Жопарль

May 30, 2012 00:13


Па мне патапталася гусь-на чаравіку застаўся сьлед гусінае лапы. Яна патрабавала ў мяне хлеба (і відовішчаў) і яе не абыходзіла, што на двары +27 і аб’ядацца ў такое надвор’е ня варта.

Так, Англію тыдзень таму апанавала сьпёка. Панядзелкавым вечарам я прахажвалася ў сваёй зімовай куртцы, а на наступны дзень цокала па сьцежках сандалікамі і расьпівала мятна-марозіўны кактэль. Вакол на ўсіх травічна-кветкавых паверхнях былі раскіданыя целы людзей і качак.

Трэба адзначыць, што піла я ня толькі мятныя кактэлі. Калі апоўдні ў пятніцу я стаяла ў чарзе ў кавярні па каву, мне ў бок раптам нешта ўторкнулася. Нечым апынуўся Джош (рэжысёр нашага зімовага спекту). Да яго прыхіналіся Лоўрэнс і Алан (калегі-акторы). На плячы Джоша вісела вялікая торба, у ёй зьвінела.

-Штопар дайце, кал-ік!-ласка!-зьвярнуўся Джош да дзяўчынкі за прылаўкам. Тая паслухалася і праз 14 сэкунд у маёй руцэ  апынулася адкаркаваная пляшка “Кароны”.

-Ты ж ведаеш, што кава і піва цудоўна спалучаюцца? -запытаў Джош і крыху нахіліўся ўлева; разам зь ім нахіліліся Лоўрэнс і Алан.

А потым мы разам рушылі на “open-air”  спектакаль “As You Like It” па Шэкспіры. Мае тэатральныя калегі асілілі толькі першую дзею. У антракце, разыграўшы сцэнку спаленьня Лоўрэнса на вогнішчы, троіца зьнікла ў накірунку леса.

Павярнуўшыся ўвечары з «пост-шэкспіраўскага» басэйну, я прачытала смс ад Джоша: «Прыходзь жа ў сквер, мы тут!» На месцы мяне сустрэлі «тыя ж» і іх сябар Джэймс. Лоўрэнс кульгаў на забінтаваную нагу (вайсковая траўма, якую ён, па ягоных словах, атрымаў падчас бойкі з драконам  у мясцовым прудзе); Джош стаяў без штаноў, абгорнуты ў рушнік з выявай амэрыканскага сьцяга (штаны, мяркую, пацярпелі ў той жа бойцы). У бяздоннай торбе сяброў па-ранейшаму зьвінела.

Хлопцы ў якасьці дывэртысмэнту падрыхтавалі для мяне паказ «Караля Льва» ў сваім выкананьні-зь песьнямі, танцамі і эмацыйнымі ўсьплёскамі сідру. Потым яны пайшлі па рэпэртуары “The Queen”  і “Beatles”. То бок, пайшлі літаральна-нагамі. Недзе паміж восьмай “Хэй, Джжжуд!” і трэцяй “Багемскай рапсодыяй” я здолела ўцячы.

Проста брытанцы здалі летнюю сэсію.

Я ж тыдзень таму здала сваё партфоліё па дзіцячай літаратуры. З такой нагоды я вазьмі ды зьезьдзі:



Друідаў у Стоўнхэджы я ня стрэла, што навеяла на мяне журбу. Давялося падмацоўвацца апэльсінкаю, каб палегчала. (Палегчала.)

Наступны дэдлайн-прыканцы чэрвеня, здаю працу па перакладзе. З такой лінгвістычнай нагоды я ўзяла ў бібліятэцы кнігу на гішпанскай-“Як вада з чакалядам”, мэксіканскае аўтаркі Лаўры Эсківэль. Сёньня яе дачытаю і выдыхну. А то ў мяне такое адчуваньне, што я аб’елася бразільскага сэрыялу. “Ён убачыў яе плячо і закахаўся… Але ажаніўся зь яе сястрой, бо маці-тыраніха не дазваляла малодшай дачцэ схадзіць замуж… Потым маці памерла, але яе здань перасьледвала дзеўку… Але праз 22 гады закаханыя ўзьядналіся- феерыя! Чытач, сатры з аблічча соплі радасьці!”  Неяк у мяне, карацей, не задалося з лацінаамэрыканскай літаратурай, яшчэ з Маркэса.

І я па-ранейшаму клацаю французскую. Узяла два падручнікі. Адзін-напісаны брытанскімі аўтарамі. У разьдзеле “Pronunciation”-тлумачэньне: “All French words sound different frоm English ones even when they look the same.” Па-мойму, вычарпальна.

А спраўдзіць, як мне далася фрэнч пранансэйшн я змагу ўжо ў пятніцу: аўтобус прывязе мяне ў Парыж, потым Антвэрпэн і, ўрэшце, Брусэль. Там будуць чакалядачкі, імпрэсіянюгі, капучыны і Эсмэральды. А самае галоўнае, вельмі харошыя дзяўчынкі-хлопчыкі і Найлепшы Мужчына Ўнівэрсума.

І, спадзяюся, чарговы парыжскі кельнер ня плюне мне ў каву, пачуўшы маё тужлівае “Жопарль…”
Previous post Next post
Up