Як толькі не абзывалі Нясвіж: і маленькім Парыжам у часы князя Дамініка (можа, не толькі за балы, але і за княскія палітычныя сімпатыі да Напалеона?) і Меккай (не крывіцкай, праўда, як Вільню, а турыстычнай). А яшчэ - Малай Варшаўкай. І не толькі таму, што кароль у Варшаве, а Радзівіл - у Нясвіжы. Жыхары ўспамінаюць, што ў пачатку стагоддзя гэта параўнанне ўсплывала з-за чысціні вуліц і культуры гараджан. Чыстымі вуліцамі заганялася не толькі сённяшняя ўлада. "Пры Польшчы" кожны гараджанін адказваў за ўчастак вуліцы перад сваім домам ці крамай, за неўпарадкаванасць можна было атрымаць някепскі штраф.
Зараз Варшава - сталіца суседняй дзяржавы, што пастаўляе нам, апроч іншага, карты паляка ды "фальшыўкі, зьдзеланыя ў Польшэ", але, відаць, на падсвядомым узроўні несвіжане працягваюць раўняцца на даўнюю метраполію. Возьмем вось такую дробную, але надта паказальную дэталь. Уважлівы прахожы, шпацыруючы па Нясвіжы, са здзіўленнем пабачыць ў розных падворках горада... пальмы. Так, адна сціпла прытулілася ля кацельнай у канцы вуліцы Савецкай:
А побач прымасцілася нешта нейкае ўжо зусім экзатычнае (можа, яшчэ дзве пальмачкі прарастаюць?):
Аж цэлыя дзве гэтыя нетыповыя пад шэрым крывіцкім небам на нашай дрыгавіцкай зямлі расліны можна ўбачыць на адной з двух галоўных вуліц горада - Ленінскай каля даўняга асабняка нясвіжскага адваката Паліводы, а зараз - дзіцячага садка санаторнага тыпу:
Пад пальмамі размясцілася вясёлая кампанія - слонік і Кінг-Конг (калі меркаваць па суадносіне габарытаў):
Яшчэ пару пальм горда высяцца на вул. Пушкіна ля прыватнай хаты:
Усё гэта можа падацца яшчэ адной формай газоннага кітчу, калі не звярнуць увагу на адну рэч.
У Варшаве на Іерусалімскай алеі, а дакладней - на коле Шарля дэ Голя узвышаецца не менш экстравагантная цікавостка польскай сталіцы -
15-метровая штучная пальма. Пачыналася ўсё як арт-праект, які выклікаў безліч спрэчак сярод тру-варшавякаў, але зараз, здаецца,
ўсе прывыклі. Пальма асвоілася на сувенірах, а турысты на шляху да Старувкі - Старога Места фоткаюцца каля гэтага дзіва ў пер'і. Асабліва бедныя залётныя беларусы, якім можа і не давядзецца ніколі ўвекавечыцца ля сапраўдных пальмаў.
Канешне, Нясвіж ужо не той, што ў часы Пане Каханку, але несвіжане марку трымаюць, хоць можа, і не зусім свядома!
А між тым, быў час, калі на нашай нясвіжскай зямлі напраўду раслі ананасы ды іншыя дзіўныя экзоты. За паркам, у княжацкім двары пры вёсцы Заазер'е яшчэ нядаўна можна было пабачыць руіны той самай аранжарэі. Праўда, ужо гэтым летам мы з групай слуцкіх валанцёраў не знайшлі ад яе нават апошняга каменчыка: хтосьці вырашыў пабудаваць на яе месцы сабе катэджык, падагнаў бульдозер - і аб нясвіжскіх ананасах ды цытрынах не засталося і згадкі. Што зробіш, мы, беларусы, мірныя людзі,
абы не было вайны...