Віктар Марціновіч "Мова"

Oct 25, 2014 12:24



Ну нарэшце дабраўся я да гэтае кніжкі. Нават не так! Я адмыслова адкладаў задавальненне, бо ведаў, што смачнага на доўга не хопіць, а пасля працяглага чакання яно будзе яшчэ лепей растварацца ў мазгах. Праглынуў за пару дзён. За пару напоўненых працай і розымі справамі дзён. Хутка. Велічна. Мозгавыбуховачна!
...Упершыню я Марціновіча прачытаў годзе гэтак у 2005, у "Белгазеце". Я тады трывала падсеў на гэтае, бадай, самае аб'ектыўнае выданне краіны (і сяджу да гэтага часу). Купляючы яе кожны тыдзень, я атрымліваў асалоду ад тонкага гумарыстычнага падыходу, які пранізваў выданне. Кожная, самая сур'ёзная тэма падавалася ў двух ракурсах - звычайным і праз інтэлектуальны кпін. Марціновіч гуляў ролю вядучай скрыпкі, бо ягоныя артыкулы былі самымі яскравымі ў гэтай газэце. Паступова, на маіх вачах, ён стаў замахвацца на больш сур'ёзныя тэмы. Потым падыйшоў да пісання літаратурнага кшлталту, нарэшце выдаў першыя некалькі кніжак. "Сфагнум" стаў першай, якую я прачытаў.
Марціновіч такі ж, як большасць з нас - расейскамоўныя ў жыцці, але вельмі глыбокі БЕЛАРУС у душы. Які не з'ездзе некуды ў Чылі ці Нарвегію шукаць спакойнае долі, а застанецца тутака, бо каранямі ўрос ў гэтую зямлю, якая наўрадці будзе здольная адплаціць яму нават проста славай.
"Мова" - гэта першая кніжка, якая была напісана ім па-беларуску! Таму яна так чакалася. І яна не падманула прадчуванняў, бо выдалася філасофскі глыбокай, сюжэтна насычанай і нейкай, САПРАЎДНАЙ. Напэўна так трэба гэта назваць. Тэма. Балючая тэма той самай мовы, якая абгорнутая ў атачэнне кітаізаванай Расеі, наркотыкаў, звычайнага бяздумнага жыцця актуальна заўжды. Зараз - асабліва!
Думкі якія поўнілі мяне, калі я чытаў былі зусім не песімістычныя, як канчатак гэтай кніжкі. А як раз наадварот! Па-першае, я ў чарговы раз зразумеў, што нашая беларуская гаротная гаворка, якая шмат разоў знішчалася і адкідвалася, якая амаль ніколі ў гісторыі не была пачэснай і галоўнай, існуе ў думках і вобразах шматлікіх людзей на падсвядомым ўзроўні і неяк захоўваецца ў стагоддзях, хаця вымерці павінна была ўжо даўно. А вось жыве і ўсё тут! І нічога не зробіш з ёй!
Другое. Нават не размаўляючы ў жыцці, я адчуваю, сапраўды, нейкую генетычную блізкасць да беларускай. Бо калі чую гаворку (дарэчы ў любым варыянце - нават трасянку) мая душа пачынае пачуваць сябе неяк па-свойску. І яно можа не атрымлівацца, цяжка каму-некаму часам, але ж усё роўна - гэта неяк годна, гаварыць на мове! Пераход з расейскай на беларускую ў атачэнні, У ЗМІ праходзіць плаўна і незаўважна, наадварот - рэка і непрыемна. Наркотык, спадар Віктар? Вельмі слушна!
Трэццяе. Адчуванне таго, што ёсць людзі, якія думаюць як і ты - гэта сапраўды моцнае, неверагоднае пачуццё! Нават 2 чалавекі - і ўжо горы звярнуць можна! А іх шмат! Нямала, як мімнімум.
Чацвертае. Сучасная беларуская ліатартура існуе! Напэўна існуе і руская - але я не ведаю, не чытаю сучаснай рускай літаратуры. А пра беларускую гадоў 20 думаў, што мёртвая, знядужыла небарака. А вось вам спадарства - прэтэнзія на новага класіка!
Канешне ўсё суб'ектыўна. Канешне - усё для мяне. Але ж спадар Марціновіч, паважныя нашы носьбіты пяра ( ці як там зараз? кампутарнага мышу?))))- працягвайце! Нам цікава. Гэта - самае маё! Самае нашае!
Previous post Next post
Up