Ізноў пра вайну і 9 мая

Jun 21, 2015 13:35

Ездзілі пазаўчора ў Пухавіцкі раён, каб дамовіцца з сельсаветам на памяшканне для этнаграфічнай экспедыцыі.
Экспедыцыя на 3 тыдні, чалавек будзе больш за 20, з іх шмат студэнтаў і па тэлефоннай размове было зразумела, што мясцовы начальнік не дужа рады нязваным гасцям.
Стаім чакаем каля сельсавета, абмяркоўваем як пераканаць баязліўца і вырашаем, што калі будзе аднеквацца, то скажам, што экспедыцыя будез прысвечана 70-годдзю перамогі і збіраць будзем успаміны ветэранаў. Шах і мат. Нікуды ня дзенецца, дасць.

Ці яшчэ. Сябар, які займецца турызмам кажа, што наша Федэрацыя Альпінізма большасць сваих буйных праектаў прысвячае нейкай чарговай гадавіне Перамогі, бо толькі так можна выбіць грошы з дзяржавы. Вось і ў гэтым годзе пад сцягам 70-годдзя ўзышлі на Эверэст.

У Дзяржынску пад прымусам грамадскасці Раён распрацаваў план добраўпарадкавання гістрычных могілак. Сярод іншага на ўваходзе мусіць з'явіцца помнік войнам і ахвярам ВАВ. Гэта пры тым, што на могілках і так ёсць пахаванне салдат той вайны, яно добра дагледжанае і досыць грунтоўнае. Матывацыя зразумелая - калі ставіць такі помнік, то можна выбіць з дзяржавы грошы.

Такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат.


Па выніку, спекуляцыя на тэму вайны стала рычагом з дапамогай якога вырашаюцца шматлікія, далёкія ад вайны, сацыяльныя задачы. Пры гэтым адбываецца натуральны працэс: чым больш тэма вайны становіцца інструментам для выбівання грошай, тым меньш у гэтым шчырасці і актуальнасці. У савецкія часы ў гэтым быў хоць нейкі баланс, бо жывыя ўдзельнікі вайны, колькі б яны не выкарыстоўвалі гэтую тэму ў сваіх інтарэсах, застававаліся ў межах адэкватнага разумення. Гэта дарэчы добра бачна пры параўнанні Хатыні, ці нават Брэсцкай крэпасці, з Лініяй Сталіна.

У сітуацыі з артыкулам пра вайну на kyky.org тая ж самая праблема. Напісаў бы чалавек такі ж артыкул, напрыклад, пра Кастрычніцкую рэвалюцыю (а гэта ж у нас таксама ціпа афіцыйнае свята), дзе б сказаў, што за тракатры і дзяржаўнасць канешне дзякуй, але ВЧК былі сволачы і тое, як ўсё гэта пачыналася ў 1917 г. шмат у якіх момантах выклікае толькі сорам.
І які-небудзь малады камуніст настрачыў бы кляўзу ў Мінюст, што артыкул прыніжае наш народны патрыятызм. І што Мінюст зрабіў бы? Ды нічога! Хутчэй за ўсё адбрахаўся б, ну ці максімум вынес нейкае папярэджанне без усялякіх грубых дзеянняў.
Але Мінюст не можа не зрэагаваць, калі справа датычыць Другой вайны. Кодавае слова "ВАВ" прамоўленае, значыцца рычаг націснуты. І далей могуць быць толькі дзеянні без аналізу і экспертызы тэкста. Хай сабе нават калі прычына дробная. У гэтым пытанні слабасці быць не можа. Таму толькі караць і як мага больш жорстка.
Такім чынам, выкарыстанне спекулятыўнай тэмы прыводзіць да несвабоды і неадэкватнасці дзяржапарату. А гэта дрэнна.

Можна было б сказаць, што гэта ўсё фантомныя болі, застарэлыя раны. Але на самой справе наадварот. Ідзе актыўны працэс адкрыцця гэтай раны. Для вырашэння сучасных задач. Немалаважным тут была прапанова мінскага ідэолага Капенкі - ўвесці адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі. Прычым зразумела, што вядзецца не пра прызнанне/непрызнанне балцкага субстрату і нават не пра хвацкіх уланаў ВКЛ у Напалеонаўскім войску. Усё пра тое ж, пра Вайну.

У мяне ёсць прапанова, як хутка выправіць гэту сітуацыю, але наўрадці з ёй нехта пагодзіцца.

Я б ўвогуле адмяніў бы дзяржаўнае святкаванне 9 мая хоць на некалькі год. У сэнсе, непрацоўны дзень бы пакінуў, але ўсе дзяржаўныя мерапрыемствы адмяніў.

І гэта не з непавагі да свята, хутчэй наадварот.
Мне нясцерпна цікава даведацца, што беларусы б рабілі без парада і дзяржаўных канцэртаў. Што пад гэтым святам разумеюць нашыя людзі? Не тое, што яны думаюць тыя падзеі, а што яны гатовыя рабіць для іх ушанавання? Бо любое свята - гэта дзеянне.

Ну першы год проста селі б павыпівалі, як заўсёды. А далей? Піць жа цэлы дзень не будзеш, дый нагода не такая, а самае галоўнае парада няма, а гэта значыцца ушанавання не адбылося нават фармальна. Раней та ўсё за нас рабілі, а што цяпер?
Дык вось у адрозненні ад нашых ідэалолагаў, я веру што на 2-3 год у народзе пачалі б узнікаць  стыхійныя ініцыятывы адэкватныя нашаму часу - паходы да партызанскіх зямлянак (розных бакоў канфрантацыі), сумесны прагляд фільмаў, талокі па добраўпарадкаванні помнікаў. Можа б нават выйшлі на ідэю шэсця-парада, але ў такой форме, каб яны была актуальная цяпер і была б не дадаткам да палітычнай гульні, а сапраўдным мерапрыемствам памяці.
Прычым я ўпэўнены, што пры любым развіцці падзей не ўзнікла ні адной сур'ёзнай ініцыятывы, якая б у гэты дзень метанакіравана займалася б актуалізацыяй нейкіх цёмных момантаў вайны.

І ў выніку адпала б і магчымасць спекулянцыі на гэту тэму, знікла б і агрэсіўнасць рыторыкі.
Я сам не прыхільнік выкідвання негатыву напэрэдадні 9 мая, як гэта ў нас зараз модна. Для пакалення нашых бацькоў гэты дзень сэнсава і эмацыйна замяніў Пасху. Такія рэчы ніякімі аргументамі не перашыбеш. Але людзей, якія менавіта ў гэты дзень пачынаюць пісаць усялякі кампрамат, разумею. Найбольшая прычына тут, каненше, інфармацыйны перакос, але дадае злосці якраз тое, што дзяржава ўсяляк пазіцыянуе 9 мая, як свята народнай памяці, а па выніку атрымліваецца, што народ у гэтым свяце адказны толькі за тое, каб накрыць стол.

Парады і шматкаляровыя сцяжкі на праспекце напружваюць не толькі з прычыны нейкай нязгоды з інтэрпрэтацыяй гэтай вайны, але і тым, што ты і як большасць усіх навокал не маюць ніякага дачынення дагэтага дзейства апроч спажывецкай функцыі.

Мне падаецца, што нам трэба развіваць традыцыю адзначаць 9 мая не на парадзе, ці перад тэлевізарам, а "на маршруце": у велападарожжы на месца якога-небудзь боя, у паходзе на партызанскую зямлянку,  на добраўпарадкаванні нейкага помніка, на тэматычных сустрэчах дзяцей вязняў концлагерэй, ці унукаў партызан якога-небудзь атрада. Бо я ўпэўнены, што там пустых дыскусій пра вайну не будзе і спекулянтаў хутка будуць выводзіць "на чыстую ваду". І свята памяці будзе святам памяці. Зразумела, са святочным сталом у канцы.

Падсумоўваючы, выкажу тое, што ўжо пісаў калісьці: калі да помніка пачынае ўскладаць кветкі дзяржава, народ туды кветкі ўжо не носіць. Ва ўшанаванні мінулага дзяржаўная ідэалогія мусіць пакідаць месца для народнай памяці. Бо ідэалогія і памяць не адно і тое ж, а часам вельмі рознае.

П.С. А са старшынём мы, дзякуй Богу, дамовіліся без націскання на ваенную тэматыку. Хаця ўпэўнены, што пад час экспедыцыі гісторый пра апошнюю вайну будзе запісана шмат. Там людзі гэту тэму ўзгадваюць без усялякіх юбілейных нагодаў. Бо жывое.

думка, вайна

Previous post Next post
Up