ДЗЕНЬ ІІІ. 30.07 Riga
Стартавалі а 10й, паехалі ў горад. Паглядзелі на новы будынак
Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі, што яшчэ ўзводзіцца і адчыніцца ў наступным годзе.
артыкул у мясцовай прэсе (газ. "Neatkarīgā Rīta Avīze")
Побач з бібліятэчнай будаўнічай пляцоўкай месціцца
Музей гісторыі чыгункі. Там мы і чакалі сустрэчы з міністрам культуры Латвіі Жанэтай Яўнзэмэ-Грэндэ, разглядаючы музейныя экспанаты, даючы
інтэрв’ю мясцоваму тэлебачанню ды бавячы час за размовамі на самыя розныя тэмы - ад правядзення Алімпійскіх гульняў у Лондане да гісторыі Беларусі. Ну і бібліятэкі мы, вядома, таксама абмяркоўвалі!
Спадарыня міністарка неўзабаве далучылася да нас і суправаджала на сваім ровары да старога горада, дзе нас ужо чакала афіцыйная дэлегацыя на чале з віцэ-мэрам Рыгі Андрысам Амерыксам і прадстаўнікамі Рыжскай Думы Эйжэніяй Алдэрманэ і Дзідрай Шміта.
Пасля цёплай сустрэчы, прывітальных прамоваў гарадскога кіраўніцтва і словаў удзячнасці ад нашых арганізатараў мы ў суправаджэнні паліцэйскага эскорту накіраваліся (спыняючы ўвесь трафік на сваім шляху) да
бібліятэкі-філіяла “Відзэмэ” Рыжскай Цэнтральнай бібліятэкі. Гэты філіял з’яўляецца адной з самых першых публічных бібліятэк Рыгі, працуючы ажно з 1926 г.
1. фота Antti Impivaara 2. фота Marina Vazhnik (Ann-Christin Karlen і Hilde Nelissen) 3. у бібліятэцы 4. фота з сайта РЦБ
Дарэчы, на сайце РЦБ
размешчаны фатаграфіі з нашага невялікага (24км) велапараду па латвійскай сталіцы. А яшчэ нашыя калегі зладзілі ў сябе выставу дзіцячых малюнкаў “Па дарозе на ровары”.
Па вяртанні да інтэрнату частка групы выбралася ў цэнтр абслугоўвання РЦБ "Sunny days library" у Дзіцячым клінічным універсітэцкім шпіталі, астатнія ж наведалі
бібліятэку прыватнага ўніверсітэта Турыба, што была адносна нядаўна рэканструявана і абноўлена. Асноўны профіль літаратуры - эканоміка, права, міжнародны турызм, PR. Спадабаліся прасторныя памяшканні, ўтульныя чытальныя залы. І асабліва сектар, дзе захоўваюцца не толькі дысертацыі, але нават студэнцкія курсавыя і дыпломныя працы (вядома, лепшыя з іх). Існуе ў бібліятэцы і скрынка для самастойнага вяртання кніг.
1. экскурсія ў бібліятэку. справа ля ўваходу можна заўважыць "Book drop" box 2. калегі з Украіны і Латвіі
Найболей, аднак, усіх уразіла ступень распаўсюджанасці пунктаў Wi-Fi. Яны ў Латвіі папросту паўсюль, прытым са свабодным доступам! Ва ўсіх без выключэння бібліятэках краіны, у кавярнях і рэстарацыях, на вакзалах, у дамах адпачынку і ў студэнцкіх інтэрнатах. Гэта сталася магчымым збольшага дзякуючы праграме Біла і Монікі Гейтс. Удзел у ёй сапраўды моцна паспрыяў кампутарызацыі бібліятэк і ўвогуле пашырэнню доступу да інфармацыі.
Да абеду ў нас меўся вольны час, але з-за дажджлівага надвор’я народ з бібліятэкі сыходзіць адмовіўся. Так і дыскутавалі з калегамі, седзячы ў студэнцкіх чытальных залях. Пад’еўшы, мы адразу ж знайшлі ў сабе сілы прыйсці на сустрэчу з Айвай Розэнберга, кіраўніцай праграмы фонду "Riga2014" і каардынатаркай Мастацкай рады "Riga2014", якая распавяла аб падрыхтоўцы
праграмы мерапрыемстваў, што пройдуць з нагоды надання Рызе статусу культурнай сталіцы Еўропы ў 2014 г. Сярод культурных падзеяў плануюцца музычныя, тэатральныя і кінафестывалі, святкаванне 500годдзя латвійскага кнігавыдання, прэзентацыя турыстычнага “бурштынавага шляху” і шмат іншых. Напэўна, давядзецца планаваць наведванне Рыгі на 2014 год :)
фота Alma Maseviciene
Пасля цікавай прэзентацыі да нашай вечаровай праграмы заставалася яшчэ трохі часу. Вырашылі правесці бібліятэчную міні-канферэнцыю. Спачатку размова пайшла пра тое, як бібліятэкі могуць садзейнічаць развіццю прадпрымальніцтва. Окэ Нігрэн (Швецыя) выказаў сваё бачанне пытання, сцвярджаючы, што толькі ўзаемадзеянне паміж бізнэсам, навукова-даследчымі, акадэмічнымі коламі і дзяржаўным сектарам стварае добрыя ўмовы для развіцця і росту кампаній. Пасля Окэ распавёў аб праекце
Kista Science City, які яднае ўсіх, хто працуе ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. А таксама крыху азнаёміў нас з дзейнасцю
Шведскай бібліятэчнай асацыяцыі.
Мы паспелі крыху разгледзець і такія актуальныя пытанні, як стварэнне, існаванне і распаўсюджанне электронных кніг (іх набыццё бібліятэкамі, арганізацыя выдачы карыстальнікам, прававыя аспекты і інш.) Да прыкладу, цікавым было паведамленне аб вядучым вытворцы і распаўсюдніку MP3 i электронных кніг
ELIB, дзейнасць якога ахоплівае Швецыю, Данію, Нарвегію і Фінляндыю. ELIB садзейнічае пашырэнню выкарыстання электронных кніг праз супрацоўніцтва з выдавецтвамі, бібліятэкамі і гандлёвымі арганізацыямі, пастаўляе тэхнічныя рашэнні для бяспечнага і надзейнага распаўсюду лічбавай інфармацыі (у т.л. абарону ад капіявання і вадзяныя знакі), прадастаўляе паслугі DRM для электронных кніг, вырабляе папулярныя фарматы электронных кніг (PDF, EPUB, Mobipocket і Microsoft LIT), выкарыстоўвае асноўныя сістэмы для размеркавання і кіравання лічбавымі правамі электронных кніг: Adobe Content Server, Mobipocket і Microsoft DAS-сервер.
Карэн Холт і Эйпрыл Кэслер (Остын, ЗША) падзяліліся прыкладамі ўдалага бібліятэчнага маркетынгу, а таксама звесткамі аб адным
з праектаў бібліятэкі Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, якая “эксперыментуе з новымі тэхналогіямі і паслугамі, каб зрабіць доступ да інфармацыі прасцей”. Шэраг адмыслова створаных альбо адаптаваных да патрэб бібліятэкі інструментаў і паслугаў былі зроблены ў "бэта"-форме. І вось справа ў тым, што некаторыя з іх мелі поспех сярод карыстальнікаў, а некаторыя атрымаліся ня надта ўдалымі. Для “працы над памылкамі” і былі створаны т.зв. “бэта-могілкі”
(beta graveyard), дзе апісваюцца недахопы такіх сэрвісных службаў.
Як бачыце, канферэнцыя была кароткая, але незвычайна інфарматыўная!
Увечары ж мы мелі вялікі выбар праграмаў, да якіх можна было далучыцца (бібліятэкары сталіцы распрацавалі для нас 6 варыянтаў знаёмства з горадам!). Праўда, пасля абеду моцна задажджыла, што крыху зблытала нашыя планы (былі адмененыя экскурсія па дахах Рыгі і велапакатушка ў Межапарк). Тым ня менш, нам былі прапанаваныя паход у гістарычную веламайстэрню, прыгодніцкі тур па старой Рызе (а-ля геакэшынгу ці адрыву), экскурсія па архітэктуры Арт Нуво з наведваннем музея і вечар знаёмства з мясцовымі рамёствамі (з майстар-класам у дадатак). Вызначыцца было надта цяжка, аднак нарэшце мы разбіліся на групы і выбраліся ў горад.
Я абрала наведванне
веламайстэрні, якая працуе з 1922 г. Зараз там ня толькі рамантуюць старыя ровары, але і збіраюць новыя, old-fashioned мадэлі. Паколькі гэта не музей, мне падалося, што самастойна я да іх папросту не патраплю. І ў выбары сваім я не расчаравалася. Пра сваю любімую справу жыцця нам распавядаў уладальнік кампаніі Том Эрэнпрайс (унук заснавальніка фірмы!). Адным словам, надзвычай цікавае месца! Я там не толькі дакранулася да велагісторыі, але і падабрала сабе новую мадэльку :)
Пасля наша група рушыла ў цэнтр, дзе мы апанавалі ўтульную кавярню, працягваючы міжнароднае бібліятэчнае знаёмства за куфлем піва. А як звечарэла, я выбралася ў кампаніі Mei Yu ды Yi Lu з Тайваня на шпацыр па старым горадзе, дзе была да позняй ночы іхнім англамоўным “гідам”.
Гэта быў цудоўны дажджлівы рыжскі вечар! А наперадзе нас чакаў самы доўгі веладзень...
яшчэ адзін з артыкулаў пра нас у латвійскай прэсе
http://lnb.lv/lv/visparigi/aktualitates/26-07-2012-cycling-for-librariesвідэасправаздача
Cycling for libraries 2012, Day 3 PS. прывітальнае слова ўдзельнікам велападарожжа
ад Латвійскай бібліятэчнай асацыяцыіЛатвійская каманда была вельмі прадстаўнічай: Silvija Tretjakova (National library of Latvia), Ilze Marga (Riga central library), Inara Kindzule, Sanita Maleja (University of Latvia), Ilona Namniece (Zvārtava public library), Ieva Eglīte (Baloži public library), Antra Vasilevska, Ilona Kauce (Riga Stradiņš university library), Aija Jankava (Olaine school library), Agita Virsnite (Valmiera joint library) ды некаторыя іншыя. хтосьці далучаўся да нас толькі на нейкі прамежак маршруту, некаторыя ж заставаліся ў нашай кампаніі да фінала