Анры і відовішчаў - мала. Яшчэ б сала... эээ... Hleba

Jul 30, 2010 00:42

АНРЫал-ФУТБОЛ У ВЯЛІКІМ ГОРАДЗЕ, альбо ЧАРГОВЫ ПАЙШОЎ

Як раскладваюць Анры на артыкулы. Чаму “бычкам” патрэбен мэксіканец. Украінскае мінулае, эстонскае сёньня і грузінскае заўтра “яблыкавага” соккера. Ды запрашэньне ў госьці чарговага “барсюка”: беларускія амэрыканцы хочуць ня толькі відовішчаў, але і Hleba.



З ранейшых сэрыяў МЛС-летапісу беларуса ў ЗША: “Філядэльфійскі Саюзьнікі”, альбо Каманда, створаная заўзятарамі.
Здымкі: Яўген Крапіва, ака zidaner

MLS CAST

Шэраг гучных дэбютаў амэрыканскага соккеру-2010 працягваецца. Пасьля таго, як увесну раскрыў свае вароты для заўзятараў нью-ёркскі стадыён “Рэд Бул Арэна”, як сустрэлі філядэльфійцы сваіх “саюзьнікаў” ды як тыя сталі гаспадарамі свайго дому на 18 з паловай тысяч чалавек у “ПіПіэЛ-Парку”, Злучаныя Штаты цёпла віталі прыезд на кантынент чарговай зоркі. І Цьеры Анры аддзякаваў ім узаемнасьцю ўжо ў першым матчы на амэрыканскім кантынэнце - супраць англійскага "Тотэнхэму".



Распачаўшы свой амэрыканскі летапіс, французкі казачнік-рукапрыкладчык выкарыстаў негалівудзкую мадэль сцэнара.

ХЭПІ-СТАРТ

А як яшчэ можна назваць гол француза ў вароты брытанцаў на амэрыканскай тэрыторыі! Саладзейшай магла стаць толькі перамога “зорна-паласатых” “бычкоў” ;) Але хэпі-працяг наперадзе. Да хэпі-энду ж яшчэ далёка. Прынамсі спадзяюцца на гэта ўсе.

Пасьля прыезду Дэвіда Бэкхэма ў прыгалівудзкі “Гэлэксі” супэрзоркі самай папулярнай гульні ў сьвеце наведваліся ў ЗША толькі з мэтай пагалівудзіць, прашвырнуцца па знойных пляжах Флорыды альбо Каліфорніі ці максымум у якасьці часовых рэкрутаў эўрапэйскіх футбольных дружынаў, камандзіраваных пазабавіць прыдзірлівую амэрыканскую публіку. І вось на трансатлянтычную зьмену працоўнага месца наважыўся адзін з лепшых футбалістаў сьвету. Дакладней - некалі адзін з лепшых.

Пакуль амэрыканскі рынак соккеру, які працуе па бізнэс-мадэлі, няздольны прыцягнуць увагу зорак цяперашніх: тых грошаў, якіх каштуюць самыя яркі цяперашнія сьвяцілы, нават багатая і шматлюдная зямля янкаў зарабляць не здольна. Раскрутцы рухавіка чарговай мажорнай лігі Амэрыкі павінны спрыяць зоркі зыходзячыя. Чарговым “асьветнікам” на тэрыторыі соккера і стаў франузкі “місіянэр” Анры, які афіцыяльна быў абвешчаны сваім у аўстрыйска-амэрыканскім хакейна-футбольна-соккерным (яшчэ і Формулу-1 сюды ж можна дадаць) бізнэс-кангламэраце “чырвоных бычкоў” 14 ліпеня.



І ўжо па першых кроках пасла футбола-эўрапейскага па землях спартыўных з дамінуючымі “рэлігіямі” футбола-амэрыканскага ды бэйсбола, баскетбола ды хакея можна зрабіць прагноз, што пасьлядоўнікаў вучэньня брытанскага (а можа менавіта з-за гэтага амэрыканскі рынак так цяжка падпарадкоўваецца “крыжакам” старога сьвету з плямістым мячом у нагах?) на кантынэнце эмігрантаў стане больш. І ў гэтым - шанец для запрашэньня новых “місіянэраў” ад футболу ды засваеньня новых плошчаў “зелені”. Шэраг “больш “вернікаў” - больш “зялёных” - больш “місіянэраў” -  больш зялёных палёў - больш “вернікаў” - больш “зялёных” і гэтак далей” распрацаваны і апрабаваны ў ЗША лепш, чым дзе ў сьвеце. І праца над “азелянньнем” мясцовасьці соккера ідзе кожны дзень.



У 11 лепшых "бычкоў" за ўсю гісторыю ўваходзяць такія гучныя і на эўрапэйскай прасторы імёны як Цім Ховард, Жозі Альцідор, Хуан-Пабла Анхель ды Юры Джаркаеф



Першы афіцыйны дотык Цьеры Анры да соккера

Згодна афіцыйнай праграмцы “бычкоў” да гульні з “Вашынгтонам”, якая адбылася 10 ліпеня, яшчэ да аб’яўленьня пра пераезд Анры за акіян пра магчымае далучэньне яго да каманды за лічаныя дні было напісана 176 артыкулаў у агульнанацыянальных ды мясцовых мэдыях.

ЛІЧБЫ АНРЫ



Адны з галоўных стваральнікаў камэрцыйнага посьпеху соккера - журналісты рыхтуюць электронныя "пер'і"

Больш за 20 тысяч заўзятараў віталі прыезд Анры авацыяй. Гол у вароты англійскага “Тотэнхэма”, праведзены французам у пачатку дэбютнай гульні з таварыскім статусам, стаў каталізатарам стадыённага жаданьня падтрымаць свайго новага героя. Менавіта для гэтага моманту большасьць і выклала са сваёй кішэні 30-70 “зялёных”.

Мільён даляраў на квітках для “чырвоных бычкоў” з Нью-Ёрку - гэта паказчык, якога яны дасягаюць пакуль нячаста. Аншлаг на стадыёне быў толькі аднойчы - на гульні-адкрыцьці з бразільскім “Сантасам”. Прырост “імя Анры” у 5-8 тысяч заўзятараў і десягненьне паказчыка ў 80% (усё - паступова!) запаўненьня стадыёна - гэта як раз тое, для чаго Цьеры сюды і запрашалі, падпісваючы зь ім кантракт на 2 мільёны даляраў ў год.



Усе камэры - на Анры

Імя былога футбаліста “Ювентуса”, “Арсэнала” ды “Барсэлоны” ужо ў дзень яго амэрыканскага дэбюта на сваёй сьпіне “несьлі” на стадыён сотні чалавек. Футболка з нумарам 14 стала хітом продажаў у гэтыя дні. Ад 30 для дзяцей да 100 даляраў за дакладную копію саколкі, у якой выходзіць на поле Анры - гэтыя адзінкі швэйнай прадукцыі неамэрыканскай вытворчасьці - самы хадавы тавар сёньня на спартыўным рынку “вялікага яблыка”.

ЛеБронаманія зачапіла гэтым летам Нью-Ёрк толькі ўскосна, і хоць соккерманіі і тым больш Анрыпакланеньня ў горадзе бэйсбольных “янкіз”, футбольных “гігантаў”, баскетбольных “ніксаў” ды хакейных “рэйнджэраў” дасягнуць не атрымаецца, але гэта і ня ёсьць мэтай “быкоў” на дадзены момант.

Яны зараз - больш кароткатэрміновыя. І адна з іх - аншлаг на гульні з “галактычнымі” прадстаўнікамі горада Анёлаў з сымбалем амэрыканскага соккеру Лэнданам Донаванам і галоўнай выявай соккеру ў сусьветным маштабе для амэрыканцаў Дэвідам Бэкхэмам (хай сабе і траўміраваным) у складзе - дасягнутая ўжо больш, чым за паўмесяцы да гульні. А да 14-га жніўня, калі яна адбудзецца, “Нью-Ёрку” яшчэ і “Таронта” прымаць. Таксама цікава, колькі Анры прыварожыць гледачоў сваёй пэрсонай.

НА НЬЮ-ЁРКСКІХ “БЫЧКОЎ” ЕДЗЕМ ГЛЯДЗЕЦЬ У... НЬЮ-ДЖЭРСІ

Стадыён коштам у 220 мільёнаў даляраў - самае ўтульнае месца для прагляду соккера ў ЗША. 61% неведвальнікаў сайта галоўнай лігі соккера Амэрыкі МЛС аддалі перавагу менавіта новенькай “Рэд Бул Арэне”, прыняўшай першую футбольную гульню гэтай вясной.



З-за высачэнных коштаў на зямлю ў Нью-Ёрку будаваць зараз стадыён у горадзе нявыгадна (ды і месца для яго знайсьці ў межах горада прывабнае з пункту гледжаньня транспартнай дасягальнасьці цяжка). Таму заўзятарам трэба наведвацца ў суседні штат Нью-Джэрсі. На прыгарадным цягніку ад месца, дзе раней стаялі вежы-блізьнюкі, да стадыёна - паўгадзіны і 1,75 даляра. Калі месца адпраўленьня - абжытыя тут беларусамі раёны Нью-Ёрка Бруклін ці Куінс, то выдаткі на транспарт ды час павялічваюцца да гадзіны-палутара ды 4-х даляраў.



Для тых, хто едзе на футбол на аўтамабілі, існуюць платныя паркоўкі, разьмешчаныя ў некалькіх сотнях мэтраў ад стадыёна. Але пакуль нават з улікам невялікай (па амэрыканскіх памерах - у параўнаньні з тымі ж бэйсбольнымі ці амэрыкафутбольнымі стадыёнамі) умяшчальнасьці арэны пытаньне хуткага і камфортнага выезду з арэны не вырашана. Калі глядзець гульню да фінальнага сьвістка і ня бегчы пры гэтым у першых шэрагах за сваім аўта ў адзін з разьмешчаных паблізу ангараў-стаянак ці на цягнік, то верагоднасьць прастаяць у трафіку машынным ці людзкім вельмі вялікая. 30-60 хвілін, каб вырвацца з ступару - звычайная справа.

Хто едзе з блізкага да стадыёна Ньюарку, то можа скарыстацца трамвайчыкамі, якія пачынаюць працу за дзьве гадзіны да пачатку гульні і езьдзяць яшчэ 60 хвілін пасьля заканчэньня.

Вядома, з цягам часу недахопы выправяць ды вандроўка і з Нью-Ёрку - будзе адно задавальненьне. Прынамсі плошчы паблізу стадыёна для тых жа парковак ёсьць. Але пустыр, агароджаны дротавым плотам, як стаяў паўгады назад, у такім жа стане знаходзіцца і зараз. Шукаюць інвэстараў пад забудову ды разглядаюць прапановы розных бізнэсаў. Для апошніх месца выглядае прывабным пакуль толькі ў дні гульняў. У іншы ж час - людзей паблізу стадыёна няшмат: гэта частка тэрыторыі штата - транзітная паміж Нью-Ёркам і нью-джэрсійскім транспартным цэнтрам Ньюаркам.

ПРЫЕХАЛІ - ГЛЯДЗІМ. ЦІ СПАЧАТКУ ПАГУДЗІМ?



У ЗША пакупнік-глядач-заўзятар - галоўны чалавек. Пра яго думаюць. Для яго працуюць. Яго абходжваюць. Яго вывучаюць. Да яго заляцаюцца.

Калі ёсьць магчымасьць пабавіць час каля стадыёну перад пачаткам гульні, то тут можна пабачыць шмат таго, чаго ня ўбачыш у краях эўрапейскіх (пра беларускія з нашымі адносінамі да заўзятараў - лепш памаўчым). Для самых малых заўзятараў “бычкоў” тут разгорнуты міністадыёны: будучыя Анхелі, Альтыдоры і Анры могуць як “зганяць пулю”, так і папрактыкавацца ў выкананьні ўдараў. Вядома, што для гледачоў-дзяцей на выбар прапануюцца саколачкі ў колерах “быкоў” ды розныя лялечкі: праз ...наццаць гадоў хлопец ці дзяўчынка вернуцца на стадыён купляць усё ўжо ўласна заробленыя грошы.

Вакол гучыць музыка. На адкрытай прасторы каля масіўнага перасовачнага пульта зажыгае прысутных сваёй музыкай дыджэй. Антуражу начнога клюбу надаюць “танцуючыя” з мячом пітомцы “бычкоўскай” соккер-акадэміі: некаторым трукам у выкананьні 14-17-гадовых хлопцаў могуць пазайздросьціць і гульцы-прафэсыяналы.

Праходзіш мэтраў дваццаць ад іх - і “ба!” - яшчэ адзін абавязковы атрыбут дыскатэчнага адпачынку - піва! Адмысловы піўны “загон” знаходзіцца ў непасрэднай блізасьці ад арэны. Тыя хто не прайшоў на стадыён пры жаданьні выпіць пеннага напою абавязаны знаходзіцца ў гэтым “памяшканьні” памерам мэтраў 15 на 15 мэтраў. Вядома, “нясухі закон” дзейнічае і на самой арэне, але калі хочацца “ужыць” і да футболу - калі ласка, толькі паважай іншых: пі там, дзе дазволена.

Вядома, што і фаншоп тут. Невялічкае памяшканьне ўбаку ад цэнтральнага ўваходу, здаецца ня здольна задаволіць зацікаўленасьць і попыт усіх. Але для жадаючых разьвітацца з грашыма прадугледжаны яшчэ мінімум дзесяць пунктаў продажу клюбнага мэрчэндайзу з саколачкамі, шалікамі, бэйсболкамі ды ўсялякай драбязой.

Вувузелаў тут няма ў продажы, але гукі іх там-сям чуваць. Адгалоскі чэмпіяната сьвету даходзяць і дасюль, нягледзячы на тое, што згодна правілам знаходжаньня на стадыёне, музыкальныя інструмэнты любога кшталту тут забаронены. Ці вувузела - гэта ўсё ж не музыкальны інструмэнт? :)

МАХНЕМ?

Праходзім пункты агляду заўзятараў на ўваходзе. Іх - каля дзесятка (з кідаючымся ў вочы знакамі: тыя, хто з сумкамі ды заплечнікмі - сюды, без - туды) - хапае, каб чэргі не выклікалі жаданьня ціснуцца наперад. Дзесяць сэкундаў - хлоп-хлоп па кішэнях, “адкрый сумку”, пару тычкоў лінейкай паміж рэчамі ў заплечніку - і стаіш перад турнікетам-квіткачытальнікам і з цемнаскурай дапаможніцай працэсу счытваньня кода на квітку. “Пік” - скануецца код раздрукаванага на прынтэры квітка - і дазвол на ўваход на арэну атрыманы.

Раздаюць праграмкі, карткі футбалістаў, каляндар сэзону. Уражваюць чэргі ў стадыённыя забягалаўкі. Крамак шмат і паўсюль - жадаючыя “абрэдбуліцца” энэргетычным напоем, пахрумсцець арахісам ці чыпсамі ды задаволіць смагу півам. Кошты за піва - 6 даляраў за маленькі келішак (на выгляд - максымум грам 100, ну, можа, 150), 9 - за вялікі (на звычайнага памеру амэрыканскую бутэльку ў 0,3 нашыя літры). І бяруць жа некаторыя і маленькія. Дзіўныя людзі ;)



МАХНЕМ ЯШЧЭ?



Па маіх назіраньнях некаторыя ў чэргах праводзяць падчас гульні больш часу, чым непасрэдна на трыбунах. Адразу бачна - бэйсбольны люд :)

У ГАЛОЎНЫХ РОЛЯХ...

Паглядзець сустрэчу прыйшлі-прыехалі-прыляцелі і каля паўтысячы арганізаваных заўзятараў англійскіх “шпораў”. Прадстаўніцтва ў сэктары прыляцеўшых з Брытаніі ды нью-ёркскага фан-клюбу “Тотэнхэма” на гульні - фіфці-фіфці. Пра гэта паведаміў на ўвесь стадыён адзін са “шпоршчыкаў” падчас традыцыйнага абыходу цікавых месцаў на трыбунах вядучы вечара.



На трыбунах у іншых сэктарах падтрымліваючых “Тотэнхэм” таксама шмат: саколачкі з імёнамі Кіна, Дэфо, Краўча ды Ленана мільгаюць паўсюль.



З пералічаных у мінулым сказе на “гульню Анры” выйшаў толькі першы: астатнія адыходзяць ад афрыканскага ЧС. У в'етнамках на лаве запасных усю гульню адседзеў і расеец Раман Паўлючэнка: зноўку пашкоджаньне.



Адзінае зьяўленьне расейскага форварда Раман Паўлючэнка на экране стадыёна ў нью-джэрсійскім Харысане

Але паглядзець, вядома, ёсьць на каго. Кудычыні, Бэйл, Модрыч, Кранчар, Чарлука, Джэнас. У “быкоў” акрамя толькі прыехаўшага зорнага француза эўрапейскаму заўзятару знайсьці знаёмае імя цяжка: Хуан-Пабла Анхель сёньня ня йграе.



Зато ў “вялікаяблычнікаў” - эстонец і грузін у камандзе. Таксама ёсьць у складзе амэрыканец Джон з блізкім нашаму вуху прозьвішчам Валынец. І калі 33-гадовы футбаліст украінскага паходжаньня, які правёў у МЛС на полі больш за 10 тысяч хвілін гульнявога часу і які ў свой час двойчы згуляў за нацыянальную каманду “зорна-паласатых”, ды выхаванец акадэміі “быкоў” пакуль не дэбютаваўшы на прафэсыйным узроўні 19-гадовы грузін Гіоргі Чыргадзэ,  - мінулае і будучыня каманды, то зараз тон у ёй задае паўабаронца Ёэль Ліндпэрэ.

Эстонец перад пачаткам сэзону выбіраў паміж расейскімі навасібірскай “Сібір’ю”, махачкалінскім “Анжы”, растокскай “Гертай” з Нямеччыны ды “Рэд Булз”. Пераехаўшы з нарвэскага “Тромсэ” за акіян 28-гадовы Ёэль стаў адным з лідэраў каманды. Пераможны гол у дэбютнай гульні ў МЛС, 15 гульняў у аснове ў чэмпіянаце, да апошняга - кандыдат на гульню ўсіх зорак лігі.

У нечым і дзякуючы яму “быкі” мінуласязоннае апошняе месца ў лізе (дагэтуль у 2008-м, праўда, быў прайграны фінал плэй-оф “Каламбусу”) замянілі на цяперашняе другое ў сваёй канфэрэнцыі. Папярэдні сэзон у Нью-Ёрку наогул не любяць узгадваць. Тады “быкі” былі прапіснымі аўтсайдэрамі лігі, задоўга да заканчэньня сэзону разьвітаўшыся з марамі пра плэй-оф (у Амэрыцы прынята выяўляць чэмпіёна спаборніцтваў менавіта ў дуэлях на вылет сам-на-сам - найбольш відовішчным і рэйтынгавым спосабе “вытворчасьці” мацнейшага; традыцыя дзейнічае і ў футболе-соккеры).



Пас з левага фланга эстонца Ліндпэрэ галявым робіць герой вечара

Менавіта пас эстонца стаў галявым, калі Цьеры Анры правёў свой першы мяч у ролі гульца амэрыканскай каманды. Першы трапны залп - тэхнічна ў адзін дотык - быў зроблены французам на 25-й хвіліне новасьвецкай кар’еры. Салодкае імгненьне дня 22 ліпеня 2010 года зрабілі лепшым момантам дня заўзятары, авацыяй у пару хвілін вітаўшыя посьпех толькі склаўшага паўнамоцтвы капітана ў нацыянальнай дружыне “трохкаляровых”.



Украінскія "быкі"

Мог па-галявому адзначацца Анры і яшчэ. Аднак адзначаўся па-іншаму: тэхніка працы з мячом выдзяляла француза на агульным фоне. Цягнуўся з усёй моцы ды ва ўвесь рост за знакамітым форвардам сэнегалец Макумба Канджы, ды 24-гадоваму навічку каманды высокаму ды на першы погляд крыху нязграбнаму (“краўчавіднаму” толькі больш цёмнаму) Маку як бы ні склаліся падзеі ў гэты вечар усё роўна сцэнаром было прапісана знаходзіцца ў цені свайго настаўніка.



У перапынку таксама была на што паглядзець і ў чым паўдзельнічаць: конкурс сярод наведвальнікаў з дапамогай удара з 40 ярдаў высьвятляў уладальніка запаветнага прыза. Тэлефона. А вы што падумалі? ;)

МІМА КАСЫ



Другі тайм распачаўся з пытаньня "дзе ж Анры?"

Канчатковы лік 1:2 быў бы для мясцовай публікі зусім сумным, калі б ролю гулоўнага героя “першага нью-ёркскага акта” прапісалі лепш. Замена Анры ў перапынку пазбавіла і яго, і заўзятараў магчымасьці яшчэ раз пакупацца ў хвалях авацыі.

Пасьля таго дзеяньні на зялёнай сцэне задавальнялі ўжо толькі брытанцаў: галы Кіна і Бэйла адсалютаваць першай амэрыканскай перамозе Анры не дазволілі.



Піва ёсьць, перамога здабыта - брытанцы задаволены

ПАФУТБОЛІЛІ - ПРАШВЫРНУЦЦА ПА МЯСЦОВАСЬЦІ



Амэрыканскі стадыённы стыль: прыйшоў - пабачыў - выпіў-пад'еў - перамог

Паблізу са стадыёнам - пару хвілін на машыне - разьмяшчаецца раёнчык з эквадорскімі і калюмбійскімі рэстарацыямі. Калі туды трапляеш становіцца зразумелым, чаму гуляе за “бычкоў” менавіта калюмбійскі форвард Хуан-Пабла Анхель.

ЗА КІМ ПАКРОЧЫЦЬ “БЫК” ДАЛЕЙ

Наколькі разумееш наяўнасьць калюмбійца, настолькі складана дапетрыць, чаму сярод “бычкоў” няма мэксіканцаў. Толькі зараз пайшлі хадзіць размовы-рэакцыя-на-чуткі пра пераход Рафаэля Маркеса - у свае 31 ён мог бы стаць самым маладым знакамітым замежным місіянэрам футбола эўрапэйскага ў краіне: вялізная колькасьць мэксіканцаў, жывучых і працуючых у Нью-Ёрку і ваколіцах, здольна паспрыяць паданшлагавай аўдыторыі “Рэд Бул Арэны” бадай на кожнай гульні рэгулярнага сэзону.

Калі ўжо на тое пайшло ды ўсталёўваюцца такія добрыя адносіны паміж “Барсай” і “Рэд Булз”, дык хай бы каталонцы і нашага Сашку Глеба сюды адправілі ;) Было б за каго (ці з кім?) пагудзець.

Сашка Hleb, прыяжджай у МЛС! Анры ж ізноў праклаў дарогу ;) А маршруты француз выбірае добрыя.



І галоўнае - Нью-Ёрк павінен Насьці спадабацца.

p.s Прывітаньні роднаму салігорскаму "Шахтару" і ўсім нашым заўзятарам з "быч'ей" арэны - ад нью-ёркскага фан-клюба каманды ;)

Нью-Ёрк, ПіяР, спартыўны мэнэджмэнт, бізнэс, соккер, заўзятары, Салігорск, спорт, ЗША, "Быкі", "Шахтар", футбол

Previous post Next post
Up