„Горадня. Першае паседжаньне Магістрату пад старшынёўствам нямецкага камэнданта места маёра Шмідта“.
Дакладная дата, 6 верасьня 1915, вядомая зь іншага здымку таго самага паседжаньня:
(Публікацыя здымку: Ліхадзедаў У.А. Беларусь праз фотааб'ектыў нямецкага салдата. 1915-1918 гг. Мн. 2008, с. 126).
Будынак гарадзенскага Магістрату ў межваенны пэрыяд: адно з імаверных месцаў паседжаньня. Здымак з "Архэ", № 1-2 2010, c. 354.Аб будынку, дзе знаходзілася паказанае на здымку памяшканьне, у аўтара няма пэўнасьці. Паводле адной вэрсіі, тое адбывалася ў будынку ранейшай „Думы“ места. Вядомы здымак будынку міжваеннага магістарату (зправа), аднак не ўдалося ўдакладніць, ці ў тым самым будынку мясьцілася раней „Дума“, або Магістрат у 1915. Паводле іншай вэрсіі, паседжаньне адбывалася ў рэзыдэнцыі нямецкага камэнданта, аб месцы знаходжаньня якой аўтару таксама невядома, хоць можна здагадвацца, што камэндант заняў ранейшую рэзыдэнцыю гарадзенскага губэрнатара.
Вызначыць будынак можа яшчэ аказацца магчыма, бо выгляд карнізу/навершша печы (грубкі) на здымку 1915 г. вельмі падобны на паказаны ніжэй здымак існуючай печы, што яшчэ знаходзіцца (?) ў неназваным памяшканьні кан. ХІХ - пач. ХХ ст. ў Горадні, у альбоме „Беларуская кафля“, Мн. 1989, с. 115:
Пэўнасьці пакуль бракуе з тае прычыны, што нельга выключаць існаваньня вельмі падобных, або ідэнтычных, навершшаў печаў у розных памяшканьнях, а ў альбоме рэшта таго пакою нажаль не паказаная. (Ці хтосьці пазнае печ/грубку ці паркет? Пав. нек. сьведчаньняў (у камэнтарох ніж.), гэта магло быць у буд. гарадзкой бібліятэкі ім. Карскага, якую цяпер ператвараюць у гатэль „Муравьёвъ“, сучасны лёс тамтэйшых кафляных печаў невядомы).
З паказаных на здымках асобаў, акрамя камэнданта маёра Шмідта, вядома імя яшчэ аднаго імавернага ўдзельніка: Эдвард Лістоўскі. Эдвард Лістоўскі (1861-1922) быў старшынём гарадзенскай „городской Думы“ з 1907 г. і захаваў сваю пасаду падчас нямецкае акупацыі з 1915, ачольваў раду места падчас БНР (у Горадні знаходзіўся ўрад БНР у пач. 1919, пакінуўшы захоплены Краснай Арміяй Менск), ды далей старшыняваў у гарадзенскім магістраце пры польскай уладзе, да сьмерці ў 1922 г. (зьвесткі
зь Вікіпэдыі).