Сядзіба Аляшэвічы, Шчучынскі р-н Гарадзенскай вобл., сяр. XIX - пач. ХХ ст.

Apr 08, 2010 02:16

A.М. Кулагін аб пляніроўцы і інтэр'ерах Аляшэвіцкай сядзібы ў кнізе: Страчаная спадчына / Т.В.Габрусь, А.М.Кулагін, Ю.У.Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т.В. - Мн.: Полымя, 1998:

(=> Гл. поўны тэкст А. Кулагінa аб маёнтку Аляшэвічы на сайце knihi.com)



„Маёнтак Аляшэвічы (Шчучынскі р-н Гарадзенскай вобл.) у другой палове XVIII ст. з'яўляўся ўласнасцю рода Барановічаў. Яны заснавалі тут сядзібную рэзідэнцыю. Пасля маёнтак выкупіў Ян Незабытоўскі - фундатар фарнага касцёла ў Свіслачы (Гарадзенская вобл.). Ад яго ўладанне атрымаў у спадчыну сын Крыштаф - падкаморы наваградскі, а потым унук Канстанцін, чалавек багаты і адукаваны, які шанаваў мастацка-паэтычную эліту, заўзяты вандроўнік (наведаў Італію ў 1846-1848 гг.). Апошнім уладальнікам-мужчынам быў старэйшы з трох сыноў Канстанціна - Караль Станіслаў Незабытоўскі (1865- 1952), вядомы грамадска-палітычны дзеяч, пасол у Расейскім дзяржаўным савеце, а потым міністр сельскай гаспадаркі і сенатар Польшчы. У 1920 г. у выніку фамільнага падзелу Аляшэвічы дасталіся малодшай дачцэ Караля Станіслава Ірыне (нар. 1907). Яна стала апошняй уладальніцай маёнтка, якім валодала да 1939 г. Пасля першай сусветнай вайны часткова разбураны і разрабаваны палац застаўся без дагляду. Да 1939 г. яго сцены яшчэ існавалі, але потым былі разабраны дашчэнту.
       Першапачаткова старажытны палац Барановічаў нёс на сабе рысы позняга класіцызму. [...] У 1850-1855 гг. Канстанцін Незабытоўскі ажыццяўляе грунтоўную перабудову старасвецкай сядзібы па праекту архітэктара Адама Іджкоўскага. [...]
       Першапачаткова рэгулярную сіметрычна-восевую двухрадную анфіладную планіроўку палаца, характэрную для палацава-сядзібнай архітэктуры барока, у XIX ст. грунтоўна змянілі. Шэраг парадных залаў перагарадзілі, павялічыўшы такім чынам колькасць жылых памяшканняў. Згодна з крыніцамі, датаванымі да 1939 г., у сярэднім рызаліце пры ўваходзе знаходзіўся вялізны вестыбюль з аднамаршавай лесвіцай ў тыльнай частцы. З правага боку мелася два пакоі, створаныя падзелам вялікай квадратнай залы. Левы бок застаўся нязменным і быў заняты «блакітным» салонам. Адпаведна ў тыльнан анфіладзе размяшчалася вялізная, выцягнутая па папярочнай восі бальная зала, якая выступала гранёным эркерам і першапачаткова займала два паверхі. З правага боку да яе далучалася бібліятэка, з левага - «ружовы» салон. Абодва асвятляліся трыма вокнамі, што выходзілі на лоджыі. «Блакітны» і «ружовы» салоны злучаліся паміж сабой папярочным акругленым праходам, дэкарыраваным арнаментальнай лепкай. Пакоі ў бакавых папярочных крылах прызначаліся для жылля. Найбольшы з іх - абедзенная зала - выступаў на галоўным фасадзе левым рызалітам. У яго можна было трапіць з абодвух салонаў. Гэтаму памяшканню, а таксама кабінету гаспадара з паркавага боку адпавядалі крэдэнс і гасціная. Правы рызаліт займала вялізная спальня і некалькі пакояў для абслугоўвага персаналу.
       На другім паверсе пасярэдзіне палаца знаходзіліся лесвічная клетка і тры малыя вузкія пакойчыкі над вестыбюлем. Два бакавыя з іх - гасціныя, сярэдні з акном-дзвярамі з'яўляўся праходам ад лесвіцы на балкон. Лесвіца вяла таксама ў авальную капліцу над бальнай залай. Два вялізныя пакоі на верхнім паверсе правага і левага крылаў выконвалі ролю гасціных.
       Пакоі палаца былі абабіты шпалерамі. Іх колерам, у прыватнасці, абумоўлены назвы двух парадных салонаў - «блакітнага» і «ружовага». Падлога парадных апартаментаў укладзена ўзорыстым паркетам, набраным з разнатонавага дуба - ад светлых да цёмных адценняў. Па кутах стаялі белакафляныя грубкі XIX ст. Шэраг парадных і жылых памяшканняў ацяпляўся мармуровымі камінамі з барэльефамі. Столевыя сафіты, упрыгожаныя лепкай з матывамі акантавага лісця і вінаграднай лазы, абапіраліся на фігурныя кранштэйны. З ляпных разетак звісалі бронзавыя люстры. Бальная зала асвятлялася яшчэ і насценнымі хрустальнымі бра.
       Памяшканні былі абстаўлены мэбляй першай паловы XIX ст., абітай ў тон шпалер. Сярод яе вылучаліся некалькі старажытных столікаў чырвонага дрэва з рознакаляровым мармуровым маркетры, секрэтэраў і люстраў у разных рамах. Бронзавыя кандэлябры і гадзіннікі, дзве вазы на падстаўках, фігуркі саксонскага фарфора, два агромністыя персідскія дываны на падлозе салонаў дапаўнялі абсталяванне палацавых інтэр'ераў.
       Асаблівую каштоўнасць уяўляла калекцыя жывапісу - больш за сто карцін пераважна італьянскіх майстроў, у тым ліку карціны рэлігійнага зместу ў капліцы. Сабраў яе ў асноўным Канстанцін Незабытоўскі ў час сваіх вандраванняў па Італіі. Уладальнік сядзібы быў не толькі аматарам мастацтва. Ён меў таксама багатую бібліятэку ў некалькі тысяч тамоў. На жаль, мэбля ў стылі ампір і мноства карцін, якія ўцалелі ў рэвалюцыйнае ліхалецце, у 1939 г. загінулі. [...] ”

P.S.: Не зусім зразумела, калі-ж адбылося зьнішчэньне палаца і спусташэньне яго абсталяваньня, ці ў І Сусьветную вайну ці ў 1939 годзе?

абедзенная заля / сталоўка, клясыцызм, падстаўкі, сельская сядзіба, габінэт, прыватнае, салён/гасьцёўня, печ/грубка, камін, люстэрка, дыван, статуэтка, падлога, XVIIIст., XXст., барока, паркет, вакно-дзьверы, кандэлябры/бра, палац, чырвонае дрэва, шпалеры, бальная заля, XIXст., ваза, бібліятэка, спальня, амфіляда, лепка/стукка/тынк, сэкрэтэр, карціны, жырандоля, цывільнае, столік, ампір, вэстыбюль/фае, Аляшэвічы, гадзіньнік

Previous post Next post
Up