Прэзідэнт беларусаў - міф?

Oct 21, 2011 01:55

Па шматлікіх просьбах грамадзкасці - публікую вынікі сенсацыйных даследаванняў.

Прэзідэнт беларусаў - міф?
     Вопыт даследавання аграрнай сутнасці грамадскай абраднасці беларусаў
       (па матэрыялах даклада на ІІ Лжэнавуковай канферэнцыі “Фаменкаўскія чытанні”)

Народнасць, якую мы называем беларусамі, з’яўляецца аграрнай па сваёй сутнасці настолькі, што нават у індустрыяльную эпоху не згубіла саю аграрнасць. Як кажуць, “паскрабі рускага - пабачыш татарына”, а саскрабі з самага гламурнага беларуса яго касцюм ад Армані (мэйд ін чайна, куплена на жданах) - пабачыш усю тую ж запэцканую гноем світку і кірзачы. “Сена на асфальце” - так завецца беларуская псеўдаўрбаністычнасць і псеўдамадэрнасць.
Аграрнасць вызначае ўсе бакі жыцця, космас і мікракосмас, ім прасякнута кажная тутэйшая асоба - ад завоблачных вышынь Super-Ego да самага дна Id. На гэтым кіце і пакоіцца жыццё як прыватнае, так і грамадскае.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што нашчадкі літвінаў (так зваўся раней народ, што насяляў абшары цяперашняй т.зв. Беларусі) пад уздзеяннем аграрызацыі свядомасці нават імя сваё змянілі ў гонар галоўнай земляробчай прылады - трактара “Беларус”. З гэтым можна было б не пагадзіцца, калі б уся астатняя грамадская міфалогія і абраднасць не мела б такую відавочную земляробчую аснову.
Пачнем з таго, што адзінае боства монатэістычнага культу - Прэзідэнт, мае усе характэрныя рысы, якія прыпадабняюць яго з іншымі земляробчымі боствамі астранамічнага паходжання, як егіпецкі Асірыс, фрыгійскі Аціс ці грэцкі Дыяніс. Гэты міфічны персанаж (якога, безумоўна, ніколі рэальна не існавала, як і яго аналагаў у іншых міфалагічных сістэмах) увасабляе сабой адлюстраванне нябеснага селькагаспадарчага календара - гадавы шлях Сонца па небасхіле, цыклічныя астранамічныя з’явы і іх сувязь з прыроднымі працэсамі і гаспадарчымі працамі.
Разгледзім “біяграфію” гэтага персанажа. Яна досыць тыповая. Народжаны ад дзевы 30 жніўня (па іншый версіі 31-га - тыповая з’ява дрэйфу культавых дат), яго нараджэнне суправаджалася з’яўленнем падаючых зор (метэорны паток Персеіды): сымбаль апладнення нябёсамі зямлі зорным насеннем. Атрыбуты яго дзяцінства - “жывотныя” і “расценія” (“Я рос срэдзі жывотных і расценій”). У смутныя часы становіцца правіцелем, выводзіць народ з хаосу і заняпаду, што найперш выражаецца ў сельскагаспадарчых сымбалях, звязаных з плоднасцю (“нармальныя чэлавечэскія яйца”). Яго праўленне падзяляецца на пяцігадовыя цыклы. У канцы кожнага цыклу адбываецца барацьба (безумаўна, выключна сымбалічная) з цёмнымі сіламі, якія персаніфікуюць холад (“адмарозкі”), ноч (“агенты Захаду”) і іншыя з’явы, варожыя эфектыўнаму вырошчванню культурных раслін. У часе гэтай барацьбы Прэзідэнт рытуальна памірае і ўваскрасае, абноўлены, сымбалізуючы стабільнасць і адвечны колаварот. Лёгка заўважыць, што даты святаў перараджэння (у народзе іх называюць “выбары”) прыкладна прывязаныя да значных пунктаў руху сонца: 10 ліпеня 1994 (да летняга сонцастаяння, Купалля), 9 верасня 2001 (асенняга раўнадзенства), 19 сакавіка 2006 (вясенняга раўнадзенства), 19 снежня 2010 (зімняга сонцастаяння)
Перараджэнне суправаджаецца вельмі характэрнымі рытуаламі: усе паўналетнія жыхары (паўналетнім лічыцца той, хто ўжо мае права кіраваць трактарам ці камбайнам) кідаюць паперкі ў скрыні з вузкімі шчылінамі - рытулізаваная імітацыя сяўбы ці размнажэння жывёлы. У дзень самога свята перараджэння (якое нечым нагадвае хрысціянскі Вялікдзень) увечары адбываецца галоўная дзея з удзелам вялікай колькасці народу. На галоўнай плошчы збіраецца натоўп вернікаў. Гэту хаатычная маса - сымбаль жаночага пачатку, неапрацаванай зямлі, уступае ў кантакт з упарадкаванымі шэрагамі жрацоў у святочным убранні, якія фалічнымі жэзламі сымбалічна апладняюць гэты самы жаночы пачатак. Пасля гэтага пэўная колькасць вернікаў аказваецца заключанай ў спецыяльныя келлі прыкладна на палову месячнага цыкла - даследчыкі пакуль спрачаюцца, азначае гэта цяжарнасць ці вегетатыўны перыяд насення і ад якой сакральнай жывелы ці расліны узяты гэты тэрмін (магчыма, гэта нешта з міфаў аб дзяцінстве персанажа, нешта з тых самых “жывотных і расценій”). Па сканчэнні тэрміну сядзельцы выходзяць, вернікі вітаюць іх як святых. Значыць, яшчэ адзін цыкл зямля не страціць сваю ўрадлівасць, а быдла будзе цешыць гаспадароў багатым прыплодам!

(Працяг будзе - калі мяне лянота ці кампетэнтыя органы не параканаюць у адваротным)

сарказм, даследзіны, Фаменка руліць!, творчасць, аграмадэрн, псіхадэл, родны фак

Previous post Next post
Up