Беларускія аздобы ў цімкавіцкім касцёле.

Nov 26, 2017 13:06



Незвычайная святыня. У мястэчку Цімкавічы у Мінскай губерніі ў трох мілях ад слаўнага Нясвіжа на невялікім узгорку ўзвышаецца каталіцкі касцёл фундацыі даўніх уладальнікаў тамтэйшых земляў, роду Сапегаў, які калісці быў сведкам шчаслівых часоў. Да нядаўняга часу ён з-за адмысловых загадаў быў недасяжны для рэгулярных каталіцкіх службаў.
Ён стаяў сумны і пакінуты, і сведчыў сучаснікам аб цяжкіх хвілінах супрацьстаяння, што была вымушана праходзіць рымска-каталіцкая вера ў расійскай дзяржаве.
Пасля многіх гадоў чакання нарэшце быў прыняты акт аб верацярпімасці, які так чакалі на Літве, як узыход сонца ў доўгія, цяжкія і цёмныя дні без аніводнага промня яснага святла. Хрысціянскія душы вярнулся да жыцця. Ад няшчасцяў, што пагражалі яму, павярнуўся і цімкавіцкі касцёл.
Знайшоўся фундуш на рэстаўрацыю святыні, высакародна ўнесены пані Міхалінай з Вайніловічаў Горватавай. Парафію, якая заставалася без кіраўніка на працягу многіх гадоў, узначаліў ксёндз Тадэвуш Аскерка, святар шчырага сэрца, адданы свайму духоўнаму пакліканню.
З гэтага часу святыня падымалася з руінаў. І нават больш. Аздобілася адзеннем, небывалым на Літве. Сцены пакрываліся кветкамі, малюнкамі, сюжэтамі, узятымі з хацін люду беларускага, наўпрост з-пад яго стрэх, і былі перанесены з вялікім мастацкім густам таленавітым мастаком Францішкам Бруздовічам, захопленым сваёй працай да глыбіні душы.
Справа ўзрастала з кожным тыднем. Пасля трох няпоўных гадоў інтэнсіўнай рэстаўрацыі праца пана Бруздовіча падыйшла да сканчэння.



Цімкавіцкі касцёл цяпер зачароўвае багаццем кветак, эстэтычнай гармоніяй, арыгінальнасцю, мастацкасцю ў кожнай дэталі. І вось драўляная святыня ў сціплых Цімкавічах стала для Літвы і Беларусі тым, чым для Кракава з’яўляецца касцёл айцоў францішканцаў , аздоблены майстарскай рукою Станіслава Выспяньскага .
Малітвы люду беларускага, увасобленыя праз мастацкую паліхромную стылізацыю Францішка Бруздовіча, набылі ўражвальную цэльную кампазіцыю.



З даўняга касцёла мастак пакінуў без моцных зменаў адну ўнутраную сцяну. Астатнія пад яго кіраўніцтвам былі перабудаваны. З’явіліся цясаныя з старога дрэва ўнутраныя калюмны, храм накрылі новым дахам, пабудавалі хары, прыгожы галоўны алтар і два бакавыя, амбон, ложы, спавядальні і лавы.



Дзверы ў сакрыстыю

У роспісах пад столяй змяшчаецца шэраг крылатых постацяў, уласна - варыяцыяў адной постаці, праз якую мастак хацеў увасобіць вялікі сум, цярпенне і жаданне душы, якая шукае выратавання ў промнях святла.



Гэтую паэтычную мастацкую задумку з сацыяльна-філасоўскім падтэкстам пан Бруздовіч увасобіў у формы, зразумелыя нават воку простых людзей, якія на 9/10 ва ўсе часы запаўнялі гэтую каталіцкую святыню на зямлі, дзе больш паловы людзей належаць да ўсходняга абраду. Тым больш важнае значэнне мае ўжыванне сапраўднага мастацтва ў гэтай правінцыйнай святыні.





Але вернемся да апісання самога аздаблення. Усе сцены, столь і многія прадметы маюць бронзавы колер натуральнага сталага дрэва, на фоне якога цягнуцца арнаменты поўныя кветак, на сценах за прэсбітэрыем - стылізаваныя кусты ружаў, у нефах - яблыні, пад харамі - вялікія дубы, што ствараюць уражанне нейкага старажытнаславянскага гаю.



Дададзім да гэтага добрае слова аб найпрыгажэйшай мастацкай абкоўцы дзвераў, выкананай мясцовым кавалём, і арнаментаў з дарагіх камянёў у вокнах. Разам мы атрымліваем гарманічную цэласнасць у новым стылі, нідзе яшчэ такім спосабам не зробленую.



Табернакулюм

Гэта прынесла заслужаную славу мастаку пану Бруздовічу, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў Таварыства польскага дэкаратыўнага мастацтва, арганізацыі, якая можа прынесці яшчэ шмат карысці нашаму краёваму мастацтву роспісаў.

Міхал Наленч
__________________________________________________________________
Гэты артыкул з унікальнымі для сённяшняга часу фотаздымкамі быў апублікаваны ў часопісе “Tygodnik Ilustrowany” у 1908 годзе. Цімкавіцкі касцёл быў зачынены бальшавікамі пасля 1921 году. Занядбаны храм прастаяў да 1985 года, калі быў знішчаны пажарам пры абставінах, якія ніхто ў той савецкі час не імкнуўся высвятляць. Хутчэй за ўсё, ён быў падпалены.


Previous post Next post
Up