Вось вырашыў напісаць пра палітыку. Думаю шмат каму не спадабаеццца, але як грамадзянін мушу хоць нешта палітычнае зрабіць у гэтым годзе).
Па-першае, як і большасць людзей, лічу гэтыя перадвыбарныя гульні поўным глупствам. Таму досыць дзіўна глядзець, як людзі абмяркоўваюць нейкія заявы Караткевіча, Статкевіча, ці Лябедзькі. Гэта як нейкі бразільскі серыял - усе разумеюць, што абы што, але працягваюць глядзець.
Найбольш паказальна, што ў гэтым годзе ніхто з кандыдатаў, у тым ліку і Лукашэнка, не прапанаваў хоць нейкай выбарчай праграмы. То бок нашыя палітыкі ўжо нават абяцанняў перадвыбарчых не даюць (смешную прапанову пра мільён працоўных месцаў тут можна не агучваць). Карацей, поўны рэлакс.
Але я не пра тое. Мне даўно карцела абазначыць 3 перагібы, якія з 90-ых гадоў набіраюць сілу у нашай палітычнай прасторы і на цяперашні момант, здаецца, падышлі да піка сваёй абсурднасці.
Першае. У канцы 80-ых гадоў у нас адбыўся моцны палітычны штуршок у выніку якога людзі, якія займаліся арганізацыяй самадзейных тэатральных пастановак сталі ў адно імгненне кіраўнікамі буйных палітычных аб’яднанняў. Тады гэта было апраўдана. Але ў палітычнай прасторы гэта з’ява чамусьці была ўспрынята як норма і замацавалася.
У выніку ў нас склалася ўяўленне, што каб быць беларускім палітыкам трэба выконваць 2 пункты:
1. праводзіць паседжанні/сходы палітычнай структуры,
2. быць супраць Лукашэнкі. Прычым супраціў Лукашэнку не мусіць быць канструктыўным. Бо канструктыў - гэта супрацоўніцтва.
Пры гэтым варыянт, што ствараць сацыяльную базу пад сябе (сваю праграму) ў грамадстве можна па-за межамі партый і нават па-за межамі палітычных пытанняў, нават не разглядаецца.
Я ўпэўнены, што чалавек, які змог бы паўлываць, напрыклад, на развіццё медычнай сферы ў Беларусі, ці адукацыйнай, меў бы зараз значан большы сацыяльны статус, чым цяперашнія кандыдаты (а вось ці захацеў бы ім ускарыстацца, гэта пытанне).
Бо так атрымліваецца, што кандыдат распавядае колькі ён усяго зробіць, калі пераможа, а я слухаю і не разумею, чаму ён не можа заняцца гэтым без прэзідэнцкага мандата?
Вось, напрыклад, “Беларусь ў Еўропу” - гэта не проста слоган, а вялікі комплекс мер, кожную з якіх трэба ўдумліва прапрацоўваць і шмат якія з іх можна рэалізаваць нават пры цяперашняй ўладзе.
Чаму ю не заняцца?
Досыць паказальнай тут ёсць сітуацыя з БХД. Ну якім чынам статус партыі ўплывае на фармаванне свайго электарата і дасягнення тых мэтаў, якія партыя збіраецца рэалізоўваць, калі прыйдзе да ўлады?
А па выніку, на сёння мы маем сітуацыю, калі сярэдняй рукі грамадская арганізацыя можа маблізаваць больш людзей (без грошай), мае большую пазітыўную пазнавальнасць у грамадстве і большы партфель рэалізаваных праектаў, чым усе разам узятыя апазіцыйныя партыі Беларусі.
І адсюль вынікае другі момант.
Вось ужо 20 год у Беларусі ў палітыку ідуць людзі якім ўлада непатрэбная. І гэта, дарэчы, шмат у чым абумоўліваецца вельмі альтруістычным момантамі. Статкевіч, Севярынец, Някляеў не сыходзяць з палітычнай арэны не таму, што ім карціць мець уладу, а таму што яны змагаюцца з Цмокам. І пакуль беларусы не прачнуліся яны будуць рабіць гэта самі. Такая вось ахвярнасць.
Але ці трэба для змагання з Цмокам лезці ў палітыку, асабліва, калі не хочаш заняць ягонае месца?
Проста мне падаецца, што калі чалавек сапраўды хоча ўлады, то ён ідзе на выбары, ён прайграе і пасля цягам 5 год робіць ўсё, каб вырасціць сваю сацыяльную базу: дапамагае людзям рашаць іх праблемы, распрацоўвае законапраекты, адкрывае дзіцячыя пляцоўкі, прапіхвае ідэю адкрыцця касмадрома ў Беларусі ну так далей. Пры гэтым ён разуме, што калі ад ягоных праектаў не будзе канкрэтных вынікаў, а толькі словы, то і электарату не будзе. Таму прагны да ўлады чалавек бярэцца за рэальныя праекты, каб даказаць, што ён можа. І пасля праз 5 год ён аглядаецца і прымае рашэнне, ці ісці на выбары, ці не ісці. Калі чалавек гэтага не робіць, то значыцца яму гэтая ўлада не трэба.
Тут канешне можна казаць, што ў нас іншая сітуацыя, у нас і не Еўропа і “ўсё адно заціснуць”. Але які сэнс упарта, цягам 20 год рабіць тое, што не прынясе вынікаў? Да таго ж за апошнія 10 год было досыць шмат прыкладаў пазітыўнай работы з боку грамадкай супольнасці - супрацоўніцтва з уладамі, уваходжання ва ўладныя структуры і нават жорсткай крытыкі дзеянняў улады, пры гэтым застаючыся ў прававым полі.
Адсюль трэцяе.
Наша палітыка дзейнічае па прынцыпу - спачатку вырашэнне першасных задач (свабода слова, свабода мітынгаў, пакаранне вінаватых), а пасля ўжо ўсё астатняе. А пакуль нам гэтых базавых задач не даюць вырашыць, то мы нічога іншага рабіць не будзем. У пач. 2000-ых гэткая пазіцыя была правільнай і відавочанай. А цяпер выглядае па-дзівацку. Навокал кіпіць жыццё, ёсць процьма праблем, якія трэба вырашаць і якія ніхто не замінае вырашаць, а дзясяткі дарослых людзей сядзяць у закрытым памяшканні і гадамі абмяркоўваюць далёкія ад жыцця тэмы. І раз на 5 год яны выходзяць на вуліцу, патрабуюць сабе ўлады і крыўдзяцца, што іх не прымаюць.
Па выніку мы маем набор людзей, якія нічога карыснага не ўмеюць рабіць (можа і ўмеюць, але не паказваць), улады не хочуць, але пры гэтым называюць сябе палітыкамі і мы прызнаем за імі гэтае права.
З усіх гэты разважанняў прыйшла да мяне досыць дзівацкая і неадназначаня думка. Дзялюся ёй, хаця і пазнавата.
Калі ўжо казаць пра палітыку, то ва ўсёй гэтай гульні трэба звяртаць увагу і рэагаваць толькі на аднаго чалавека, які ўмее шмат чаго і ўлады жадае бязмерна. Зразумела, што гэта сам Лукашэнка. Ну і рэагаваць на яго (актыўна) можна 2 спосабамі - байкатаваць, ці падтрымаць.
Актыўны байкот мне падаецца бессэнсоўны, бо нават калі ён атрымаецца, то гэта нічога не дасць.
А вось з адваротнага боку можна было б правярнуць цікавую мадэль: правесці маштабную акцыю па зборы подпісаў пад лістом з прыблізным тэкстам:
“Аляксандр Рыгоравіч, мы, тыя хто падпісаўся ніжэй, гатовыя прагаласаваць за вас на выбарах, калі вы пагодзіцеся выканаць 5-10-15 пунктаў гэтай дамовы ….” І далей дзясятак канкрэтных хаценняў, выпрацанаваных у межах маштабнага абмеркавання (вось бы дзе "Народны рэферэндум"). Толькі нешта рэальнае, напрыклад, прывязаць кошт бензіна да нафты, нейкая канкрэтная прапанова па падаткаабкладанні, пусціць у Беларусь ІКЕЮ :), выпусціць палітзняволеных, ну і так далей.
Нягледзячы на ўсю наіўнасць такой акцыі, яна, мне падаецца, магла б стаць досыць моцным фактарам у палітычнай гульні.
- Выявіўся б талковы лідэр, які цягнуў бы гэту справу. А справа няпростая, бо толькі сфармаваць гэтыя 10 пунктаў было б звышскладанай задачай, а пасля і сам збор арганізаваць. Гэты чалавек на пасаду б не прэтэндаваў, але па выніку мог бы стаць моцнай палітычнай фігурай.
- Рэальна было б сабраць якую-небудзь аграменную колькасць подпісаў, бо пад нармальна сфармаваным спісам паставілі б подпісы і БНФавец, і БРСАМавец, і бізнэсмэн і рабочы.
- Адназнача цікава было б паназіраць за рэакцыяй Лукашэнкі. Бо з аднаго боку ён мог бы проста адмахнуцца, а з іншага боку магчымасць атрымаць на выбарах рэальныя 83% была б для яго вельмі спакуслівай.
- Ну і проста на палітычным полі нарэшце сфармавалася б сітуацыя з невызначаным вынікам, што ў нашым балоце ўжо само па сабе прыемна.
- А калі б гэта раптам спрацавала, то правілы палітычнай гульні ў Беларусі маглі б досыць кардынальна скарэктавацца.
Выкладваю гэтую ідэю не як практычную прапанову, бо і позна, ды і не ўзяўся б ніхто (улады ж ніхто не хоча). Але проста як адзін з варыянтаў развіцця падзей, як магла б грамадская супольнасць выступіць на гэтым дзействе не аб’ектам маніпуляцыі, а суб’ектам з магчымасцю дамагчыся канкрэтных выгодаў для сябе.
Калі ж казаць пра рэальнасць, то на выбары відавочна не пайду, на Плошчу таксама, і ніякіх неспадзяванак ад іх не чакаю.
Хаця ўся гэтая цішыня найбольш і напружвае, бо найчасцей ламаецца менавіта тады, калі не чакаеш.