ДЗЕНЬ IV. 31.07 Riga-Allaži-Stiveri-Sigulda-Ligatne
Дачакаўшыся паліцэйскага суправаджэння, а 10й выязджаем з Рыгі
Праімчалі праз увесь горад, праз элітныя рыжскія ваколіцы. І тут пачаліся першыя цяжкасці - ехаць давялося па лясной дарозе, з пяскамі ды лужынамі. Абганяючы калегаў, якія вырашылі пераадолець перашкоду пешкі, я ўзрадавалася, што ў еду на сваім любімым горніку :)
фота Marina Vazhnik
Недзе на 30м кіламетры мы даехалі да палянкі ў прыгожым сасновым лесе ў ваколіцах Гаркалнэ, дзе нас чакаў перапынак на каву з пірожнымі.
Яшчэ 30км - і вось ўжо Алажы, дзе нас вельмі цёпла віталі мясцовыя жыхары. Асабліва парадавала выстава дзіцячых малюнкаў на роварную тэму. Пасля наведвання невялікай раённай бібліятэкі і знаёмства з яе адзінай супрацоўніцай мы перадыхнулі і папалудневалі неверагодна смачным супам.
Месцамі нас спрабаваў замачыць дождж, але групу апантаных велабібліятэкараў было не спыніць.
І пасля адпачынку мы паімчалі ў Стыверы, на сустрэчу з раённым кіраўніцтвам. А пасля адмыслова для нас у касцёле з цікавай гісторыяй і выдатнай акустыкай быў зладжаны цудоўны канцэрт мясцовага жаночага хору.
фота Andrey Leutin
Узнёслыя, мы пакацілі на
Сігулду. І праз 20км ужо стаялі ля сценаў замка.
Хуценька агледзеўшы сівыя муры пач.ХІІІ ст. і неагатычны замак 1878 г., паехалі ў
муніцыпальную бібліятэку. Яна зараз месціцца ў новым будынку, які атрымала напрыканцы 2011 г. Ва ўтульным прасторным памяшканні калегі частавалі нас сакавітымі садовымі ягадамі і распавядалі пра дзейнасць сваёй бібліятэкі, якая функцыянуе як сямейная (разнастайныя мерапрыемствы ладзяцца тут як для дзяцей, так і для дарослых)
Ад Сігулды пачынаецца грунтовая дарога праз Нацыянальны парк Гаўя. Па ёй мы і накіраваліся ў культурна-гістарычны цэнтр
Лігатнэ, дзе захавалася індустрыяльная і драўляная забудова ХІХ ст.
1.фота Andrey Leutin
Яшчэ 15км шыкоўных краявідаў, і мы на месцы. Нас вітае кіраўніцтва мястэчка, распавядаючы пра гісторыю края, звязаную з існаваннем
папяровай фабрыкі (якая дзейнічае тут з 1815 г. і дагэтуль!)
Мясцовы духавы аркестр сустрэў нас канцэртам, граючы на пляцоўцы над пясчанікавымі пячорамі (між іншым, помнік прыроды). І праехаўшы звыш 90 км, велабібліятэкары знаходзяць сілы для танцаў :)
фота Тanya Тupota
Апошні рывок (каля 10км)
да рэабілітацыйнага цэнтру “Лігатнэ”. Там нас спачатку адкармілі смачнай вячэрай, а пасля засялілі - каго ў пакоі, каго ў кабінеты з матрасамі, а каго нават на сцэну кіназалі. Мне выпала ночыць у залі фізіятэрапіі ў кампаніі дзесяці каляжанак. Нам было даволі ўтульна. Хоць па праўдзе кажучы, пасля шалёных 103 км па дарозе з пагоркамі, пяскамі і лужынамі было ўвогуле ўсё адно, дзе заваліцца спаць J
Гэта быў сапраўды насычаны і захапляльны дзень!
відэасправаздача
Cycling for libraries 2012, Day 4 фота Katrin Kropf
PS. Нараніцу высветлілася, што пад намі на глыбіні 9м знаходзіцца
былы савецкі бункер пад кодавай назвай “Пансіянат”, збудаваны ў 1980я гг. на выпадак атамнай вайны. Сакрэтнасць з аб’екта знялі толькі ў 2003 г. (!) Цяпер там ладзяць вечарыны ў савецкім стылі, экскурсіі ды інтэрактыўныя тэматычныя гульні “Objects X”