Jun 10, 2011 16:40
У Дзюрэне мячэт зусім блізка ад вакзала -- вось і выходзіць, што ў пэўныя гадзіны (калі пашанцуе) пасажыраў праважае і сустракае голас муэдзіна.
Мікрафон разносіць гэтую песьню на некалькі кілямятраў, яе слухае ўвесь горад, ад яе нікуды не схаваешся, ды і хавацца ня хочацца, бо бярэ за сэрца. Здаецца, зараз голас нарэшце замрэ -- і тут ён заводзіць наноў, нібы пра нешта забыўся табе сказаць і сьпяшаецца, пакуль не адышоў цягнік. Міжволі пачынаеш пляскаць сябе па кішэнях душы: квіток, грошы, пашпарт?.. Хлопчык перада мной бляяў, з захапленьнем перадражніваючы муэдзіна, маці зь лянівай усьмешкай пераконвала яго перастаць, але ён ня слухаў; зрэшты, ніхто не зьвяртаў на іх увагі.
У Дзюсэльдорфе быў прыемны вечар у клюбе Zack, у кампаніі польскай пісьменьніцы Сыльвіі Хутнік і даўняга знаёмага Астапа Слывінскага з Украіны. Імпрэза мела назву "im osten viel neues", мы трое ўвасаблялі сабой і osten, і neues, і трое на адной сцэне плюс мадэратар Райнэр Мэндэ -- гэта сапраўды viel, бо яшчэ быў актор, які чытаў нашыя тэксты -- мой ён прачытаў так, што я адчуў нейкае раздваеньне асобы.
Цікава было зірнуць на Дзюсэльдорф, які ня мае свайго "брэнду" -- бо Гамбург, Бэрлін, Кёльн, Ляйпцыг, Дрэздэн, Варшава, Менск, Прага, Шабаны і г.д. выклікаюць нейкія асацыяцыі нават у людзей, якія там ніколі не былі, а Дзюсэльдорф нічога не выклікае, ён як бы і ёсьць, але яго няма.
Сёньня на вакзале ў Дзюрэне зноў муэдзін і бляяньне дзяцей яму ў адказ. Замкнулася яшчэ адно кола. Быццам вярнуўся ў сваю Азію, на свой osten. Трэба якога барана зарэзаць з такой нагоды.
нямеччына,
чытаньні,
час,
сарока на шыбеніцы