Карэспандэнты "Салідарнасці" Уладзімір Марцьянаў і Сяргей Аляхновіч прапануюць узгадаць падзеі 18-гадовай гісторыі Незалежнай Беларусі разам зь імі.
Год 1991-ы іх вачамі аказаўся даволі цікавым. Праэкт - інтэрактыўны, таму свае успаміны можаце пакідаць
на адпаведнай старонцы форума.
ГОД ЗЬЯЎЛЕНЬНЯЎ
1991 - гэта ўзнаўленьне нацыянальных сымбаляў - "Пагоні" і бел-чырвона-белага сьцяга.
1991 - гэта адсутнасьць тавараў у крамах ды чарговая рэфарматарская страта грошаў грамадзянамі краіны.
Памятаю пра паходы на шмат гадзін у краму, маруднае прасоўваньне ў чарзе, забег дадому за астатнімі сваімі, каб павялічыць колькасьць атрыманых прадуктаў і нарэшце - шчасьлівае вяртаньне з торбай цукру дамоў.
1991 - гэта нараджэньне Незалежных прафсаюзаў як вынік страйкаў, прайшоўшых хваляй па ўсёй краіне. Найбольш істотную ролю тут адыгралі салігорскія шахтары, з якімі мне пашчасьціла супрацоўнічаць на працягу некалькіх гадоў жыцьця і чым я вельмі ганаруся. Праўда, афіцыйная дата зьяўленьня Незалежнага прафсаюза гарнякоў прыпадае яшчэ на сьнежань году 1990-га.
Трохлітровыя шклянкі з бярозавым сокам, відэамагнітафоны ды ГКЧП мне неяк не запомніліся тады, як і гістарычныі падзеі са сьцягам: скончыў я тым летам 91-га трэці кляс... А вось выхад газэты "Прессбол" узгадваецца: друкаваны 16-старонкавы тыднёвік стаў вельмі чаканым госьцем спачатку ў газэтных шапіках, а скора і ў паштовай скрыні маёй сям'і. Так і застаецца ім на працягу гэтых ўсіх 18-ці гадоў. Толькі скрыня зараз для мяне ўжо стала электроннай.
Напэўна, з вышыні прожытых гадоў застанецца 91-шы для мяне назаўсёды годам зьяўленьняў: нашага сьцяга, Незалежнага прафсаюза гарнякоў і газэты "Прессбол".