Беларускі выбар Нясвіжа

Aug 16, 2013 12:38

"Беларусы настолькі незалежныя, што ад іх нічога не залежыць”. Гэта адчуванне ўласнай негістарычнасці, характэрнае наогул для беларускага люду, наймацней адчуваецца за МКАДам МУНДам. Маўляў, усё важнае і вялікае робіцца недзе далёка, а наша хата з краю, у нас усё памалу і паціху. Нават слаўны Нясвіж згадваецца толькі ў сувязі з Радзівіламі, якія зусім не пакутавалі ад думак аб уласнай негістарычнасці і рабілі гісторыю, як маглі. А што несвіжане? Няўжо сядзелі і чакалі па хатах, як палякі падораць ім цывілізацыю, бальшавікі - вызваленне, а Гарбачоў - незалежнасць?
А вось і не! Пад гонтавымі стрэхамі ў памяркоўных сем’ях нараджаліся людзі з гарачымі галавамі, палымянымі сэрцамі і пакручастымі лёсамі, якія самі станавіліся гісторыяй…
У час перамен на рубяжы стагоддзяў на вузкіх брукаваных вуліцах Нясвіжа выспявалі, абуджаліся і сыходзіліся ў барацьбе тры нацыі: беларусы, палякі і габрэі. Зараз колькі словаў пра самы трагічны, але цягавіты, які не здаўся і дасёння - пра беларускі рух.



Паводле Усерасійскага перапісу 1897 года 1577 несвіжан з 8459 назвалі сябе беларусамі, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам. Само сабою, у Нясвіжы, як і ў іншых местах і мястэчках “Рысы аселасці” абсалютную большасць складалі жыды - 4661 чал. Адпаведна, хрысціян розных нацыянальнасцяў (за выключэннем татар-мусульман, якіх було зусім мала ў горадзе) атрымлівалася 3798. На нацыянальны склад горада значна ўплываў размешчаныя тут расійскія войскі - 40 артылерыйская брыгада (у яе складзе большасць складалі этнічныя рускія). Калі адкінуць вайскоўцаў, колькасць тутэйшых месцічаў-хрысціян аказваецца каля 2400 чал, з іх - 1448 беларусаў, 507 палякаў, 486 вялікаросаў.
Аднак Бог няроўна дзеліць. Большая частка беларусаў былі земляробы, прыслуга, прадстаўнікі розных рабочых спецыяльнасцяў - адным словам, працоўны люд. Праўда, беларусамі сябе назвалі і 84 патомных двараніна (!). Аднак абсалютная большасць нешматлікай хрысціянскай інтэлігенцыі, служачых аднеслі сябе да палякаў ці рускіх. Таму зусім не дзіўна, што першым у Нясвіжы ўзнікае не беларускі, а польскі і габрэйскі нацыянальны рухі.
Наяўныя звесткі паказваюць, што беларускі нацыянальны рух у Нясвіжы разгортваецца пасля Лютаўскай рэвалюцыі. У верасні 1917 года  Нясвіжская настаўніцкая семінарыя вяртаецца з эвакуацыі. Пасля вяртання па ініцыятыве навучэнца Міхася Міцкевіча (брата Якуба Коласа) быў створаны беларускі гурток “Таварыства прасветы”. Гурток ставіў за мэту згуртаванне навучэнцаў вакол ідэі нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення Беларусі, вывучэнне беларускай гісторыі і культуры,прапаганду беларускага тэатральнага мастацтва. Яго ўдзельнікамі былі ў тым ліку будучы класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны (Мікалай Раманаў), а таксама будучы драматург і празаік Васіль Сташэўскі.



Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, пасля - польская гімназія імя У. Сыракомлі.



Міхась Міцкевіч (Антон Галіна). Не блытаць з Міхасём Канстанцінавічам Міцкевічам - сынам Якуба Коласа



Кузьма Чорны праз восем год пасля "Таварыства Прасветы" - 1925 г. З БДАМЛіМ

У гэтым жа годзе ў Нясвіжы актывізуецца беларускі рух сярод вайскоўцаў. У пачатку снежня 1917 года ў Нясвіжы ў палацы Радзівілаў, які на той момант быў заняты рознымі часовымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі, адбываецца З’езд беларусаў-вайскоўцаў 2-й арміі , які прымае рэзалюцыю  ў падтрымку Вялікай беларускай рады і Усебеларускага з’езду.
Абвяшчэнне БНР не прайшло незаўважным для несвіжан. У пачатку красавіка 1918 года дэлегацыя Нясвіжа (Нясвіжскага Савета?) разам з дэлегацыямі іншых гарадоў наведвае Народны сакратарыят БНР “Мэтай гэтых дэлегацый было завязаць з радай Рэспублікі цесны кантакт і інфармаваць правінцыю аб дзейнасці Вышэйшых органаў рэспублікі”. (Дарэчы, калі звяртаешся да крыніц, то разумееш, што міф аб поўнай маргінальнасці БНР і аб тым, што пра яе ніхто нічога не ведаў - перабольшаны больш чым цалкам)


Галоўная збройная сіла ў горадзе - нясвіжская міліцыя была пад кіраўніцтвам прабеларускі настроенага камандзіра - намесніка старшыні Беларускай Рады 2-й арміі А. Шляхто, які ў чэрвені 1918 года нават прасіў Народны Сакратарыят залічыць яго ў Раду БНР.
У 1919-1920 гадах адным з лідараў беларускага руху ў Нясвіжы становіцца ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. У 1918 годзе Мінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі накіраваў гэтага  вядомага ўжо на той момант  беларускага рэлігійнага і грамадскага дзеяча, у Нясвіж на пасаду школьнага прэфекта і рэктара бэнедыктынскага касцёла. Верагодна, тады ён пачаў распрацоўваць беларускія лекцыі па гісторыі Святога Пісання. З Нясвіжа каталіцкі настаўнік пасылаў у газету "Беларуская крыніца" свае артыкулы і нататкі па гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэння і сучаснага вызвольнага руху.


Вінцэнт Гадлеўскі

Нават пад польскай уладай ксёндз адзначыўся рашучымі дзеяннямі. Нездарма рэвідэнт Таварыства стражы крэсовай  па Слуцкаму павету у сваім рапарце за люты 1920 года называў Гадлеўскага перакананым ворагам польскасці і прыводзіў выпадак, які адбыўся, калі ў пачатку жніўня 1919 года ў Нясвіж уступіла ІІ брыгада 1 Літоўска-Беларускай дывізіі. Прамаўляючы перад войскамі, Гадлеўскі “абвесціў праграму беларусаў”, што абурыла тутэйшую польскую грамадскасць, але было прыхільна сустрэта камандзірам брыгады, генералам Макжэцкім (што сам, дарэчы, быў родам з-пад Ліды), які звярнуўся да сваіх жаўнераў: “Ці чулі?”

Пасля будзе Слуцкі збройны чын і “зялёная” партызанка, Нясвіжская беларуская гімназія… Але хай будуць гэта ўжо іншыя сюжэты…

Шаноўныя сябры і фрэнды! Тэматыка беларускага нацыянальнага руху наогул не самая распрацаваная, а адносна Нясвіжа - і падаўна. Таму калі нехта мае і падзеліцца нейкімі спасылкамі, фота, матэрыяламі - буду вельмі ўдзячны! Яны паслужаць не толькі да задавальнення цікаўнасці маёй і рэдкіх заблукалых чытачоў майго блога, але дапамогуць супрацоўнікам Нацыянальнага музея-запаведніка "Нясвіж" у даследаванях і прэзентацыі невядомых старонак гісторыі нашага горада і краіны.

паўстанне, Нясвіж, даследзіны, няма таго што раньш было, БНР, Беларусь беларуская, Гадлеўскі

Previous post Next post
Up