У снежні 2014 г. У Беларусі была прынятая новая рэдакцыя закона “О погребении и похоронном деле”.
Закон закранае розныя аспекты дадзенай справы, аднак мяне найперш цікавіць як ён рэгулюе праблемы гістарычных пахаванняў і як унесеныя змены могуць паўплываць на стан захаванасці старых (а значыцца часцей за ўсё нікому не патрэбных) могілкавых тэрыторый.
Класіфікацыя
Найперш па класіфікацыі. У старым законе аб 2001 г. могілкі класіфікаваліся такім чынам: по обычаям - на общественные, вероисповедные, воинские; по историческому и культурному значению - на историко-мемориальные (артыкул 20)
У новым законе класіфікацыя змененая: общественные, вероисповедательные, воинские захоронения, захоронение жертв войны. (артыкул 16). Пра гісторыка-мемарыяльныя, як асобны тып класіфікацыі не ўзгадваецца, але ў канцы артыкула ёсць такі абзац: Месту погребения может быть присвоен статус историко-мемориального места погребения в порядке и на условиях, установленных Советом Министров Республики Беларусь.
Ні ў старым ні ў новым законе не раскрываецца значэнне тэрміна «историко-мемориального места». Адпаведна ніяк гэты статус не рэгламентуецца. Фраза «В порядке и на условиях, установленных Советом Министров Республики Беларусь» таксама гучыць досыць туманна. Нібыта можна здагадацца, што гэта адсылка да магчымасці ўнясенне найбольш каштоўных помнікаў ў Дзяржаўны спіс каштоўнасцей, якія знаходзіцца ў кампетэнцыі Мінкульта, але чаму б так наўпрост не напісаць?
Інвентарызацыя
Добрую справу ўводзіць Артыкул 21 робячы абавязковым дзяржаўны уліку ўсіх «участков для захоронения». Гэта значыцца наданне парадкавага нумара, перапіс імя, прозвішча пахаванага, датаў жыцця і фіксацыя кантактаў бліжэйшых родных, адказных за пахаванне.
Пры гэтым выклікае вялікі сумнеў, што нехта возьмецца весці ўлік пахаванняў XIX - першай паловы XX ст. Фармальна гэта мусяць рабіць мясцовыя выканкамы, але без падтрымкі (хаця б метадычнай) інстанцый вышэйшага ўзроўню (Мінкульт? Акадэмія Навук?) яны гэту справу проста не пацягнуць. У той жа час у дачыненні да ваенных пахаванняў усё прасцей. Закон ускладвае адказнасць за іх улік на Міністэрства Абароны.
Самае важнае прапісана ў 22 артыкуле, які прысвечаны інвентарызацыі могілак. Раз у 2 гады спецыяльныя службы мусяць выяўляць на тэрыторыі некропаляў і весці ўлік самавольных пахаванняў, а таксама «участков для захоронения, на которых находятся разрушенные надмогильные сооружения, степень разрушения которых исключает их ремонт и (или) восстановление».
Калі такое пахаванне выяўленае, то прадстаўнікі спецыяльных службаў мусяць усталяваць на ім шыльду з патрабаваннем давесці да ладу надмагільную канструкцыю. Праз 2 гады (у старым законе было 3), калі нічога не зменіцца, надгробак можа быць ліквідаваны, а на ягоным месцы мусіць быць усталявана стандартная шыльда з інфармацыяй пра пахаванага.
Нібыта ўсё лагічна, але толькі на першы погляд. Такое адчуванне, што прапісваючы гэтыя нормы заканатворцы думалі толькі пра больш-менш сучасныя пахаванні. Вось, напрыклад, упадзе дрэва на помнік і той разаб'ецца на кавалкі. Блізкім родным паведамілі, але тыя з'ехалі, ці ім гэта не цікава. За дзяржаўны кошт зразумела рамантаваць не будзеш, а каб разбураным стаяла, то «непарадак». Тады пачакалі 2 гады, знеслі рэшкі і паставілі таблічку. Сваякі як адумаюцца, то прыедуць і паставяць новы помнік.
Але ў дачыненні да больш старых пахаванняў у такой сітуацыі узнікаюць непаразуменні. Найперш, калі праводзіць прыблізную класіфікацыю, то цягам XIX-XX ст. надгробкі рабілі часцей за ўсё з камня, металу, ці цэменту. Уявіць сабе патрэсканы і напаўразбіты цэментны помнік «степень разрушения которога исключает его ремонт» досыць проста. А якія пашкоджанні выключаюць рамонт у металічнага крыжа? Адсутнасць адной з перакладзін, нейкі працэнт заіржавеласці, сцёртая таблічка з іменем, пахіленасць больш за 45 градусаў? Незразумела. З каменнымі надгробкамі XIX ст. тая ж сітуацыя. Яны найчасцей не ламаюцца і не б'юцца, а проста падаюць. Павалены надмагільны камень выключае ягоны рамонт, ці не?
І вось атрымліваецца сітуацыя, што стаіць работнік ЖКХ перад вялікі, прыгожым надмагіллем якіх-небудзь 1860-ых гадоў. І тое надмагілле павалілася і нават кавалак ад яго адламаўся. І што яму рабіць? Ставіць шыльду на 2 гады у надзеі, што з'явяцца сваякі? Зразумела, што ніхто не з'явіцца, 150 год прайшло. Ну, добра, выявіўся педантам і паставіў. І шыльду ўбачылі якія-небудзь грамадскія актывісты. Ці маюць яны права па законе аднавіць помнік? Незразумела. Але гэта ўсё тэорыя. На практыцы і па дзеючым законе, прыгожы надмагільны камень мусіць быць проста вывезены, а на яго месцы паставяць пластыкавую шыльдачку. Ці ж гэта нармальна?
Незразумелы артыкул
Вялікія надзеі пакідае назва артыкула 23 «Старые и выявленные ранее неизвестные могилы». Але расшыфроўка дадзенага тэрміна засталася для мяне туманнай:
«Старыми могилами считаются могилы, расположенные вне территории места погребения ..., если с даты последнего захоронения прошло более шестидесяти лет... Участки земли, на которых находятся старые могилы, используются под зеленые насаждения».
Апускаючы пытанне, што гэта ўвогуле за магілы такія, застаецца зусім незразумелым, чаму старымі могуць лічыцца толькі пахаванні па-за тэрыторыяй могілак? У межах некропаля яны не не старэюць?
Вельмі дзіўны артыкул.
Па выніку, можна канстатаваць, што новы закон, як і былы ніяк, не закранае пытанне старых пахаванняў (хаця сам тэрмін, як мы бачым, прысутнічае). Розніцы паміж сучасным гранітным помнікам да якога «прыпісаныя» адказныя сваякі + ЖКХ і каменным надгробкам пач. ХХ ст. на закрытых, забытых богам і людзьмі могілках, не робіцца ніякай. Хаця відавочна, што пахаванні, якім больш за 60 год маюць свае адрозныя праблемы і асаблівасці: да большасці з якіх ужо не прыйдуць сваякі, яны разбураюцца больш актыўна, чым сучасныя, яны больш разнастайныя у матэрыяльных формах, пры гэтым шматлікія з іх ужо маюць некаторую мастацкую і гістарычную каштоўнасць.
Усё гэта патрабуе асобных рэгламентаў, якія ніхто не бярэцца распрацоўваць. Чамусьці лічацца, што калі помнік, ці могілкі маюць нейкую каштоўнасць, то мусяць быць унесеныя ў дзяржаўны спіс помнікаў і аўтаматычна патрапляюць пад адпаведны закон. Але ж не ўнясеш тысячы пахаванняў ХІХ ст. у дзярж. спіс! Таму праблема павісла і адсутнасць яе вырашэння ў новым законе яшчэ наробіць нам усім клопату.
Неадназначны выхад
На самой справе, пры абмеркаванні праекта закона было закранутае пытанне, якое магло б падштурхнуць вырашэнне праблемы, хоць і з нечаканага боку. На адным з дзяржаўных каналаў было нават праведзена адпаведнае ток-шоў. Некаторыя дэпутаты, здаецца пры згодзе Міністэрства ЖКХ выступалі з прапановай дазволіць хаваць паўторна на месцы разбураных пахаванняў.
Зразумела, што такая прапанова выклікае шмат пярэчанняў і з маральных і з санітарных пазіцый. Але на маю думку, пры ўсёй неадназначанасці ў такім рашэнні былі б свае плюсы.
Найперш варта адзначыць, што звычай дазахоўваць на месцы старых пахаванняў у Беларусі быў заўсёды. Гэта добра бачна каля любой могілкавай царквы, дзе старыя пахаванні ідуць у перамешку з новымі. Адносім мы гэта да «добрых» традыцый нашых продкаў, ці «дрэнных», асобнае пытанне, але такое было.
Новыя пахаванні на старых участках могілак, ці можа нават на закрытых могілках, якія адпаведна можна будзе адкрыць, аўтаматычна вырашаць пытанне дагледжанасці і добраўпарадкаванасці гэты тэрыторый. Бо цяжка сачыць за станам могілак, куды ніхто не наведваецца (гэта асабліва бачна ў вясковай мясцовасці), а на могілках, дзе ёсць новыя пахаванні больш актыўна працуюць і мясцовыя ЖКХ і родныя. Да таго ж пачышчаныя некропалі XIX ст. могуць стаць добрым месцам для пахавання найбольш выбітных людзей горада (мястэчка) і адпаведна стануць прывабнымі як непасрэдна для пахавання, так і для турыстычнага/выхаваўчага наведвання.
Ну і нарэшце, дазвол на дазахоўванне прымусіў бы ўзяцца за сур'ёзнае прапісванне рэгламентаў, ацэнкі статуснасці тых ці іншых могілкавых тэрыторый, дакладнага вызначэння тэрміна «степень разрушения исключает ремонт», стварэнне грунтоўных інвентарызацый тых могілак на якіх такія дзеянні былі б дазволеныя.
Аднак падняўшы гэтае пытанне, дэпутаты не рашыліся прасоўваць яго далей, баючыся, відаць, рэзка негатыўнай рэакцыі грамадскасці. Іншых прапаноў таксама не было. І пытанне пра старыя могілкі «павісла», пакінутае да лепшых часоў і наступнай рэдакцыі закона.
Толькі ці не будзе да таго часу вынішчаная большасць старадаўніх некропаляў па няўцямнай прычыне «степень разрушения исключает ремонт»?