Каму падаліся цікавымі мінулыя "чэптэры",
Львоў - гэта такі горад, пра які можна распавядаць гадзінамі, а гуляць па ім можна днямі. Гэта такі горад, у якім варта абавязкова пабываць хаця б раз у сваім жыцці. Мне ўжо пашанцавала. Я за гэты год паспеў пабываць там двойчы - зімою і летам. Спадар А. таксама быў у Львове, а вось астатнія сутыкнуліся з ім упершыню, і гэтае месца адразу зрабіла іх сваімі вязнямі. Добра, што не палітычнымі.
Львоў - найвялікшы населенны пункт Заходняга рэгіёну Украіны. Гэта вельмі своеасаблівае месца: тут натуральна аб’ядноўваюцца разнастайныя, часам супрацьлеглыя і супярэчлівыя з’явы і паняцці. Дагэтуль не вядомая дакладная дата заснавання горада: агульнапрынятая дата - 1256 год - гэта год першай згадкі ў старажытным летапісе “Рускім”. Гэта горад з Замкам і без яго: львоўскіх замкаў - Высокага і Нізкага - не існуе ўжо некалькі стагоддзяў. Гэта горад з ракою, якую ніхто не бачыць: галоўная львоўская рака Полтва больш за 100 гадоў цячэ пад горадам, схаваная ў каменнае ложа (У нас таксама ёсць такія гарады). З даўніх часоў Львоў ляжыць на скрыжаванні гандлёвых шляхоў паміж Захадам і Усходам. Лінія галоўнага еўрапейскага водападдзелу, што праходзіць праз Львоў, падзяляе яго воды на паўночныя і паўднёвыя. Полтва і яе шматлікія прытокі цякуць праз Буг і Віслу да Балтыйскага мора, а Белагорскі паток, Зубра і іншыя рачулкі з паўднёва-заходняе часткі горада бягуць да Чорнага мора. Лежачы на лініі такога водападдзелу, Львоў не мае вялікай ракі - іншага такога месца на свеце не знойдзеш. Да таго ж, у Львове мяжуюць тры геаграфічныя зоны: Падолле, Разточча і Валынь, кожная з якіх, вядома, мае свае асаблівасці. Ад часоў заснавання Львова князьем Данілай Галіцкім тут жывуць людзі розных нацыянальных культур і веравызначэнняў, што ўтварае непаўторную атмасферу горада і надзвычай узбагачае яго культуру. Яскравым сведчаннем гэтага ёсць факт, што ільвіная доля помнікаў гісторыі і культуры Украіны прыпадае якраз на мястэчка Лева - Львоў. У 1998 годзе гістарычны цэнтр Львова быў уключаны ў Спіс помнікаў сусветнае культурнае і прыроднае спадчыны ЮНЭСКА. Насельніцтва Львова зараз складае каля 830 тысяч чалавек, што засяляюць 155 м2 тэрыторыі. Найвышэйшаю кропкаю горада з’яўляецца гара Высокі Замак, якая ўзвышаецца над мястэчкам і дасягае 398 метраў над узроўнем мора, аднак аглядальная пляцоўка на вяршыні насыпнога кургана Люблінскае Вуніі знаходзіцца на вышыні 413 м н.у.м.
Такі вось горад ляжаў перад намі. Ці, можа, мы перад ім? Піва мы не знайшлі, аднак ў поўнай ступені наглядзеліся на мясцовыя “пейзажы”, маюцца на ўвазе паўсюдныя людзі непрыемнай знешнасці, якія займалі ўсе лаўкі, ці проста спалі на іх. На Украіне часценька сустракаецца такое. Дачакаўшыся спадара І, мы па прамой ад вакзала дайшлі да вуліцы Гарадоцкай, дзе вырашылі зноў наведаць банк. Дарэчы, Львоўскі чыгуначны вакзал таксама варты некаторае ўвагі. Знешне вельмі падобны да вакзалаў у Харкаве і Адэсе, ён быў адчынены ў верасні 1904 году і з’яўляўся адным з найбуйнейшых і найпрыгажэйшых вакзалаў тагачаснай Еўропы; пабудаваны ён быў “па апошняму слову” мастацтва і тэхнікі. Па праекце архітэктара В. Садлоўскага вакзал быў пабудаваны вядомай архітэктурнай фірмай Івана Лявінскага і Альфрэда Захарыевіча. Банк, які мы наведалі, адзіны у Львове, які мяняе беларускія рублі. Праўда, наўрадці хто-небудзь тут гэта робіць, бо курс тут складаў на момант нашага наведвання 1 грыўна за 1000 тысячу брб. Вось такі зараз час. Затой я памяняў свае злотыя, якія засталіся з травеньскай Варшавы. Тут мы дачакаліся спадара І., і рушылі па Гарадоцкай да бліжэйшай славутасці - касцёла святой Эльжбеты. Праўда, зараз ён носіць зусім іншую назву - царква святых Вольгі і Елізаветы. Затое, як і сто гадоў таму, а пабудаваны ён быў у 1903-1911 гг. па праекце архітэктара Т. Талёўскага на грошы каталіцкага архіепіскапа Юрыя Більчэўскага і львоўскіх чыгуначнікаў, ён выдзяляецца сваімі гатычнымі (дакладней, неагатычнымі) пікамі і сапраўды містычна-казачнымі абрысамі. Гэтакі маяк горада і чароўны пачатак неверагоднае вандроўкі па неверагоднаму месцу. Зразумела, што з-за сваёй “маладосці”, ён не надта прывабны ў фантастычным сонме самых разнастайных помнікаў Львова, аднак са сваёй эстэтычнай функцыяй ён спраўляецца на “выдатна”.
Пакруціўшыся ля касцёла, мы рушылі далей да цэнтра. Праўда, гэта было дастаткова цяжка, бо зараз Львоў поўных ходам рыхтуецца да Чэмпіяната Еўропы па футболе, які адбудзецца ў наступным годзе на зялёных палях Украіны і Польшчы. Таму вось, напрыклад, вуліца Гарадоцкая поўнасцю перакапаная, і ўвесь транспарт ходзіць на вакзал абхаднымі шляхамі. Зімой тут было ўсё добра, а зараз складваецца ўражанне, што ты знаходзішся на фронце якой-небудзь вайны. Дзякуй небу, што большасць астатніх вуліц засталася ў спакоі.
Тым часам, наша кампанія падыйшла да Сабора Святога Юра, які ганарыста ўзвышаўся над асяроддзем. Каб добра разглядзець гэтую славутасць, трэба звярнуць з Гарадоцкай і падняцца ўверх да плошчы Юра. У гэты час году дрэвы ў парку пад Саборам шырока раскінулі сваю лістоту, і рэдкае вока здолее раглядзець што-небудзь акрамя крыжоў у сінім небе. Падымаемся наверх і выходзім да жылога дому, які прымыкае да Сабора. Яшчэ адзін паварот налева - і мы на плошчы, на якой не хапае месца для турыстычных аўтобусаў з замежнымі нумарамі, збольшага польскімі. І гэта зразумела, бо Сабор знаходзіцца пад прыглядам каталіцкай парафіі. Ён быў пабудаваны ў 1744-1761 гг. архітэктарам Б. Мерэцінам за грошы епіскапаў Афанасія і Льва Шэпціцкіх. На гэтым месцы, не вершаліне аднаго з львоўскіх узвышшаў (321 м н.у.м.), князь Леў (па іншых версіях, ягоны дзядзка, князь Васілька) пабудаваў першую драўляную царкву і манастыр святога Юра. Інтэр’ер сабора святога Юра аздобліваў К. Фесінгер, намурныя роспісы і іконы выканаў Л. Далінскі і Ю. Радзівілаўскі, знешняе аздабленне і браму з алегарычнымі фігурамі - М. Філевіч; ацціку сабора ўпрыгожвае статуя святога Юрыя Змееборца, вырабленая І. Пізелем. Насупраць сабора стаіць Мітрапалічны палац (праект Фесінгера). Таксама ў саборы святога Юра знаходзіцца найстарэйшы львоўскі звон дыяметрам 71 см і вагою ў 415 кілаграм. Жоўта-белы сабор прыцягвае да сябе погляд, і толькі з цяжкасцю нашы вочы згаджаюцца з нашымі нагамі, якія гатовыя ісці далей да цэнтра. Яшчэ раз зірнуўшы на сымбаль смерці, што знаходзіцца ў сэрэдзіне архітэктурнага ансамбля пад лесвіцай, якая вядзе да ўвахода ў сабор, мы выходзім праз браму на плошчу святога Юра і двойчы зварочваем налева, каб выйсці да парка імя Івана Франка. Дарэчы, плошча святога Юра з ХVІІ да пачатку ХІХ ст. мела назву плошчы Пад святым Юрам. Прыблізна да 1860 году тут адбываліся вядомыя далёка па-за межамі Львова свята-юрскія кірмашы, якія мелі высокае значэнне для эканамічнага развіцця Львова. Напрыканцы ХІХ ст. па плане інспектара гарадскіх паркаў Рэрынга плошчу ўпарадкавалі, на ёй былі пасаджаныя дрэбы і разбіты гарадскі парк. Побач з плошчай знаходзіцца таксама будынак навуковай бібліятэкі НУ “Львоўская Палітэхніка”, што быў пабудаваны ў 1934 годзе Т. Абмінскім. На франтоне будынка ёсць цікавы надпіс: “Hic mortui vivunt, et muti loquntur” - “Тут мёртвыя жывуць, а імі прамаўляюць”.
Што тычыцца парка Франка, то варта сказаць, што гэта найстарэйшы ў Львове і адзін з найстарэйшых у Еўропе паркаў. Яшчэ ў ХVІ ст. львоўскі мяшчанін Мельхіёр Шольц-Вальфовіч заклаў на сваіх уладаннях парк. У ХVІІІ ст. парк стаў уласнасцю месца, у яго цэнтральнай частцы пабудавалі арэну, дзе выступалі вандроўныя цыркачы. У 1799 годзе яго новы ўладальнік, П. Гехт, надаў парку новы выгляд у модным французскім стылі і пабудаваў казіно, дзе адбываліся прыёмы, банкеты і забавы. З тых часоў тут засталася толькі альтанка. У сярэдзіне ХІХ ст. парк зноўку стаў уласнасцю месца, яго аднавілі ў англійскім стылі - гэты выгляд у асноўным застаўся і дагэтуль. Зберагліся каля 50 відаў дрэваў і экзатычных і рэдкасных раслін. Помнік самому Франку стаіць на галоўным уваходзе ў парк і накіраваны ў бок Нацыянальнага універсітэта імя І. Франка - галоўнага ВНУ Львова. Універсітэт быў заснаваны ў 1794 годзе і зараз знаходзіцца ў колішнім будынку Галіцкага сейма. Гэты будынак быў пабудаваны ў 1877-1881 гг. архітэктарам Ю. Гахтэнбергам. У дэкараванні яго бралі ўдзел найлепшыя на той час мастакі і скульптары. На фасадзе універсітэта - мемарыяльныя табліцы, што прысвечаны вучоным Е. Лазарэнкавай, М. Зарыцкаму, В. Левіцкаму, М. Чайкоўскаму і Я. Бояі. Справа ад універсітэта знаходзіцца Будынак вучоных у колішнім будынку шляхецкага казіно. Элегантнасць яго інтэр’ераў знаходзіцца па-за канкурэнцыяй у Львове. Аднак сёння гэты будынак адкрыты для грамадскіх наведванняў толькі ў асабліва ўрачыстыя для горада дні. Злева ж ад універсітэта стаіць Цэнтральны корпус Нацыянальнага універсітэту “Львоўская Палітэхніка”, што быў пабудаваны ў 1877 годзе ў неарэнесансным стылі па праекце архітэктара Ю. Захарыевіча, якога тады ж абралі рэктарам універсітэта.
Атрымалася так, што мы са спадаром І. пайшлі якраз праз гэты будынак, а спадары Ч. і А. абыйшлі ЛНУ справа. Час ціснуў, як мог, і мы спрабавалі найхутчэй дасягнуць цэнтральнае плошчы - плошчы Рынак, каб там даведацца, ці можна забрацца на Ратушу. Там і дамовіліся сустрэцца з астатнімі, праўда, яны асабліва не спяшаліся альбо проста заблукалі паміж маляўнічых вулак Львова.
Мы са спадаром І., тым часам, выйшлі да плошчы Рынак і спыніліся. Плошча Рынак - гэта адная з найстарэйшых плошчаў Львова, яе гісторыя пачынаецца яшчэ з ХІV ст. Натуральна, з таго часу не засталося помнікаў - найстаражытныя будынкі паходзяць з ХVІ ст. Зараз плошча - гэта чатырохкутнік памерам 142х129 метраў, якія складаюць 44 камяніцы. Іх нумерацыя пачынаецца з №2 на сутыкненні Стаўрапігійскай і Друкарскай вуліц - паўночна-ўсходні “наріжнік” плошчы Рынак. Ад кожнага кутка плошчы выходзяць па дзве вуліцы, на ўсіх чатырох кутках сіметрычна расстаўлены фантаны з фігурамі Няптуна, Дзіяны, Амфітрыты і Адоніса працы львоўскага скульптара Г. Вітвера. Кожная з камяніц плошчы Рынак мае ўласную захапляльную гісторыю.
Цэнтральны пункт плошчы Рынак (а разам з тым, і ўсяго горада) - ратуша, будынак №1. Першая згадка пра існаванне львоўскае ратушы датуецца 1381 годам. Тады вялікі пажар знішчыў частку месца, згарэлі і магістратскія дакументы да 1381 года. Назва ратушы, гэтага сымбаля мясцовага самакіравання, як вядома, паходзіць ад нямецкага слова, што ў перакладзе азначае “ўрадны дом”. Гэтае слова немцы запазычылі ў італьянцаў. Сучасная ратуша Львова пабудавана ў 1827-1835 гг. па праекце відэнскіх архітэктараў Й. Маркля і Ф. Трэшэра. У той пабудове налічвалася 156 пакоеў і 9 вялікіх зал. На вежу вышынёю 65 метраў вядуць 350 прыступак, падымаючыся па якіх, можна паглядзець на дзейсную сістэму гадзінніка, які працуе з 1851 года. Каменныя ільвы ахоўваюць уваход у ратушу з 1928 году, саступіўшы месца новым у 1948 годзе, вырабленым мясцовым скульптарам Я. Дзіндраю. З 1994 года галоўны фасад ратушы ўпрыгожвае вялікі герб Львова, распрацаваны А. Грэчылам, І. і В. Турэцкімі.
Што тычыцца самых заўважных і прыгожых камяніц, то мы, канешне, не забудземся сказаць некалькі словаў і пра іх. Такім чынам, №2 - камяніца Бандзінэлі пабудавана ў 1583 годзе, а сваю назву атрымала ад прозвішча ўладальніка, італьянскага купца Раберта Бандзінэлі. Яго сваякі ў Італіі займаліся паштоваю справай. І таму, атрымаўшы каралеўскі прывілей на распаўсюд пошты, Р. Бандзінэлі ў 1629 годзе арганізаваў у сваёй камяніцы пошту для львавян. №4 - так званая “Чорная камяніца” з’яўляецца найранейшым помнікам мяшчанскага будаўніцтва эпохі Рэнесансу. Яна пабудавана ў 1588-1589 гг. Паўлам Рымлянінам або Пятром Барбонам на месцы даўняе сярэднявечнае будоўлі за кошт “памежніка” рускіх земляў, італьянца Тамаза дэ Альберці, які пасяліўся ў Львове. З 1929 года ў гэтай камяніцы размясціўся Гістарычны музей Львова. №6 - “Каралеўская камяніца” пабудавана архітэктарам Пятром Барбонам у 1580 годзе для вядомага львоўскага купца Канстанціна Карнякта; у памяшканнях першага паверха гандлявалі вінамі. З 1640 году будынак быў уласнасцю сваякоў Сабескіх, бацькоў наймагутнейшага караля Польшчы. У 1678 годзе камяніца была адрэстаўравана і перабудавана каралём Янам ІІІ Сабескім. У 1908 годзе быў размешчаны музей Яна ІІІ Сабескага, а з 1940 году - Гістарычны музей Львова. Надзвычай прываблівым для шматлікіх наведвальнікаў музею і турыстаў з’яўляецца Італьянскі дворык - унутранае падвор’е, зробленае па прыкладу італьянскіх пабудоў. Тут працуе кавярня, час ад часу адбываюцца выставы, прэзентацыі, канцэрты, разнастайныя гарадскія акцыі. №10 - палац Любамірскага, перабудаваны ў 1744 годзе з двух сярэднявечных камяніц архітэктарам Б. Мерэцінам. Тут была зроблена рэзідэнцыя аўстрыйскіх губернатараў Галіцыі. З канца ХІХ ст. будынак належыў таварыству “Просвіта”, ад гэтага часу тут месціліся рознага роду украінскія ўстановы. З 1975 году ў гэтай камяніцы былі размешчаны зборы мэблі і парцэляны Музею этнаграфіі і мастацкага промыслу. Музей экспануе калекцыю мэблі розных эпох, каштоўныя тканіны, габелены, вырабы з металу, зборы парцэлянаў і фаянсу. №14 - Масарыўская, або Венецыянская камяніца. У 1589 годзе архітэктар П. Рымлянін перабудаваў першасную гатычную камяніцу ў рэнесансным стылі. У ХVІІ ст. будынак належыў венецыянскаму консулу Антоніа дэ Масары. З таго часу над парталам будынку месціцца сымбаль месца-рэспублікі Венецыі - крыласты леў з разгорнутаю кнігаю і надпісам на ёй: “Pax tibi Evangelista Marce” - “Мір табе, Евангеліст Марк”. №23 - камяніца Шольцаў -Вальфовічаў пабудавана ў 1570 годзе, належыла вядомае купецкай сям’і, якая пакінула памятны след у гісторыі Львова сваімі дзеяннямі і мецэнацтвам. №24 - пабудавана ў сярэдзіне ХVІ ст. У 1707 годзе ў гэтым будынку расійскі цар Пётр І сустракаўся з дэлегацыяй львоўскага Стаўрапігійскага (Успенскага) брацтва. №28 - камяніца, пабудаваная ў 1610 годзе для доктара Паўла Гепнера, з’яўляецца адным з найяскравых помнікаў львоўскага свецкага рэнесансу. З кожнаю камяніцай рынкавай плошчы звязаны імёны выдатных грамадзян Львова: бургамістраў, патрыцыяў, купцоў, лекараў, кнігароў, друкароў, паэтаў і каралёў - гасцёў месца і яго заваёўнікаў. Па гісторыі плошчы Рынак можна вывучаць усю гісторыю Львова. Праход з плошчы Рынак да вуліцы Тэатральнай носіць назву пасаж Андрэолі. Тут швейцарскі кандытар Даменіка Андрэолі ў 1803 годзе адкрыў першую львоўскую цукерню.
Мы, тым часам, стаялі ля задняга кута ратушы, чакаючы кампан’ёнаў і водзячы вачыма па цудоўнаму наваколлю. Наперадзе красавалася нацыянальная, нават нацыяналістычная крама, у якой, напэўна, прадаецца шмат чаго цікаўнага і чорна-чырвонага. Як вядома, менавіта за адной з такіх камяніц на плошчы Рынак знаходзіцца знакамітая кавярня нацыяналістаў, куды да нядаўнага часу было даволі складана патрапіць “простаму смертнаму”. На ўваходзе ў гэтую кавярню трэба сказаць “пароль” - “Слава Украіні. Героям Слава!”. А йнакш не прапусцяць. А маскалям туды ўвогуле лепш не лазіць. Хаця, па праўдзе, дзе ім варта лазіць? J Аднак, апошнім часам, кавярня “апапсела”. Пра яе зараз ведаюць усе, гэта як нейкая “мека”, абавязковы пункт наведвання пры візіце ў Львоў. Вось і я вельмі хацеў туды трапіць, дарма, што зімою гэта не атрымалася.
Спадары Ч. і А. яшчэ недзе блукалі, таму мы вырашылі паглядзець, ці працуе яшчэ ратуша. На гадзінніку было амаль палова на восьмую, і нас, вядома, чакала няўдача. Дакладней, няўдача чакала не нас, а толькі тых, хто яшчэ не падымаўся на ратушу. Але надалей няўдача чакала менавіта мяне. Усе мае планы хуценька прабегчы па Львову разляцеліся з ветрам. Мы дачакаліся астатніх, і ў нас пачалася немаленькая спрэчка. Спадар Ч. і І. выступалі за тое, каб застацца ў Львове на наступны дзень, бо, маўляў, горад іх “зачапіў”. Я выступаў за тое, каб ехаць далей, бо наша мэта - горы. Спадару А. было ўсё роўна. Такім чынам, кампанія вырашыла за мяне, а мне засталося толькі трываць крыўду ў сабе. Перасказваць поўнасцю гэтую сітуацыю не варта, бо, як заўсёды, у кожнага свая праўда, але для мяне вечар быў канкрэтна сапсаваны. І нават танцы, што адбываліся на плошчы, ніяк не ўзнімалі настрой. У Львове пачыналася начное жыццё.
Я кпыху супакоіўся толькі хвілін праз трыццаць. Да цемры заставалася яшчэ каля гадзіны, і ў нас быў час прагуляцца, каб потым ісці на вакзал, глядзець расклад на заўтра, забраць рэчы, а заадно, думаць, дзе ночыць гэтую ноч. Спадар А. прапанаваў адразу некалькі варыянтаў, напрыклад, хостэл або месца, дзе быў намётавы гарадок некалькі гадоў таму, калі ў Львове быў нейкі вялікі фэст. Аднак усё гэта пакуль былі толькі варыянты. Паглядзеўшы на начны Львоў, падсілкаваўшыся ў кавярні пад назваю “Картопляна хата”, мы пакрыху датопалі да вакзала. Забралі рэчы і пайшлі адразу да таксістаў, спрабуючы даведацца пра тое месца для намётаў. Аднак і тут нас чакала няўдача; нам проста параілі не ставіць намёт у межах горада, бо могуць быць праблемы з мясцовымі. Сталі думаць, як быць далей. Ідэя з хостэлам, прынамсі мне, падавалася не вельмі ўдалай, бо, па-першае, ніхто не ведаў дакладна, дзе яго можна адшукаць, па-другое, невядомы быў і кошт. Я з кепскага настрою ўвогуле прапанаваў заваліцца ў кабак і “аджыгаць” там да самае раніцы. Спадар А., вядома, быў не супраць, аднак астатнія выказваліся за спакойную ноч. Нічога не вырашыўшы канкрэтна, мы здалі частку рэчаў, і патупалі зноў у горад. Па дарозе спыталі ў некалькіх людзей пра хостэлы, аднак нічога зразумелага так і не пачулі. Тут ініцыятыву на сябе ўзяў спадар І. Спачатку ён падыйшоў да таксіста, доўга штосці яму тлумачыў, потым сказаў нам, што “дабазарыўся”, што той за вызначаную суму грыўняў завязе нас туды, дзе можна будзе паставіць намёт. Але нам гэты варыянт не вельмі спадабаўся. Потым ён забег у першы ж “матэль”, дзе за 200 грывен дамовіўся пра ноч. Тут мне, праўда, прыйшла ідэя, пра якую чамусьці ніхто не падумаў раней. А як жа зала чакання на вакзале? Пайшлі правяраць. Зала там апынулася не ахці, аднак былі софы і за 10 грывен за гадзіну можна было адпачыць. І, самае галоўнае, нікога не было. Таму мы вырашылі пагуляць яшчэ некалькі гадзін, а потым прыйсці калі што сюды і паспаць 4-5 гадзін. Калі што - гэта калі нічога лепшага не будзе сустрэта.
Зноў пацягнуліся да касцёла святой Эльжбеты, набылі па дарозе піва, прайшлі па Гарадоцкай да таго самага парка пад касцёлам святога Юра і селі на лаўках. Людзей пакуль яшчэ хапала, а аднойчы нават праехалі паліцэйскія, страшна напужаўшы спадара І. Але хутка мы засталіся ў парку амаль зусім адны. Былі яшчэ і вожыкі. Так, менавіта вожыкі, якія не баяцца лазіць амаль па самаму цэнтру горада. Так мы і сядзелі пад іх рохкат, пілі піва ды гутарылі пра тое-сёе. А я яшчэ і заснуў прама на лаўцы. Каля двух ночы мяне разбудзілі, і мы патупалі назад. Начны халадок пранізваў цела, рэдкія гукі непакоілі вушы, абыякавыя думкі турбавалі свядомасць. На скрыжаванні Гарадоцкай і вулкі, што вядзе да вакзала, мы супыніліся, спадар І. пабег наперад зноў у той “гатэлёк”, а мы са спадаром А. пайшлі набыць сабе па хот-догу. У адрозненні ад нашых краёў, тут гэтага дабра можна сабе набыць і глыбокай ноччу. За восем грыўняў мы ўзялі сабе велізарныя хот-догі, апасля спадар Ч. прынёс цікавыя весткі. На гэты раз за 120 грывен мы маглі заваліцца ў “матэль”. Што гэта быў за “матэль”? Ні святла, ні гарачае вады, адзін ложак. Аднак тут быў хоць ложак. А спадар І. вырашыў спаць на падлозе ў спальніку. Мы ж утрая ляглі на ложак. Было як смешна, так і цесна. Але хоць неяк. Так і заснулі каля трох. Каб ужо ўстаць у шэсць трыццаць....