесят, які за 5 грывен даў мне і кіпеню, і гарбаты, і цукру. Ля крамы мяне ўжо зачакаліся. Спадар А., загружаны бутэлькамі пад завязку, цікаўна паглядаў на дарогу, па якой мы павінны былі топаць. Але глядзець не было часу. Мы ўзялі рэчы і пачалі свой шлях.
Як аказалася, Лазешчына крыху падманула нас сваімі памерамі. Тая вуліца, па якой мы пайшлі, цягнулася яшчэ добрых дваццаць хвілін. Ля чарговае крамы мы зноў спыніліся. Трэба ж паглядзець, чым яна адрозніваецца ад астатніх J. Тут мы знайшлі даволі таннае марожанае, ажно за 1,5 грыўны, а таксама набылі яшчэ некалькі бутляў. Ведалі! Усё ж, мужчынская інтуіцыя рэдка падводзіць да ручкі.
Усё. Наперадзе толькі горы. Апошнія гуцульскія хаты застаюцца ззаду, а перад намі малююцца чароўныя краявіды горных пейзажаў. Справа - Петрос, злева - Гаверла. Петрос нават падаецца вышэйшым за “каралеву” Украінскіх Карпат, аднак ён проста бліжэй. Хоць ранак ужо далёка ззаду, вяршыні гор час ад часу хаваюцца па-за цьмяным туманам. Некалькі групавых фота на памяць на фоне двух гігантаў - і мы крок у крок пачынаем цяжкую працу. Спадар А. забірае ў мяне сцяг, абмотваецца ім і ідзе так. Горы наперадзе ўяўляюцца нейкімі жывымі істотамі, разнастайны рэльеф стварае неверагодныя ўяўленні. Здаецца, яны зусім блізка, але ці ведаем мы, што ісці нам ажно 6 гадзін амаль без перапынку. Гэты нібы тое самае, як калі ты знаходзішся ў пустэчы. Адлегласць павялічваецца ў некалькі разоў, а вочы кожны раз імкнуцца цябе падмануць. Sapristi! Чорт бы забраў гэтыя вочы.
Вёскі тут падобныя да нашых заходніх паселішчаў. У канцы абавязкова стаіць крыж. Вера ніколі не знікала з гэтых мясцін. Насустрач нам сунецца КРАЗ, якіх тут у гэты час хапае. КРАЗы возяць лес. А ўвогуле людзі тут не надта выбіраюць машыны. Самыя папулярныя - “Нівы” і “Зілы” альбо “Уралы”. На іншых па мясцовых дарогах-трактах асабліва не паездзіш. КРАЗ кудысьці павярнуў, а перад намі ўжо тая самая чыгунка, па якой мы некалькі гадзін таму ехалі ў Квасы. Час набліжаецца да гадзіны, сонца са сваёй вышыні пачынае прыпякаць. Прайшоўшы пад чыгункай, мы ўпершыню так блізка сустракаемся з Прутам. Зноў прыпынак. Такое нельга прапусціць. Чаравікі ляцяць у бок, і мы спрабуем “на густ” горную ваду. Я першы раз змог пастаяць недзе каля 30 секунд. Вада нават не халодная, яна ледзяная. Нават летам яна ніколі не падымецца вышэй за 5-7 градусаў. То тут, то там раскіданыя вялікія камяні, на якіх можна сагрэць ногі. Але нагам такая вада ў самы раз. Прыемная і шыкоўная асалода расцякаецца ад іх па ўсяму стомленаму целу. Тут адразу забываецца і дрэнная ноч, і жудасны ранак, горная энергія расцякаецца па клетачках і сасудах. Спадар Ч. бяжыць па каменьчыках да маленькага парога. Стаяць на адным месцы Прут не дазволіць. Цячэнне тут не абы-якое. Нездарма тут столькі камення. Прут прынёс яго ад самое Гаверлы. Спадары А. і І. забіраюцца на сярэдзіну ракі і штосьці там абмяркоўваюць. Гэта нашмат прыемней, чым загнуцца па пыльнай дарозе да такіх няблізкіх гор. Спадар А. пытаецца і ў бейсбол пагуляць з камешкамі, аднак бейсбаліст з яго не вялікі. Папускаўшы лягушак, мы апранаемся. Ногі адпачылі, цела набралося сіл - да вечара павінна хапіць.
Зноў наперадзе перад вачыма парачка Петрос-Гаверла, зноў сунуцца КРАЗы, зноў пачынае прыпякаць Карпацкае сонца. Праз паўгадзіны прыкладна мы падыходзім да КПП. Нейкая вёсачка і прапускны пункт. Насамрэч, прапускны, бо стаіць шлагбаум, а да нас адразу звяртаецца мужчына з ганку з пытаннем: “Хто мы такія і куды ідзем?”. Мы знаходзімся ва ўрочышчы Дэпо, а гэта, так званы, “рятувальны пункт”. З нас збіраюць па 10 грывен з душы, запісваюць дадзеныя, бяруць нумар сотавага і абяцаюць у выпадку надзвычайнае сітуацыі даслаць дапамогу. А таксама паказваюць нам дакладную мапу Карпат і расказваюць, як лепш ісці. З гэтага Дэпо пачынаецца асноўная дарога на Петрос і Гаверлу. Да Петроса адсюль 14 кіламетраў. Да Гаверлы, падаецца, 19 кіламетраў. Спачатку ідзе адна дарога, але потым яна разыходзіцца. Мы пачынаем вагацца, куды ісці. Вырашаем, што ўсё ж спачатку варта наведаць Петрос. На ганку яшчэ знаходзім цікаўную інструкцыю для турыстаў. У ёй расказваецца пра асноўныя правілы паводзін у гарах, але асабліва ўсіх чапляе інфармацыя, што зараз у гарах вельмі шмат гадзюк. Спадар А. пачынае нешта прыдумляць, але мы хутка яго спыняем. Развітваемся з “рятувальнікамі” і ідзем туды, куды паказвае шыльда з надпісам “Гаверла”. Дакладны час - 13.10. Зноў тая ж раздолбаная дарога, па якой і пешшу ісці складана. Мы і на гэты раз не надта сябе катуем. Праз некаторы час злева мы заўважаем нібыта крыніцу і альтанку, у якой і супыняемся на кароткі адпачынак. Горы за гэтыя паўтары гадзіны не наблізіліся ні на крок. Крыніцы, на жаль, тут ніякай няма. Спадар А. расчахляе пенны напой і частуе ўсіх. Пачынаюцца разнастайныя гутаркі, напрыклад, нехта пачынае ўспамінаць розныя фільмы, якія, на іх думку, нейкім чынам сувязаны з нашым падарожжам, і мы пачынаем усе разам гэтыя фільмы абмяркоўваць. Ісці, на самой справе, нікуды не хочацца. Асабіва, калі пачынаеш уяўляць, што трэба прайці ажно 13 кіламетраў. Але тут нам крыху шанцуе. Ззаду чуецца ўжо знаёмы нам гук. “КРАЗ” - крычу я і бягу на дарогу, каб паспрабаваць спыніць яго.
Праўда, ён наблізіўся да нас толькі праз некалькі хвілін. Але адразу ж спыніўся. У кабіне ўжо сядзелі два чалавекі, яшчэ двое знаходзіліся ў кузаве. Дарога была толькі адна, таму выбару ў нас не было. І мы пачалі лезці ў кузаў. Справа гэтая была не такая лёгкая, як магло падацца на першы погляд. КРАЗ усё ж не звычайны грузавік. Спачатку закінулі сумкі, потым паперакульваліся праз сценкі кузава самі. Там было вельмі брудна, паўсюль валялася рознае смецце, але самым галоўным было не зваліцца на падлогу і добра трымацца. З гэтым былі праблемы, бо трымацца фактычна не было за што. Мы са спадаром Ч. сталі ля самае кабіны, ухапіліся за край кузава, астанія трымаліся за бакавыя сценкі. А КРАЗ, ты часам, ужо нёсся наперад. Шчыра прызнацца, такое паездкі ні ў каго з нас дагэтуль у жыцці не было. Ды такое і ўявіць складана! Агромная машына ляціць па пылу і брудзе, ляціць на дастаткова вялікай хуткасці, ляціць, не зважаючы ні на што. Нас матала з боку ў бок, вецер спяваў штосьці з рэпертуара “тэхна” на вуха, але затое ў нас настрой падняўся на такі высокі ўзровень, што і да самае ночы хапіла. Спадар А. адразу ж заявіў, што гэтая паездка для яго як экстрымальны атракцыён, якога дагэтуль ён не спытваў, мы ж проста маўчалі. Некалькі разоў лезве не зваліліся. А КРАЗ сабе валіў скроз усё. Наперадзе Прут? Праедзем праз брод! Наперадзе раскіданыя броўны? Нічога. Няроўная дарога? Пляваць! Так мы ехалі хвілін 15 дакладна. Праехалі праз вёсачку, звярнулі направа, у накірунку Петроса. Яны ўжо хацелі нас выкінуць, аднак мы сказалі, што мы якраз на Петрос, і атракцыён працягнуўся. Пакуль нарэшце мы не пад’ехалі да лесапавала.
Вылезлі з кузава ўсе брудныя, у нейкай ржаўчыне, гэтаксама як і нашыя рэчы. Я яшчэ дадумаўся ў белае майцы ехаць. Добра, што побач быў маленькі ручай. Наступныя дваццаць хвілін мы мыліся. Як самі, так і сумкі. Дзяліліся ўражаннямі, разглядалі горы, якія ўжо канкрэтна наблізіліся. Усё ж, кіламетраў 7-8 мы на КРАЗе зрабілі дакладна. Спадар І. вырашыў зрабіць фотасэсію ля гэтага ручаю (у будучым мы часта спыняліся ля рознае вады з гэтае нагоды). Час толькі-толькі пераваліў за 2 гадзіны. Але гэтае нічога не значыла. Бо наперадзе заставаліся самыя складаныя кіламетры нашае дарогі. Хаця дарогі тут амаль ніякай не было. Паўсюль былі раскіданыя дрэвы, ногі пастаянна траплялі ў розныя ўхабіны, але Петрос вабіў усё болей. Зараз ён узвышаўся перад намі толькі адзін. Гаверла даўно засталася недзе ўбаку. Але ніякага суму на яго вачах і блізка не было. Ён нібы нягучна пытаўся ў нас, ці здольныя мы скарыць яго. І мы гэтак жа нягучна адказвалі, што здольныя. Спадар А. пачаў прыдумваць, чаму гэта мы здольныя. Аказалася, што на Петросе знаходзіцца яго Надзенька з Івана-Франкоўска, якую злы чараўнік Лукавы J скраў у яго, і зараз мы павінны зрабіць усё, каб дастаць яе адтуль. Мы, нібы брацтва пярсцёнка, эльф, гном, чалавек і хобіт. Толькі замест пярсцёнка Надзенька. І да самага Петроса ён не пераставаў нам гэта тлумачыць.
Сонца, пэўна, паставіла сабе задачу на сёння зрабіць з нас печыва. Амаль паўгадзіны яно няшчадна падагравала нас, але хутка адкрытая прастора скончылася, і мы апынуліся ля ляска. Здалёк мы пачулі нейкія гукі, а каля ляска сустрэлі кароў, на шыях якіх віселі званочкі. Менавіта гэтыя званочкі і былі крыніцамі тых гукаў, што мы чулі. Як потым апынуліся, у кожнае жывёліны ў Карпатах, якая дае малако ці мяса, ёсць свой званочак на шыі. Гэта дазваляе гуцулам і лайкам не страчваць жывёлу на вялікіх горных лакацыях. Спадар І. адразу кінуўся да гэтых каровак, які нават з нечаканасці ад такога нахабства, на момант кінулі жраць траву. Але зірнуўшы некалькі разоў на дзівакоў, зноў заняліся звыклай справай. А мы поўнасцю акунуліся ў цішыню горнага лесу. Хаця якая там цішыня?! Тысячы самых разнастайных гукаў, шорахаў, мелодый утрымлівае ў сабе Карпацкі лес. Па-першае, амаль усю дарогу нас суправаджаў гул Прута (хаця тут быў ужо, пэўна, не Прут, а нейкія прытокі Цісы), які бег недзе знізу. Па-другое, мясцовыя птушкі заладзілі сапраўдны канцэрт. Аднак нас не гэта хвалявала. Справа ў тым, што мы ўпершыню ў жыцці сустрэліся з сапраўдным горным серпанцінам, і гэты серпанцін нас ледзьве не сканаў даастачы. Спачатку, праўда, мы ішлі наверх наўпрост, па разбэшчанае сцяжынцы між дрэваў, якую час ад часу перабягалі ручаі. Тут галоўным было не ўляпацца ў лужыну. Я замыкаў нашую калону, і вось перад маімі вачыма ўзнікла адная цікаўная рэч. Прама пад нагамі ляжала маленькая гадзючка. Дзіва, але мае таварышы пад ногі не глядзелі зусім. Але на мой голас адразу ж прыбеглі назад. Змейка была яшчэ зусім маленечкая, уся блішчэла і не надта цікавілася тым, што адбывалася навокал. Спадар І. зрабіў памятны фотаздымак, і мы пацягнуліся далей уверх. Праз некаторы час наперадзе паказалася хата. Мы вырашылі перадыхнуць і спыніліся непадалёк. Толькі скінулі рэчы, як спадар І. увесь загаманіў. Ён ніяк не мог адшукаць свой сцяг. У выніку, ён у хуткім тэмпе пабег назад, а мы сталі яго чакаць, папіваючы вадзічку. Дарэчы, спадар А. ужо пачаў хвалявацца, што такімі тэмпамі мы вып’ем усю ваду вельмі хутка, а потым у гарах адкінем капыты. Між тым, каля хаты пачаліся нейкія рухі. Чуліся нейкія галасы, які не надта нагадвалі чалавечыя. Нам усім адразу ўспомніліся фільмы з серыі “Паварот не туды”, бо галасы з гэтай калыбы (так называюцца хаты ў гарах на Гуцульшчыне) вельмі нагадвалі галасы тых недаразвітых монстраў з гэтых фільмаў. Самае цікавае, што яны даўно заўважылі нас і крычалі нешта менавіта нам. Я не разабраў ніводнага слова. А спадар А. пачаў выдумляць, што вось зараз гэтыя “людзі” пазабіваюць нас і распілуюць на мяса. Якраз у гэты самы момант прыбег запыханы І. Дзіва, але ён сапраўды страціў свой сцяг недзе па дарозе, бо вярнуўся радасны з ім у руках. Сказаў, што прыйшлося вяртацца ажно на палову кіламетра назад. Заўважыўшы калыбу і пачуўшы галасы, ён сказаў, што гэта нейкія цыганы. А цыганоў ён на дух не пераносіць. Яны для яго як для амерыканца іракцы. Усе - махляры ды злодзеі. Таму ён хуценька прапанаваў ісці надалей. Падыйшоўшы бліжэй, мы разглядзелі гэтых людзей. Тут, зблізу, нічога незвычайнага ў іх я не знайшоў. Мы спыталі пра ваду, аднак зразумелага адказу не атрымалі і пайшлі надалей. Вось пасля гэтай калыбы і пачаўся сапраўдны горны серпанцін. Але дагэтуль мы на вырубленай мясцовасці знайшлі закінутае вогнішча. Вырашылі паабедаць. Бо сілы не бязмежныя. Спадар А. распаліў вогнішча, мы дасталі сардэлькі, хлеб, і ўзяліся за іх як след. Сядзелі, гутарылі, але я не вытрымаў і, паваліўшыся на зямлю, заснуў. Сон доўжыўся хвілін трыццаць. Болей часу не было. Трэба было ісці.
Серпанцін не дарма паходзіць ад слова “серпан”, што ў лацінамоўных краінах значыць “змяя”. Дарога цягнецца змяёю, і каб падняцца наверх на кіламетр, трэба прайці кіламетры 3 серпанцінам. Мы па гэтаму серпанціну ішлі больш за гадзіну. Спачатку ты ідзеш метраў 300-400 наперад, потым той жа шлях ідзеш назад, і так па некалькі разоў. Спадар Ч. усё намагаўся знайці кароткі шлях, аднак мы дружна заявілі, што не вытрымаем падняцца з сумкамі пад такім градусам наверх метраў 600. Спачатку серпанцін пад сонцам, потым у лесе. Ногі ўжо амаль не трымалі, хаця, здаецца, толькі-толькі адпачылі. Прыходзілася пастаянна рабіць перапынкі. 15 хвілін ідзем, 10 хвілін - перапынак. А градус пад’ёма усё падымаўся. Кожны новы перапынак доўжыўся болей. Вады станавілася ўсё меней, і мы сапраўды пачалі хвалявацца. Нарэшце, калі мы выйшлі з леса на адкрытую прастору і ў чарговы раз спыніліся, спадар А. паваліўся на зямлю і сказаў, што надалей ісці не зможа. “Не магу. Кіньце мяне!” - усё, што ён здолеў выдавіць з сябе. Спадар І. пачаў яму тлумачыць, што “як жа так, там жа Надзенька!”. Але нават гэтае не магло падняць яго. Ды што А., мы са спадаром І адчувалі тое самае. Толькі пяць гадзін, сонца яшчэ і не думае сядаць, а мы ўжо выжатыя бы лімоны. Адзін Ч. не паказваў стомы. Скіне сумку і лятае нібы на крылах. Хаця без сумак сапраўды было невыносна лёгка. Так, праляжалі мы хвілін пятнаццаць, сёрбаючы ваду і пераважна моўчкі. Потым пакрысе пачалі падымацца. Выгляд адсюль адкрываўся шыкоўны. Не толькі на Петрос, але і ў адваротны бок. Плечы ўзвышшаў і ўзгоркаў, густа пакрытыя лесам, у вечнае барацьбе за права быць вышэйшымі за суседа, на кіламетры да самага гарызонта. Ніякіх прыкмет цывілізацыі акрамя вось гэтае сцяжынцы. І мы тут. Ужо амаль без вады, без сіл, але з моцным жаданнем ісці далей, да самага канца. Праз некаторы час узняўся і спадар А. Але наперадзе быў яшчэ адзін вельмі непрыемны ўчастак шляху. Пад’ём наверх пад яшчэ большым градыентам. Мы здолелі пратупаць яшчэ метраў 200 да наступных дрэваў. І зноў рухнулі на зямлю. Нават спадар Ч. прызнаў, што ісці сапраўды цяжка. Спадар жа А. зноў завёў тую ж песню. “Ну кіньце мяне! Я больш нікуды не пайду”. Шальная думка ставіць намёт узнікла, пэўна, у кожнага. Аднак мы яе адагналі прэч. Зноў пад’ём, аднак на гэты раз праз некаторы час нашы вочы асвяціла радасць. Мы знайшлі штосьці падобнае на ручай, з якога доўгі час намагаліся набраць вады ў бутэлькі. Але вада гэтая была з пяском і яшчэ розным брудам, таму справу гэтую Ч. ды А. хутка кінулі. Тым часам, спадар І. пабег наперад, і хутка мы пачулі ягоны крык: “Вада!”. Вось тут сапраўды была вада. Рака зноў перасякала наш шлях. Першым чынам, я акунуў ногі. Іншыя вырашылі амаль цалкам памыцца. Гэта было сапраўднае выратаванне. Пасля некалькіх гадзін аднастайнае і вельмі складанае дарогі, калі ногі ўжо не трымалі, а спіна ныла ад сумак, ледзяная вада горнае рэчкі апынулася на нашым шляху ў самы час. Мы набралі вады ва ўсе бутэлькі, якія мелі, і пацягнуліся далей. Праз нейкі час на гарызонце з’явілася яшчэ адная калыба. І зноў спадар І. пачаў шарахацца. Для яго, што гуцулы, што цыганы, розніцы не было. Мы ж падыйшлі бліжэй да калыбы, ля якой сядзела цэлая купка людзей, і спыталі, колькі яшчэ да Петроса топаць. “15 хвілін” - адказаў нам старэйшы. Але гэтыя пятнаццаць хвілін расцягнуліся ў нас яшчэ на сорак, калі не болей. Петрос ужо быў зусім побач. Падавалася, што варта толькі працягнуць руку і можна будзе дакрануцца да яго зеленаватае скуры.
Тут ужо ніякай дарогі не было. Мы тупалі наўпрост па полю. Некалькі разоў ледзьве не ўваліліся ў ваду, бо мясцовасць апынулася забалочанай. Але недзе каля шасці гадзін вечара дайшлі да нізіны якраз перад Петросам. Апошнія крокі здаліся самымі цяжкімі. Я тупаў проста па інэрцыі. У гэтае нізіне, пэўна, спыняліся усе, бо там і тут былі вогнішчы. Мы адразу пачалі выглядваць месца для намёта, доўга вагаліся, аднак нарэшце адшукалі роўнае месца побач з колішнім вогнішчам. Пакуль шукалі месца, сустрэлі некалькі турыстаў на сцяжынцы, што вяла з Петроса, у якіх распыталі пра пад’ём. Яны ўжо спусціліся і казалі, што пад’ём займае прыкладна тры гадзіны. Улічваючы, што яны тут былі не першы раз, мы не мелі рады.
Мы спусціліся ўніз, кінулі рэчы. Хутка паставілі намёт і ляглі побач. Цела ныла. Але ў той жа час прысутнічала якая-ніякая задаволенасць сабою і сваімі таварышамі, што мы-такі здзюжылі, дайшлі, перамаглі. Хаця гэта была лакальная перамога, бо Петрос як узвышаўся, так і зараз паглядаў на нас аднекуль са сваёе векавечнае вышыні. Зблізу ён быў зусім не такі, якім падаваўся раніцай з Лазешчыны. Нават сонца не магло перамагчы яго. Гэтае цуда планеты вабіла і прыцягвала да сябе погляды ўсіх нас. Але пра пад’ём сёння можна было забыць. Мы палічылі, што у такім стане, як зараз, будзем лезці туды нават не тры гадзіны, то бок да самае цемры. Хаця мяне бралі сумненні наконт трох гадзін. Вырашылі пакінуць гэтую справу на раніцу. Але спадар І. прапанаваў падняцца хоць крыху, каб адтуль паназіраць за наваколлем. Схадзіць так бы мовіць на разведку. Мы са спадаром Ч. згадзіліся з ім, а А. застаўся глядзець за рэчамі, тым больш, ён сёння ўжо нікуды дакладна не збіраўся з лагера, а нас назваў проста і канкрэтна адмарожанымі і тупымі. На яго было цяжка глядзець. Злы, стомлены, самлелы. Але нас ужо было не спыніць. Тым больш, судзячы па размовах, назаўтра былі такія планы: спачатку Петрос, а потым вяртаемся назад. Я і слухаць не хацеў. Другі раз пабываць у Карпатах і зноў не скарыць Гаверлу. Гэта было б пераборам. Тым больш, калі ты так блізка.
Выбраліся на тую сцяжынку і патупалі па ёй наверх. Падняліся спачатку між кустанічкаў да нейкае пліты, вырашыўшы зрабіць на ёй чарговую фатасэсію. Там, наперадзе у блакіце неба хавалася Гаверла і яе “сябры”, там, наперадзе, адкрываліся фантастычныя і казачныя гарызонты. Перад нашымі вачыма. Казка, якая станавілася рэальнасцю. Спадар Ч. пабег кудысьці наверх, забраўся на выступ і пачаў крычаць. Мы спачатку не разумелі, што ён крычыць, а потым нарэшце пачулі. Аказваецца, спадар А. падняў над намётам сцяг, прымасціўшы яго на палку. Гэта было добра бачна адсюль, а мы знаходзіліся ўжо амаль у кіламетры ад яго. Напэўна, ён нас чуў, але мы бачылі толькі ягоную маленечкую постаць, якая мітусілася каля намёта. Спадар Ч. пакрычаў-пакрычаў і спусціўся да нас. А потым здарылася нечаканае. Але менавіта гэта нечаканасць, можна сказаць, карэнным чынам змяніла нашыя планы…