“Філядэльфійскі Саюзьнікі”,
альбо Каманда, створаная заўзятарамі
Сталіцы - дык адразу дзьве, галы - дык трукамі з капялюшом, гледачы - дык дзесяткамі тысяч, адкрыцьцё - дык з удзелам вышэйшых асоб, сьвята - дык са смуткам, піва - дык ручаём, інтрыгі - дык напоўніцу, перамога - дык з салютам. Так выключна па-амэрыканску сустракала першая сталіца краіны другую, а разам з ёй і новага госьця на прасторах гораду братэрскай любові - футбол эўрапейскі.
Аўтар: Дзяніс Талпека, ака dyk
10 красавіка на стадыёне для амэрыканскага футболу “Лінкальн Файнэншыал Філд” (Lincoln Financial Field) каманда па соккеру «Філядэльфія Юніан» (Philadelphia Union) згуляла першую хатнюю сустрэчу ў гісторыі.
34 тысячы 870 гледачоў з улікам гасьцей з Вашынгтону, прыехаўшых падтрымаць свой “Дзі Сі Юнайтэд” (DC United), пабачылі на свае вочы і першую перамогу філядэльфійцаў.
Той самы гістарычны склад "саюзьнікаў" . З падтрымкай сям'і Байдэна
МЛС: ці МАРЫ ЛІГІ СПРАЎДЗЯЦЦА?
Новай для амэрыканцаў гульні даводзіцца вытрымліваць неверагодную канкурэнцыю на спартыўным рынку краіны. Канкурыраваць з амэрыкафутбольнай НФЛ (NFL), бэйсбольнай МБЛ (MBL), баскетбольнай НБА (NBA) і хакейнай НХЛ (NHL) лізе соккера МЛС (MLS) пакуль рана: яны знаходзяцца пакуль у розных вагавых катэгорыях, гаворачы мовай адзінаборцаў. Аднак сьвет напрыканцы танэлю бачны. І гэта адназначна не ідучы насустрач цягнік.
Шлях да сэзону чарговага для лігі быў складаны. Яшчэ за тыдзень да першых сустрэч у чэмпіянаце не было дакладных дадзеных ці распачнецца сэзон і ўжо ўслых пачалі выказвацца меркаваньні пра магчымасьць лакаўту. Але прадказальна пагадненьне паміж прадстаўнікамі гульцоў, лігай і ўласьнікамі было ўсё ж дасягнута. Таксама па-амэрыканску - пад націскам дэдлайну, на падаючым сьцяжку: перамовы, якія вяліся ўсю міжсэзонку, выліліся нарэшце ў новую калектыўную дамову. Падпісаная 20-га сакавіка, яна будзе дзейнічаць на працягу бліжэйшых пяці гадоў.
Першая прычына такога зацягненьня перамоваў - звычайная для Амэрыкі - грашовая. Бо МЛСаўцаў можна лічыць жабракамі ў параўнаньні з іншымі прафэсыйнымі лігамі ЗША. Толькі адна лічба для тых, хто хоць калі-небудзь чуў пра памеры заробкаў гульцоў у прафэсыйных лігах Амэрыкі, скажа ўжо шмат: у МЛС даволі шмат гульцоў зарабляюць за год у раёне 30-ці тысяч даляраў.
Для інфармацыі: заробак у 10 даляраў за гадзіну (г.зн. каля 20 тысяч за год) - мяжа, ніжэй якой па амэрыканскіх мерках жыве ўжо сапраўдная бедната. Таму некаторыя саккерысты, як бачым - нават не сярэдні кляс. У новым годзе ў адпаведнасьці з калдамовай заробкі футбалістаў вырастуць, ды для іх прадугледжаны больш спрыяльны трансфэрны рэжым.
Разам з паляпшэньнем умоў працы для футбалістаў і бізнэс-прывабнасьць соккеру паступова павялічваецца. У мясцовы футбол пачынаюць з большым жаданьнем прыходзіць гульцы з гучнымі імёнамі ды багатыя спонсары, плюс будуюцца новыя стадыёны - вельмі істотны фактар для разьвіцьця гульні.
Стадыён 80-тысячнік
Тры каманды на працягу апошніх сэзонаў ужо спрацавалі ў бухгалтарскім балансе ў плюс: навічок “Сыэтл Саўндэрз”, канадскі ФК “Таронта” ды дзякуючы Дэвіду Бэкхэму спрабуючы выглядаць гламурна амэрыканскі “галактыкас” - “Лос-Анджэлес”.
У сэзоне-2010 у мацнейшым футбольным клюбным турніры ЗША будзе гуляць ужо 16 каманд. Ліга працягвае пашырацца, выходзячы на новыя рынкі. У мінулым годзе франшызу МЛС набыў “Сыэтл”, зараз да лігі далучылася “Філядэльфія”. У 2011-м пачнуць гуляць “Портлэнд” і “Ванкувэр”. Крыху пазьней амэрыканскі соккер мае пляны пашырыцца да 20-ці каманд.
...Гледзячы ўважлівей на соккер, разумееш, што на амэрыканскай прасторы ў сусьветнай гульні нумар адзін ўсё наперадзе. Футбол-соккер заваёўвае новыя амэрыканскія сэрцы, а разам з імі і гарады. У яго гуляюць ва ўнівэрсітэтах ды школах. Для бацькоў занятак “інтэлігентным” соккерам становіцца часаправядзеньнем іх дзяцей больш прыязным, чым зубадрабільныя хакей і амэрыканскі футбол, татуіровачна-разгульны баскетбол ды маларухомы бэйсбол. Колькасьць прыяжджаючых у ЗША з Эўропы, Мэксікі ды іншых футбольных рэгіёнаў сьвету толькі ўзрастае. Футболу становіцца ўсё больш на тэлевізіі, у друкаваных ды электронных мэдыях. Зборная стабільна выходзіць у вырашальныя стадыі чэмпіянатаў сьвету і займае топ-пазыцыі у рэйтынгу ФІФА. За нацыянальнай камандай на галоўныя спаборніцтвы чатырохгодзьдзя езьдзіць адна з найбуйнейшых груп заўзятараў: па колькасьці набытых квіткоў ў Паўднёвую Афрыку амэрыканцы - у лідэрах. Глядзіш - і праз якія пяток гадоў соккер увойдзе ў лік “зорна-паласатых” топ-ліг.
ПАБАЧЫЦЬ СОККЕР І...
Віцэ-прэзыдэнт на трыбуне - металашукальнікі тут як тут. І паліцыя. Вясёлая і, на першы погляд, немнагалюдная.
...Гэтага дню Філядэльфія чакала доўгі час. Асабліва нецярплівай была група падтрымкі каманды “Сыны Бэнавы”. Неіснуючай каманды. Дакладней - неіснаваўшай. Так-так, не зьдзіўляйцеся. У горадзе братэрскай любові на працягу апошніх трох гадоў актыўна разьвіваўся футбольны фан-рух. І расьлі яны без сваёй каманды. У якасьці трэніровак яны наведвалі гульні мініфутбольнай каманды “Кікс” (Philadelphia Kixx) ды выяжджалі да суседзяў-супернікаў у Нью-Ёрк выключна з мэтай падараваць сваё гучна-абураючае філядэльфійске “буууу” іх “Чырвоным Быкам” (New York Red Bull).
Хто гуляў з іх заўсёднымі канкурэнтамі з Вялікага Яблыка для іх было малаістотна: яны пелі песьні філядэльфійскія ды балелі супраць Нью-Ёрку...
І вось нарэшце яны дамагліся магчымасьці пазаўзятарыць і за сваіх.
“Сыны Бэнавы” (Sons of Ben) утварыліся ў 2007-м годзе і адразу распачалі актыўную дзейнасьць, накіраваную на стварэньне сваёй каманды МЛС у горадзе, дзе Бэн Франклін падпісаў з іншымі бацькамі-утваральнікамі нацыі Дэклярацыю Незалежнасьці ЗША. Менавіта пэрсонай спадара Франкліна і яго сувязьзю з Філядэльфіяй можна патлумачыць шматлікія сымбалі на лягатыпе “Сыноў”: блакітна-жоўтыя колеры, ключ, акуляры, электрычныя маланкі, паветраны зьмей у форме алмаза-ромба, раскол на чэрапе як адлюстраваньне падобнага разломы на знакамітым амэрыканскім Звоне Свабоды (Liberty Bell).
Беларуская група падтрымкі "саюзьнікаў"
Да 2010-га года галоўнай мэтай групы падтрымкі - менавіта так прынята называць у ЗША арганізаваныя фан-рухі - было нараджэньне ФК у сваім горадзе. Зараз яны нарэшце могуць заняцца тым, што і павінны рабіць фанаты - падтрымліваць сваю каманду. А сваёй каманды ў горадзе не было апошнія 30 гадоў.
СОККЕР ЯК “ТАННАЕ” АМЭРЫКАНСКАЕ ВІДОВІШЧА: САРАКЕТ. МІНІМУМ.
Набыцьцё квітка на першую гульню “Філядэльфіі Юніан” не было праблемай для жадаючых наведаць сустрэчу. 68-тысячная арэна “Лінкальн Файнэншыал Філд” была здольная прыняць іх усіх. У адрозьненьні ад амэрыканскага футболу ажыятажу на ўсе 68 тысяч соккер не выклікае пакуль.
За магчымасьць паглядзець што ж такое гэты самы соккер ёсьць сваімі вачыма трэба было выкласьці ня меньш за 28 даляраў (плюс ў большасьці выпадкаў 10 за набыцьцё квітка анлайн) для тых, хто хацеў падтрымаць каманду у сэктары разам з “Сынамі Бэнавымі”. За куды больш звычайны амэрыканцам “сядзяча-прысмакава-напойны” прагляд спартыўных гульняў квіткі каштавалі ад 33 да 100 даляраў. Для параўнаньня мінімальны кошт на сустрэчу па амэрыканскім футболе ў Філядэльфіі выкладваюць не меньш за сотню даляраў, а на некаторыя гульні рэгуляркі - кошты мінімальныя скочуць за 150. Максымум? Амаль не абмежаваны: на адну гульню ёсьць квіткі і за некалькі тысяч даляраў.
ПАЕХАЛІ ПАТАЙЛГЭЙЦІМСЯ!
Для ЗША знаходжаньне стадыёна па-за межамі гораду - звычайная справа. Гэтак і ў Філядэльфіі, каб патрапіць на гульню футбольную ці соккерную, бэйсбольную, хакейную ці баскетбольную трэба выехаць за горад. Звычайна гэта робяць на сваім аўто, але і з дапамогай транспарту грамадзкага дабрацца да спартыўнай часткі Філы - а тут побач за пяць хвілін хадзьбы адна ад другой месьцяцца арэны філядэльфійскіх “Іглз” (Eagles) ды “Фільліс” (Phillies) і сумесная “76-х” (Sixers) і “Флайерз” (Flyers) - не выклікае праблемы: паўгадзіны і вы на месцы.
Для тых, хто едзе на сваім аўто, трэба падрыхтаваць яшчэ 15-20 даляраў для аплаты паркоўкі на адной са шматлікіх стаянак паблізу ад стадыёнаў, якія здольны размясьціць на сваіх плошчах да 22-х тысяч аўтамабіляў.
Што цікава, менавіта паркоўка зьяўляецца адным з найбольш папулярных месцаў для правядзеньня часу непасрэдна перад любым спартыўным мерапрыемствам. Для гэтага ў ЗША існуе нават спецыяльны тэрмін - тэйлгэйцінг.
Каля “tail” (хвост з англійскага) ды “gate” (вароты, брама) - задніх дзьвярэй - свайго жалезнага сябра і бавяць час амэрыканцы, устройваючы пікнікі, гатуючы любімыя барбэкю, папіваючы ў вясёлай ды пераважна даволі шумнай кампаніі піва, прадумана прывезенае сюды ў сваіх вялізных і ня вельмі перасовачных лядоўнях. Такі перадгульнявы плян дазваляе эканоміць на нятанных стадыённых прадуктах: падласаваўшыся да сустрэчы дзьве - дзьве з паловай гадзіны на арэне можна абыйсьціся без ежы і напояў.
Чэргі ў дзесяткі мэтраў падштурхоўваюць да зварочваньня разьбітага лягеру (некаторыя прычым ізноўку вяртаюцца на свае месцы пасьля гульняў) і вымушаюць сунуцца ў бок стадыёна, каб не прапусьціць першы ўдар у афіцыйнай гульні ў Філядэльфіі-футбольнай. Задзейнічаньне віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў царамоніі запуску філядэльфійскіх “саюзьнікаў” на арбіту МЛС, і таму прынятыя дадатковыя меры бясьпекі перашкодзілі некалькім тысячам завісшых на варотах гледачоў пабачыць першую палову стартавага тайму.
Ператэйлгэйціліся?..
За шэрагамі тэйлгэйцершчыкаў можна пабачыць і хакейную арэну, названую імём банка-банкрота - "Ваковіа Цэнтар"
Чатыры уваходы на стадыён, абсталяваныя мэталадэдэктарамі, абслугоўваюцца ветлівымі супрацоўнікамі службаў бясьпекі. Кожны з наведвальнікаў стадыёна на столік выкладае электронныя прыборы, манеты, ключы ды іншыя мэталічныя прадмэты, паказвае для агляду сумкі, суне “чалавеку-сканэру” раздрукаваны дома квіток - і шлях на трыбуны адкрыты.
ЯК ЗАВАЁЎВАЕЦЦА ПРЫХІЛЬНАСЬЦЬ
Спонсары спартыўных мерапрыемстваў выкарыстоўваюць любую магчымасьць, каб патрапіць на вочы і ў рукі верагодных будучых спажыўцоў сваіх сэрвісаў ды прадуктаў. З першых пасьлясканэрных крокаў гледачам прапануецца бясплатная прадукцыя, ад якой адмаўляюцца нямногія: мэтавая аўдыторыя вывучана добра.
Усе, хто пажадае, атрымліваюць так распаўсюджаныя на стадыёнах Амэрыкі невялічкія шалікі-рушнікі. Побач з лягатыпам “Філядэльфіі Юніан” - абавязковы значочак спонсара ў адным з куточкаў: на гэты раз атрыбутыкай на гульню забясьпечыла тэлекампанія ABC. “Шосты канал” плянуе паказваць шэраг гульняў “саюзьнікаў” у стартаваўшым сэзоне і чарговы раз зьвяртае на гэта ўвагу такім даволі эфэктыўным спосабам: для сапраўднага заўзятара важна захаваць шалік з блакітна-залатымі колерамі з першай хатняй гульні каманды. 30 тысяч шалікаў за адзін даляр кожны будуць раклямаваць кампанію яшчэ доўгі час.
На куды больш істотныя затраты ідуць кампаніі, каб патрапіць на больш прывабныя і кідаючыеся ў вочы раклямныя плошчы. Уладальнікам арэны - камандзе па амэрыканскаму футболу “Іглз” - каб называцца 21 год імём “Лінкальн Файнэншал” кампанія заплаціла 139,6 мільёнаў даляраў. Прададзены правы і на назвы ўваходных варотаў кампаніям “Пепсі” (Pepsi) і “Комкаст” (Comcast) ды раклямная плошча на адным з бакоў стадыёна авіякампаніі “ЮэС Эйруэйз” (US Airways).
На стадыёне наведвальнікаў чакаюць бясплатныя праграмкі з календаром гульняў на сэзон ды інфармацыяй пра хуткае адкрыцьцё выключна футбольнага стадыёну - “ПіПіэЛ-Арэны” (PPL Arena) - ды кошты на сэзонныя абанэменты. Адзін позірк на прайс дазваляе зрабіць выснову, што таму, хто мае пляны наведваць усе хатнія гульні каманды, выключна выгадна набыць менавіта квіток на ўвесь чэмпіянат адразу: атрымліваецца, што 5 з 15-ці (ці з улікам верагоднага плэй-офу і 7-мі з 17-ці) гульняў будуць для такога пакупніка “бясплатнымі”. Пра абавязковую наяўнасьць спонсараў на адной з бачын праграмкі ды календара можна ўжо і не ўзгадваць.
Дарэчы, энэргетычная кампанія “ПіПіэЛ” за 11 гадоў прысутнасьці ў назве стадыёну заплаціла 20 мільёнаў - шостую частку ад агульнага кошту пабудовы стадыёну на 18 тысяч 500 месцаў. У параўнаньні з узведзенай за 220 мільёнаў і адкрытай таксама сёлета нью-ёркаўскай “Рэд Булл Арэнай” (Red Bull Arena) на 25 тысяч ці куды больш блізкай нам “Мінск-Арэнай” з яе мінімум трыма сотнямі мільёнаў выдаткаваных сродкаў - проста капейкі нейкія. Канешне, тое - хакей, але ж Беларусь і не Амэрыка з яе часовым мінімумам заробкаў у 8 даляраў для не- ці нізкакваліфікаванай працоўнай сілы...
Для продажу атрыбутыкі на стадыёне ёсьць фан-шоп. Праўда, разьвіцьцё анлайн-продажаў на амэрыканскім рынку на сёньня дазваляе клюбам амаль цалкам забясьпечваць патрэбы сваіх заўзятараў не ў краме стадыённай (хоць, безумоўна, і тут усё на высокім узроўні), а з дапамогай разнастайных сеціўных сэрвісаў: яны эканомяць і грошы спажыўца, і яго час ды намаганьні.
ПІВА - РУЧАЁК, А ЕЖЫ - МОРА
“Халява” сканчваецца, калі хочацца пад’есьці: цукровая вата, хот-догі, іншыя прысмакі ды піва бясплатнымі ну ніяк быць ня могуць - амэрыканскія “райспажыўсаюзьнікі” зарабляюць за гульню сотні тысяч даляраў на продажы ежы і напояў штосустрэчу. Чэргі за півам у спэцыяльных павільёнах, прысутнасьць якіх на стадыёнах Амэрыкі - такая ж неабходнасьць, як наяўнасьць разметкі ды варотаў на полі - трымаліся да таго часу, пакуль гэта самае піва ня скончылася (няўжо, не разьлічылі маркетолагі прыязнасьць футбольнага люду да гэтага напою?).
Несупынна працуючыя на працягу гульні на кожным з сэктароў глашатаі ды прадавачкі-шпацыроўшчыцы інтэнсыўнай працай перакладвалі грошы пакупнікоў з іх кішэняў на банкаўскія рахункі “спажыўсаюзаў” філядэльфійскага рэгіёну з высокай хуткасьцю і ў гэты па-вясноваму прыемны вечар.
Мора жадаючых падмацавацца гамбургерам ці хот-догам, абдаўшы нутро ручаём пеннага напою, на амэрыканскіх стадыёнах не высахне ніколі: маркетынгавыя мадэлі накіраваны на заахвочваньне менавіта такога часаправядзеньня на арэнах краіны.
СОККЕР-ФАНЫ І БЭЙСБОЛЬНЫЯ СОККЕР-ГЛЯДАЧЫ
Ва ўсіх топ-лігах гэта правіла дзейнічае амаль без збояў ды выключэньняў. Арганізаваных груп падтрымкі, звычайных для футбольных стадыёнаў Лацінскай ды Паўднёвай Амэрыкі, баскетбольных, гандбольных, хакейных ды футбольных ліг Эўроп, у Амэрыцы па сутнасьці няма: паход на футбол, баскетбол, бэйсбол, хакей, валейбол ці лакрос абмяжоўваецца ў пераважнай большасьці выпадкаў апрананьнем у саколкі любімай каманды, памахваньнем ручнічка-шаліка сваіх колераў, клічамі “D-Fence” ці “Let`s go (паставіць імя сваёй каманды)” ды абавязковым “boooo” у бок праціўніка ды лаянкамі на арбітраў.
Бэйсбольны стадыён - за некалькі соцень мэтраў ад футбольнага
Новую мадэль паводзінаў на стадыёнах ЗША пачаў прыносіць эўрапэйскі футбол. Соккер з яго фанацкімі групамі, песьнямі, крычалкамі, рэючымі сьцягамі, шалікамі, барабанамі ды не садзячыміся на свае месцы на працягу ўсіх 90 хвілін гульні заўзятарамі - пакуль дзіковінка для “зорна-паласатай” Амэрыкі.
Першы выхад гульцоў “Філядэльфіі Юніан” на поле ў сваім горадзе вітала каля 25-ці тысяч чалавек. Каля дзесятка тысяч загуляўшыхся тэйлгэйтэраў, не знаёмых з рэаліямі працы стадыённага КПП ды проста завязшых у шматмэтровых чэргах, знаходзіліся ў гэты момант толькі на подступах да варот стадыёна. Недзе траціна ад абвешчанай напрыканцы гульні колькасьць гледачоў у 34 тысячы 870 ртоў не пабачылі самы першы гол сваёй каманды і палову першага тайму.
Фан-сэктары таксама былі запоўнены на той час толькі крыху больш, чым напалову. Але група “Сыноў Бэнавых” была прыемным выключэньнем з агульнага “пробкавага” трафік-правіла: хлопцы ў нябесна-блакітных саколках арганізавана зараджала стадыён сваімі крычалкамі ды зьвярталі на сябе ўвагу футбалістаў ды “кузьміч’я” з іншых сэктароў.
А сталічную групу падтрымкі гасьцей пасадзілі ажно на трэці ярус стадыёна над (!) інфармацыйным таблё: гаспадары арэны не царамоніліся з выбарам, дэманструючы выключную гасьціннасьць. І асаблівага зьдзіўленьня не выклікаў той факт, што выходзіўшыя з фан-сэктару “Сыноў” пасьля гульні пыталіся: “А што, вашынгтонцы не прыехалі?” Аказваецца, суппорт-групу самага заслужанага клюбу ЗША - чатыры тытулы - на стадыёне ў філядэльфійскім фанацкім сэктары некаторыя не то што не чулі - нават не бачылі.
Рэакцыя прыходзячых на соккер гледачоў у бэйсбольных саколках, баскетбольных бэйсболках ды хакейных швэдарах на фанацкія краявіды трыбун часта апісвалася распаўсюджаным ёмістым амэрыканскім выразам: “What a fuck! Who the hell are they?” Як вынік, “ядроны батон” “блакітна-жоўтых” зарадаў (супадзеньне з батонамі барысаўскімі выключна выпадковае - заўвага dyk) некалькіх фанацкіх сэктароў вымушае чувака ў бэйсболцы “Phillies” на некаторы час спыніць хот-дожныя працэсы перажоўваньня.
Амэрыка, асабліва паўночныя штаты, дзе прысутнасьць гішпанамоўных мэксіканскіх выхадцаў - пакуль найбольш шматлікай у ЗША групы аматараў самай папулярнай гульні ў сьвеце - не настолькі вялізная, як у паўднёвых, яшчэ не прызвычаілася да такога віду падтрымкі. Але падмурак для імклівага разьвіцьця фан-руху закладзены добры.
Соккер-фаны на дадзены момант ужо самыя арганізаваныя ў краіне дзядзі Сэма. А вось каб паспрачацца па шумавым узроўні з 70-80-тысячнай вакханаліяй спаборніцтваў па амэрыканскім футболе трэба соккеру яшчэ прырастаць масай.
Пакуль жа фаны заходнеўзьбярэжных “Чываса” і “Гэлаксі” з латынанасычанай Каліфорніі ды на дадзены момант самага пасьпяховага бізнэс-праэкту МЛС канадзкага “Таронта” выглядаюць больш арганізаванымі, прыгожымі і магутнымі, але фанацкія рэзэрвы ў філядэльфійцаў багатыя. За два дні пасьля першай хатняй гульні каманды афіцыйная старонка “Філядэльфіі” у сацыяльнай сэтцы “Фэйсбук” (Facebook) павялічылася больш чым на 30 сотняў прыхільнікаў: на сярэдзіну красавіка іх ужо больш за 27 тысяч.
Таму філядэльфійскаму бэйсбольнаму dude прапанаванае соккерам відовішча падабаецца. Тысячам навічкоў у групе, як бачым, таксама. Амэрыка наогул балдзее ад рознага кшталту шоў. А тут яно яшчэ і на трыбунах даволі добрай якасьці.
Можна быць упэўненым, што той бэйсбольны чувак вернецца на трыбуны футбольныя ізноў. Праз некаторы час ўжо ў бэйсболцы, а можа нават і ў саколцы соккерных “Юніан”. А яшчэ і сяброў з сабой пакліча абавязкова.
...Так працуе тая самая амэрыканская спорт-мадэль.
ПРЫЕХАЎ - ПАБАЧЫЎ - ВЯРНУЎСЯ ІЗНОЎ
Маркетынгавая схема, накіраваная на пастаяннае вяртаньне спажыўца ў сваю краму працуе ў ЗША, бадай, лепш, чым дзе-небудзь яшчэ ў сьвеце. Разнастайныя інфармацыйныя нагоды шырока выкарыстоўваюцца бізнэс-службамі спартыўных каманд, каб павысіць велічыню грашовых хваляў спажывецкага рэсурсу, накатваючых на іх вотчыну.
Выезд пасьля гульні, па словах заўзятараў з досьведам, нягледзячы на амэрыканафутбольныя амаль 70-тысячныя аншлагі, у большасьці выпадкаў не патрабуе больш за паўгадзіны, каб пакінуць спартыўную частку Філядэльфіі. Што ўжо казаць пра соккерныя толькі 35 тысяч.
Толькі 35 амэрыканскія - гэта дарэчы максымальная безказырковая велічыня галоўнай арэны Беларусі менскага стадыёна “Дынама”.
Пасьля такога візыту сюды хочацца вярнуцца яшчэ раз. А значыцца намаганьні маркетынгавых, тэхнічных, лягістычных ды іншых службаў, а таксама сотняў чалавек абслугоўваючага пэрсаналу дасягнулі галоўнай мэты.
ФОКУСЫ АМЭРЫКАНСКАЙ ГУЛЬНІ
10 красавіка 2010 году. Гэты дзень увойдзе ў гісторыю Філядэльфіі. Дата, якую будзе ўзгадваць увесь сьвет у сувязі з трагедыяй у Заходняй Расеі пад Смаленскам, для філядэльфійцаў будзе адзначана і сьветлым колерам: у першай афіцыйнай гульні па футболе ў горадзе братэрскай любові сустрэліся “Філядэльфія Юніан” і “ДзіСі Юнайтэд”.
Сьвяточны "запуск" "саюзьнікаў" на соккер-арбіту МЛС
...Эмоцыі аднаго чалавека на арэне ў гэты дзень апісаць словамі было, напэўна, немагчыма. Трэнер філядэльфійцаў, а ў былым настаўнік маладзёвай каманды ЗША і памочнік хэдкоўча нацыянальнай “зорна-паласатай” дружыны Петр Новак згубіў у гэты дзень пад Катынью не толькі прэзыдэнта сваёй краіны, але і некалькі сяброў, якія ляцелі ўшанаваць памяць тысяч польскіх (і беларускіх дарэчы - заўвага dyk) афіцэраў, забітых у 1940-м годзе.
Хвіліна цішы на стадыёне
...Сьпеў амэрыканскага гімну ў дзесяткі тысяч галасоў пад гукі армейскага аркестру, жалобная хвіліна цішы (цікава, што перашкодзіла гэтаму рытуалу ў Беларусі, дзе таксама гуляліся сустрэчы чэмпіянату?) ды грамагласныя зарады фан-сэктару - такое 5-хвіліннае падарожжа па сінусоідзе настрою заўзятарскія нэрвовыя сыстэмы, гэтак моцна выбухнуўшыя эмоцыямі яшчэ да старту гульні, перажываюць зусім нячаста.
...У сьвяточнай царамоніі, прысьвечанай першай хатняй афіцыйнай гульні каманды “Юніан”, прынялі ўдзел віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, мэр Філядэльфіі Майкл Натэр і камісіянэр МЛС Дон Гарбэр.
Першы удар у выкананьні 5-гадовай унучкі Байдэна Наталі
...Самалёты з розных кутоў сьвету, ідучыя на пасадку ў міжнародны аэрапорт Філядэльфіі. Такую замалёўку пабачыць падчас футбольнай гульні яшчэ не выпадала. Больш за паўсотню рознапамерных летакоў прызямлілася за 90 хвілін гульні на пасадачную паласу ў прыкладна 7-8-мі кілямэтрах ад стадыёну.
...Трук з капелюшом Себасьцяна Ле Ту падараваў гораду і заўзятарам першую перамогу ў гісторыі каманды. Гол галавой пасьля флангавага навесу, завяршэньне выхаду сам на сам ды пераможны стрэл непасрэдна са штрафнога - такой выніковай разнастайнасьцю і высачэннай эфэктыўнасьцю выбухнуў француз у суботу, якую будуць памятаць ён і дзесяткі тысяч філядэльфійцаў усё жыцьцё.
...Пасьягульнявая авацыя задаволенай публікі і радасьць гульцоў-пераможцаў былі расквечаны салютам над арэнай.
...Інтрыгу да найвялікшага напружаньня зацягнуў нечаканым фокусам і брамнік філядэльфійцаў Крыс Сайтс. Пры ліку 2:1 ён, выбіваючы мяч у поле, выраніў яго з рук: супернік скарыстаўся нечаканым падарункам.
І хто яго ведае, можа, бяз гэтага ляпу-матыля, ці была б першая перамога настолькі салодкай?!. Такі амэрыканскі хэпі-энд першага дня ў соккернай Філядэльфіі быў вельмі дарэчы. Асабліва пад пасьлягульнявы салют. Пераможны.
...Сцэнары, якія пішуць футбалісты МЛС разам з тысячамі сваіх прыхільнікаў, ужо зараз аддаюць галівудскай раскошай.
НА ВЫРАСТ: ФУТБОЛ, СОККЕР ІДЗЕ!
Такім чынам, ужо шаснаццатая каманда МЛС знайшла свой горад. Сваю аўдыторыю і яе прыхільнасьць “саюзьнікам” прыйдзецца заваёўваць цяжкай працай.
Адкладаемае ўжо ў каторы раз адкрыцьцё спэцыялізаванай “ПіПіэЛ-Арэны”, безумоўна, 27 чэрвеня (калі не будзе чарговага пераносу) чакае аншлаг. А вось колькі зьбярэ другая хатняя гульня “саюзьнікаў” амаль праз месяц 15-га траўня на амэрыканафутбольным “Філд” з “Даласам” - сапраўды цікава. Бо ў каманды няма таронтаўскага 17-тысячнага сьпісу заўзятараў, якія чакаюць сваёй чаргі на запаветны сэзонны квіток.
Нягледзячы на бачную няўзброеным вокам прывабнасьць філядэльфійскага рынку для соккера, новая арэна, якая разьмесьціцца за прыблізна 20 кілямэтраў ад галоўнай спартыўнай пляцоўкі гораду, будзе здольная прыняць толькі (нехта ў Беларусі ўсё яшчэ яшчэ кажа пра непапулярнасьць футболу ў ЗША?) 18,5 тысяч гледачоў. Маркетынгавыя дасьледваньні, якія так любяць і шануюць амэрыканскія рыначнікі-бізнэсмэны спартыўнай індустрыі, паказалі на аптымальнасьць менавіта такога памеру стадыёна для горада.
Але чамусьці падаецца, што філядэльфійскі тынэйджар-соккер на маркетынгава-інфармацыйных “зорна-паласатых” харчах здольны вырасьці з гэтых памераў ужо ў самы бліжэйшы час.
Рыхтуйся, футбол, соккер ідзе!