Беларус які ён ёсьць

Mar 20, 2009 00:33


Аляксандр Пашкевіч у артыкуле на сайце часопіса "Arche", пішучы пра манаграфію гісторыка Юрыя Грыбоўскага "Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фармаваннях 1918 - 1945", выдадзеную на 832-х старонках у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве "Неўскі Прасцяг" у годзе 2006-м, дае вельмі трапнае апісаньне рыс характару і паводзін беларуса.


"Пасля прачытання ўсёй кнігі Ю. Грыбоўскага ва ўяўленні чытача складваецца пэўны зборны вобраз жаўнера-беларуса ў польскім войску ў першай палове ХХ ст.

Гэты жаўнер вызначаўся стараннасцю, паслухмянасцю, непатрабавальнасцю, фізічным здароўем.

Ён па магчымасці стараўся не вылучацца сярод іншых, дзеля чаго ахвотна прымаў польскую мову ў якасці размоўнай аж да такой ступені, што пачынаў гутарыць на ёй з землякамі.

Жаўнер-беларус вызначаўся найніжэйшым узроўнем нацыянальнай свядомасці ў параўнанні з усімі іншымі нацыянальнымі меншасцямі, мала цікавіўся палітыкай.

У данясеннях свайго камандавання такі жаўнер атрымліваў звычайна больш станоўчых характарыстык, чым адмоўных.

Цікава, што прыблізна гэткія ж ацэнкі і характарыстыкі атрымлівалі ў пазнейшы час жаўнеры беларускага паходжання і ў савецкім войску, і гэта сведчыць пра абумоўленасць падобных паводзінаў беларусаў не чым іншым, як асаблівасцямі нацыянальнага менталітэту.

Вядома, нельга абсалютна ўсіх жаўнераў-беларусаў (як і жаўнераў любога іншага паходжання) падагнаць пад адзін строгі шаблон, і на старонках кнігі Ю. Грыбоўскага прыводзіцца дастатковая колькасць фактаў, якія не зусім укладаюцца ў агульную схему. Аднак жа выключэнні, як вядома, толькі пацвярджаюць правілы", - піша Аляксандр Пашкевіч.

менталітэт, вайна, беларус, Беларусь, характар

Previous post Next post
Up