Нясвіжская ратуша "залатога веку" - невядомая выява?

Dec 23, 2015 16:47

  Якіх толькі людзей не сустрэнеш у Нясвіжскім замку! Менавіта дзякуючы такому выпадковаму знаёмству прыадкрылася яшчэ адна старонка майго роднага горада. Цяпер мы ведаем, як выглядала ратуша у другой палове 18 ст - у “залаты век” Нясвіжа, калі ён напраўду быў некаранаванай сталіцай Радзівілаў, а мо і ўсёй Рэчы Паспалітай.




Калі верыць знакамітай гравюры Т.Макоўскага, у пач. 17 ст, ратуша выглядала так:


Падчас Паўночнай вайны у 1706 г., шведы ўзялі Нясвіж, спалілі горад. Тады ж згарэла і ратуша са ўсёй маёмасцю.
У 1752 г. ратуша перабудавана ў стылі позняга барока (як і шмат іншых будынкаў у горадзе, тая ж Слуцкая брама). Падчас гэтай перабудовы істотна змяніўся не толькі знешні, але і ўнутраны выгляд. Захаваліся розныя планы і апісанні, але выява ратушы таго часу даследчыкам невядомыя.
  У 1836 годзе Нясвіж гарэў чарговы раз, ужо не ад варожага нашэсця, а ад нядбайнасці мяшчан. У тым пажары згарэла і ўжо не аднаўлялася уніяцкая царква, але пацярпела і ратуша: яна страціла сваю ганарлівую вежу. Менавіта тады яна і набыла свой смешны нехлямяжы выгляд, які застанецца на мностве фота 19-20 стст.


Ратуша падчас крывавага самадзяржаўя да рамонту 1896-1901 гг. (Фота Барэцці, 1894 г.)



Выгляд пад прыгнётам панскім за польскім часам (1920-я -1930-я гг).



Аўтобусны прыпынак каля ратушы. (1920-я -1930-я гг).



Новыя функцыі пры новай уладзе. 1954 г.

Калі ў часы незалежнасці ратушу ўзяліся рэканструяваць, было вырашана вярнуць ёй урачысты першапачатковы выгляд, вядомы па самай першай выяве горада - гравюры Т.Макоўскага.


І вось нарэшце ў мазаіку дадаўся яшчэ адзін каменьчык! Прычым вельмі каштоўны.
Трапіла яна мне досыць выпадкова - дзякуючы калегу з Санкт-Пецярбурга, які, наведаўшы Нясвіж, звярнуў увагу на малакрыкметны экспанат адной з выставаў Эрмітажа - альбом графа А.А.Бобрынскага. Вось так ён атрыбутаваны ў Эрмітажы:


Граф А.А. Бобрынскі - верагодна, Аляксей Аляксеевіч, унук Кацярыны ІІ. Імператрыца нарадзіла ад свайго фаварыта графа Арлова дзіця, якое, зразумела, не магло атрымаць прозвішча ні Раманавых, ні Арловых, але пакрыўджаным не засталося: Аляксей Рыгоравіч атрымаў тытул графа і новае прозвішча - Бобрынскі.
  Якое дачыненне Аляксей Аляксеевіч, згаданы ў эксплікацыі, меў да Нясвіжа, каб памясціць выяву нясвіжскай ратушы на вокладку альбома - для мяне вялікая загадка. Але выява насамрач важная і цікавая (клікабельна).


Так, вядома, што падчас рамонта 1752 г. перад будынкам ўзвялі каменную лесвіцу на мураваных слупах, якая вяла з плошчы непасрэдна на другі паверх. Як гэта лесвіца і ўвесь новы ганак выглядалі - добра бачна на выяве. Гэта цікавая дэталь - асноўнае адрозненне ў абліччы ратушы таго часу, больш ні на якіх выявах яе не ўбачыць. У пазнейшых апісаннях яна згадваецца, як драўляная. Дзверы галоўнага фасада захаваліся, але былі закрыты лесвіцай і, верагодна, служылі толькі для спуска ў падвалы, дзе таксама размяшчаліся склады для навакольных крамаў.
  Купал, абабіты бляхай, мае характэрную барочную форму, таксама адрозную ад вядомых выяваў. На даху флюгер ў выглядзе арла, прычым аднагаловага - відаць, не расійскі, а яшчэ радзівілаўскі, хоць пасля падзелаў РП Нясвіж быў выкуплены ў магнатаў. Праўда, цяжка сказаць, наколькі мастак захаваў прапорцыі купала. Пад купалам на вежы бачны гадзіннік, што згадваецца ў інвентары 1799 г., адтуль жа вядома, што ён меў два званы.
  За ратушай відаць вежы касцёла святога Яна, што быў часткай дамініканскага кляштара.Ратушу акружаюць гандлёвыя рады-сукеніцы - як і да таго, як і сёння.Злева на малюнку можна ўбачыць вартавую будку характэрнай расфарбоўкі і вартаўніка. Хто гэта - жаўнер, паліцэйскі? У Нясвіжы з 1815 года была паліцыя, што ўтрымлівалася за гарадскі кошт. Вось каб па ўніформе паспрабаваць датаваць малюнак дакладней! Можа, хто дапаможа?
  На жаль, падрабязней дазнаць пра выяву ды сам альбом пакуль не атрымліваецца, і хто знае, калі атрымаецца самому ўзяцца за гэту справу. Спадзяюся, гэты “цізер” натхніць кагосьці на далейшыя росшукі!

Нясвіж, даследзіны, расея-мая-расея, выявы, цізер, ad fontes!, Радзівілы, неспадзянка, няма таго што раньш было, Эрмітаж, цар-бацюшка, ад прадзедаў спакон вякоў

Previous post Next post
Up