Хто стане чэмпіёнам, альбо ЛеБроўнаўскія рухі
Самы смачны - хоць і амаль самы дарагі - дэлікатэс лепшай баскетбольнай лігі сьвету на сёньняшні за акіянам прадаецца неверагодна добра. Прычым спажыўцы гатовы плаціць не толькі за саму страву, але і нават ужо аддаюць свае грошы, пачуўшы недзе з-за вугла толькі пахі-водары самога яўства, якое ім прапануюць уладальнікі баскетбольных дружын ЗША.
Аб тым, як ЛеБрон Джэймс умее прадаваць квіткі ды зарабляць грошы для сябе і сваіх будучых працадаўцаў, а таксама куды баскетбаліста кліча Барак Абама - у расповядзе, падрыхтаваным Дзянісам Талпекай па матэрыялах аглядальніка CNBC Дарэна Роўэла.
7 ліпеня зараз для ўсіх, хто цікавіцца баскетболам, - чырвоны дзень календара ў НБА. У гэты дзень самы жаданы на сёньняшні дзень баскетбаліст лігі зробіць выбар на карысьць каманды, дзе ён працягне сваю кар'еру.
Заўзятары, медыі, шматлікія бізнэсы ды непасрэдна самі ўдзельнікі рэаліці-шоў "ЛеБрон выбірае працадаўца" - баскетбалісты ды іх босы рэагуюць зараз ці не на кожны подых і погляд Джэймса. Ад яго рашэньня залежыць сапраўды неверагодна шмат. Вы яшчэ ня ўпэўнены ў гэтым? Тады давайце паглядзім разам. Дарэчы паглядзім разам са шматмільённай аўдыторыяй, якая зьбярэцца пачуць у наўпроставым эфіры імя каманды-шчасьлівіцы, вымаўленае голасам “будучага чэмпіёна” - таго, хто прыйдзе на зьмену Кобі Браянту, а, можа, і нават Майклу Джордану.
Лепшымі расказчыкамі ў ЗША зьяўляюцца лічбы. Таму прыглядзімся да іх бліжэй і палічым, якіх грошаў сапраўды каштуе ЛеБрон, і наколькі выгадна зьвязвацца камандам-прэтэндэнтам зь ім, а яму супрацоўнічаць зь імі, прныяўшы да ўвагі, што заплаціць ЛеБрону працадаўца за наступны год можа не больш за 16,5 мільёнаў даляраў. Выключэньне - “Кліўлэнд”, дзе гуляў баскетбаліст. Там, згодна з калектыўнай дамовай, яму могуць прапанаваць на некалькі мільёнаў больш.
ЛеБРОН - МЕДЫІ - РАКЛЯМА - СПАЖЫЎЦЫ - ГРОШЫ - ЛеБРОН
Пра папулярнасьць ЛеБрона сьведчыць цудоўна той факт, што праз тры гадзіны пасьля стварэньня свайго акаўнта ў твітэры і аднаго допіса, зробленага там, на яго падпісалася ўжо 146 тысяч 513 чалавек.
Нешта падобнае назіраецца і ў традыцыйных мэдыях. У мінулым сэзоне кліўлэндзкіх “кавалерыстаў” паказвалі на нацыянальным тэлебачаньні кампаніі ESPN/ABC ды TNT 25 разоў. Столькі ж толькі ў фіналістаў апошняга чэмпіянату і адначасова пераможцаў трох апошніх сэзонаў бостанскіх “кельтаў” і “азёрнікаў” з гораду ангелаў. Гэта сьведчыць пра тое, што месца, куды прызямліцца ЛеБрон, адразу стане магнітам для прыцягваньня ўвагі медыяў. У выніку дадатковыя дывідэнты атрымаюць, напрыклад, кампаніі, якія валодаюць правамі на назвы арэнаў, дзе будзе граць зорка.
А стымул быць паказаным на агульнанацыянальным тэлебачаньні для ўсіх змагаючыхся за ЛеБрона сапраўды вялікі. Так, за мінулы сэзон да паказчыка “кавалерыстаў” у 13 хатніх гульняў, якія маглі ўбачыць усе амэрыканцы, усім іншым было далёка: прадстаўнікоў пяцёркі іншых галоўных прэтэндэнтаў глядзелі максымум пяць разоў.
Па падліках Front Row Analytics - кампаніі, якая займаецца ацэнкай спонсарскай дзейнасьці, толькі ад наяўнасьці ЛеБрона ў іх горадзе, а таму і рэгулярнасьці ўзгадваньня імя арэны, кампаніі атрымаюць:
- “Кліўлэнд Каваліэрз” і “Quicken Loans Arena” - $4,977,000
- “Нью-Джэрсі Нэтс” і арэндуемы імі ў хакейнаых “д’яблаў” “Prudential Center” - $4,977,000
- “Лос-Анджэлес Кліперс” і арэндуемы імі ў канкурэнтаў-сугараджан “азёрнікаў” “Staples Center” - $3,828,462
- “Чыкага Булз” і “United Center” - $3,445,615
- “Маямі Хіт” і “American Airlines Arena” - $3,062,769
- “Нью-Ёрк Нікс” і “Madison Square Garden” атрымаюць дадаткова прыкладна $3,062,769 ад прыезда ЛеБрона ў “Вялікі Яблык”.
І для параўнаньня. Калі ЛеБрон вырашыць пераехаць з Кліўлэнду, дзе ён правёў пакуль усе свае гады кар’еры, то эфектыўнасьць валоданьня правамі на назву арэны ў “Quicken Loans” зьнізіцца за год з 4,2 мільёнаў да 700 тысяч даляраў.
ЯК ДУХ ДЖЭЙМСА ПРАДАЕЦЦА
Цікава, што на ЛеБроне баскетбольныя клубы пачалі зарабляць ужо зараз. Нават не маючы яго ў сваім складзе, а толькі валодаючы магчымасьцю запрасіць яго да сябе.
Рэальныя шанцы мець Джэймса на наступныя сэзоны ў камандзе ёсьць на сёньняшні дзень у 6 каманд: цяперашні “Кліўлэнд”, а таксама “Чыкага”, “Маямі”, “Нью-Джэрсі”, “Нью-Ёрк” і “Лос-Анджэлес Кліперс”, якія рабілі ў апошнія месяцы ўсё магчымае, каб высвабадзіць клюбныя рахункі для запрашэньня ЛеБрона і дастойнай яго кампаніі (памятаем, што каманды НБА абмежаваны максымальнай сумай, якую яны могуць плаціць усім гульцам за сэзон сумарна - каля 56 мільёнаў даляраў).
Па расповядах Сьціва Шонвальда, які ўжо 24 гады вывучае дэталі і вядзе бізнэс для “Чыкага Булз”, тое што адбываецца гэтым летам - навінка для рынку. А ён бачыў на сваім вяку многае. Тая шуміха, што разгарнулася вакол будучага месца працы супэрзорак лігі, якія сталі 1 ліпеня свабоднымі агентамі ЛеБрона Джэймса, Дуэйна Уэйда ды Крыса Боша, ужо зараз узьдзейнічае на бізнэс.
“Я ніколі не бачыў, каб з такой інтэнсыўнасьцю каналы падхоплівалі кожнае слова, прамоўленае спарцмэнамі”, - кажа віцэ-прэзыдэнт “Чыкага” па бізнэс-апэрацыях. - “Квіткі прадаюцца выключна на сьпекуляцыях. Выключна на іх!”
Квітковы бум пачаўся ў горадзе цяперашняга прэзыдэнта ЗША пасьля таго як клюб трэйдануў Кірка Хінрыча ў “Вашынгтон” і пайшла гаворка пра магчымасьць зьяўленьня ў наступным сэзоне ў Чыкага і ЛеБрона, і Боша адначасова. 1500 сэзонных абанэментаў было прададзена за 48 гадзін. Гэта ў плюс да тых новых палутара тысяч сэзонных абанэментаў, якія прадалі ўжо пасьля заканчэньня апошняга чэмпіянату. Хоць гэта ў асноўным і квіткі ўзроўню катэгорыі 300 - самыя танныя за 1800 даляраў, але яны патрабуюць дэпазыту ў памеры 30%.
Прыкладна тое ж адбылося ў Маямі. Пасьля таго як на Саўс Біч сустрэлася ўся гарачая тройка лета-2010, хваля чутак запоўніла флярыдзкія мэдыі, а жыцьцё ў офісах па продажы квіткоў на гульні “Хіт” стала сапраўды жаркім. “Я ня ведаю, што тут праўда, а што не, але я магу сказаць, што ўчора для нас стала велізарным днём”, - кажа прэзыдэнт клюба па баскетбольных апэрацыях Эрык Вулуорс. - “Тэлефоны разрываліся ўсю раніцу!”
Чалавек, які працуе ў гэтым бізнэсе 16 гадоў, кажа, што з такім сустракаецца ўпершыню. Раней таксама былі падобныя гісторыі, але хуткасьць сёньняшняй інфармацыі і тэхнічныя магчымасьці сеціва робяць новы штуршок у разьвіцьці спартыўных бізнэсаў. А між іншым за свае квіткі, колькасьць якіх за гэтыя дні была прададзена прадстаўніком “палымяных” не агучваецца, прыхільнікі павінны разьлічыцца да пачатку сэзону - 1 лістапада.
Пачуўшы пра тое, што ёсьць верагоднасьць убачыць Боша, Уэйда і Джэймса ў адной камандзе, людзі нават ня хочуць размаўляць з агентамі па продажы, калі тэлефануюць, замаўляючы квіткі. І гэта ўлічваючы тое, што яны каштуюць тысячы даляраў!
Да таго ж анлайн чыкагцы прадалі ўжо дзьве сотні квіткоў за пару мінулых дзён, а фларыдская дружына, стварыўшая ўласную сыстэму па продажы запаветных цікетаў пра інтэрнэт, сем дзесяткаў. Гэта ў параўнаньні з мінуўшым летам проста неверагодныя лічбы!
Шонвальд не гаворыць, колькі ўжо абанэмэнтаў прададзена, але паведамляе пра плянку, усталяваную на вышыні 15 500 сэзонных квіткоў, якія могуць быць прададзены. Астатнія выйдуць на продаж паасобку на розныя гульні. Можна ўявіць, што паляваньне за гэтымі 6 200 у выпадку зьяўленьня Джэймса ў Чыкага будзе ня менш гарачым падчас сэзону.
Сваю выгаду ў сьпекуляцыйнай чутачнай гульні атрымлівае і “Нью-Джэрсі/Бруклін Нэтс”. 1700 квіткоў для каманды з такімі жахлівымі вынікамі апошняга сэзону - гэта сапраўды фантастычныя лічбы.
А “Нью-Ёрк” дык і наогул пасьпеў ужо перакрыць паказчыкі мінулага году па колькасьці новых прададзеных сэзонных абанэментаў толькі за гэтыя месяцы міжсэзонкі: 3400 квіткоў на ўсе гульні ўжо разышліся. Прадстаўнікі каманды з Вялікага Яблыка паведамілі, што не зьбіраюцца павышаць кошты на квіткі нават у выпадку зьяўленьня ў іх горадзе ЛеБрона. А цэньнік ня ўздымаецца ўжо з сэзона 2003-2004. Тады яны апошні раз патрапілі ў плэй-оф.
І гэта можа быць праблемай для нью-ёркцаў. Бо ён шукае тых, з кім ужо ў 2011-м зможа узьняць над галавой чэмпіёнскі кубак.
У ПОШУКАХ КАМАНДЫ-ЧЭМПІІЁНА
Джэймс зараз шукае партнёраў здольных перамагаць разам з ім. Але глянуўшы на эканоміку каманд параўнаўшы сытуацыі “з ім” і “без яго”, можна зразумець, у каго прага ЛеБрона можа быць большай за канкурэнтаў у разы.
Такім чынам, адпраўны пункт - заробак ЛеБрона ў 16,5 мільёнаў, прыём у разьлік цяперашняй эканамічнай сытуацыі ў клюбах ды ўмова, што каманда з Джэймсам дойдзе ў наступным годзе да фінала лігі.
Кліўлэнд: без ЛеБрона грошаў будзе больш?
Улічваючы, што зараз Джэймс граў менавіта за іх, у дадзеным выпадку ўявім, што адбудзецца калі ён каманду пакіне.
Мала хто зьвяртае на гэта ўвагу, але квіткі ў горадзе разыходзяцца ўжо зараз вельмі добра. Без ЛеБрона ці зь ім, але заўзятарская ўвага камандзе забясьпечана. Прынамсі на наступны сэзон.
У пазыцыях клюба адыгрывае ролю і тое, штоён знаходзіцца ў ролі, якой ня мае ніхто іншы ў лізе: уласьнік каманды Дэн Гілбэрт - адначасова валодае і кампаніяй Veritix, якая сьпецыялізуецца на продажы квіткоў на другасным рынку.
Колькасьць прададзеных квіткоў у сярэднім на гульню ў сэзоне 2009-10: 20,562 (аншлагі, распрададзены ўсе квіткі)
Страты заўзятараў: 41,000 чалавек (ці 1,000 за гульню рэгулярнага сэзону)
Страты каманды на продажы квіткоў заўзятарам: $2,293,950
Страты даходаў з-за падзеньня наведвальнасьці арэны і адпаведна колькасьці набытых заўзятарамі тавараў і паслуг (у сярэднім $12 на заўзятара): $492,000
Страты даходаў паркінгу: $215,250 (каля 350 менш машынаў на гульні ў сярэднім)
Спонсарскія страты: $1 мільён
Страты кампаніі Veritix: $250,000
Страты на плэй-оф: $4 мільёна (прадказваючы на 4 гульні менш у сэзоне)
- У выніку цэннасьць ЛеБрона для “Каваліэрз” у сэзоне 2010-11 складзе: $8,251,200
Такім чынам, парадаксальна, але ў выніку мы заўважаем, што каля ЛеБрона за гады, што ён правёў у Кліўлэндзе, стварылася каманда такую, што ў выпадку калі ён ня будзе перападпісаны “кавалерыстамі”, то клюб згубіць прыкладна палову ад таго заробку, якога патрабуе баскетбаліст (прычым, верагодна, ім прыйдзецца прапанаваць нават больш за канкурэнтаў - яны такую магчымасьць маюць). Пытаньне: што выгадней на дадзены момант уласьнікам з бізнэс-погляду кароткатэрміновага і доўгатэрміновага?
Маямі: з рэнтабэльнасьцю блізкай да нулявой
“Хіт” не прадалі ў мінулым годзе каля 10% квіткоў. ЛеБрон, безумоўна, дапаможа ім ў забесьпячэньні аншлагаў на кожнай гульні.
Колькасьць прададзеных квіткоў у сярэднім на гульню ў сэзоне 2009-10: 17,730
Рост заўзятараў: 76,670 (ці 1,870 за гульню рэгулярнага сэзону ў сярэднім)
Рост даходаў каманды на продажы квіткоў заўзятарам: $4,480,028
Рост даходаў з-за павелічэньня наведвальнасьці арэны і адпаведна колькасьці набытых заўзятарамі тавараў і паслуг (у сярэднім $12 на заўзятара): $920,040
Рост даходаў паркінгу: $0
Спонсарскія даходы: $2.5 мільёны
Даходы на плэй-оф: $9.6 мільёнаў (прадказваючы на 8 гульняў больш у сэзоне)
- У выніку цэннасьць ЛеБрона для “Хіт” у сэзоне 2010-11 складзе: $17,500,068
Але, нягледзячы на аншлагі па прыкідках заакіянскіх спецыялістаў яго запрашэньне за 16,5 мільёнаў з пункту гляджаньня бізнэсу не падаецца відавочна прыбытковай задумай для паўднёвай каманды (улічваем што месцы на паркінгу былі распрададзены ўжо амаль усе і ў мінулым сэзоне).
Чыкага: і без ЛеБрона ды Майкла аншлагі
За 12 гадоў, што ў камандзе няма Майкла Джордана, неверагодна якасна працуе аддзел продажу клюбу з Ілінойса. Яны ўзначальваюць лігу па сярэдняй аўдыторыі, якая зьбіраецца на гульнях. Гэта зьніжае памер той маржы, якую здольны прынесьці ЛеБрон сваім прыездам: павелічэньне аб’ёму продажу квіткоў мае невялікія рэзэрвы росту.
Але калі выхад у фінал будзе дасягнуты, то гэта - рост кошту квіткоў на гульні і большыя рынкі для продажу ды спонсараў. А ўлічваючы, што “Булз” само купляе эфірны час на тэлевізіі, за кошт “гарачасьці” каманды і павышанай увагі да яе, яны могуць зарабляць больш грошаў на продажах раклямы ў параўнаньні з іншымі камандамі, якія пагаджаюцца на плоскую шкалу выплат за асобныя гульні на ТБ.
Колькасьць прададзеных квіткоў у сярэднім на гульню ў сэзоне 2009-10: 20,725
Рост заўзятараў: 39,975 (ці 975 за гульню рэгулярнага сэзону ў сярэднім)
Рост даходаў каманды на продажы квіткоў заўзятарам: $2,568,393
Рост даходаў з-за павелічэньня наведвальнасьці арэны і адпаведна колькасьці набытых заўзятарамі тавараў і паслуг (у сярэднім $12 на заўзятара): $479,700
Рост даходаў паркінгу: $0
Спонсарскія даходы: $3 мільёны
Даходы на плэй-оф: $12 мільёнаў (прадказваючы на 8 гульняў больш у сэзоне)
Павелічэньне цэннасьці раклямнага часу на ТБ: $1 мільён
- У выніку цэннасьць ЛеБрона для “Булз” у сэзоне 2010-11 складзе: $19,048,093
У Чыкага яго дарэчы рады будзе бачыць і прэзыдэнт ЗША. Барак Абама распавядаў пра гэта падчас аднаго са сваіх інтэрвію мясцовым журналістам.
Нью-Джэрсі: толькі ЛеБрон!
Хто-хто, а “сетачнікі” маюць, можна сказаць, бяздонныя рэзэрвы ў продажах квіткоў. Любы з канкурэнтаў у гонцы за ЛеБронам па гэтым паказчыку мае значна лепшыя паказчыкі запаўняльнасьці сваіх арэнаў. Таму прага ЛеБрона тут прысутнічае відавочна. А бізнэс-эфэкт бачны і з-за акіяну. У тым ліку і новаму ўласьніку каманды мільярдэру Міхаілу Прохараву з Расеі.
Пакуль ня маючы ўласнай арэны, каманда вымушана будзе аддаваць частку даходаў хакейным сугараджанам з “Дэвілз”. Дакладны памер адлічэньняў не называцца, але сума, прымаемая ў разьлік, складзе прыкладна 50% па ацэнках заакіянскіх спецыялістаў.
Колькасьць прададзеных квіткоў у сярэднім на гульню ў сэзоне 2009-10: 13,103
Рост заўзятараў: 221,277 (ці 5,397 за гульню рэгулярнага сэзону ў сярэднім)
Рост даходаў каманды на продажы квіткоў заўзятарам: $12,165,809
Рост даходаў з-за павелічэньня наведвальнасьці арэны і адпаведна колькасьці набытых заўзятарамі тавараў і паслуг (у сярэднім $12 на заўзятара і з улікам адлічэньняў “Дэвілз” за карыстаньне арэнай): $1,110,638
Рост даходаў паркінгу (улічваючы 50% адлічэньняў): $500,000
Спонсарскія даходы: $1 мільён
Даходы на плэй-оф: $10 мільёнаў (прадказваючы на 10 гульняў больш у сэзоне)
Павелічэньне цэннасьці раклямнага часу на ТБ: $1 мільён
- У выніку цэннасьць ЛеБрона для “Нэтс” у сэзоне 2010-11 складзе: $24,776,447
Нью-Ёрк: грошы вырашаюць усё?
Клюбныя справаздачы паказваюць, што колькасьць прададзеных квіткоў дасягае 99%. Аднак дасьледваньні паказваюць, што шмат квіткоў хоць і куплены, але застаюцца ня выкарыстанымі, што адбіваецца на згубленым даходзе ад непрыстутнасьці заўзятараў на гульнях. Таму за надыходзячы сэзон у адпаведную графу дадаецца 800 заўзятараў, якія з-за прысутнасьці ЛеБрона ўсё ж вырашаць наведваць гульні рэгулярна, не пакідаючы квіткі ня выкарыстанымі.
Акрамя таго ў Нью-Ёрку на гульнях заўзятары схільны да большых тратаў падчас знаходжаньня на гульнях. Прыкладна на 3 даляры больш за сярэднія 12 на кожнага гледача па краіне. У дадатак павялічыцца і цікаўнасьць да тэлевізыйных каналаў сеткі MSG, якімі таксама валодаюць уласьнікі “Нікс”.
Вывучаючы прыклад “Лэйкерс” гэтага году і іх цанавую палітыку на квіткі на гульні фіналу, можна чакаць, што на кожнай гульні плэй-оф у Нью-Ёрку заробяць у сярэднім каля 2,5 мільёны даляраў. І гэта яшчэ кансэрватыўныя падлікі.
Колькасьць прададзеных квіткоў у сярэднім на гульню ў сэзоне 2009-10: 19,501
Рост заўзятараў: 10,742 (ці 262 за гульню рэгулярнага сэзону ў сярэднім)
Рост даходаў каманды на продажы квіткоў заўзятарам: $757,418
Рост даходаў з-за павелічэньня наведвальнасьці арэны і адпаведна колькасьці набытых заўзятарамі тавараў і паслуг (у сярэднім $15 на заўзятара і ўлічваючы поўнае выкарыстаньне квіткоў): $552,504
Рост даходаў паркінгу: $0
Спонсарскія даходы: $4 мільёны
Рост даходнасьці ад продажу раклямы на каналах MSG: $5 мільёнаў
Даходы на плэй-оф: $25 мільёнаў (прадказваючы на 10 гульняў больш у сэзоне)
Павелічэньне цэннасьці раклямнага часу на ТБ: $1 мільён
- У выніку цэннасьць ЛеБрона для “Нікс” у сэзоне 2010-11 складзе: $35,309,922
ВЫБІРАЮЧЫ БУДУЧЫНЮ: НА СКРЫЖАВАНЬНІ
Для ЛеБрона, безумоўна, зараз больш істотна вартасьць каманды для яго, а не яго ўзьнёсак у эканаміку каманды. Калі б апошняе пераважала, то ён бы выбраў кагосьці з паўночна-заходніх суседзяў - “Нью-Джэрсі” альбо “Нью-Ёрк”.
...Шчасьлівы пераможца ў гонцы за ЛеБронам будзе абвешчаны праз лічаныя гадзіны. Чырвоная дата - ад полымя інфармацыі і ролі гэтага дня для амэрыканскага баскетбола наступных гадоў - надыйшла.
...А ўсё навокал раскалілася яшчэ больш.