5.16

Mar 21, 2017 16:45

шаснаццатая пяцёрка па сто словаў:

дзевяностыя

раён - Заслаўская-Танка.

самым галоўным у жыцьці былі дзьве рэчы: “чароўны куфэрак Мілкі Ўэй” і сетка відэапракату “К-відэа”.

здаецца, мы жылі тымі імгненьнямі, калі дарослыя адпраўлялі нас памяняць відэакасэту на новы фільм з даплатай і калі знаходзіліся грошы набыць куфэрак, у якім галоўным была нават не чакалядка, але тузін кубікаў канструктара Лега.

яскравы ўспамін: пераднавагоднія дні, пах мандарын, я малы стаю ў відэапракаце ў краме “Юбілейны-92”, мяняю бацькоўскі баевік на “Караля льва”, і потым крочу на касу і набываю сабе чароўны куфэрак, першы і адзіны ў жыцьці, ад якога застанецца ў мяне да гэтага часу жоўтая палоска Лега, і маленькі сіні кубік.

сьвятло

калі мы з братам сталі юнакамі, нас было вельмі цяжка ўтрымаць дома, таму мы часта вярталіся з вуліцы, калі мама ўжо спала, ну як спала, чакала нас з заплюшчанымі вачыма ў ложку, на кухні пакінуўшы цьмянае сьвятло таршэра. бо сьвятло гарыць у нашай кватэры да апошняга, хто вернецца.
бывае ідзеш летняй ноччу, здалёк бачыш сьвятло, і ведаеш, цябе чакае мама.
калі яе ня стала, і ўсе разьехаліся, я гэты таршэр не выключаю болей ніколі... я вяртаюся ў пустую кватэру, іду па двары, і здалёк бачу сьвятло на кухні, і так цёпла становіцца... мама заўсёды чакае... але апошнія гады чакаю яе я.

пазногці

у маёй мамы былі самыя прыгожыя рукі, тонкія далікатныя, мяккія… а пазногці былі неверагодна прыгожымі, вытанчанымі. Рукі, створаныя для музыкі.
я вельмі падобны на маму, форма твару, і колер скуры, і ў чымсьці целасклад, я крыху поўны… у нас зь ёй адрозныя вочы, валасы і погляды на жыцьцё.

але самым каштоўным у мяне ад мамы былі пазногці, яна любіла прыкласьці да маёй далоні сваю, і паказаць, наколькі пазногці ў нас зь ёй аднолькавыя…

ня так даўно адзін з пазногцяў пачаў пакрывацца псарыязам… і я пачаў катастрафічна й няўмольна губляць значную частку сваёй мамы ўва мне.

стыхія

Лагойск, з гарналыжнага спуску вытанчана, хутка і неверагодна прыгожа на сноўбордзе едзе ў чырвоным касьцюме мужчына.

ён спускаецца лёгка, прафэсыйна, быццам пад яго нагамі не даска і сьнег, але аблокі.

я зьнерухомеў, і чакаў, калі ён спыніцца каля пункту адпачынку…

яшчэ колькі паваротаў, і сноўбардзіст рэзкім рухам спыняецца, перад сабой падняўшы слуп сьнегу, які бліскуча пад сонечнымі промнямі апаў.

мужчына зьняў шлем, расшпіліў сноўборд, і, зрабіўшы колькі крокаў узяў у старой жанчыны палку, адзеў акуляры, і толькі цяпер я пабачыў, наколькі ён стары і кульгавы, наколькі яму цяжка перамяшчацца без сноўборда…

я падумаў, што абавязкова буду такім жа дзедам у будучыні.

таксі

за дзень было два пералёты і я апынуўся на паўночнай высьпе а восьмай вечара.
маленькі аэрапорт... я выйшаў на вуліцу ў пошуках таксі. за пятнаццаць сэкундаў мяне наскрозь прадзьмуў балтыйскі вецер. да гэтага я больш-менш быў гатовы, але да таго, што ня будзе ніводнага таксі, я гатовы ня быў.
каб не акалець, пачаў падскокваць каля тэлефона-аўтамата, на якім было напісана «выклік таксі». ён не працаваў...
вярнуўся ўнутр памяшканьня... да мяне падышлі тры дзяўчыны, прыгожыя, сьветлыя, нардычныя, і паклікалі ехаць разам у горад.
я падумаў пра тое, што гэта і ёсьць кампэнсацыя за адсутнасьць таксі і скразны вецер, але з прыбіральні выйшла іх старая маці, і за хвіліну выклікала мне асобнае таксі.


пяцёрка

Previous post Next post
Up