29 чэрвеня а 19.00 у Менску, у кнігарні "Логвінаў" будзе прэзэнтаваная мая малая мэдычная энцыкляпэдыя. Кніжку выдала радыё "Свабода".
Кожны наведнік імпрэзы зможа атрымаць асобнік энцыкляпэдыі абсалютна бясплатна.
У праграме: унікальная мэтодыка доктара Бахарэвіча. Аўтадафэ як аўтатрэнінг. Сьняціе і навядзеніе порчы і зглаза. Публічнае ажыўленьне мёртвых тэкстаў. Сто абліччаў ананімнага алькагалізму. "Лекару, вылячыся сам!" Курэньне - форма інтэлектуальнага пратэсту. Як зрабіць так, каб цябе ўсе ненавідзелі, не патраціўшы на гэта ні цэнта. Нездаровы лад жыцьця: міты і рэальнасьць. Садамазахісцкія аспэкты сучаснай мэдыцыны. Вегетарыянцы vs. канібалы. Сэанс адначасовай гульні.
З Прагі (а дакладней, зь Вільні) прыедзе адзін з рэдактараў кніжкі Сяргей Шупа. Зь лябірынтаў мінулага зьявіцца Мішэль Мантэнь. А жывая бактэрыя E.coli - наўпрост з Паўночнай Нямеччыны.
Застаецца дадаць, што яшчэ адзін рэдактар кнігі - Ян Максымюк, мастак - Генадзь Мацур, а прадмову да гэтага антынавукова-папілярнага выданьня напісаў Аляксандр Лукашук.
29 чэрвеня - серада, прэзэнтацыя абвяшчаецца часткай народных гуляньняў. Прыходзьце, буду рады.
Доктар Б.