На старых нясвіжскіх могілках мая бабуля даглядае адну малапрыкметную магілку. Тут пахаваны нават не сваяк, а проста добры чалавек, які кватараваў у яе бацькоў і вельмі пяшчотна, як родны, клапаціўся пра бабулю і яе братоў. Аб кватаранце ведала яна мала, адно тое, што паходзіў ён з-пад Слуцка, дзе пакінуў сям’ю, з’явіўся ў Нясвіжы “як станавілася Польшча”, быў паранены ў нагу. Слухаў я бабуліны расповеды, а пасля дазнаўся пра вялікія падзеі, што закінулі ў Нясвіж гэтага случчака. Адбылося гэта падчас алімпіядных збораў, калі дзевяцікласнік Быль замест таго, каб п’янстваваць, рэзацца ў карты і заляцацца да філалагінячак сядзеў у бібліятэцы інстытута перападрыхтоўкі кадраў і шукаў розныя цікавосткі. Менавіта тады з жаўтаватых старонак часопіса “Спадчына” мне адкрылася тое, пра што маўчалі школьныя падручнікі і дапаможнікі.
З тых пор я папачытаў нямала рознага пра слаўныя падзеі
Слуцкага збройнага чыну, але доўга не здагадваўся задумацца: а што ж Нясвіж, які таксама ўваходзіў у Слуцкі павет, хоць і адыйшоў палякам? І вось у выніку першых росшукаў магу пацвердзіць: Нясвіж быў тылам Слуцкага збройнага чыну і адным з немалазначных цэнтраў антысавецкага супраціву пасля яго падаўлення.
Жыхары Нясвіжчыны не былі абыякавымі да тых падзеяў, што адбываліся так блізка.
Ураджэнец Нясвіжа Зміцер Касмовіч піша ў сваіх мемуарах: “ Увосень 1920 г. я пайшоў у другую клясу Нясвіжскай гімназіі. Неяк дзед, што чарговым разам завітаў у Нясвіж, распавёў пра слуцкія падзеі, і я разам з аднакласнікам Пятром Лапцем вырашыў далучыцца да слаўных случчакоў. Хоць пагранічная стража вярнула нас з мяжы да бацькоў, гэты крок пакінуў у маёй душы глыбокі след на ўсё жыццё”.
Падчас баявых дзеянняў Нясвіж быў, па сутнасці, тылам слуцкіх паўстанцаў. Тут праходзілі перамовы з польскімі ўладамі, сюды накіроўвалі ў шпіталь параненых. На Нясвіжчыну ж у рэшце рэшт і адступалі аддзелы абаронцаў Случчыны пасля завяршэння барацьбы. Удзельнік Слуцкага паўстання Юры Харытончык узгадваў: “Грозаўскі полк лініяй агню прыкрываў пераход рэшты войска на польскі бок, а пасля перайшоў туды і сам. Зброю давялося скласці. Грозаўскі полк затрымаўся ў Нясвіжы, Клецку і маёнтку Яновічы пад Клецкам; Слуцкі полк - у Сіняўцы, Ганцавічах і Лунінцы. Нас разьмясьцілі па сёлах: Бабаевічы, Кухчыцы, Дунайчыцы, Гарбуноўшчына, Сякерычы, Блячын (Малы й Вялікі), Нясвіж (Новае Места), Пахабаўшчына і Карцэвічы. Жылі па хатах - хто з чаго, галоўна памагалі па гаспадарках. У сакавіку 1921 г. усіх нас, паўстанцаў, узяў пад сваю апеку генерал Булак-Балаховіч. Быў сфармаваны цэлы батальён. Дзве роты стаялі ў Новым Месце ў Нясвіжы, а дзве ў Пахабаўшчыне і Карцэвічах. Мы лічыліся як работніцкія дружыны, атрымлівалі жаўнерскі паёк.”
Паўстанцы былі разбітыя, але не збіраліся так проста скарыцца. Самыя адважныя перайшлі да партызанскіх рэйдаў. Юры Харытончык сведчыць: “Камандзіры Гаўрыловіч, Самусевіч і Мацеля набіралі ахвотнікаў і хадзілі партызаніць на савецкі бок. Капітан Гаўрыловіч меў аддзел 150 стральцоў, капітан Самусевіч - 100. Нашы партызанскія аддзелы дзеілі ля мястэчка Магільнага, ля Капыля, Пясочнага, ля маёнткаў Рым, Квяцяны і іншых. Мэтай нашых паходаў было змагацца з бальшавіцкімі камісарамі, актывістымі й бальшавіцкай міліцыяй. Вельмі шмат памагалі нам мясцовыя сяляне.”
Цэнтрам прыцягнення партызан стаў штаб, які знаходзіўся ў Нясвіжы, на Новым Месце, у мяшчанскай хаце на даўняй Браварнай вуліцы (цяпер Камсамольская). Іх актыўная дзейнасць прыцягнула ўвагу іншых беларускіх вайсковых арганізацый. Так, была ўсталявана сувязь са знакамітым “Зялёным дубам”, які не даваў супакою бальшавікам па ўсёй Савецкай Беларусі. Слуцкі паўстанец, Аляксандр Бачко так згадвае той час: “Настала работа так званае "зялёнае арміі". У канцы сакавіка я прыехаў у Клецк і даведаўся, што галоўная кватэра "зялёных" у Нясвіжы. Я паехаў туды і знайшоў кватэру на новым месцы - на Браварнай вуліцы. Там, апрача старога знаёмага мне капітана Самусевіча, былі зусім новыя асобы - нейкі Мароз з Горадні, Грач (Уладзімір Ксяневіч, кіраўнік Галоўнага штабу партызанскіх аддзелаў “Зялёнага дуба”- В.Б.), а агенты па некалькі чалавек былі раскіданы па пагранічных вёсках і хутарах”.
Від на Нясвіж з Новага Места, дзе размясціўся штаб Грозаўскага палку
Згаданы ўжо Юры Харытончык ўспамінае: “Прыязджаў з Лунінца палкоўнік Дзяркач. У Нясвіжы на Броварскай вуліцы Новага Места, у штабе Грозаўскага палка, ён заявіў, што сфармаваў аддзел з тысячы чалавек пад назвай "Зялёны Дуб". Шмат хто з грозаўцаў далучыўся да партызанаў палкоўніка Дзеркача, і, узброіўшыся, яны перайшлі на савецкую тэрыторыю ды ўмацаваліся ў Грэскай пушчы за Вераб'ёвам, каля дваццаці кіламетраў ад Слуцка.”
Партызанскія атрады на савецкай тэрыторыі актыўна падтрымліваліся Польшчай, якая кіравалася прынцыпам “Вораг майго ворага - мой сябар”. У гэты ж час бальшавікі падтрымлівалі антыпольскія атрады ў Заходняй Беларусі. Ішла сапраўдная партызанская грамадзянская вайна, беларускія патрыёты былі падзеленыя паміж варожымі лагерамі, і нават у шэрагах адной арганізацыі ці партыі не было адзінства.
К сярэдзіне 1920-х гадоў узброеная барацьба стала сціхаць. Частка былых паўстанцаў, тых, хто не загінуў у сутычках і не трапіў у польскія турмы ці савецкія лагеры, уліліся ў палітычнае жыццё Другой Рэчы Паспалітай, іншыя выбралі мірнае жыццё, працавалі настаўнікамі, урачамі, святарамі, прымалі ўдзел у беларускім культурніцкім руху. Нямала іх на доўгі ці кароткі час затрымалася на нясвіжскай зямлі. Гэта доктар А.Паўлюкевіч, Сарока, Сокал-Кутыкоўскі, які стане святаром, А.Бачко, што будзе настаўнічаць у Гарадзеі, а таксама іншыя.
Слуцкі збройны чын, на мой погляд, адзін з рэдкіх выпадкаў, калі беларусы выступалі пад уласным сцягам за ўласныя інтарэсы. У нармалёвай краіне гэтыя падзеі ўжо сталі б важнейшым сюжэтам нацыянальнага міфу. Аднак мала хто з далёкіх ад гісторыі беларусаў нават чуў пра гэта. А несвіжане і шматлікія турысты, нават калі нешта чулі пра слуцкае паўстанне, часцей за ўсё нават не здагадваюцца, што да гэтых гістарычных падзеяў меў дачыненне і наш родны горад.