Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі зьвяртаецца з заклікам да беларусаў Амэрыкі і іншых краін падтрымаць беларускіх моладзевых актывістаў Івана Шылу, Франака Вячорку і Зьміцера Хведарука, выступіць разам супраць палітычнаматываваных прызываў у войска беларускіх грамадзян ды правесьці акцыю ў падтрымку маладзёнаў каля беларускіх амбасадаў у розных краінах сьвету ды каля будынку ААН у Ню-Ёрку.
БМРА інфармуе, што прызывы моладзевых актывістаў праходзяць нягледзячы на раней прынятыя медкамісіямі ваенкаматаў заключэньні аб непрыдатнасьці іх да службы ў войску. Мы ўпэўнены, што гэтыя дзеяньні наўпрост зьвязаныя зь актыўнай грамадзянскай пазыцыяй маладзёнаў. І прызывы ў войска - гэта працяг іх перасьледу ў мінулым.
Яшчэ да палітычнага прызыву ў войска Івана Шылы, Франака Вячоркі і арышту Зьміцера Хведарука з парушэньнем заканадаўства краіны і па ініцыятыве спэцслужбаў былі прызваныя ў войска сябры партыі БНФ Зьміцер Жалезьнічэнка, Віталь Каратыш і Алесь Каліта. Таксама зьдзяйсьняліся спробы прызыву моладзевых актывістаў Павала Кур'яновіча, Фёдара Чаранкова, Павала Батуева, Арцёма Забарына, Алеся Круткіна, актывіста Ўладзімера Сяргеева, а таксама студэнтаў, якія навучаюцца па "Праграме Каліноўскага", і студэнтаў Эўрапэйскага гуманітарнага ўнівэрсытэта ў Вільні.
Палітычны перасьлед моладзевых лідэраў на Беларусі асабліва добра бачны на прыкладзе лідара незарэгістраванай арганізацыі "Моладзь БНФ" (моладзевага крыла партыі Беларускага народнага фронту) Франака Вячоркі і намесьніка старшыні салігорскай філіі моладзевага руху "Малады фронт" Івана Шылы. У абодвух выпадках, маладыя людзі былі вымушаныя скончыць навучаньне з-за выключэньня з вучэбных устаноў з-за сваёй актыўнай грамадскай дзейнасьці, неаднаразова зьбіваліся і затрымліваліся прадстаўнікамі сілавых структураў краіны падчас акцыяў у розных гарадах Беларусі.
Абодва маладзёны былі спачатку прызнаныя непрыдатнымі да службы ў войску паводле мэдычных паказаньняў, але іх справы былі перагледжаныя шляхам прадузятага мэдычнага агляду, вынікам чаго стала прызнаньне іх прыдатнымі да абавязковай службы ў войску.
18 лютага 2008 году Франак Вячорка быў выключаны з унівэрсытэту (ён быў студэнтам-выдатнікам трэцяга курсу факультэту журналістыкі), бо ён нібыта не здаў два іспыты за месяц да гэтага. Учас гэтых іспытаў ён адбываў адміністратыўнае пакараньне ў выглядзе арышту на 15 сутак. 16 студзеня 2008 году учас судовага працэсу над іншым моладзевым актывістам яго арыштавалі па абвінавачаны ў выкарыстаньні брыдкаслоўя ў памяшканьні РУУС. 28 чэрвеня яго імя было ўнесена ў сьпіс асобаў, якім забаронены выезд за межы Рэспублікі Беларусь.
У ліпені і верасьні 2008 году Франак Вячорка быў прызнаны непрыдатным да службы ў войску у сувязі з двума хранічнымі захворваньнямі. Напрыканцы верасьня 2008 году абласная мэдычная камісыя накіравала яго ў вайсковы шпіталь №432 для новага мэдычнага агляду. Учас знаходжаньня ў шпіталі яму некалькі разоў адмаўлялі ў азнаямленьні з уласнай мэдычнай картай.
16 студзеня 2009 году Франака Вячорку гвалтоўна даставілі ў вайсковы камісарыят людзі ў цывільным, якія пры затрыманьні не прадставіліся, зьбілі і адзелі на яго наручнікі. Пасьля гэтага, прызыўная камісыя прызнала яго прыдатным да службы ў войску. Яму ўручылі пастанаўленьне аб прызыве на 26 студзеня. Франак Вячорка абскардзіў гэтыя дзеяньні. І хоць яго скарга пакуль яшчэ не разгледжаная судом, ён ужо дастаўлены для праходжаньня службы ў вайсковую частку ў горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласьці.
У 2007 годзе Іван Шыла быў абвінавачаны ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, а ў верасьні 2007 году асуджаны за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт". У чэрвені 2008 году з прычыны яго актыўнай грамадзянскай дзейнасьці яго выключылі зь сярэдняй школы за дзень да выпускных іспытаў.
12 студзеня 2009 году ён быў сілай дастаўлены ў ваенны камісарыят прадстаўнікамі спэцслужбаў. Пры гэтым журналістамі дзяржаўнага тэлебачаньня праводзілася тэлевізійная з'ёмка.
У сваёй заяве ад 19 студзеня 2009 году Іван Шыла ізноў зьвярнуўся з заклікам да ўладаў паважаць яго права на атрыманьне адукацыі і даць яму магчымасьць здаць апошні іспыт, што дазволіла б скончыць сярэднюю школу ў бягучым годзе.
Іван Шыла пісьмова адмовіўся праходзіць медыцынскі агляд, але, нягледзячы на гэта, прадстаўнікі медыцынскай камісіі пад ціскам прадстаўнікоў спецслужбаў і мясцовых органаў ўлады прызналі яго прыдатным для праходжаньня службы ў войску. Зараз ён знаходзіцца ў вайсковай частцы ў вёсцы Межыца Лепельскага раёну Віцебскай вобласьці.
Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі выступае супраць праведзеных з парушэньнем заканадаўства Беларусі палітычна матываваных прызываў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці на службу ў вайсковыя часткі краіны. Таксама БМРА заяўляе, што ў абодвух выпадках было парушанае права моладзевых актывістаў на атрыманьне адукацыі.
БМРА заклікае беларускіх грамадзян падтрымаць маладзёнаў і зьвяртаецца да беларускіх ўладаў:
- забясьпечыць непрадузятае і незалежнае мэдычнае дасьледаваньне ўсіх асобаў, якія мусяць быць прызваныя на абавязковую службу ў войску;
- спыніць усе формы перасьледу актывістаў моладзевых арганізацыяў;
- паважаць права на атрыманьне адукацыі усіх сваіх грамадзянаў, незалежна ад іх палітычнай ці грамадзкай дзейнасьці.
БМРА тым самым паведамляе Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў і Дзярждэпартамэнту і Адміністрацыі прэзыдэнта ЗША пра зьдзейсьненыя парушэньні заканадаўства і працяг палітычнага перасьледу людзей на Беларусі, нягледзячы на абвешчаны прадстаўнікамі ўлады шлях да дэмакратызацыі і лібэралізацыі грамадства.
Акцыя ў падтрымку беларускіх грамадзянскіх актывістаў адбудзецца ў Ню-Ёрку ў суботу 7 лютага насупраць будынку ААН а 14-й гадзіне (2 а.м.).
Адрэса:
760 United Nations Plaza, New York City, NY 10017 (паміж E 42 i E 43 Street на 1 Avenue, насупраць будынку ААН).
Зьвяртаемся да прадстаўнікоў беларускага замежжа праводзіць акцыі падтрымкі ў сваіх гарадах і інфармаваць беларускія СМІ пра час і месца іх правядзеньня. Толькі разам мы зможам дамагчыся перамен у нашай Роднай Беларусі. Беларусы, Будзьма Разам!
Сябры Беларускага Моладзевага Руху Амэрыкі