Практычнае скарэнне Карпат. Chapter # 4

Dec 07, 2011 02:02

Працягваем вандраваць разам

Спалося нам утрая, праўда, дастаткова добра, хаця ў 6.30 уставаць было вельмі складана. Аднак паспаць болей не далі працяглыя па часе грукі ў дзверы і жаночы голас, які жалобліва прасіў да сямі пакінуць памяшканне, бо могуць быць праблемы з гаспадарамі (ну кожны зарабляе па-свойму). Таму мы хуценька пачысцілі зубы, памылі твары, сабралі манаткі і вываліліся на вуліцу. На вакзал вырашылі не ісці, а адразу паехалі ў цэнтр гуляць. Першапачаткова трэба было наведаць гару Высокі замак - самую вышэйшую кропку горада, адкуль ён у асноўнае свае частцы бачны як на далоні.
Аднак да гэтае гары мы яшчэ паспелі пабываць на праспекце Свабоды і сустрэць знакаміты і вельмі прыгожы Тэатр оперы і балету імя С. Крушэльніцкай. Праспект Свабоды - цэнтральны “Салон” Львова, які паўстаў напрыканцы ХVІІІ ст. пасля дэмантажу гарадскіх абарончых муроў. Яго пачатковая назва - Ніжнія валы. На новаўтворанай вуліцы з’явіліся першыя львоўскія гатэлі, кавярні, банкі і нават фотаатэлле. Ужо ад 20-х гг. ХІХ ст., пасля ўпарадкавання скверу на месцы засклепленай львоўскае ракі Полтвы, вуліца стала любімым месцам шпацыраў простых і не толькі львавян.
Тэатр оперы і балету імя С. Крушэльніцкай быў пабудаваны ў 1895-1900 гг. па праекце дырэктара Мастацка-прамысловай школы, архітэктара З. Гаргалеўскага. Франтон тэатральнага будынку вянчае скульптурная кампазіцыя, выкананая П. Війтовічам. Гэта алегарычныя фігуры: Слава з пальмавай веткай (у цэнтры), злева - Геній драмы і камедыі, справа - Геній музыкі. Чатырохярусная зала можа прыняць 1000 гледачоў; інтэр’еры тэатру шыкоўна дэкараваны. У іх аздабленні прымалі ўдзел самыя выдатныя майстры таго часу: скульптары і мастакі П. Війтовіч, Т. Баронч, Ю. Белтоўскі, С. Дембіцкі, П. Гарасімовіч, Т. Попель. Падчас прэм’ерных выстаў сцэну закрывае парадная завеса “Парнас”, выкананая Г. Семірадскім. На сцэне Опернага тэатру выступалі сусветна вядомыя оперныя спевакі С. Крушэльніцкая, А. Дзідур, М. Менцынскі.
Зрабіўшы некалькі фотаздымкаў насупраць гэтае славутасці і вакол фантана, што пырскае вільгаццю на ягоным фоне, мы абыйшлі тэатр бокам, па дарозе сустрэўшы яшчэ адзін напамін пра наступнае футбольнае лета ў Львове. Электронны гадзіннік адлічвае час, які дастаўся да еўрапейскага чэмпіяната. А вось апасля мы сустрэлі зусім іншы напамін - пра часы даўно мінулыя. Нам трапіўся на вочы і пад руку сапраўдны савецкі апарат па выдачы сітро з сіропам. Я не ўтрымаўся і кінуў некалькі манетак, каб паспрабаваць смак мінулых часоў. Калі не ўлічваць таго, што трэба мець свой кубак, сітро даволі прыемнае на густ. Так, абыходнымі шляхамі мы падыйшлі да гары, яшчэ і прыйшлося падымацца па даволі крутой вулцы.
  Парк Высокі Замак плошчаю 30,8 га знаходзіцца на Замкавай гары, дзе калісь узвышаўся над горадам каралеўскі замак. Садзіць дрэвы тут на пяшчанай глебе пачалі ў 1835 годзе, і праз некалькі гадоў гэтая плошча была выраўнена і плотна засаджана раслінамі. Апасля тут адбудавалі рэстарацыю, зрабілі дэкаратыўны грот з крыніцаю, каля якой пастаўлены каменныя ільвы, што спачатку стаялі каля ратушы. У 1864 годзе тут паўстаў сапраўдны парк, разпланаваны галоўным гарадскім садоўнікам Бауэрам. У 1869 годзе пачаўся насып кургану ў гонар 300-дзя Люблінскае вуніі, зараз на вершаліне кургану (413 м н.у.м.) - аглядавая пляцоўка, найвышэйшая кропка месца. У 1957 годзе на Высокім Замку былі пабудаваны тэлецэнтр і трансляцыйная вежа.
Але на гэтыя 413 метраў падняцца даволі складана, асабліва з рукзакамі за плячыма. Дарога апаясвае курган некалькі разоў, тут адкрываюцца выдатныя выгляды на месца, таму мы не выпадкова сустрэлі мастака. На самой вяршыне людзей было мала, мы скінулі рэчы, адкупорылі піва і сталі глядзець уніз. Недзе зусім далёка віднеліся шпілі касцёла святой Эльжбеты, а за імі - вакзал. А на іншым баку горада былі жылыя кварталы, пра існаванне якіх я нават не здагадваўся. Падавалася, што Львоў увесь такі, як на плошчы Рынак альбо Гарадоцкай, старажытны, прыгожы, фантастычны. Але і тут ёсць месца для звычайнага жыцця і звычайных турбот. І як звычайна, мясцовыя жыхары не надта і ўражваюцца прыгажосці свайго горада, напрыклад, тыя ж таксісты глядзяць на яго як на нешта звычайнае і дакладна не вартае такой значнай увагі. Вось дзе чалавекі!
Пасля даволі працяглай фатасэсіі на кургане мы пацягнуліся ўніз. Зараз мэтаю была ратуша. Да яе мы дайшлі даволі хутка, але і па дарозе сустрэлі шмат чаго цікаўнага. Напрыклад, царква Стрыцэння Гасподняга, якая размешчана ў колішнім касцёле кармелітак, які быў пабудаваны ў 1642-1644 гг. разам з манастыром кармелітак па праекце прыдворнага каралеўскага архітэктара Д. Джыслені. Пабудова была здзейснена фундацыяй кракаўскага кашталяна Якуба Сабескага і яго жонкі Тэафілі Даніловіч - бацькоў караля Яна ІІІ Сабескага. Не варта забывацца і на палац лацінскіх архіепіскапаў па вуліцы Вінічэнкі, які быў пабудаваны ў 1844 годзе па праекце Й. Зальцмана. Менавіта з гэтага ўзгорка, так званае Стральнічай гары, падчас рэвалюцыйных падзей 1848 году ў Львове месца абстрэльвалі аўстрыйскія артылерыйскія батарэі. Зараз тут размешчана Курыя Львоўскае Архідыяцэзіі Лацінскага абраду. Будынак №26 па гэтай жа вуліцы стаў рэзідэнцыяй Навуковага таварыства імя Т. Шаўчэнкі яшчэ ў 1892 годзе. Тут былі офісы таварыства, друкарня, музей, бібліятэка, творчыя майстэрні украінскіх мастакоў. Але месца для размяшчэння музея катастрафічна не хапала, таму ў 1912 годзе НТШ займела яшчэ і будынак пад №24. І нарэшце - Парахавая вежа, якая сарамліва хаваецца між дрэваў у парку, але з’яўляецца важным элементам сістэмы абарончых збудаванняў месца; яна была пабудавана ў 1554-1556 гг. як склад гарадскіх стратэгічных запасаў - пораха і зерня. Зараз - гэта Будынак архітэктара.
  Калі мы датопалі да ратушы, я застаўся з рэчамі на лаўцы, а астатнія пайшлі наверх. Пакуль яны там хадзілі (а квіток на самы верх каштуе 5 грывен), я ледзьве на гэтай лаўцы не заснуў. Пасля іх вяртання мы ўсе разам пайшлі па наўкольных вулках плошчы Рынак. Шчыра кажучы, ад яе можна ісці ў любы бок - вачам сумаваць не прыйдзецца.
Напрыклад, узяць вуліцу Кракаўскую. Гэта адная з найстарэйшых вуліц у Львове, з 1382 года яна яднае плошчы Рынак і Кракаўскую. Упрыгожвае гэту вуліцу найвялікшая ў Львове царква Прэабражэння Гасподняга УГКЦ. Яна была пабудавана ў 1875-1898 гг. пад праектам архітэктара С. Гаўрышкевіча на месцы колішняга касцёла і манастыра трынітарыяў. У 1783 годзе ордэн быў скасаваны аўстрыйскаю ўладаю, а будынак быў прызначаны для размяшчэння універсітэта. Спаленыя падчас вялікага пажара горада руіны былі разабраны, а плошчу аддалі пад будаўніцтва Народнага Дома і Прэабражэнскае царквы.
Воссю армянскага ўчастка Львова была Вірменская (Армянская) вуліца, яна вядомая з ХІV ст. Тут знаходзіцца галоўная святыня львоўскае армянскае грамады - Вірменскі (Армянскі) сабор Успення Прысвятой Багародзіцы - гэта вельмі экзатычная для Львова пабудова, якая паходзіць з ХІV ст., калі Львоў быў сталіцай армянскага епіскапства. Сабор пабудаваны ў 1356-1363 гг. архітэктарам Дарынгам на сродкі армянскіх купцоў. На працягу стагоддзяў Вірменскі сабор шмат разоў перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся, з чым звязаны імёны вядомых польскіх архітэктараў і мастакоў: Фр. Манчынскага, Ю. Мегофера, В. Мінкевіча, Я. Г. Разэна. Вежа-званіца Вірменскага сабора пабудавана ў 1571 годзе архітэктарам Пятром Красоўскім.
Плошчу Рынак і плошчу Музейную аб’ядноўвае вуліца Стаўрапігійская, дзе знаходзіцца будынак колішняга Стаўрапігійскага інстытута. З пачатку ХV ст. (1405 год) яна мела назву вуліцы Божага Цела, паколькі вяла да касцёла дамініканцаў Божага Цела. Тут таксама знаходзіцца Аптэка-музей “Пад Чорным Арлом”, адчыненая ў 1966 годзе ў памяшканні старажытнае аптэкі 1775 году. У 1923-1939 гг. яе ўладальнікам быў украінскі фармацэўт Міхайла Тэрлецкі. Музей мае каля 8 тысяч каштоўных экспанатаў, аптэка ж вырабляе па старажытным рэцэптам унікальнае “Залізне віно”. Сам касцёл дамініканцаў Божага Цела (зараз - царква Святой Еўхарыстыі) знаходзіцца на Музейнай плошчы і пабудаваны з дрэва ў другой палове ХІV ст. Пасля спалення ў 1408 годзе яго адбудавалі з камню і цэглы ў гатычным стылі. Сучасны храм пабудаваны ў 1749-1764 гг. за рахунак гетмана Патоцкага пад кіраўніцтвам Яна дэ Віттэ, генерала, вайсковага каменданта Камянца-Падольскага. Праз сто гадоў з левага боку была дабудавана званіца.
Цэнтральнаю воссю украінскага ўчастка Львова ёсць вуліца Руская, яна вядомая з ХІV ст. З таго часу гісторыя вуліцы непарыўна сувязана з Успенскаю царквою і Стаўрапігійскім брацтвам: ягонымі школаю, друкарняю і інш. Ансамбль Успенскай царквы складаюць манументальная званіца Карнякта, капліца Трох Свяціцеляў у царкоўным падвор’і і галоўная святыня - царква Успення Прысвятой Багародзіцы УАПЦ, пабудаваная на месцы першаснай царквы з 1461 году. Манументальная вежа вышынёй больш за 65 метраў мае назву прозвішча свайго фундатара, аднаго з найбуйнейшых тагачасных купцоў Канстанціна Карнякта. Вежа, пабудаваная ў 1572-1578 гг. архітэктарам Пятром Барбонам, атрымала свой сучасны выгляд шмат пазней, пасля адбудоў і рэстаўрацый 1695, 1780 і 1795 гадоў. На вежы Карнякта месціцца знакаміты львоўскі звон “Кірыла” дыяметрам 120 сантыметраў. Маляўнічая Трохсвяціцельская капліца (святога Івана Златавуста, святога Рыгора, святога Васіля) пабудавана ў 1578-1584 гг. у рэнесансным стылі будаўніком А. Підлісным. У 1673 яна была адбудавана за кошт братчыка О. Балабана. Галоўны храм - Успенская царква (Валоская, Руская) - пабудавана ў 1591-1629 гг. архітэктарамі Паўлам Рымлянінам і Войцэхам Капіносам, скончыў пабудову Амброзій Прыхільный. Пасвяшчэнне царквы архімандрытам Пятром Магілаю адбылося 26 сьнежня 1631 году. У сярэдзіне ХVІ ст. пры царкве Успення Багародзіцы было створана Успенскае брацтва, з 1585 году - Стаўрапігійскае (незалежнае ад царкоўнае іерархіі). Брацтва трымала школу, шпіталь, знакамітую друкарню, абараняла правы свае чальцоў. З дзейнасцю Стаўрапігійскага брацтва сувязаны вызначальныя асобы украінскае гісторыі і культуры: Лаўрэнцій і Сцяпан Зізаніі, Кірыла Стаўравецкі, Памва Бярында, Міхайла Слёзка. Да 1772 году брацкая друкарня выпусціла каля 160000 экзэмпляраў кніг. Традыцыі брацтва пераняў Стаўрапігійскі інстытут, які месціўся на вуліцы Івана Фёдарава. Зараз тут знаходзіцца Стаўрапігійскі прафесійны ліцэй, які гатуе кадры для паліграфічнай прамысловасці Украіны, а друкарня ў гэтых мурах працуе ўжо некалькі стагоддзяў.
Ад Успенскай царквы мы плаўна пераходзім да Каралеўскага арсенала, які ў 1639-1646 гадах пабудаваў кароль Уладзіслаў ІV, калі гатаваўся да вайны з Турэччынай. Зараз у старажытным складзе амуніцыі і зброі знаходзіцца Дзяржаўны архіў Львоўскай вобласці. Ёсць акрамя Каралеўскага і Гарадскі арсенал, які быў пабудаваны ў 1576 годзе будаўніком І. Лісам на месцы старажытнага (з 1430 году) складу зброі, прыбудаванага за гарадскога муру. Зараз тут месціцца музей зброі - філія Львоўскага гістарычнага музея. У экспазіцыі гэтага унікальнага музея - каля 5000 адзінак старажытнай зброі: кінжалаў, мячоў, гармат, марцір, аркебуз, мушкетаў і іншых.
Пераходзім на вуліцу Валавую, што ўтворана на месцы даўніх абарончых валоў - да канца ХVІІІ ст. іх лінія праходзіла ўздоўж аднаіменнай вуліцы, назва якой не змянілася з 1818 году. Ад гэтай вуліцы мы выходзім да плошчы Галіцкай, што абмяжоўваецца плошчай Міцкевіча, вуліцамі Галіцкаю, Валавою, князья Рамана і плошчай Саборнай. Як і большасць плошчаў цэнтральнае часткі горада, яна паўстала напрыканцы ХVІІІ ст. на месцы знесенных даўніх абарончых муроў. Назва плошчы паходзіць ад старажытнае Галіцкае брамы - уезду ў месца, які быў непадалёк. Як не дзіўна, менавіта на Галіцкай плошчы знаходзіцца помнік заснавальніку Львова каралю Даніле Галіцкаму працы львоўскага скульптара В. Ярыча, які быў адкрыты зусім нядаўна, у 2002 годзе.
Ад плошчы Галіцкай ідзе вуліца Галіцкая, таксама адная з найстарэйшых у горадзе, бо ўжо ў 1382 годзе пра яе ўзгадваецца ў гарадскіх дакументах. Можна лёгка здагадацца, што назва паходзіць ад напрамку на месца Галіч, да якога выязджалі гэтай вуліцай праз Галіцкую браму. Раней Галіч быў значна большым мястэчкам, чым зараз, і адыграваў значна большую ролю ў рэгіёне. Тут можна правесці нейкія паралелі з нашанскім Туравам. Ад вуліцы Галіцкай добра бачная Лацінская катэдра Узнясення Найсвяцейшае Дзевы Марыі (першасна - святой Троіцы), закладзеная ў 1350 годзе польскім каралём Казімірам Вялікім. Яе будаўнікамі былі М. Нічко, М. Гансеке, П. Гром, А. Рабіш, Г. Блехер. Навокал лацінскага катэдральнага касцёлу знаходзіцца Катэдральная плошча. Яна паўстала ў 1828 годзе пасля ўпарадкавання гарадской тэрыторыі, звязанага з ліквідацыяй абарончых муроў. Для ўтварэння плошчы былі ліквідаваныя даўнія касцёльныя могілкі. Ад іх засталася толькі фігура Хрыста, прыбудаваная да капліцы Кампаніянаў. Сама капліца Кампаніянаў - найпрыгажэйшая і найкаштоўнейшая з пункту гледжання мастацкага аздаблення капліца Лацінскае катэдры. Гэты маўзалей сям’і Кампаніянаў (Марціна і Паўла), а таксама параднёных з імі Вострагорскіх і Грасваераў, створаны ў 1619-1629 гг. вроцлаўскімі скульптарамі Й. Пфістэрам і Г. Горстам. Муры капліцы выкананы з цёмна-шэрага мармуру ў аб’яднанні з белым алебастрам, пакрыты багатаю разбою з барэльефамі яе ўладальнікаў і эпітафійнымі табліцамі. На фасадзе пад нішамі знаходзяцца рэльефы, якія адлюстроўваюць Ускладанне Хрыста ў труну, Уваскрасенне і Сустрэчу з Марыяй Магдаленай. Вышэй, над нішамі, - авальныя медальёны з алегорыямі Вернасці і Неўміручасці.
Капліца Байімаў - дыямент архітэктурнага ансамблю Львова. Гэтую сямейную каплічку-труну львоўскай купецкай сям’і Байімаў пабудавалі на могілках каля Лацінскае катэдры пад кіраўніцтвам А. Бемера ў 1609-1615 гг. Знешнія і ўнутраныя муры пабудовы пакрыты багатымі арнаментальнымі рэльефамі, аўтарамі якіх з’яўляюцца Г. Шольц і Й. Пфістэр. Капліца Байімаў - самая вядомая з капліц старажытнага Львова і з’яўляецца яскравым прыкладам рэнесанснай архітэктуры.
Наступны прыпынак - вуліца Тэатральная. Яна вядома з 1421 году як вуліца Гродская. Тут знаходзіўся цэх пекароў, таму частка вуліцы атрымала назву Пекарская. Гісторыя гэтай вуліцы ўтрымлівае ўсе этапы развіцця Львова. На ёй размешчаны Касцёл езуітаў, прыродазнаўчы музей, Народны Дом, знакаміты тэатр Скарбека (адсюль паходзіць і сучасная назва вуліцы), першы львоўскі пасаж, кнігарні, цукерні і шматлікія кавярні. Касцёл езуітаў святых Пятра і Паўла Апосталаў пабудаваны ў 1610-1635 гг. пад наглядам Д.Брыяна, генеральнага архітэктара ордэну езуітаў у Польшчы, па прыкладу царквы Эль Джэзу, якая месціца ў Рыме. Касцёл ёсць адным з найбольшых у Львове храмаў - ён мае 26 метраў вышыні і можа месціць 5 тысяч асоб. Зусім побач каля касцёла можна знайсці цікавы помнік Івану Падкове. Калі раптам ён застанецца па-за Вашым зрокам, то Народны Дом Вы ўбачыце дакладна. Гэтая пабудова - першая ў Львове украінская культурная ўстанова. Яна была створана па ініцыятыве Галоўнае Рускае Рады - першае украінскае палітычнае арганізацыі ў Галіцыі. Першы камень пад будаўніцтва Народнага Дому на месцы даўняга універсітэту, што згарэў у 1848 годзе, быў закладзены ў 1851 годзе на грошы, што былі сабраны украінскаю грамадою Галіцыі. У 1864 годзе архітэктары В. Шмідт і С. Гаўрышкевіч пабудавалі Народны Дом цалкам. У гэтым жа будынку месцілася вышэйшая Акадэмічная гімназія, якая паўстала з ніжэйшай гарадской школы, створанай у Львове яшчэ ў ХІV ст. Навучальная ўстанова атрымала назву Акадэмічнай гімназіі напачатку ХVІІІ ст., а ў 1873 годзе тут было распачата выкладанне дысцыплін на украінскай мове.
Мы заўважаем, што Львоў не надта даўно стаў украінскім горад у поўным сэнсе гэтага слова. Польскія ўплывы, як і аўстрыйскія яшчэ да пачатку мінулага стагоддзя тут былі вельмі моцныя, аднак украінская нацыя адстаяла горад у адрозненні ад тых жа “гаротных” суседзяў, якія за непрацяглы час страцілі адразу некалькі значных цэнтраў свайго этнакультурнага развіцця, як то Вільня, Беласток і Смаленск…
Сканчвае вуліцу Тэатральную Тэатр імя М. Занкавецкай, які працуе з пасляваенных гадоў у памяшканні колішняга тэатру Скарбека. У 1837-1842 гг. па праекце архітэктараў А. Піхля і Й. Зальмана на сродкі мецэната графа Ст. Скарбека быў пабудаваны тэатр на 1460 месцаў - трэці па вялічыні ў тагачаснай Еўропе. Прэм’ернаю выставаю была камедыя львавяніна, вядомага польскага драматурга, графа Олександра Фрэдра (дзеда мітрапаліта Андрэя Шэпціцкага). У пачатку ХХ стагоддзя, калі ўжо быў пабудаваны Оперны тэатр, гэтая зала выкарыстоўвалася як філармонія, а пасля тут быў адчынены адзін з першых львоўскіх кінатэатраў “Леў”.
На жаль, каб цалкам агледзець Тэатральную вуліцу, мы проста не мелі часу. Ля помніка Даніле Галіцкаму (тут яшчэ стаіць помнік першаму львоўскаму трамваю) мы крыху прыпыніліся, думаючы, куды ісці надалей. Час набліжаўся да апоўдня, трэба было думаць хутчэй і рухацца ўжо да вакзала. Таму вырашылі яшчэ зірнуць на помнік Міцкевічу і тупаць па прызначэнні. Спыталіся ў міліцыянтаў, як лепей ісці, і пайшлі прама.
Дарога прама вяла зноў на праспект Свабоды, аднак зараз мы знаходзіліся зусім у іншым яе баку, чым раніцай. Адсюль да Опернага тэатра трэба тупаць хвілін пятнаццаць дакладна. Праўда, мы туды больш ісці не збіраліся. Патаптаўшыся дя шапіка, дзе спадар І. і Ч. набылі сабе батарэйкі для фотаздымачоў, мы выйшлі на праспект і праз некалькі момантаў наблізіліся да помніка класіка сусветнае літаратуры - Адама Міцкевіча. Ён быў адкрыты ў 1904 годзе на плошчы, што пасля ІІ сусветнае вайны атрымала яго імя. Аўтарам помніка з’яўляецца А. Попель. Калону з міланскага мармуру выканала львоўская майстэрня Шымзера. Бронзавыя фігуры былі адліты ў Відна, фундамент і ўсе жалезабетонныя працы выконвала львоўская фірма Захарыевіча і Сасаноўскага. Цэрэмонію адкрыцця помніка ўвекавечылі з дапамогаю кінаплёнкі.
Але не Міцкевічам адзіным знакаміты праспект Свабоды. У самым ягоным цэнтры знаходзіцца помнік Тарасу Шаўчэнку, які быў зроблены скульптарамі В. і А. Сухорскімі ў 1992-1995 гг. (параўнайце з датай помніка Міцкевічу). Злева ад бронзавай фігуры Шаўчэнкі высачэе “Хваля нацыянальнага адраджэння”, якая ўяўляе сабою 12-метровую стралу з сымбалічнымі рэльефамі. Непадалёк знаходзіцца фантан з фігураю Маці Божай. У 1841 годзе падчас заскляпнення Полтвы ў цэнтры плошчы, якая ўтварылася пасля знясення і ўпарадкавання абарончых муроў, з’явілася крыніца (па-тутэйшаму, “джерело”). На гэтым месцы была пабудавана крыніца з абчасанага камення. У 1862 годзе за сродкі “дружіні” галіцкага намесьніка Ўладзіслава Бадэні - Северыні Пяцеўскай у цэнтры крыніцы ўсталявалі белую мармуравую фігуру Маці Божай разца мюнхенскага скульптара Гаутмана на пастаменце з церабавельскага мармуру. Тады ж плошча атрымала назву Марыйскай. У сувязі з будаўніцтвам помніка Міцкевічу крыніца была перанесена на іншае месца. Зусім блізка ад помніка аўтару “Дзядоў” і “Пана Тавэвуша” стаіць прыгожы гатэль “Жорж”. Ён быў пабудаваны ў 1900 годзе па праекце відэнскіх архітэктараў Г. Гемера і Ф. Фельнера на месцы даўняга гатэля Жоржа Гофмана (1793 г). На фасадзе гатэля ёсць рэльефныя малюнкі святога Юрыя (Рыгора)-змееборца працы А. Попеля. Тут жа пачынаецца праспект Шаўчэнкі, які ўпершыню ўзгадваецца ў гарадскіх дакументах у 1569 годзе як вуліца Гарбарская. Да канца ХІХ ст. пасярэдзіне вуліцы цякла рака Полтва, а калі яе заскляпілі, утварылася чароўная алея з італьянскіх таполяў. На гэтым праспекце знаходзяцца, напрыклад, Гранд-клуб “Сафія”, які быў адчынены на месцы даўняе лазні святое Анны, якая стаяла на гэтым месцы з 1812 году і працавала, выкарыстоўваючы гаючую ваду з прыроднае крыніцы. І, вядома, не прапусціце помнік выдатнаму украінскаму гісторыку, першаму Прэзідэнту Украіны Міхаілу Грушэўскаму, які выраблены з бронзы і граніту ў 1991-1994 гг. па праекце скульптараў Д. Крвавіча і М. Пасікіры. Помнік знаходзіцца ў самым канцы праспекту Шаўчэнкі.
Калі ж усё ж хапае часу, то можна вярнуцца ў самы пачатак праспекту Свабоды да Опернага тэатра і звярнуць сваю ўвагу направа. Тут знаходзіцца Нацыянальны музей Львова, які быў створаны ў 1905 годзе на аснове асабістага збору ікон мітрапаліта Андрэя Шэпціцкага пад назваю “Царкоўны музей”. Урачыстае адкрыццё Нацыянальнага музея адбылося ў 1913 годзе, а яго дырэктарам на працяглы час стаў мастацтвавед Іларыён Свянціцкі. Зараз унікальная калекцыя ікон Нацыянальнага музея, распачатая мітрапалітам Шэпціцкім, налічвае 4000 адзінак, тут ёсць каштоўная зборка рукапісаў і старадрукаў. У будынку даўняга Мастацка-прамысловага музею на праспекце Свабоды размешчана экспазіцыя старажытнаукраінскага мастацтва і мастацтва ХІХ - пач. ХХ стст. У музейным будынку па вуліцы Драгаманава размешчана экспазіцыя зборак украінскага народнага мастацтва. Непадалёк знаходзіцца і Музей этнаграфіі і мастацкай прамысловасці НАН Украіны. Ён налічвае каля 85000 помнікаў побытавай культуры украінскага народнага мастацтва. Тут можна паглядзець на унікальныя зборкі народнай цацкі, мэблі, гадзіннікаў, мастацкага металу, мастацкага шкла і прамысловай керамікі, плакатаў. А за будынкам Нацыянальнага музея і насупраць Прэабражэнскае царквы (ці перад ёй) знаходзіцца адзін з найвялікшых сувенірных рынкаў Львова. Тут можна набыць усё, што душа жадае і прагне, аднак, калі ёсць час, можна наведаць якую-небудзь кнігарню, дзе кошты прыкладна ў разы два меней. Вялікі сувенірны рынак ёсць таксама каля ратушы.
Мы, тым часам, ад Міцкевіча патупалі ў накірунку “Пузатай Хаты”- рэстарана нацыянальнай украінскай ежы, каб ужо адтуль руліць на вакзал. Па дарозе якраз зазірнулі ў кнігарню, дзе, прынамсі, я набыў і мапу Карпат, і сувеніры пра Львоў, і якую-ніякую літаратуру. Астатнім ужо надакучыла мяне чакаць, але дзесьці праз дзесяць хвілін мы з’явіліся ў “Хаце”. Як я заўсёды кажу, пабываць на Украіне і не падсілкавацца ў “Пузатай Хаце” - гэта дзікасць, хоць і не скажаш, што там неяк танна. Аднак затой хапае самага разнастайнага матэрыялу для страўніка. Нам хапіла 40 хвілін, каб набіць сябе даастачы, і быць гатовымі ехаць далей.
Але перад тым хочацца яшчэ сказаць некалькі словаў. На жаль, амаль цэлых сутак нам не хапіла, каб паглядзець хаця б палову славутасцяў гэтага неверагоднага горада. Але, калі Вы спецыяльна едзеце у “перліну Еўропы” (а ехаць туды трэба як мінімум на тыдзень), не забудзцеся пашпацыраваць таксама па вуліцах Лычакаўскай, Каперніка, па Стрыйскаму парку, Яніўскаму тракту, вакол Старога рынку.
На вуліцы Лычакаўскай, якая з’яўляецца адной з самых прыгожых і знакамітых вуліц Львова і назва якой паходзіць ад назвы ўчастка “Лютцэнгоф” - фальварку недзе ў раёне касцёла святога Антонія (раней называлася Глінянская), знаходзяцца Касцёл бернардзінцаў святога Андрэя Апостала (Першазванага), Музей львоўскай сакральнай барочнай культуры ХVІІ ст. “Творчасць Івана Георгія Пінзеля”, Касцёл святога Антонія з Падуі, Царква святых Апосталаў Пятра і Паўла, Лычакіўская могілкі, Музей народнай архітэктуры і побыту. Касцёл бернардзінцаў быў закладзены А. Адравонжам у 1460 годзе. Спачатку ён быў драўляны; збудаванне сучаснага будынку пад кіраўніцтвам Амброзія Прыхільнага і пад наглядам манаха Авелідэса адбывалася ў 1600-1630 гг. Выгляд касцёла вельмі ўражвае, пакідаючы адчуванне таго, што ты раптоўна апынуўся ў сярэднявеччы. Музей Пінзеля быў адкрыты ў 1996 годзе ў памяшканнях колішняга касцёлу кларысак. Ягоная экспазіцыя прэзентуе творчасць выдатнага майстра на заходніх землях Украіны. Касцёл святога Антонія быў закладзены разам з манастыром францысканцаў у 1718 годзе. Праз сто гадоў была пабудавана званіца, аўтарства статуі святога Антонія, заступніка пекароў, належыць скульптару С. Фесінгеру (сярэдзіна ХVІІІ ст.). Царква святых Апосталаў Пятра і Паўла была пабудавана як манастыр паўлінаў (першасны касцёл-капліца ўжо вядомы з 1668 г.). Пасля скасавання ордэна ў 1786 годзе, ён перайшоў ва ўласнасць украінцаў, сюды была пераведзена з Кайзервальда парафія царквы святога Хрыста. У 1798 годзе архітэктара Фесінгер здзейсніў частковую рэканструкцыю, дабудаваў званіцу. Фасад царквы ўпрыгожвае вобраз працы Лукі Далінскага, побач з царквою - каменныя фігуры святых Пятра і Паўла канца ХІХ ст. У самой царкве ёсць іканастас працы Лукі Далінскага. Лычакіўскія могілкі бесперапынна працуюць з 1786 году. Яшчэ ў ХVІ ст. тут было месца пахавання памерлых ахвяр вялікай эпідэміі. У 1875 годзе могілкі былі ўпарадкаваны і агароджаны цагляным мурам, які існуе да гэтых часоў, пабудаваны дзве галоўныя брамы з абцясанага камення ў неагатычным стылі. З 1975 году могілкі зачынены для масавых пахаванняў, у 1990 годзе - абвешчаны гісторыка-архітэктурным запаведнікам, а праз год у іх склад увайшлі вайсковыя могілкі Пагорка Славы. Лычакіўскія могілкі-некропаль зараз займаюць плошчу ў 42 га, тут налічваецца каля 300000 захаванняў, размешчаных на 86 палях. Помнікі і грабніцы выконвалі найлепшыя львоўскія скульптары розных эпох. Музей народнай архітэктуры, альбо скансэн “Шаўчэнскаўскі Гай”, быў заснаваны ў 1971 годзе. Сёння на плошчы ў 50 га экспануюцца 120 помнікаў народнай архітэктуры з Бойкіўшчыны, Лемкіўшчыны, Закарпацця, Букавіны, Гуцульшчыны, Львоўшчыны, Падолля. Найстарэйшы помнік скансэна - хата 1749 году з сяла Лібахора Скаліўскага раёна Львоўскай вобласці.
Каб патрапіць да вядомага і маляўнічага Стрыйскага парку, варта скарыстацца вуліцай І. Франка. Яна аб’ядноўвае тры даўнія вуліцы і вядзе ад цэнтра горада праз плошчу Саборную да парка. Найстаражытная яе частка (раней вуліца Панская) вядомая з пач. ХІХ ст., наймаладзейшая (вуліца Панінскага) - з 1895 г. Тут можна знайсці помнік аднаму з карыфеяў украінскага малярства канца ХІХ - пачатку ХХ ст. - Івану Трушу, які быў зроблены ў 1996 годзе па праекце С. Олешка паблізу ад увахода ў Стрыйскі парк. Сама ідэя стварэння Стрыйскага парку з’явілася яшчэ ў 1877 годзе. Ужо праз 10 гадоў інспектар гарадскіх паркаў Рэрынг распланаваў парк на Сафііўцы, улічыўшы ўсе прыродныя асаблівасці гэтага ўчастка. Так быў створаны адзін з самых маляўнічых паркаў тагачаснай Еўропы. У Стрыйскаму парку пасаджаны 40000 дрэваў, ён ёсць характэрнай і неад’емнай асаблівасцю Львова. Каля парка таксама размяшчаецца Літаратурна-мемарыяльны музей Івана Франка, які быў створаны ў 1940 годзе. Знаходзіцца ён ва ўласным будынку пісьменніка, а першым дырэктарам музея быў ягоны сын - Пётр Франко. Экспазіцыя паказвае ўсе аспекты жыцця, дзейнасці і творчасці гэтага выдатнага пісьменніка і навукоўца.
Вельмі цікава прагуляцца і па вуліцы Каперніка. Прынамсі, тут ці побач з ёю можна адшукаць такія славутасці Львова як Палац Патоцкіх, Палац мастацтваў, Карцінную галерэю, будынак Галоўнай пошты, Навуковую бібліятэку, касцёл святога Лазара, касцёл святой Марыі Магдалены. Шыкоўны і велічны Палац Патоцкіх быў пабудаваны ў 1889-1890 гг. архітэктарам Ю. Цыбульскім па пераробленаму праекту французскага архітэктара Л. Д’Аверна. У Музеі мастацтва даўняй украінскай кнігі выстаўлены тэхнічныя дэталі сярэднявечнае друкарні, а таксама вырабы украінскіх друкароў. Палац мастацтваў быў пабудаваны ў 1996 годзе. Тут адбываюцца мастацкія і прамысловя выставы, прэзентацыі. Кожны год у верасні Палац прымае Форум выдаўцоў - найвялікшую украінскую кніжную ярмарку. На фасадзе Палаца мастацтваў - скульптура святога Лукі, заступніка мастакоў, працы скульптараў Д. Крвавіча, М. Пасікіры, Л. Ярэмчука. Карцінная галерэя (ці Львоўская галерэя мастацтваў) была заснавана ў 1897 годзе магістратам Львова і размяшчалася ў памяшканнях ратушы. У 1914 годзе спецыяльна для яе размяшчэння быў набыты колішні будынак вядомага гісторыка і калекцыянера В. Лазінскага. Зараз музей, калісьці сфарміраваны скупкай прыватных зборак, з’яўляецца найвялікшым на Украіне; яго фонды налічваюць больш за 50 тысяч экспанатаў, якія прадстаўляюць сусветнае мастацтва. Навуковая бібліятэка НАН Украіны імя В. Стэфаніка была створана на аснове Нацыянальнае ўстановы імя Асалінскіх, які заснаваў у 1817 годзе вядомы бібліяфіл Е. Асалінскі. Гэта была публічная бібліятэка, для патрэб львавян, аб’яднаная з архівам, выдавецтвам і музеем Любамірскіх, а знаходзілася яна ў перабудаваным манастыры святое Агнешкі ля падножжа гары Ўраноўскіх. Будынак Галоўнае пошты быў пабудаваны ў 1889 годзе гарадскім архітэктарам С. Гаўрышкевічам па праекце Ф. Зетца. Пашкоджаны падчас польска-украінскае вайны 1918-1919 гг., будынак быў адноўлены ў 1922 годзе вядомым львоўскім архітэктарам Е. Чэрвінскім. Музей “Русалка Дністрава”, які знаходзіцца ў старажытнай званіцы Святадухаўскай царквы, адкрыты ў 1990 годзе. Экспазіцыя асвятляе дзейнасць “Рускае троіцы”, грамадска-культурнае суполкі, створанай ў 1833 годзе М. Шашкевічам, І. Вагілевічам і Я. Галавацкім. Каля музея знаходзіцца помнік Маркіянаву Шашкевічу, зроблены ў 1990 годзе па праекце скульптараў Д. Крвавіча і М. Пасікіры. Касцёл святога Лазара быў закладзены ў 1620 годзе пры доме для бедных і шпіталі, які ўзвышаўся з гэтага месца, на схілах гары Ўраноўскіх, ужо на пачатку ХVІІ ст. Каля касцёла на вуліцы Каперніка можна заўважыць крыніцу, якую “абараняюць” два каменных ільва ХVІІ ст., якія раней знаходзіліся ля старой львоўскае ратушы. Касцёл святой Марыі Магдалены быў закладзены ў 1600 годзе для дамініканцаў. Сучасны будынак пабудаваны ў ХVІІІ ст. М. Урбанікам. У 1841 годзе манастырскія памяшканні былі перароблены пад турму для жанчын. Зараз у касцёле месціцца арганны зал - філія Львоўскае філармоніі.
Не пакіньце магчымасці зазірнуць і на Яніўскі тракт. Напрыклад, тут можна ўбачыць вядомыя “Брыгідкі” - колішнію турму, а зараз следчы ізалятар, які знаходзіцца ў забудове старажытнага манастыра святой Брыгіды. У 1903 годзе архітэктурная фірма Левінскага пабудавала па праекце архітэктара К. Маклоўскага ўзорна абсталяваную Габрэйскую лякарню і будынак старцаў.  Зараз у гэтым будынку на вуліцы Рапапорта размяшчаецца адное з аддзяленняў клінічнага шпіталю. Вуліца Клепарыўская - адная са старажытных львоўскіх участкаў. Назва гэтай вуліцы, што пачынаецца ад царквы святое Анны, вядомая з 1825 году. Тут размяшчаецца львоўская піваварня, якая вядомая з 1715 году (памятаеце піва Львіўске 1715?). Гара Страт (Катоўская, Гыцлеўская) - паміж вуліцамі Клепарыўская і Шаўчэнкі, мае вышыню ў 339 метраў. Гэта старажытнае месца пакарання смерцю злачынцаў, у канцы ХVІІІ ст. тут каралі смерцю гайдамацкіх мяцежнікаў (“страт” - пакаранне смерцю). Вуліца Шаўчэнкі мае такую назву з 1944 года, раней яна называлася Яніўская дарога (вядзе да мястэчка Яніў), а з 1805 года вядомая як Яніўская вуліца. Касцёл аўгусцінаў святое Анны (а зараз - царква святое Анны УКГЦ) знаходзіцца на сутыку вуліц Гарадоцкай і Шаўчэнкі, ён быў закладзены ў 1505 годзе на Кракаўскім прадмесці Львова. Першасны драўляны касцёл згарэў ў 1509 годзе, сучасны будынак вядзе сваю гісторыю з сярэдзіны ХVІІІ ст. Яніўскія могілкі былі адкрыты ў 1883 годзе і былі прызначаны для жыхароў заходняе часткі месца. У той жа частцы Львова з 1885 году функцыянавалі новыя габрэйскія могілкі, якія праз 100 гадоў (1962) былі аб’яднаныя з Яніўскімі. З пачатку 1980-х гг. могілкі зачынілі для масавых пахаванняў. Зараз Яніўскія могілкі займаюць 38 га, на іх палях знаходзіцца 200000 пахаванняў.
Нарэшце, калі Вам хопіць часу дабрацца да Старога рынку, Вы абавязкова заўважыце там Касцёл Беззаганнага Зачацця Марыі Снежнай (зараз - царква Маці Божай Неўстаннай Дапамогі). Ён быў закладзены каля 1340 года нямецкаю грамадою Львова. За сваю багатую гісторыю ён неаднойчы перабудоўваўся, аднаўленне адбылося ў канцы ХІХ ст. па праекце выдатнага львоўскага архітэктара Ю. Захарыевіча. Вуліца Б. Хмельніцкага з’яўляецца найстаражытнаю ў Львове. Яны была вядомая ўжо ў ХІІІ ст. і называлася тады Валынскай дарогаю. На гэтае вуліцы знаходзяцца самыя старажытныя цэрквы і касцёлы горада і найстаражытны з дзейсных львоўскіх вакзалаў - “Підзамче”. Сама плошча Стары Рынак сваёй назвай нагадвае пра існаванне на гэтым месцы старажытнага княскага рынка, які шумеў тут да 1350 г. Касцёл святога Івана Хрысціцеля на гэтай плошчы - самы старажытны ў Львове. Яго пабудавалі каля 1260 г. Напрацягу стагоддзяў касцёл, вядома, шмат разоў перабудоўваўся, зараз тут размяшчаецца музей старажытных помнікаў Львова. Экспазіцыя прысвечана пачатковаму перыяду існавання горада. Царква Свяціцеля Мікалая была пабудавана на месцы галоўнае надворнае царквы князья Ільва (з 1292 г.). Гэта найстаражытны помнік гістарычнага Львова. Сучасны выгляд царква набыла ў канцы ХVІІ ст. На ёйным фасадзе - фрэскі з адлюстраваннямі святога Мікалая, Распяцця, святога Івана  і Багародзіцы працы мастака Пятра Халоднага, выкананыя ў 20-х гг. ХХ ст. У той жа час пад кіраўніцтвам О. Лушпінскага была выканана каменная агароджа з жалезнымі рашоткамі. Непадалёку знаходзіцца царква базыльян святога Ануфрыя УГКЦ, закладзеная князьем Канстанцінам Астрожскім у 1550 годзе (прыемна?), аднак поўнасцю яе будаўніцтва было скончана толькі ў 1793 годзе. Базыльян запрасіў у Львоў яшчэ князь Леў ў 1292 годзе, але тады месцам іх размяшчэння была царква святога Юра. У царкву і манастыр на вуліцы Хмяльніцкага яны перамясціліся ў 1817 годзе. У царкве святога Ануфрыя быў пахаваны памерлы ў 1583 годзе першы львоўскі (ды не толькі) друкар Іван Фёдараў (ягоная друкарня з’явілася пры манастыры базыльян у 1573 годзе).У першаснай драўлянай царкве ў ХV і ХVІ ст. зберагалася ікона Чэнстахоўскай Божай Маці. Яшчэ адная царква - царква святой Вялікаахвярніцы Параскевы Пятніцы - была пабудавана ў 1644 годзе за кошт цесця Цімоша Хмяльніцкага (сына Багдана),  валоскага гаспадара Васіля Лупула на месце старажытнае, яшчэ з часоў князья Ільва, царквы. Свой сучасны выгляд храм набыў пасля рэстаўрацыі ў 1885 годзе.
На гэтым, прынамсі я, стаўлю некалькі шматкроп’яў. Львоў нездарма называюць у Еўропе “Усходняй Фларэнцыяй”. У проста Фларэнцыі я пакуль што яшчэ не быў, аднак на бліжэйшы год уражанняў ад Львова павінна хапіць. Бясконцыя касцёлы, цэрквы, помнікі, старажытныя вулкі, кавярні на самы розны густ - тут знойдзецца месца для кожнага, і кожны пакіне частку гэтага месца ў сваім сэрцы. На жаль, мы так і не вырашыліся наведаць тую самую нацыяналістычную кавярню ля Плошчы Рынак, аднак жыццё - доўгая рэч. Будуць яшчэ магчымасці зрабіць тое, чаго сапраўды хочаш, калі ты сапраўды гэтага хочаш.

Маршрутку (№29а) чакалі вельмі доўга, хвілін дваццаць. Спачатку яшчэ блыталіся ў накірунку, аднак я шляхам логікі даказаў астатнім сваю кропку гледжання. Калі мы прыехалі на вакзал, то сталі адразу шукаць аўтастанцыю. Але апынулася так, што трэба было ехаць зусім у іншы бок горада і там ужо сядаць на аўтобус Львоў-Івана-Франкоўск. Здаецца, час адпраўлення быў 12.40, то бок мы мелі каля гадзіны. Патрэбна была маршрутка з нумарам 18. Мы ўтрая адразу пабеглі на прыпынак, а спадар А. пацягнуўся за рэчамі і намётам у камеру захоўвання. Хоць ён і казаў, што бег без перапынку, аднак адну маршрутку мы ўсё ж прапусцілі. Як сказаў кіроўца, ехаць да аўтастанцыі трэба было каля паўгадзіны, таму я пачаў хвалявацца, што ні на які аўтобус мы не паспеем. Даехалі, праўда, за 25, але за гэты час мы амаль усе заснулі і ледзьве не прапусцілі аўтастанцыю. У гэтых мясцінах Львоў, трэба адзначыць, зусім іншы і амаль нічым не нагадвае “перліну Усходняе Еўропы”.

Украіна, успамін, дзёньнік, вандроўкі, лета

Previous post Next post
Up