Калі я зьяжджала зь Менску напачатку красавіка, там яшчэ падаў сьнег. Я прыехала ў партугальскі Авэйра ў сярэдзіне красавіка-- там было +14 і беспрабудны дождж. Цяпер ва ўсім сьвеце +20 (ну, ў сярэдім так), каштаны, сарафанчыкі і вафлі. Тут, у Варвіку-- стабільныя +13. У чэрвені плянуецца пацяпленьне да +16. Мая гардэробная матрыца ў Англіі круглы год уключае ў сябе зімовую куртку і пальчаткі.
Затое ў нас зьявіліся дзеці! Варвіцкі пруд цягам апошняга месяцу літаральна ператварыўся ў дзіцячую пляцоўку: гусі вывелі гусянятаў, качкі-- качанятаў, чорныя-птушкі-з-жоўтымі-нагамі-ня-ведаю-як-называюцца-- сваіх... ня-ведаю-як-называюцца. Цяпер трэба насіць удвая больш хлеба. Але ж дзеці-- кветкі жыцьця, ну.
І яшчэ наконт кветак:
Гэта тутэйшы "туман" са званочкаў-- радасьць для вока эстэта, батаніка і Дашы.
Зь іншых радасьцяў-пацехаў-- джазавая мэсса Ўіла Тода, якую мы сьпяваем ў хоры цягам гэтага трымэстру; грыбны супец, які я нечакана для сябе зварыла-- і зьела; пэдзікюр адценьня, якое заклікае да беспрыдзелу; заняткі пілатэсамі-аэробікамі, пасьля кожнага зь якіх я думаю: "І навошта?..", але працягваю туды сябе вадзіць.
Паміж усім гэтым-- тэатры, кіно, вечары ўкраінскіх страваў, няўдалыя спробы напіцца зь Ніно гарлачом кактэйся "Woo-woo", цікаўныя назіраньні за суседкай-Какосам, якая завяла сабе ў гэтым трымэстры другога бойфрэнда і задорна чаргуе яго зь першым (мне цікава, ў яе вісіць расклад на сьцяне?), заняткі аццкай жабаедзкай мовай і ружовае віно ў пеннай ванне (не ў самой ванне... ну, вы зразумелі канцэпцыю).
І я дапісала партфоліё, да. Мушу ў панядзелак здаць чарговых 10 тышш словаў па прадмеце "Дзіцячая літаратура". Зь мяне пёрла столькі гісторыяў, што я пераваліла, таго не заўважыўшы, праз максімальны ліміт словаў. Аж рукапісы, як вядома....
А, і, канешне, не магу не прапіярыць дзецішча нашага курса: анталёгію аповедаў маладых і (бязь)межна таленавітых аўтараў:
http://papercutsanthology.bigcartel.com/ Там ёсьць і мая гісторыя. А кніжачку можна замовіць нават у Беларусь, такі вось цывілізацыйны прарыў.
Карацей, жыцьцё адчайна імкнецца ў лета. То бок, у +16. І гэта невымоўна добра.