Мястэчка Гарадзішча.

Nov 22, 2024 15:40

Чаму мястэчка Гарадзішча называецца менавіта гэтак, становіцца зразумела кожнаму падарожнаму, хто едзе па старадаўнім тракце з Наваградка на Баранавічы, а даўней на Ляхавічы ды Пінск. Велічная шматмятровая гара ўзвышаецца на захадзе мястэчка з характэрнай плоскай вяршыняй, якая ўказвае на старажытнае паселішча. Уражвае яна нават нашых сучаснікаў, што ўжо казаць пра даследчыкаў мінулых часоў, якія бачылі ў ёй нейкі забыты значны помнік мінуўшчыны краю. Слынны Тэадор Нарбут дапускаў, што менавіта тут знаходзілася рэзідэнцыя князя Міндоўга, легендарная Варута. Але археолагі 20 стагоддзя пры шматлікіх раскопках знайшлі тут толькі тыповы набор керамікі, жалезных прылад і бронзавых упрыгожванняў, характэрных для усіх гарадзішчаў культуры штрыхаванай керамікі, якіх не так ужо і мала на Беларусі. Цяжка ўспрыняць, што такую магутная прыгожая гара была насамрэч адным з шэраговых паселішчаў пачатку нашае эры. Вось і некаторыя мясцовыя жыхары не замірыліся з гэтым і распавядаюць, быццам насамрэч знаходкі археолагаў былі нашмат болей значныя, але былі засакрэчаны ды вывезены ў Маскву. Але гэтыя чуткі наўрад ці магчыма спраўдзіць.



Тое самае гарадзішча

Дакументальныя ж сведчанні аб Гарадзішчы адносяцца да 15 стагоддзя, калі гэтае мястэчка было ўласнасцю вялікіх князёў літоўскіх. Вялікі князь Казімір Ягайлавіч напрыканцы гэтага стагоддзя намагаўся залагодзіць падарункам Гарадзішча князя Сямёна Бельскага - аднаго з нашчадкаў князя Альгерда, але марна - той усё роўна збег у Маскву, прычым прыхапіўшы частку сваіх памежных уладанняў. Крыху пазней падарункам гэтага ж Гарадзішча намагаўся залагодзіць сваю маскоўскую жонку Алену вялікі князь Аляксандр Казіміравіч. Але, як мы ведаем з гісторыі гэтага саюза, гэтак жа марна.
Значна лепей атрымлівалася ў Гарадзішчы ў спрадвечных дзедзічаў наваградскага краю. Прадстаўнікі роду Неміровічаў з мястэчка Ўселюб, стрыечныя браты кіеўскі ваявода Андрэй і крычаўскі ваявода Юрый у 1506 годзе разбілі пад Гарадзішчам загон крымскіх татараў, захапіўшы вялікі палон. З тых татараў, што прысягнулі вялікаму князю літоўскаму, потым утварылася татарская дыяспара ў Гарадзішчы, што жыла тут шмат вякоў. Неміровічы завалодалі Гарадзішчам у першай палове 16 стагоддзя і заснавалі тут уласны двор, але ўжо на іншым пагорку ў баку ад старажытнага паселішча. Таксама яны атрымалі ад князя прывілей на штогадовы кірмаш.



Бераг рэчкі Сэрвач у Гарадзішчы.

У другой палове 16 стагоддзя Гарадзішча перайшло да заможнага роду Хадкевічаў, што былі графамі ў замку на Старой Мышы, што не так і далёка адсюль. Хадкевічы мелі ў Вялікім княстве Літоўскім рэпутацыю пабожнага праваслаўнага роду, і кажуць, быццам яны заснавалі ў Гарадзішчы некалькі праваслаўных цэркваў. І менавіта ў гэты ж час пакаленне Хадкевічаў пераходзіць хто да кальвінізму, а хто нават і да каталіцтва. Дачка ўладальніка Гарадзішча троцкага кашталяна Юрыя Хадкевіча Гальшка таксама выходзіць замуж за кальвініста, смаленскага ваяводу Вацлава Шэмета. Пэўна з яе нашчадкаў была Ганна Элеанора Шэмет, якая ў першай палове 17 стагоддзя стала жонкай шляхціча Рыгора Траян-Пятроўскага, героя войнаў з Маскоўскай дзяржавай, які стаў новым уладальнікам Гарадзішча, а разам з тым прыдбаў пасаду наваградскага стольніка. У сваім новым маёнтку на месцы былой праваслаўнай царквы Траян-Пятроўскі ўзнёс мураваны кальвінскі збор. Пасля вялікай вайны Рэчы Паспалітай з Масквой гэты збор быў перасвечаны на каталіцкі касцёл Маці Божай Ружанцовай новым уладальнікам Гарадзішча Габрыэлем Керлам. Керла быў старадубскім маршалкам і раней меў уладанні на землях, захопленых Масквой падчас вайны, таму не выключана, што Гарадзішча ён атрымаў як пэўную кампенсацыю згубленых земляў.
У каталіцкай канфесіі наконт Гарадзішча ёсць свае паданні, быццам касцёл тут заснавалі ажно ў 1484 годзе. Ну а калі не тады, дык дакладна ў 1640 годзе і фундатарам яго быў полацкі ваявода Ян Камінскі. Але насамрэч гэта быў бы надта смелы крок для мястэчка, якое на той час належала кальвінісцкім уладальнікам. Ян Камінскі заснаваў у Гарадзішчы ўніяцкі базылянскі кляштар. Прычым запрасіў туды нават манахаў з італьянскага манастыра Санта-Марыя-дэ-Гротаферата! Але будынкі гэтага манастыра загінулі ў агні вайны з Масквой. І вось менавіта пасля гэтага ў Гарадзішчы ўжо з’явіўся рымска-каталіцкі храм на аснове былога кальвінскага збора.



Касцёл у Гарадзішчы

Уласныя легенды пра Гарадзішча мелі і мясцовыя габрэі - народ які ў будучыні складзе асноўную масу жыхароў мястэчка. Яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя, паказваючы будынак сінагогі відавочна не самай ранняй будоўлі, габрэі з імпэтам сцвяржалі, што пабудаваны ён быў ажно ў 1612 годзе! Аднак мабыць, такім чынам яны мелі на ўвазе час, калі тут была заснавана першая сінагога. Гэта цалкам верагодна, бо ўжо ў тыя часы тут ішоў жвавы гандаль, а мястэчка ўжо мела свій кірмаш.
У пачатку 18 стагоддзя з-за падзеяў Паўночнай вайны ў ваколіцах Гарадзішча здарылася ажно некалькі хваляў эпідэмій інфекцыйных хвароб. Навакольныя сядзібы, храмы, сялянскія двары заняпалі і патрабавалі вялікіх часовых тэрмінаў і грошай для адраджэння. У 1739 годзе вядомая ў свой час каталіцкая мецэнатка Антаніна Замойская здзейсніла шчодры фундуш дзеля развіцця касцёла ў Гарадзішчы. Ад гэтага часу ім мусілі апекавацца езуіты з кляштара ў Варончы, куды яны толькі што прыбылі з Нясвіжа па запрашэнні гаспадара тамтэйшай сядзібы Казіміра Несялоўскага.



Касцёл у Гарадзішчы

У гэты ж перыяд у шляхецкага двара ў Гарадзішчы з’явіліся новы ўладальнік - генерал літоўскага войска, вілейскі стараста Юзаф Пац. Адметна, што быў гэта далёкі, але прамы нашчадак… Гальшкі з Хадкевічаў, што валодалі Гарадзішчам два стагоддзі таму! У мястэчку Юзаф Пац адзначыўся закладаннем у 1764 годзе невялічкай уніяцкай царквы, якой было наканавана захавацца да нашага часу. Жывучы ў Гарадзішчы, Юзаф Пац пасябраваў з тагачаснай «зоркай» навакольнага краю навагрудскім кашталянам Юзафам Несялоўскім з Варончы. Ён неаднаразова бываў на гучных застоллях і ловах у варанчанскай сядзібе, а калі ў 1794 годзе пачалося паўстанне Касцюшкі быў бліжэйшым паплечнікам Несялоўскага ў Найвышэйшай літоўскай радзе паўстанцаў. На жаль, на той час век Паца на гэтай зямлі ўжо падыходзіў да скону…
Юзаф Пац быў перадапошнім прадстаўніком свайго славутага роду. Паколькі ён не быў жанаты і ў яго не было дзяцей, яму заставалася адно завяшчаць свае ўладанні далёкаму сваяку - настолькі далёкаму, што яго ўжо магчыма было лічыць проста цёзкам. Гэта быў малады тады яшчэ студэнт Віленскага ўніверсітэта Людвік Пац.
Постаць Людвіка Паца вартая асобных артыкулаў і нават цэлай кнігі. Чалавек найвышэйшых арыстакратычных якасцяў, бліскучай адукацыі і вайсковых талентаў. Шмат гадоў ён праслужыў у войску французскага імператара Напалеона, уваходзіў у кола яго бліжэйшых дарадцаў, быў адным з трох яго літоўскіх ад’ютантаў. Ягоныя маёнткі ў былой Рэчы Паспалітай знаходзіліся як на землях Расійскай імперыі, так і Прусіі. У іх ён укараняў перадавыя спосабы вядзення земляробства і жывёлагадоўлі, карыстаючыся досведам, які атрымаў падчас вучобы ў Англіі, Шатландыі ды Ірландыі. З гэтых краін у яго сядзібы прыязджалі выдатныя спецыялісты і нават простыя сяляне, а каб не завозіць з тых далёкіх краёў адмысловыя машыны і прылады, Пац пабудаваў фабрыку па іх вытворчасці - трэцюю ў гісторыі Рэчы Паспалітай. У сваёй рэзідэнцыі ў Варшаве Людвік Пац стварыў сапраўдную галерэю мастацтва, у якой знаходзіліся антычная, сярэднявечная і маўрытанская залі, дзе знаходзіліся арыгіналы прадметаў еўрапейскай гісторыі і культуры і былі нават артэфакты з раскопак Пампеяў. Сучаснікі казалі мелі пра яго прыказку: “Пац варты палаца, а палац - Паца”. І куды тут ужо было сціпламу Гарадзішчу? Але і тут Людвік Пац меў уласны палацык з паркам! Праўда, невядома, ці наведаў ён яго хаця б раз…



Уладальнік Гарадзішча генерал Людвік Пац.

Была ў Людвіка Паца толькі адна “загана” - ён жадаў, каб ягоны край быў вольны ад Расійскай імперыі. Таму калі ў 1830 годзе ў былой Рэчы Паспалітай узнялося паўстанне, ён як дасведчаны вайсковы ўстаў у яго шэрагі, стаў камандуючым дывізіяй. У няўдалай бітве пад Астралэнкай ён быў паранены, а ў хуткім часе і ўсё паўстанне пацярпела паразу. Пац быў вымушаны з’ехаць у Францыю, і больш ужо ніколі не вярнуўся на радзіму. Усе яго маёнткі, уключаючы Гарадзішча, былі сканфіскаваныя на дзяржаўны скарб.
З тых часоў у сядзібы ў Гарадзішчы ўжо не было сапраўднага дбайнага гаспадара. У 1833 годзе частку маёнтка, было, прадалі шляхцічам Бухавецкім, але пасля паўстання 1863 года яе таксама адабралі. Пасля таго ж паўстання ўлады вырашылі ўмацоўваць “русскій элемѣнтъ” у краі і ўзнагародзілі сядзібай у Гарадзішчы свайго чыноўніка, старшыню навагрудскага міравога суда Леаніда Спічакова, які якраз выйшаў на пенсію. Спічакоў аказаўся настолькі “таленавітым” уладальнікам, што за няпоўныя 15 год гаспадарання ў маёнтку ён здолеў цалкам яго разарыць. Ён застаўся вінен грошай не толькі шмат каму з суседзяў памешчыкаў, але і нават ці не палове габрэйскіх гандляроў Гарадзішча! У выніку такога гаспадарання, пасля смерці Спічакова сядзіба папала ў фінансавы заклад, маёмасць паступова падзялялася і прадавалася аж да пачатку першай сусветнай вайны.



Каталіцкая каплічка 18(?) стагоддзя ў Гарадзішчы.

Пасля паўстання 1863 года расійскія ўлады зачынілі ў Гарадзішчы касцёл. Яго пробашча ксяндза Якуба Кучака, каб не перашкаджаў русіфікацыйным мерапрыемствам, абвінавацілі ў падтрымцы паўстанцаў ды саслалі ў Пермскі край. Пасля гэтага храм яшчэ амаль 10 гадоў не маглі прывесці да ладу і вырашыць, што з ім рабіць, бо для расійцаў ён быў надта “каталіцкага” выгляду. Існаваў праэкт яго поўнай перабудовы, але на шчасце для яго пашкадавалі грошай. У выніку абмежаваліся надбудовай “цыбулевых” купалоў і зменай унутраннага убрання.



Касцёл у Гарадзішчы пасля перабудовы ў праваслаўную царкву. Фотаздымак часоў першай сусветнай вайны.

Драўляную Крыжаўзвіжанскую царкву, заснаваную Юзафам Пацам таксама чакалі русіфікацыйныя змены. У 1839 годзе яе, вядома, перавялі з уніі ў праваслаўе, але знешні і ўнутраны выгляд збольшага не краналі. У 1879 годзе была праведзена рэканструкцыя храма, усталяваны новы іканастас, зроблены новыя купалы і дададзены шматлікія дэкаратыўныя элементы з неарускага стылю.



Крыжаўзвіжанская царква ў Гарадзішчы. Фотаздымак часоў першай сусветнай вайны.

У гэты няпросты час, калі расійская ўлада цікавілася ў краі больш паліцэйскім наглядам, а не сацыяльна-эканамічным развіццём, асноўным рухавіком памнажэння дабрабыту мястэчка стала ў Гарадзішчы габрэйская грамада. У канцы 19 стагоддзя габрэі складалі 80% насельніцтва Гарадзішча, яны вызначалі і чалавечае, і архітэктурнае аблічча мястэчка. Цэнтральная плошча амаль цалкам складалася з забудовы габрэйскімі крамамі, дапоўненымі галоўнай сінагогай, а ў паўночным кірунку па вуліцы Наваградскай склаўся цікавы ансамбль драўлянай жылой і гандлёвай забудовы, якая дакладна паўтарала абрысы узгоркаў прыроднага рэльефу Гарадзішча. Слынны наш суайчыннік Ян Булгак, наведаўшы мястэчка ў тую пару быў моцна ўражаны крамай габрэйкі-гандляркі Фейгі, якую ён назваў “цэнтральным пунктам гарадзішчанскага краю”. У ім было магчыма набыць такія рэдкія тут для таго часу тавары як шакалад, глаубераву соль, гальштукі, разнастайную бакалею. Фейга не толькі прадавала, але і скупляла ў сялян жыта, а рабілася гэта для таго, каб потым па сваіх каналах выправіць яго на продаж у Прусію. Іншыя габрэйскія гандляры можа і не мелі такога размаху ў гандлі, але таксама вялікай бяды з прыбыткам не мелі. Аб значнасці і важнасці габрэйскага ўплыву красамоўна сведчыць тое, што, паводле сведчанняў сучаснікаў, нават беларускія сяляне з навакольных вёсак валодалі пэўным базавым наборам з мовы ідыш.



Забудова габрэйскіх крамаў на вуліцы Наваградскай у Гарадзішчы ў пачатку 20 стагоддзя.

У 1915 годзе падчас першай сусветнай вайны Гарадзішча было занята перадавымі часткамі нямецкага войска. Сярод яго аказаўся фатограф, які адразу зрабіў шмат здымкаў мястэчка, захаваўшы для нас яго старасвецкі краявід.



Выгляд на цэнтр мястэчка Гарадзішча на здымку нямцкага фатографа часоў першай сусветнай вайны.

Зрабіў ён гэта вельмі сваечасова, бо ўжо ў 1916 годзе Гарадзішча было напаўзруйнавана абстрэламі расійскага войска падчас Скробава-Гарадзішчанскай аперацыі. Гэтая аперацыя, у якой Расія спрабавала наступаць на нямецкія пазіцыі, стала адной з найбольш крывавых і бяздарных у гэтай вайне. Расійскія войскі на невялічкім участку фронта згубілі каля 80 тысяч чалавек, не прасунуўшыся ні на кіламетар. Але агнём артылерыі моцна пашкодзілі цэнтр Гарадзішча. Былі разбураны амаль усе габрэйскія камяніцы на цэнтральнай плошчы, спалена сінагога. Дасталося і былому касцёлу, а на той час Троіцкай царкве, у якога выбухам была знесена апсіда. Тады ж канчаткова перастаў існаваць маёнтак у Гарадзішчы, які, знаходзячыся ў гаротным стане, быў яшчэ і папляжаны снарадамі.



Зруйнаванае мястэчка Гарадзішча ў 1917 годзе.

Дзякуючы таму, што пасля першай сусветнай вайны Гарадзішча засталося на тэрыторыі Польшчы, мястэчка здолела аднавіцца без значнага разбурэння сваёй традыцыйнай структуры. Адбудавалі свае крамы габрэі. Касцёл быў вернуты каталіцкай царкве і адбудаваны ў старасвецкім барокава-рэнесансным выглядзе. Крыжаўзвіжанская царква ў 1922 годзе таксама зведала капітальны рамонт ад пашкоджванняў вайны і была пакінутая праваслаўным. Расійская імперыя ў перыяд свайго панавання не пакінула каталіцкай канфесіі ў Гарадзішчы ніводнаяга храма, а злосныя польскія “паны-прыгнятальнікі” пакінулі праваслаўнай царкве гэты храм, нягледзячы на тое, што пачаткова ён быў уніяцкім.





Крыжаўзвіжанская царква і яе званіца, некранутая расійскімі перабудовамі.

Лакаматывам развіцця Гарадзішча ў 1920-30-я гады ізноў заставаліся габрэі. Яны кіравалі тут ужо не толькі крамамі ўздоўж галоўнай мястачковай вуліцы, але ўжо і цэлымі створанымі прадпрыемствамі. У Гарадзішчы быў бровар, цагельня, вэндлярня, 3 млыны, 2 з якіх былі водныя, а адзін механічны і нават прыватная электрастанцыя! Дзякуючы такой актыўнасці і памнажэнню дабрабыту мястэчка яго насельніцтва за міжваенныя гады павялічылася больш чым у два разы.



Будынак механічнага млына, які належаў гарадзішчанскаму габрэю Мойшэ Пачапоўскаму.

Пасля пачатку другой сусветнай вайны ў Гарадзішча вайшлі войскі сталінскага СССР. Пачаліся арышты ўсіх, як казала савецкая прапаганда, асаднікаў, але фактычна проста сялян-гаспадароў польскай нацыянальнасці. Цэлыя сем’і, нават без нейкага абвінавачання, проста грузіліся ў “спецтранспорт” і вывозіліся на “спецпоселеніе”. З Гарадзішча вывозілі пераважна ў Архангельскую вобласць, там няшчасныя людзі мусілі стаць працоўнай сілай на лесанарыхтоўках. Але гэта было толькі прадвесце трагічных падзеяў, якія разгарнуцца ў Гарадзішчы і наваколлі праз некалькі гадоў.
У чэрвені 1941 года Гарадзішча занялі войскі нацысцкай Германіі. Яны адразу расстралялі ўсіх, хто паспеў быць заўважаным у супрацоўніцтве з савецкімі ўладамі. А ўжо ў кастрычніку таго ж года яны перайшлі к ажыццяўленню палітыкі татальнага знішчэння габрэйскага насельніцтва. 21 кастрычніка 1941 года ў некалькіх месцах на ўскраіне Гарадзішча было расстраляна амаль 1500 мясцовых жыхароў габрэяў. Расстрэлы працягнуліся і ў 1942 годзе, ажно пакуль усе тыя, хто складаў большасць насельніцтва мястэчка, не былі фізічна знішчаны. Толькі адзінкам удалося неяк уратавацца ды схавацца ў навакольных вёсках і лясах.
Такім чынам, наваколлі Гарадзішча, дзе яшчэ не астылі брацкія магілы дзесяткаў тысяч загінулых жаўнераў першай сусветнай, за некалькі гадоў ператварыліся ў церазпалосіцу крывавых ірвоў, дзе ляжалі трупы былых жыхароў мястэчка. Забівалі не толькі габрэяў, у шматнацыянальным Гарадзішчы жылі і цыганскія сем’і, якія таксама былі расстраляны, былі загінулыя і сярод местачковых татараў. У наваколлі Гарадзішча таксама прывозілі на расстрэлы еўрапейскіх габрэяў, якія прыбывалі туды на эшэлонах на станцыю Баранавічы. Нікому не было спакою ў тыя часы. Расстрэльвалі палякаў, якіх падазравалі ў супрацоўніцтве з Арміяй Крайвай, беларусаў, якіх абвінавачвалі ў сувязях з савецкімі партызанамі. І хоць гэтым разам у Гарадзішча практычна не была закранута разбурэннямі местачковая забудова, урон быў нанесены значна больш страшны…



Магіла ксяндза Яна Язерскага, закатаванага ў канцлагеры ў Калдычэва, ля касцёла ў Гарадзішчы.

Пасля вайны савецкія ўлады зрабілі Гарадзішча адміністрацыйным цэнтрам вялікага раёна. Хутчэй па старой памяці, ведаючы, якую ролю мястэчка адыгрывала ў тутэйшым краі яшчэ ў нядаўнім мінулым. На месцы старых габрэйскіх крамаў на цэнтральнай плошчы быў нават пабудаваны вялізны гмах раённага выканкаму. Але з цягам часу стала відавочным, што былога развіцця і дабрабыту ў мястэчку ўжо больш не будзе. Бо не было тых, хто стагоддзямі тут іх забяспечваў. Тыя нешматлікія габрэі, якія здолелі выжыць пасля Халакосту, паступова з’язджалі з Гарадзішча, бо не маглі існаваць у адсутнасці свабоды гандлю і рамёстваў ды і проста непавагі да сваёй культуры, якую пасля вайны выразна дэманстравалі ўлады СССР. Апусцелыя габрэйскія дамы засяляліся сялянамі з навакольных вёсак, іншых краёў Беларусі і нават Савецкага Саюза. Цяпер Гарадзішча адрознівалася ад гэтых навакольных вёсак хіба крыху большымі памерамі. З пачатку 1960-х гадоў статус вёскі ў складзе Баранавіцкага раёна быў замацаваны за Гарадзішчам афіцыйна.



Старая габрэйская забудова Гарадзішча.

Унікальная местачковая забудова Гарадзішча год за годам старэе, пераробліваецца ды знішчаецца. Старыя магілы галоўных жыхароў яго мінулага занядбаныя і збольшага таксама знішчаны. На месцы старога маёнтка Людвіка Паца - школа-інтэрнат, а на яе тэрыторыі яшчэ ёсць нейкі дзясятак паркавых дрэваў, якія, можа, памятаюць даўніх уладальнікаў. Ні аб іх, ні аб габрэйскай грамадзе, ні ўвогуле штосьці пра гісторыю мястэчка ў Гарадзішча нідзе не мае і згадкі. І толькі тое высокае гарадзішча побач ды ладны, прыгожы гмах касцёла насупраць даводзяць, што калісьці тут была іншая цывілізацыя і іншае культурнае і эканамічнае жыццё…



На падворку аднаго з сучасных дамоў у Гарадзішчы.

усадьбы, путешествия, храмы

Previous post
Up