За 2 хвіліны да велічы

May 25, 2014 01:11



Жыццё настолькі востра праяўляецца ў спорце, што часам гэта сапраўды заваражвае! Калі пару імгненняў аддзяляюць веліч абсалютнага трыумфу ад падзення ў багну. Калі адно няправільнае дзеянне мяняе ўсё. Калі выпадак кіруе светам. Гэта жыццё? Так! І гэта - Ліга Чэмпіёнаў! Пакуль весь Менск вар'яцее ад хакея хочацца звярнуць увагу на фінал найпрэстыжнейшага еўрапейскага клубнага турніру. Таму што тут драма - тут сапраўднае жыццё!
Атлетыка першы раз за 40 год гуляў у фінале. У фінале турніра, які ніколі не выйграваў. У свой самы паспяховы сезон. У той час, калі ў чэмпіянаце былі пераўзыйдзеныя тыя грозныя і непераможныя Рэал і Барса. У той час, калі уся Еўропа загаманіла на розныя лады" "Сімеонэ...", "Сімеонэ - новы трэнерскі геній", "Сімеонэ - узыходзячая зорка сярод еўрапейскіх коучаў".
І сапраўды - мужны і дужы аргентынец неяк хутка стаў сапраўднай фігурай не толькі іспанскай, але і еўрапейскай сцэны. Ён смела кінуў выклік фантастычна моцным супернікам у Ла Лізе. Ён здолеў іх там звергнуць - зрабіць амаль немагчымае па сучасных мерках! І яшчэ ён вывеў каманду туды, дзе Атлетыка бачылі толькі самыя адданыя фанаты каманды і бачылі толькі ў снах - у Фінал Лігі Чэмпіёнаў! Ён рыхтаваўся стаць адным з ВЯЛІКІХ...
І вось ён, фінал... І там зноўку Рэал. Той самы Рэал, які ўжо пераможаны ў чэмпіянаце. Той самы Рэал, які з усіх сілаў ужо 12 год імкнецца зарабіць свой 10-ты еўрапейскі трафей. Небяспечны, злы, "крышціанараналдзісты" Рэал. І з ім гуляць, змагацца, біцца за права быць лепшым у Еўропе!
Сімеонэ усё прадумаў. Ён вывеў каманду на гэтую гульню, ён навязаў суперніку свой стыль. Не трэба мне казаць што "лагічным вынікам матчу была нічыя" - я вельмі шмат бачыў футбола ў сваім жыцці, каб разумець - Атлетыка ПЕРАГУЛЯЎ Рэал сёння ў асноўны час. Перацярпеў, зламаў. Атлетыка забіў сваё і выйшаў наперад. Дакладней усё вышэйадзначанае зрабіў іх трэнер - той самы Сімеонэ, ён усё падлічыў і прадумаў. Рэал разгублена атакаваў у апошнія хвіліны але шансаў у яго не было. Ніякіх. Так адчувалася.
Тое што адбылося далей вяртае да думкі, што ў жыцці вось так і здараецца. Перад момантам абсалютнай велічы, усё пралічыўшы і зрабіўшы правільна ты атрымліваеш моцны ўдар, аправіцца ад якога будзеш не ў стане. Сімеонэ ўсё зрабіў правільна. Ён выйграў гэты фінал, але ж атрымаў такі ўдар. І АБСАЛЮТНА вялікім ён ужо ніколі не будзе...
Шла 93-ая хвіліна, заставалася гуляць яшчэ 100 секунд. Кутавы і Сэрхіа Рамас абсалютна нелагічна накіроўвае мяч у правы бок ад Куртуа. І далей я так жа ясна зразумеў, што Атлетыка прайграў гэты матч, хоць Рэал усяго толькі выраўняў лік...
Над Лісабонам зараз ноч. Але я дакладна ведаю, хто гэтай ноччу спаць не будзе. Дзіега Сімеонэ быў у некалькіх імгненнях ад сусветнае велічы і не памыліўшыся быў за штосьці пакараны лёсам. Драма жыцця. Добрай ночы ўсім!
Previous post Next post
Up