Справаздача за сакавік

Mar 30, 2012 12:22

Калі ўзяць нашу хатнюю бібліятэку, якая тут, і дадаць тую, што засталася ў Менску, усё цалкам зьмясьцілася б у маім кабінэце. Праўда, для мяне месца б там ужо не засталося.
Па чым сумую, дык гэта па нашых пакінутых кнігах.

Паглядзеў я нарэшце тую славутую перадачу пра паэзію на тутбаі. Валярына Кустава і Рагнед Малахоўскі. Неяк вясёленька так усё, хіханькі-хаханькі. Хаця пытаньні былі зусім не вясёлыя. Вядома, Валярына была і ёсьць з правільнага боку, але. Тут бы ўзяць ёй і сказаць усю праўду, карыстаючыся магчымасьцю -- калі ўжо яна прыйшла на той тутбай. Ударыць адразу па ўсіх балявых кропках. Сказаць, напрыклад, пра тое, напрыклад, што кожны літаратар, ідучы да Чаргніца, гэтым самым абвяшчае нам недвухсэнсоўна і проста: "Я згодны з тым, што робіць з намі гэтая дзяржава, усё ок, усё харашо і правільна і хай далей так і будзе: катаваньні, зьбіцьці, прыніжэньні, цэнзура, фашызм, паліцэйскі рэжым, рэпрэсіі, русіфікацыя і г.д., я падпісваюся пад кожным прысудам і лічу ўсё справядлівым і файным". Абазначыць, так бы мовіць, каардынаты, у якіх павінна весьціся размова. Гэтага сказана не было, а шкада.
Але найбольш зьдзівілі іншыя рэчы. Словы сп. Малахоўскага пра тое, што "той саюз пайшоў у нейкую апазыцыю"... Гэта ж трэба паэту так любіць дзяржаву. І цудоўныя журналісты, якія, размаўляючы з двума беларускамоўнымі, не знайшлі ў сабе ні моцы, ні ахвоты хаця б паспрабаваць выціснуць зь сябе пару-тройку беларускіх словаў. Тутбай чырванець ня ўмее.

Між тым, за час маіх разьездаў прыйшоў ліст, у якім афіцыйна паведамляецца, што рашэньнем Рады СБП мая просьба аб выключэньні з Саюза беларускіх пісьменьнікаў нарэшце задаволеная.

У Ляйпцыгу ўсё прайшло добра. Нашы (Клінаў, Вішнёў, Гапеева, Хадановіч) выглядалі ня горш за астатніх, а недзе нават і лепш. Незадаволены толькі сабой, але гэта звычайны стан. Адказаў на пару пытаньняў, паслухаў, як актор чытае ўрывак з "Сарокі". Накупляна кніг, нагаворана, выпіта, выкурана, находжана і агледжана гэтым разам ня ў меру шмат. Дзякуй Ёганэсу, Вікторыі, Вользе і Ахмаду за іхную ласкавую дапамогу і дах над галавой. А Марціну Полаку і Томасу Вайлеру -- за арганізацыю. Бяз вас ніяк, праўда.

Пад кірмаш выйшаў беларускі нумар аўстрыйскага часопіса "Literatur und Kritik", дзе сярод іншага ёсьць і пераклад майго тэксту "Сьмерць" з ММЭ. А ў чэскім часопісе Host я гэтым разам разважаю пра менскі кніжны кірмаш -- і пра кірмашы наогул. Ну, а тут пераклад майго старога апавяданьня "Талент заіканьня", які выйшаў ў расейскай "Дружбе народов".

Сёньняшні выпуск Гамбурскага рахунку прысьвечаны "Запіскам Самсона Самасуя" Андрэя Мрыя
ЗАЎТРА НАС АПРАЎДАЮЦЬ

нямеччына, гамбурскі рахунак, часопіс host, аўстрыя, расея, беларусь, малая мэдычная энцыкляпэдыя, чытаньні, пераклады

Previous post Next post
Up