29 студзеня спаўняецца 125 гадоў ад нараджэння Антона Луцкевіча. Чалавека, дзякуючы якому мы жывем сёння ў незалежнай дзяржаве.
Анатоль Сідарэвіч, "Наша Ніва" (чытайце ўвесь тэкст)
Антон Луцкевіч (1884-1942), палітычны і грамадскі дзеяч. З шляхецкага роду гербу «Навіна». Брат Івана Луцкевіча. Дзяцінства іх прайшло ў Мінску. Вучыўся на фізіка‑матэматычным факультэце Пецярбургскага, юрфаку Дэрпцкага універсітэтаў. Адзін з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады (1903). Удзельнік рэвалюцыі 1905-1907. У лютым 1906 перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Удзельнічаў у заснаванні газет «Наша доля» і «Наша Ніва» (1906). Аўтар канцэпцыі дзяржаўнага ўладкавання Беларусі, Літвы і Украіны ў выглядзе Злучаных штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Ініцыятар абвяшчэння незалежнасці БНР. Займаў пасады старшыні Рады міністраў, міністра замежных справаў БНР. У пачатку верасня 1919 інтэрнаваны ў Варшаве польскімі ўладамі. Стварыў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Арыштаваны польскімі ўладамі, абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Германіі і СССР, апраўданы судом (1928). Крытыкаваў нацыянальную і аграрную палітыку СССР. У 1930‑я адышоў ад палітыкі, працаваў у Беларускім навуковым таварыстве. 30 верасня 1939 арыштаваны НКВД. Памёр на перасылцы ў Аткарску Саратаўскай вобласці у 1942. Рэабілітаваны ў 1989.
Калі ў Беларусі будуць грошы з выявамі гістарычных дзеячаў, на адной з купюраў дакладна мае быць партрэт Антона Луцкевіча. Можа, на самай хадавой, кшталту $1 з Вашынгтонам, першым прэзідэнтам ЗША. Ці то на самай саліднай у грашовай сістэме, як $100 з Франклінам, чый подпіс стаіць пад Дэкларацыяй незалежнасці і амерыканскай Канстытуцыяй.
Антон Луцкевіч быў менавіта «бацькам беларускай дзяржавы». Без яго беларусы маглі б застацца племенем на картах Яўхіма Карскага.
Ператварэнне з этнічнай супольнасці ў мадэрную палітычную нацыю - заслуга Луцкевіча і яго аднадумцаў. Роля асобаў у гісторыі.
Іх дбаннямі на сацыяльным і нацыянальным уздыме пачатку ХХ стагоддзя паўстала першая наша палітычная партыя - Беларуская Сацыялістычная Грамада. Каля яе, калі царызм пачаў лібералізацыю, утварыўся першы беларускамоўны СМІ - легальная газета «Наша Ніва». Яна стала цэнтрам нацыятворчых працэсаў. А з нашаніўскага кола выраслі палітыкі, настаўнікі, навукоўцы, класікі літаратуры. Здзяйсненнем мараў, плёнам працы таго пакалення стала ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 году, калі ў Мінску была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Малавядомы факт: аўтарам тэксту ІІІ Устаўной граматы быў Антон Луцкевіч.
*
У інтэрнэце зьявіўся музэй БНР. Запрашаю, калі ласка: sakavik.org