2014 год у Беларусі і свеце. Маё успрыманне

Dec 27, 2014 13:00



Год прайшоў і сцішыліся гукі...
Ненадоўга! Проста нехта дзіўны
Выключыў ТВ на 5 хвілін
І калі ў пакоі ты адзін
Забываешся на боль свой крыўдны
І становяцца не кулакі, а рукі...

Як і ў любым годзе, ў 2014 мы былі сведкамі такой колькасці розных падзей, што, падбіваючы і падсумоўваючы, страшыць перспектыва на штосьці забыцца. Эмацыйная памяць ў такім выпадку павінна прыйсці на дапамогу і скласці свой уласны Уражнік ад адыходзячага адмежку ў 365 дзён.



Алімпіяда ў Сочы атрымалася ў поўнай меры. Шалёныя інтрыгі, зацятая барацьба, яскравыя эмоцыі. А яшчэ для спартовай дэлегацыі Беларусі гэта былі самыя паспяховыя Зімовыя гульні ў гісторыі! Пры гэтым НАСТОЛЬКІ паспяховыя, што, шчыра кажучы, амаль упэўнены - на маім жыцці бОльшага поспеху ў такіх спаборніцтвах больш не будзе! 6 медалёў, з якіх 5 - гатунку мары іспанскіх канкістадораў! Даша Домрачава - нашае ўсё ў біятлоне - ўвайшла ў пул вялікіх спартсменаў, якія здолелі стрэліць на самых важных стартах жыцця. І яшчэ золата Бьерндалена - неверагодны залаты медаль 40-гадовага спартсмена! Гэта - галоўныя ўражанні ад Сочы-2014.



22 лютага 2014, пасля доўгага, упартага і досыць жорсткага супрацьстаяння прэзідэнт Януковіч збег з Украіны і рэвалюцыя нашых паўднёвых суседзяў перамагла. Ацэнкі гэтай падзеі дасі гісторыя, маё ж сэрца бяжыць пад тым жоўта-блакітным сцягам, за які змагаліся і паміралі людзі. Рэвалюцыя годнасці - так гэтыя АСОБЫ назвалі свае дзеянні. І гэта так і было. Слава Украіні!



У сакавіку 2014 года Расія, відаць раз'юшаная падзеямі ў абрабаванай, карумпаванай краіне-суседцы, якую шмат хто ў Маскве лічыў паслухмяным васалам, "паўстала на абарону сваіх грамадзян у Крыме". Маўляў, фашысцка-бандэраўскія банды хутка знічшаць "русских людей" на паўвыспе. У далейшым, на працягу года, пазіцыя по няшчасным кавалку зямлі мянялася ад вышэйзгаданай абароны да надання Таўрыдзе сакральнага статусу аднаго з духоўных цэнтраў Русі, якім ён не з'яўляўся ніколі. Міжнародная супольнасць не вызнала анэксію адной з частак Украіны. Сітуацыя ўскладняецца тымі фактамі, што большасць мясцовага насельніцтва сапраўды падтрымлівае перадзел тэрыторый і што павярнуць працэс назад, гэта, магчыма, - здзеквацца з мясцовага насельніцтва. То бок "правы па закону, неправы па сутнасці". Не верылі ў сітуацыі з якіх няма выйсця? Атрымайце Крым!



У траўні 2014 на Паўднёва-Усходняй Украіне пачалася першая руска-украінская вайна. Некаторыя могуць прысвоіць ён нумар 3, услед за падзеямі Паўночнай вайны і барацьбы МГБ і Савецкай арміі супраць АУН і УПА. Я спынюся на варыянце ПЕРШАЙ вайны. Супрацьстаянне насіла ўсе адзнакі сучаснасці: эканамічны ціск, вайсковыя дзеянні праз падстаўных асоб, інфармацыйная агрэсія. Абодва бакі ўтапілі адзін аднога ў моры хлусні і перабольшванняў. А ужо ж Данбас патануў у сумесі хлусні, крыві ды пораху надоўга… Кожны бок рабіў усё, каб перамагчы і дасягнуць нейкіх далёкіх ад тамтэйшых людзей мэтаў. Украіну апраўдвае той факт, што гэта - яе тэрыторыя. Расію, пакуль не вызнае дапамогу арабаў чачэнскім сепаратыстам у 90-ыя гг. “вызвольнай дапамогай братняму народу”, а Хатаба - “адным з лепшых сыноў мусульманскіх, добраахвотнкам і сапраўдным патрыётам”, не апраўдвае нічога.



У чэрвені вялікае свята адбылося ў Бразіліі. Свята вядома ж футбольнае. Атрымалася паназіраць за ЧС у Бразіліі ва усёй ягонай прыгажосці. Драм розных гатункаў там было даволі. Традыцыйна няўдала выступілі ўсе, на чыім баку ляжалі мае сімпатыі. За выключэннем Германіі. Але ж выключэнне выдалася знатнае - бундэсманшафт стала чэмпіёнам свету!



Улетку 2014 года актыізавался вядомая з 2006 года фундаменталісцкая групоўка “Ісламская дзяржава Ірака і Леванта”. У выніку яшчэ адна радыкальнае ісламскае ўтворанне пашырыла свае межы на тэрыторыі, якія слаба кантраляваліся ўрадамі Сірыі і Ірака. Свет, заняты халоднай вайной 2.0, звярнуў мінімальную ўвагу на чарговую “непрыемнасць ад Мухамеда”. Забойствы курдскіх мужчынаў і згвалтаванні курдскіх дзяўчын і жанчын вельмі слаба скаланулі цынічную сусветную супольнасць. Калі ў ахвярах з’явіліся грамадзяне “цывілізаваных народаў” заварушыліся ўрады вядучых краін. Гэтае “варушэнне” і стала пакуль галоўнай рэакцыяй.



Між тым падзеі у Расіі на працягу другой паловы 2014 года нагадваюць нейкую ненапісаную кніжку. Якую я б назваў “Хронікі вар’яцтва”. Услед за ненатуральна агрэсіўнай знешняй палітыкай, пайшлі поўнамаштабныя эпізоды вайны супраць уласнага народа - забаранілі ўвоз імпарту, не утрымалі рубель, пачалі “аптымізаваць” ( скарачаць) сістэмы адукацыі і аховы здароў’я, скасоўваць сацыяльныя праграмы і нават даскакаліся напрыканцы года да амены ў некаторых абласцях электрычак. Маўляў нерэнтабельныя, а старыя хай пешшу ходзяць, што нам яны? Мы ж велічныя як краіна! А асобныя простыя людзі - хіба яны нешта вызначаюць?



12 лістапада касмічны вандроўнік “Разэта” прыкамеціўся на адпаведнае нябеснае цела імя расейскіх занкамітых навукоўцаў. Адна з вызначальных у касмічнай эры падзей можа праліць святло на паходжанне не толькі сонечнай сістэмы, але і зараджэння жыцця на Зямлі. А галоўнае - гэта падзея з’яўляецца сымбалем навуковага прагрэсу ў звар’яцелым свеце, зоркай, якая прымушае верыць ў лепшае і спадзявацца, што чалавецтва зоймецца нейкімі карыснымі рэчамі, кшталту касмічных дасдедванняў, а не патоне ў сварках і войнах назаўсёды.



Для Беларусі гэты год атрымаўся напружаным, але адносна спакойным. Магчыма, ў іншых абставінах я звярнуў бы большую ўвагу на сумны юбілей ажно 20-цігадовага кіравання адной вядомай асобы, адсутнасць рэальнага росту заробкаў, інфляцыю амаль у 20%, рэзкае падзенне традыцыйнага экспарту, рост знешняй запазычанасці, схаваную снежаньскую дэвальвацыю, лавінападобны рост колькасці спайсаў у Беларусі. Можа быць, я больш радаваўся б неблагому ўраджаю, высокай якасці харчовых тавараў, адсутнасці сапраўды трагічных падзей у краіне, марудны, але верны, рост папулярнасці беларушчыны і нацыянальнага, з усімі гэтымі вышыванкамі, стужкамі, “Мовамі”, адыходам ад палітычнасці беларускай сферы і да таго падобнае. Усё вышэйзгаданае цьмянее перад вялікім пытаннем якое паўстае перад беларусамі з-за далягляду. Яно трымціць у свядомасці, наліваецца і хутка будзе патрабаваць адказу: “Быць Беларусі ці не быць?” Нам можа пашэнсіць, але адказаць павінны МЫ!



Мая асацыяцыя году: маленькі Бульба Бэгінс ходзіць па мяжы вялізарнай тайгі, у якой раве раз’юшаны мядзведзь. І гэтая звяруга - не Беорн! Страшна, цёмна, а на поўдні (!!) паўстае сонца. І гэта дзіўна, незвычайна, але даруе надзею. На 2015 і надалей.
Previous post Next post
Up