5.18

Feb 20, 2015 14:55

5.18

пэрфэкцыяніст

у кожнага з нас ёсьць свае пэдантычныя прыхільнасьці, звычкі, якія іншым незразумелыя, але для нас - цэлы сусьвет, космас… я кажу пра такія рэчы, якія робяць з нас пэрфэкцыяністаў, хаця б на нейкі тэрмін, але ж.
і гэты пэрфэкцыянізм бывае дзьвух відаў: канструктыўны і ачышчальны.
я хварэю на канструктыўны пэрфэкцыянізм нашмат часьцей ніж на ачышчальны:

я атрымліваю шчырае задавальненьне і захапленьне спачатку працэсам, калі, напрыклад, набываю ў краме: чарнасьліў, арэхі (арахіс, грэцкія, фісташкі, кеш’ю, бразыльскія, лясныя), мармэляд, цукіні, сухі ананас, белыя і чорныя ачышчаныя семачкі, і розныя віды ізюму.
прыходжу дадому, зьмешваю ўсё гэта ў вялікай салатніцы і пазьней, увечары, за праглядам фільма я вылоўліваю з гэтага “сухога кактэйля” цікавосткі і выстройваю шэрагі параў: арахіс разам з мармэлядам, кеш’ю разам з сухім ананасам, альбо семачкі разам з цукіні… а потым, калі ў мяне шэрагі ператвараюцца ўжо ў калёны, карэ і эшалёны, я іх зьядаю, запіваючы півам.
і гэта неверагодна прыемна, адчуваецца ўнутраны баланс, быццам набліжаешся да гармоніі.

тое самае я адчуваю калі капаю градкі, я раблю вымераныя роўныя прамавугольнікі, якія ствараю адзін за адным, і, калі паглядзець зьверху, то можна будзе ўбачыць геамэтрычную гармонію сярод парасткаў морквы, салату і бульбы.
адчуваньне, быццам ты завалодаў у сьвеце нейкай каштоўнай таямніцай.

а пра тое, як я люблю фарбаваць сьценкі, і як гэта неверагодна прыемна, калі кожная кропачка і трэшчынка замалёўваюцца ў роўны колер, я нават баюся апісваць…

вядома, нашмат радзей я бываю ачышчальным пэрфэкцыяністам, я ня так люблю мыць посуд, як яго сартаваць і растаўляць у шэрагі і па росьце, альбо прыбор да прыбора.
божухна! калі мяне адправіць працаваць сэрвіроўшчыкам, альбо гарсонам да брытанскага лорда, я б, напэўна стаўся б знакамітасьцю ў гэтай сфэры!

баец

у школьныя гады нашым любімым месцам сачкаваньня, курэньня і пітва была вэранда суседняга закінутага дзіцячага садка... вэранда была размаляваная клясычным наборам словаў: анархія, сука, хуй, панкі не памерлі і інш. але яна адрозьнівалася ад іншых вэрандаў на плянэце тым, што мела вялікі надпіс балёнчыкам з чорнай фарбаю: "ВЕРАБЕЙ УБЛЮДАК". так мы нашае месца і называлі - ублюдак.
"сустрэнемся на ўблюдку", "пабачымся каля ўблюдка", "я табе разаб'ю твар на ўблюдку" і г. д.

Верабей, да таго, як апынуцца "ўблюдкам", быў нашым сябрам, адным з бліжэйшых пацаноў, што акалачваліся на раёне і на вэрандзе.
Верабей быў знакамітасьцю, бо мог выкурыць адразу пачку за трыццаць хвілін. праўда аднойчы ён страціў прытомнасьць падчас курэньня пачкі, але пра гэта ніхто не ўзгадваў. круцей за Вераб'я быў толькі Печань, пацан, які мог выпіць нагбом бутэльку гарэлкі.

усё было ў нас як мае баць, да таго часу, пакуль Верабей не пайшоў у сэкцыю таэквандо. наведаў наш недапалак літаральна тры заняткі, і ў сэкцыю больш не хадзіў, бо вырашў, што рукі і ногі ў яго ўжо пастаўленыя. і каб даказаць гэта, ён пачаў выёбвацца.

вось сабраліўся ўвечары на вэрандзе, пьем піва, прыходзіць Верабей, і як ёбне каго бліжэйшага з нагі пад дыхала, альбо зь левай у вуха каму-небудзь. такія нечаканасьці, мякка кажучы не "камільфо" у дваровых кампаніях. але ж хто ж будзе пярэчыць таэквандзісту, які так ладна і прафэсійна бье з нагі!
Верабей ачмурэў ад сваіх закідонаў, і спыніць яго было ўжо немагчыма...

спачатку на вэрандзе зьявіўся вялікі тлусты подпіс, які інфармаваў пра тое, у каго ператварыўся новасьпечаны баец. і Верабей так нікога і не адшукаў дзеля помсты, але і ня стаў зафарбоўваць, палічыўшы гэта прыніжэньнем ягонай асобы, толькі стаў пасьля гэтага яшчэ болей і мацней біцца.

на вэранду часам завітваў хлопец Юрка, хлопец шчыры, вясёлы і сяброўскі. "МАТЭМАТЫК!" - так пра яго казалі мясцовыя, бо Юрка на абласной алімпіядзе заняў першае месца па геамэтрыі...

аднойчы Верабей прыйшоў "на ўблюдак", пачаў ізноў біцца з першым, каго сустрэў, і сустрэў ён гэты разам Юрку, які чамусьці ня стаў скукожвацца і прасіць яго не чапаць, але выпрастаўся пасьля нечаканага ўдару нагой па сьпіне, павярнуўся, паставіў блок пад левы хук Вераб'я, і як зарадзіў таму ў нос леваю, а потым зьверху па галаве кулаком праваю... Верабей так на месцы і ўпаў долу, давялося адмачваць яго півам.

пасьля гэтага выпадку Верабей перастаў біцца і ўсё радзей пачаў завітваць на нашу вэранду, а потым і ўвогуле зьнік з поля зроку... але я яго ўчора бачыў, ён працуе кіроўцам таксі. пазнаў мяне, спыніўся, выйшаў... пагутарылі, ўспомнілі дзяцінства. Верабей больш не Верабей, але Алег Іваноў - дзесяць год стажа кіроўцы, прыемны ў размове, вочы добрыя, але чамусьці мне было ніякавата, усё чакаў, што ён захоча праверыць маю рэакцыю на джыругі-сул з правай и левай.

школьнікі

зоркамі ў старэйшых клясах былі два Лёшы.
абодва высокія, абодва накачаныя, але адзін бляндын, а другі - брунэт.
Лёшы былі ня проста зоркамі, яны былі самымі яскравымі плянэтамі, вакол якіх круцілася процьма спутнікаў, якія гатовыя былі націраць ім да бляску абутак ад цыгарэтнага попелу.

абодва Лёшы працавалі ахоўнікамі ў рэстарацыі, але працавалі толькі ў вячэрнія часы, усё-ткі паводле дакумантаў яны былі яшчэ непаўналетнімі.
Лёшам акрамя вучобы ўсё астатняе давалася проста і лёгка: стомэтроўка на пяць, алькаголь у краме без пашпарту, каханьне з любой дзяўчынай…
адносіны Лёшы завадзілі хутка, проста і неверагодна крута.
новая практыкантка па біялёгіі стажыруецца ў дзявятых клясах - абавязкова адзін з Лёшаў з ёй круціць раман, і не істотна наколькі яна прывабная, прыгожая і ўвогуле ці падабаецца, у Лёшаў быў такі плян - кожная новая практыкантка мусіць трапіць да кагосьці з іх у ложак. Яны рабілі падлікі і спрабавалі адзін аднаго перамагчы ў сэкс-эстафэце.

Лёшы былі самымі сапраўднымі аўтарытэтамі для нас, і мы ўсе лічылі, што яны стануцца неверагоднымі людзьмі ў дарослым жыцьці.

аднойчы, калі вясна нікому, акрамя батанаў не давала моцы выседзець на ўроках, і ўсе бадзяліся па раёне каля школы, Лёшы сядзелі каля пад’езду, пілі піва і гучна рагаталі разам з маладой настаўніцай-практыканткай па фізіцы і яе сяброўкай пту-шніцай, з пад’езда выходзіў малады мужчына, каля трыццаці, і зрабіў кампаніі заўвагу, што наплявалі тут, накідалі шалупіньня, недапалкаў.
Лёшы, доўга ня думаючы, надавалі маладому чалавеку ў твар.

малады чалавек ледзь выратаваўся, і зьнік у арцы дома, накіраваўшыся ў бок крамы.
мінула каля дзьвюх гадзін, калі да школы з візгатам шынаў і рыкам матораў пад’ехалі тры BMW. зь машын павыходзілі мужчыны, якія выглядалі як паўсталыя з расейскага фільму “Брыгада”, толькі гэта быў далёка ня фільм.
Лёшаў адразу адшукалі, вывелі іх на задні двор школы, і перад дзьвума сябрамі, старшаклясьнікамі, крутымі пацанамі, паўстаў той самы малады мужчына, які зрабіў ім заўвагу, і быў за гэта пакараны.

зьбітым мужчынам апынуўся Шэры, той самы Шэры, якога ніхто ніколі ня бачыў, але ўсе ведалі, што любы гандаль на раёне і наркотыкі ідуць толькі праз яго.
зразумела, што “брыгада” не зьбіралася на вачах у школьнікаў, настаўнікаў і дырэктара займацца забойствам альбо зьбіцьцём непаўналетніх, няхай і такіх здаравенных афэлкаў як Лёшы.
Шэры падышоў спачатку да аднаго Лёшы, дастаў запалкі, запаліў адну, даў у руку хлопцу, папрасіў яе трымаць як мага вышэй перад вачыма, і ня дай Божа каб запалка пагасла.

Стаіць Лёша-адзін і Лёша-два, кожны трымае па запаленай запалцы перад вачыма, а Шэры спрабуе патушыць агонь… але ня так і проста яго патушыць, бо Шэры замест таго, каб дзьмуць, плюе на запалкі, і кожным разам міма, і пляўкі трапляюць толькі ў твар Лёшам…
публічнае прыніжэньне скончылася толькі на дзясятай запалцы, калі абодва Лёшы былі запляванымі і плакалі, і незразумела было, дзе там іх сьлёзы, а дзе сьліна Шэрага.

валасы

з чаго пачаць?
напэўна варта зазірнуць у далёкае дзяцінства, калі я так любіў ляжаць на сьпіне, закінуўшы адну нагу на калена другой, а правую руку запусьціць у валасы, выбраць невялікую пасму і пачаць яе круціць на пальцы, накручваць яе, прапускаць між указальным і сярэднім, скідваць яе на мезенец…
круціць валасы - мая самая першая дурная звычка, якой я навучыўся калі ня памятавал сябе самога. і ведаю я гэта дакладна, бо ў мяне ёсьць фота, якое зрабіла маці на плёначны Зэніт: мне два гады, я ляжу ў ложку ў пакоі, закінуўшы нагу на нагу і кручу на галаве валасы.

кранацца да валасоў бывае проста неабходна. мне становіцца спакойна і я пачынаю актыўна разважаць…
часам я адрошчваю валасы да плеч, і тады мае рукі ўжо штохвіліны цягнуцца да галавы. І вось тады надыходзіць час, калі я вырашаю падстрыгчыся пад машынку, адразу так, радыкальна, каб пазбавіцца дурнога выгляду: дарослы мужчына, сядзіць і накручвае сабе на галаве валасы. сьмех!

падстрыгчыся пад машынку я вырашаю раз на два гады, гэта надае мне адчуваньне пачатку новага этапу ў жыцьці, я быццам бы аднаўляюся, і калі бяру ў рукі машынку, то разыходжуся амаль на ўсё цела, пазбаўляюся большай часткі расьліннасьці (зразумела ўсё ў межах мужскога пачатку, без ніякіх там мэтрасэксуалаў і хіпстарскага лайна), і пакідаю некранутай толькі Патрыка - сваю бараду.

быў час, калі мяне з даўгімі валасамі блыталі з дзяўчынаю, і тады, калі гэта здаралася, я таксама ў рукі браў машынку, ставіў насадку на 9 мм, і пайшло ўсё куды падалей. цяпер мяне ня зблытаеш з дзяўчынай, але і валасы, якія раней былі больш сьветлымі і прамымі, і надавалі мне выгляд блізкі да “куртакабэйнаўскага”, сталі больш кучаравымі і ўвогуле, калі не сабраныя ў хвост, робяць мяне падобным на нейкую мітычную пачварку, ці то хатнік, ці то баньнік: поўны, барадаты, доўгавалосы і кучаравы.

я адважыўся заўтра ізноў распачаць новы жыцьцёвы этап: 9 мм, барада, дыета, мінімум алькаголя, больш пісьма, працы і падарожжаў.

старонка

адна з першых старонак рамана, які ў працэсе стварэньня...

Бабуля, колькі сябе памятавала, працавала галоўным кухарам у раённай сталоўцы, якая ў абед была аточана працаўнікамі зь мясцовай малацьбіткі й трактарнага гаражу… пад’яжджала машына, яе напампоўвалі абедам, і яна, ледзь паўзучы пад гару, зьнікала на бязьмежных палёх, карміла камбайнёраў і кіроўцаў трактараў… Мяне спачатку на лета пакідалі ў бабулі, але потым уладкавалі у школу, і маці цалкам захлынулася ў сваёй працы. І я яе ня вінавачу, бо каму патрэбныя дзеці, калі табе дваццаць два, і толькі скончаны каледж, і хочацца пабачыць сьвет, і ёсьць нават куды пайсьці на працу.
Я рос на сьвежым паветры і праз тое, што ўсе навокал ня надта пасьпявалі мяне даглядаць і цікавіцца маім лёсам, я для сябе адчыняў гэты сьвет па-свойму, і быў рады любым адкрыцяцям. Так я пазнаёміўся з мясцовымі хлапчукамі, яны былі старэйшымі за мяне і ў два разы бруднейшымі, і ведалі процьму гульняў, адна з якіх была такою: хтосьці з байструкоў кідаў праз фортку ў абедзенную залю сталоўцы мячык, і мы ўсёй гурбой кідаліся пад сталы яго шукаць, а пакуль мы там сноўдалі, то пасьпявалі разглядзець ня толькі жаночыя ногі, але і дакрануцца да каленак, альбо ў самай прыгожай разглядзець майткі. Хтосьці са старэйшых пацаноў набіраўся нахабства і пасьпяваў наблізіць свой твар вельмі блізка да сподняга, і панюхаць - гэта лічылася верхам спрытнасьці. Мы былі малымі і нам гэта падабалася. Я тады ня надта добра разумеў, чаму гэтая гульня мне падабалася больш за ўсе астатнія.
Калі мінула некалькі год, я ўжо гуляў ў іншыя гульні, але працягваў зрэдзьчас рабіць налёты на залю ў сталоўцы.
Цяпер мы гулялі ў іншыя гульны: “бутэлечка” і “сьляпы кот”.
“Сьляпы кот”, гэта калі адной з дзяўчат завязвалі вочы, раскручвалі яе, але ня моцна і яна мусіла кагосьці з нас злавіць, зразумела, што ўсё гэта быў фарс, а не гульня, бо дзяўчына, расчырванелая, і залапаная хлопцамі, у паветры лавіла толькі іхныя твары і машонкі, якія яны з вялікім імпэтам падстаўлялі пад агульны рогат. Дзіўна, але ніводная дзўчына не адмаўлялася ад гэтай гульні, а некаторыя самі прапаноўвалі, калі было сумна проста сядзець у яблыневым садзе слухаць гітару і піць самагон.
Жыць на сялібе - верх асалоды, сябраваць з мясцовымі з суседняй вёскі - галоўная мэта дасягненьня для падлетка, але мары пра горад заўсёды з табою, тым болей калі ў падсьвядомасьці па начох цэлыя відзежы гарадзкіх пэйзажаў усплываюць у памяці, калі маці вазіла цябе па Фрунзенскім раёне ў калясцы, і казытала табе шчочкі сваімі доўгімі валасамі.

Калі мне споўнілася трынаццаць, маці на дзень нараджэньня прывезла мне тэлевізар і відэамагнітафон, і з таго часу я пачаў жыць па новым раскладзе, я ганяў на старым бабуліным ровары ў гарадзкі пасёлак, даставаў там порнакасэты і фірмовыя цыгарэты, і ехаў дамоў. Цяпер кожная раніца пачыналася з мастурбацыі. Я прачынаўся, бабуля ўжо даўно займалася гаспадаркаю перад тым як за ёй павінна была прыехаць сталоўкаўская машына і адвезьці на працу. Я выбіраў чаго паглядзець: “Чырвоны капялюшык”, “Беласьнежка”, “Ніна Фэрары - порнастар”, “Наполі”, і процьма іншага, што я хаваў пад дошкамі ў падлозе.
Мастурбіраваць вясною альбо летам, адно задавальненьне. Паўсюль кружляюць мухі, сядаюць на рукі й ногі. Пот. Сьпёка. Большай сумесі пекла і асалоды нават не ўявіць, але што было, тое было. Я звычайна мастурбіраваў як ашалелы, пакуль мухі не разьлётваліся, з імі ўсё ж было куды прыемней, асабліва калі яны сядалі на сраку альбо яйцы і казыталі скуру.
Пасьля я сьціпленька выходзіў на двор. Мыў у калодзежным вядры рукі, зьліваў ваду, набіраў сьвежай, халоднай, што ажно эмаль на зубах трашчала, і піў вялікімі глыткамі.
Пацягваўся і зьнікаў да вечара ў палёх і лясах зь сябрамі. Бавячыся размовамі пра баб і пра мастурбацыю. Хтосьці абавязкова кожным разам вёўся на старую, як сьвет жартачку пра валасатыя далоні праз ананізм.


пяцёрка

Previous post Next post
Up