Дзень настаўніка

Oct 05, 2014 11:08



"15 минут до конца урока" - гучна выгукнуў я у чарговы, ужо не ведаю які раз, назіраючы за смешнай мітуснёй, якая ахоплівае вучняў, якія раптам усвядомілі, што вось ён, хуткі канец работы, а яны яшчэ дзесьці на сярэдзіне! А хтосьці не звяртае ўвагі. А хтосьці пасміхаецца, маўляў, усё я паспяваю.
Калісьці, ўжо даўно я яшчэ спрабаваў лічыць гэтыя пісьмовыя працы, як і шмат чаго іншага ў маім жыцці. Пасля кінуў. Але вось чаго не кінуў - дык гэта уважліва сачыць за вучнямі ў працэсе, бо пісьмовая праца - выдатная магчымасць спакойна паназіраць за іх тварамі. Асабліва здорава спыніцца і усвядоміць як яны растуць! Эфэкт узмацняецца, калі ты вядзеш адных і тых жа шмат гадоў.
Скажам, мой першы, па-сапраўднаму, клас у 219-ай школе, ці нават класы, бо ў 7-ых іх было 4. Я добра памятаю, як гэтыя семіклашкі паступова раслі і пертвараліся ў зусім дарослых ужо выпускнікоў, а іх твары былі такія ж засяроджаныя ў дадзены "пісьмовы момант" і гэта было для іх зараз - галоўнае ў жыцці.
Я глядзеў на іх і яны, напэўна, часцяком думалі, што я гляджу, каб яны штосьці не спісалі. Але я рабіў заўсёды не гэта. Я назіраў за кожным і думаў - што з яго (яе) вырасце, якое чакае яго (яе) жыццё, як складзецца лёс. Я нібыта варажыў сам сабе і пазнаваў у чарговы раз чалавецтва навокал. Тое юнацкае чалавецтва, якое складзе будучыню, я спадзяюся, маёй краіны!
"Пять минут до конца урока". Амаль ўсё. Хтосьці там ціхенька скатаў працу. Хтосьці годна напісаў яе самастойна. Яны ўсе думаюць, што галоўнае - адзнакі і таму галоўнае нібыта наперадзе. Насамрэч галоўнае - ўжо адбываецца тут і зараз: яны сядзяць, яны зацікаўленыя і яны пішуць. З рознай матывацыяй, праклінаючы і атрымліваючы задавальненне, але яны пішуць! І мне хочацца жыць у краіне гэтых людзей, якіх і я спрабаваў навучыць. Я ведаю - гэта будзе не самая дрэннае месца на Зямлі, я упэўнены ў гэтым!
Previous post Next post
Up