Пост-жабаедзкае

Jun 08, 2012 23:39

І вось я вярнулася ў Варвікшыр. Да мяне з парога кінулася мая зімовая куртка, прыгаворваючы: "Ой, як ты своечасова! А ў нас якраз +13!"

У Парыжы я насіла чырвоны сарафанчык і чырвоны пэдзікюр. Яшчэ я шмат цалавалася, піла розныя алкаголі, каштавала жабавы лапкі (у мэню яны, дарэчы, былі пазначаныя як "морапрадукты"-- вось жывуць нашыя жабы ў балотах і ня ведаюць...), поўзала па Музэі Арміі (у ім нават дасьпехі воінаў Рэчы Паспалітай былі), не плявала з Эйфелевей вежы, спазьнялася на цягнікі, шукала вачыма Квазімоду на даху Нотр-Дама, глядзела сэмі-бурлеск, прымяралася да ролі стуардэсы, аб'ядала Лену зь Лёшам і замілавана назірала, як Сярожа ўпершыню ў жыцьці сьмела есьць запечаных сьлімакоў.

Потым быў Антвэрпэн зь вішнёвым пірагом, залевай, раёнам армянска-габрэйскіх ювэлірных крамаў, непаслухмяным парасонам і паслухмяным надзіманым матрацам дома ў гасьціннага Алега, прылегшы на які пасьля распіцьця 8-градуснага бэльгійскага піва, Сярожа мовіў: "Зараз я пайду памыюся, пераапрануся і..."  Гэта былі ягоныя апошнія словы тым вечарам.

На дэсэрт быў Брусэль. Ён як Парыж, але сімпатычней ды ўтульней. У Брусэлі былі Віка з Алешам, якія правялі нам экскурсію па Эўрапарлямэньце, дзе працуюць. "Увогуле, экскурсіі тут ладзіць забаронена... Але ўсе гэта робяць,"-- патлумачылі яны. Потым яны выгулялі нас зь Сярожам па начным горадзе--  ён быў ціхі і анты-турыстычны. Мы пакланіліся хлопчыку і дзяўчынцы, якія сікаюць (распіяраны чамусьці толькі хлопчык, а насамрэч іх двое-- але ў розных месцах Старога горада). Я цалкам праніклася канцэпцыяй сікуноў пост-фактум: у Брусэлі (як і ў Антвэрпэне) ўсе публічныя прыбіральні каштуюць 40 цэнтаў (нават у Макдональдсе)-- так што ня дзіва, што хлопчык зь дзяўчынкай не стрывалі. Затое Брусэль падкарміў нас найсмачнейшымі вафлямі з марозівам, ўзьбітымі вяршкамі і чакалядным соўсам... Але, як прадэманстравала практыка, іх лепш не пераядаць.

А цяпер я дома. Вецер скручвае рукі дрэвам і хціва паглядае на наш інтэрнацкі домік, плянуючы перанесьці яго ў Смарагдавы горад. Я пью імбірную гарбату і асьцярожненька, з-за фіраначкі, паказваю ветру ў вакно язык.

ЗЫ: Нібыта нават філязофская гісторыя-бонус. Нейкім вечарам мы рушылі зь Ленай-Лёшам-Сярожам у бар. Перад гэтам я неабачліва наелася кавуна і несла ў сабе шмат сьветлага і добрага, таму, толькі ўвайшоўшы ў бар, я кінулася да прыбіральні. Аднак яна апынулася занятай, я, дробна падскокваючы, ціха-злосна пачала лаяцца на падступнасьць лёсу... Тут мой погляд упаў на шыльдачку на дзьвярах прыбіральні: "WC. У выпадку экстраннай сытуацыі, захоўвайце спакой." Я засьмяялася і мне палягчэла (на душы).


Previous post Next post
Up