ДРЭВА ПРОДКАЎ

Jun 17, 2016 08:40

Ці цікавіцеся вы сваімі прашчурамі? Збіраеце звесткі пра тое кім былі вашыя прадзядулі, стрыечныя браты бацькоў і вашыя? Ці ведаеце вы на якой ступенькі ў шматлікіх сваяцкіх сувязяў вы знаходзіцеся? Ці малявалі вы хоць раз сваё генеалагічнае дрэва?



Я зацікавілася стварэннем дрэва калі мне было 18 год. Яшчэ тады ад рукі малявала квадраты і праводзіла лініі паміж сваякамі. А на старых вясельных фатаздымках, з іншага боку праз вакно, абводзіла твары сваякоў і падпісвала алоўкам, каб не забыцца. Дзядуля з ахвотай распавядаў пра сваіх бацькоў і дзядоў, хто памёр, хто выжыў, каго саслалі, а каго не. З бабулей было складана. Яна вырасла зусім на памежжы Польшчы і БССР. Здзекі школькікаў "пшэчка", "хрысцішся не так", "кулацкая ўнучка"; раскулачаныя і сасланыя сваякі; сасланыя сваякі за антыбальшавіцкі супраціў пасля Другой сусветнай вайны; усмешкі суседа ў Мінску, што ў бабулі абраз каталіцкі на сцяне - усё гэта зрабіла сваю справу - бабуля ўпарта маўчала пра родзічаў. І толькі дзядуля, падчас размоваў час ад часу мог сказаць: "Да скажы ты ўжо праўду, чаго ты баісся зараз". Бабуля адмоўчвалася, распавядала толькі тое, што лічыла вартым, а я па крупінкам збірала ўсю інфармацыю. І калі вытрымліваць папяровыя квадраты ды лініі стала ўжо не магчыма, я занялася пошукам праграмы.

Па шмат якім крытэрыях, мне спадабалася "Дрэва жыцця" (www.genery.com), якой я карыстаюся ўжо здаецца 13 год.

На жаль я не апантаны збіральнік інфармацыі па продкам які сядзіць у архіве (бо не маю на жаль часу), я не замаўляю працу архівістаў каб знайсці карані (бо гэта страшэнна дорага), я збіраю па кавалачках дрэвы з таго што маю. Праз успаміны, праз інтэрнэт, праз розныя іншыя звесткі, і як не сумна праз могілкі. Можа за гэтыя 13 год можна было зрабіць і больш у вывучэнні роду, але я задаволена і гэтым.

Праграма простая ў выкарыстанні - уводзь дадзеныя на кожнага чалавека і захоўвай.


Праца пачынаецца з запаўнення інфармацыі, а калі яе набярэцца дастаткова, то можна зрабіць і сваё малое дрэва. Хаця вобраз дрэва можна праглядаць на любым этапе працы, проста трэба націснуць на кнопку "Стварыць дрэва". І перад вамі шэрагамі паўстануць усе вашыя сваякі з днямі народзінаў, фатаздымкамі, прозвішчамі і месцамі жыхарства. У праграме вы можаце выбіраць якое дрэва стварыць - ці агульнае дрэва з усімі сваякамі, ці толькі з кроўнымі, ці толькі з прамымі продкамі і нашчадкамі.


Раней, каб надрукаваць дрэва, трэба было дома мець прынтар, зараз праца палепшылася. Распрацоўшыкі зрабілі магчымасць захоўваць дрэва для друку ў іншым месцы, дзеля гэтага трэба проста выбраць фармат паперы на якой вы збіраецеся друкаваць і захаваць старонкі. А пасля ўжо седзячы на канапе, лісты склеіць у адзін вялікі фармат. Магчыма мінусам з'явіцца для кагосьці расцянутасць дрэва. Але мне падаецца гэта даволі зручным для рэдагавання і запісаў у палявых-вясковых умовах, калі размаўляеш са сваякамі і можаш адразу запоўніць ці зрабіць адгаліненне ў дрэве.


У новай версіі асобна можна друкаваць і спісы сваякоў, з усімі фатаздымкамі, звесткамі і каментарамі. У дакуменце з'яўляецца традыцыйная для генеалагічнага спісу нумерацыя, а вось такія ўнармаваныя дадзеныя ўжо можна прадаставіць чалавеку, які здолее вам дапамагчы з пошукам прозвішчаў і звестак праз архіў (зноўку, калі ў вас шмат грошай на такую справу).




Праграма ў любым выпадку вельмі зручная. Для пробнай працы можна закачаць версію, якая дазволіць вам зразумець праграму, зрабіць дрэва з 30 асобаў, і зразумець ці патрэбна вам гэтым займацца надалей. Але мяркую, што вы войдзеце ў запал і захочаце карытацца ўсімі магчымасцямі праграмы. Не глядзіце, што поўная версія каштуе грошай, яна гэтага вартая. Тым больш, што распрацоўшчыкі пастаянна ўводзяць акцыі і знішкі на набыццё праграмы.




А вось так выглядаюць пасля друку і яшчэ не склееныя некаторыя нашыя галінкі. Праўда, тут не хапае самай вялікай галінкі, якая складаецца з 10 лістоў А3 і яшчэ не надрукавана.

P.S. Нармалёвыя людзі, такія пасты пішуць за грошы. Але я відаць не нармалёвая, я гэта пішу проста так, дзеля таго каб падзяліцца інфармацыяй пра добрую праграму. А раптам хтосьці зацікавіцца і таксама пачне ствараць свой спіс прашчураў.

Пахвалялася ліса, радавод, Прыватнае, свае карані

Previous post Next post
Up