Feb 21, 2015 17:02
мае вочы бачаць толькі тое, што жадаюць бачыць. нават калі мне хочацца штосьці разглядзець, яны разглядаюць толькі сваё асабістае. так, вядома, я магу сканцэнтраваць зрок на пэўных рэчах, на якіх пажадаю, але гэта будзе абсалютна пустая канцэнтрацыя, бо калі вочы падключаюцца да гульні, то падсьвядомае спрацоўвае так, як быццам бы яны чакалі адзін аднаго як дзьве даўно раз’яднаныя паловы цэлага.
мяне атачаюць вочы паўсюль, і нават калі я гэта пішу, вакол мяне знаходзіцца процьма іншых вачэй: вочы стылізаванага гамэра сымпсана, які вісіць на флэшцы глядзяць проста і неяк сумна на мяне; вочы карамэлізаванага сьнегавіка паглядаюць на мяне з вялікай цукеркі, якая ўжо трэці месяц стаіць у зьмесьціве для асадак і алоўкаў; вочы аголенай жанчыны глядзяць на мяне з карціны акварэлью; вочы вязанага зайца паглядаюць мне ў сьпіну, седзячы на падваконьні каля клюмбы кактусаў; на мяне глядзяць вочы мужчыны і жанчыны з банкі геля для валасоў, які згубіўся сярод кніжак на паліцы; з карэньчыка кнігі глядзіць на мяне сваімі шэрымі вачыма Кафка; на мяне глядзяць вочы аленя з бутэлькі “Ягермайстара”, які мне прывезьлі зь Нямеччыны; за мною сочаць рыбы, намаляваныя на сьценцы чорным флямастарам; і гумовы дыназавар заўрапод штосьці хоча мне сказаць, гледзячы неяк скоса, з намёкам.
на мяне глядзіць адным бокам белы мэталічны верабейчык, унутры якога званочак, вісіць ён на люстэрку, і ўсё выглядае так, быццам бы ён у гэты вясновы дзень нарэшце адважыўся зьляцець з люстэрка проста ў фортку.
але ж каго я падманваю, за мною ня сочаць усё гэтыя вочы, проста маім вачам гэтага хочацца… каб сачылі… углядаліся ў маю постаць узе гэтыя насельнікі пакоя, які сёньня я зьбіраюся праветрыць, пасьля таго, як выб’ю пыл з падушак, пледа і дывана.
яблыневы маёнтак,
цела,
вада,
жыць