Ляпісы forever!!

Sep 03, 2014 19:47



31 жніўня па-ранейшаму мерна плылі па вуліцах трамваі, гучна грукаючы па рэйках сваімі коламі. Нетаропка гулялі мамашы з дзецьмі ў калысках, ціхенька нашэптаваючы нешта нябячным суразмоўцам у слухаўку мабільніка. Раз-пораз, адрываючыся ад высокіх-высокіх галінак, на зямлю падаў чарговы ліст, сведка змены усяго і ўся на гэтым свеце. Беларусь развітвалася з летам.
Усе было як звычайна і мала хто задумаўся, што адбылося яшчэ адна значная, вельмі важная падзея. Спыняў існаванне культавы беларускі гурт - "Ляпіс Трубяцкой".
Чамусьці мне падаецца, што Сяргей Міхалок - гэта другі па вядомасці беларус ў бліжэйшым замежжы пасля Вядома Каго. Трансфармацыя ягонай музыкі, а галоўнае тэкстаў за апошняе дзесяцігоддзе проста неверагодная. І неверагоднасць гэтая - з адзнакай якасці! Памятаеце "Всем девчонкам нравится" ці "Кинула ты"? Параўнанне з апошняй часткай творчасці групы канешне выносіць мозг.
Але ж як раз гэтая апошняя частка і парадзіла тую навамодную любоў да гурта, зрабіўшы яго непадобным на шматлікія іншыя калектывы. Са звычайнай прыкольнай папсовай банды Ляпісы ператварыліся ў непахісных абаронцаў сацыяльнай справядлівасці ў стылі хард-панк, я б так яго назваў)
Тэксты песень круцяцца ў галаве і пераварочваюць свядомасць. "Золотая антилопа", "Капитал", "Манифест", "Галактика", "Зорачкі", "Болт", "Путинарода". І глыбамі для мяне узвышаюцца тры кампазіцыі: "Не быць скотам" (адзіная песня па-беларуску, якую пелі ў Маскве масава рускія ў новым стагоддзі!!!), "Грай" і "Воины света". Гэта ўспрымалася як новая эпоха. Новых жа песень чакаў з цвёрдай упэўненасцю, што горш - ня будзе!
Памножце гэта на грамадзянскую пазіцыю Міхалка, смеласці і яснасці якой можна толькі пазайздросьціць... Мне падаецца, што канчаткова гэта будзе ацэнена ў будучым. З нейкай адлегласці мы больш уважліва зірнем на гэты гурт і яго ролю ў беларускай музыцы і гісторыі.
Дзякуй Богу, Міхалок не сканаў у замежжы і не спыніў сваю творчасць. Проста выканаў сваё слова - гурту канец і пачынаеца новы этап. Усё заканчваецца. Дзякуй Ляпісы, дзякуй Сярожа!
Previous post Next post
Up